МІКАШЭ́ВІЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «ГРАНІ́Т».

Пабудавана ў 1975 (1-я чарга) у рабочым пас. Мікашэвічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. як камбінат нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы», на базе Мікашэвіцкага радовішча будаўнічага каменю. У 1976 здадзена ў эксплуатацыю 2-я чарга, у 1977—3-я чарга. Уключае кар’ер па здабычы граніту, дыярыту, гранадыярыту і драбільна-сартавальны з-д. З 1982 ВА «Граніт», з 1995 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1999): друз гранітны фракцый ад 5 да 60 мм, буд. пясок.

т. 10, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ВІЧ (Ільдафонс Юр’евіч) (каля 1835, Віленскі пав. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. З 1860 каморнік у Гродзенскай губ. З 1861 у Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, створанай К.​Каліноўскім. У 1863 сакратар паўстанцкага цывільнага начальніка Гродзенскай губ. З лета 1863 у Вільні, адзін з бліжэйшых памочнікаў Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, член Выканаўчага аддзела Літвы. У студз. 1864 арыштаваны, прыгавораны да 6 гадоў катаргі. Далейшы лёс невядомы. Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ХАРЧО́ВЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1956 у Мінску як вучэбная база для сістэмы Бел. рэсп. саюза спажывецкіх т-ваў і быў вызначаны базавым прадпрыемствам у харч. прам-сці Белспажыўсаюза па перапрацоўцы садавіны і агародніны. Мае цэхі: сокавы, кансервавы і канцэнтраванага яблычнага соку. У 1999 асартымент прадукцыі складае каля 60 назваў: пладова-ягадныя сокі, варэнні і кампоты, марынаваныя агуркі і памідоры, абедзенныя і закусачныя кансервы з агародніны, канцэнтраваны яблычны сок, моцныя спіртаваныя напіткі і інш.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ ДУХО́ЎНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ.

У Мінску існавалі 2 вучылішчы, якія падпарадкоўваліся Камісіі па духоўных вучылішчах пры св. Сінодзе. Мужчынскае вучылішча засн. ў 1834 як павятовае духоўнае 4-класнае з прыходскай 2-класнай школай пры Кацярынінскай царкве. Жаночае 7-класнае вучылішча засн. ў 1867 пры царкве Ушэсця. Выкладаліся: рус., грэч. і царк.-слав. мовы, прыродазнаўства, матэматыка, латынь, гісторыя, геаграфія, катэхізіс, царк. статут, спевы; у жаночым дадаткова выкладаліся франц. мова, дыдактыка, фізіка, касмаграфія, гігіена, музыка. Закрыты ў 1917.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛЁЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 12.11.1939, г. Маздок Стаўрапольскага краю, Расія),

бел. вучоны ў галіне кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1980), праф. (1982). Скончыў Разанскі радыётэхн. ін-т (1962). З 1981 у БДУ. Навук. працы па тэорыі нелінейных сістэм аўтам. кіравання. Распрацаваў інтэграцыйны падыход да структурна-параметрычнага сінтэзу сістэм аўтам. кіравання з нелінейнымі разрыўнымі законамі кіравання.

Тв.:

Следящие системы с бесконтактными двигателями постоянного тока. М., 1979 (разам з У.​П.​Мілаўзоравым).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХЕ́ЕНКА (Анатоль Міхайлавіч) (н. 4.2. 1930, б.в. Сітнікі, Полацкі р-н Віцебскай вобл.),

бел. самадзейны разьбяр па дрэве. Працуе пераважна ў галіне дробнай пластыкі. Аўтар кампазіцый на фальклорныя, літ., гіст. тэмы. Творы вызначаюцца смелымі выразнымі ракурсамі, абагульненай плоскаснай манерай разьбы: «Хадакі да У.​І.​Леніна», «Гусляр», «Пойдзем у партызаны» (усе 1970), сувенірныя шахматы (1975), «Несцерка» (1976), «Дзед Талаш» (1977), «Партызаны» (1978), «Першае каханне» (1979), «Лявоніха» (1980) і інш.

А.​Міхеенка. Партызаны. 1978.

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ХІН (Мікалай Андрыянавіч) (16.7.1872, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 21.11.1946),

расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р вет. н. (1936), праф. (1919). Скончыў вет. ін-т у г. Юр’еў (1896, цяпер Тарту, Эстонія). З 1919 першы рэктар Маскоўскага вет. ін-та, потым заг. кафедры. Навук. працы па бактэрыялогіі і імуналогіі. Адкрыў узбуджальніка лептаспірозу буйн. раг. жывёлы, распрацаваў методыкі прыгатавання шэрагу вакцын і сываратак.

Тв.:

Курс частной микробиологии для ветеринарных врачей и студентов. М.; Л., 1926.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНЮ́ТА,

рака ў Глыбоцкім і Шаркаўшчынскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Дзісна (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 41 км. Пл. вадазбору 873 км². Выцякае з воз. Пліса каля в. Пліса Глыбоцкага р-на, цячэ ў межах Свянцянскіх град і паўд.-зах. ч. Полацкай нізіны праз азёры Мнюта і Вялец. Прыток — р. Лучайка. Даліна скрынкападобная, шыр. 200—400 м. Пойма перарывістая, вузкая, месцамі чаргуецца па берагах. Шыр. рэчышча 15—30 м.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЛЬ ((Mohl) Гуга) (8.4.1805, г. Штутгарт, Германія — 1.4.1872),

нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў цыталогіі раслін. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1854). Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1828). З 1832 праф. Бернскага, з 1835 — Цюбінгенскага ун-таў. Навук. працы па анатоміі і цыталогіі раслін. Апісаў утварэнне і будову вусцейка і эпідэрмісу, дзяленне клетак, будову многіх органаў раслін, назіраў утварэнне крухмалу ў хларафільных зернях. Даказаў клетачнае паходжанне сасудаў раслін. Прапанаваў класіфікацыю раслінных тканак. Увёў паняцце пратаплазмы.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАНУКЛЕАТЫ́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія складаюцца з азоцістай асновы (пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу (рыбозы або дэзоксірыбозы) і астатку фосфарнай к-ты. М. — манамеры, структурныя адзінкі нуклеінавых кіслот. Адрозніваюцца па азоцістай аснове. Лёгка ўтвараюцца пры гідролізе дэзоксірыбануклеінавай і рыбануклеінавай к-т у прысутнасці нуклеаз. Да М. адносяцца, напр., адэназінмонафасфат, гуаназінмонафасфат і інш. Прысутнічаюць у клетках у свабодным выглядзе, адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў; уваходзяць у састаў каферментаў і з’яўляюцца рэчывамі-акумулятарамі энергіі. Гл. таксама Нуклеатыды.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)