«КАСПА́С—САРСА́Т»,
спадарожнікавая сістэма для вызначэння ў аварыйных сітуацыях каардынат радыёбуёў, устаноўленых на суднах і самалётах. «Каспас» — сав., а потым рас. частка сістэмы, «Сарсат» — частка сістэмы, якая стваралася ЗША, Канадай, Францыяй. Уводзілася паэтапна з сярэдзіны 1980-х г. Складаецца з ШСЗ на каляпалярных кругавых арбітах, аварыйных радыёбуёў, пунктаў прыёму інфармацыі. У зоне бачнасці ШСЗ вызначаюцца каардынаты 20 і больш радыёбуёў, якія працуюць адначасова.
т. 8, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ЧБАВАЕ РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,
тэхналогія гукавога вяшчання, у якой кадзіраванне, ушчыльненне, перадача, прыём, фарміраванне праграм і інш. працэсы выконваюцца над лічбавымі гукавымі сігналамі. Найб. пашырана сістэма Л.р. паводле стандарту DAB (Digital Audio Broadcasting лічбавае гукавое вяшчанне), якая забяспечвае высакаякаснае многапраграмнае (да 6 стэрэапраграм па адным радыёканале) наземнае і спадарожнікавае вяшчанне разам з дадатковай інфармацыяй, напр., відарысамі электронных картаў, газет, фатаграфій.
А.П.Ткачэнка.
т. 9, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБЯНЫ́Я ВАЛО́КНЫ,
валокны, якія ёсць у сцёблах наземных насенных раслін. Маюць моцна патоўшчаныя (часта адраўнелыя) сценкі з развітай слаістасцю, простымі порамі і вузкай поласцю. Жывое змесціва Л.в. пасля завяршэння фарміравання адмірае. Асн. функцыя — ахова элементаў мяккага лубу ад дэфармацыі, а таксама апорная сістэма органа. Бываюць гнуткія, мала адраўнелыя (лён, кіт. крапіва), грубыя, моцна адраўнелыя (пянька, джут і інш.). Выкарыстоўваюць у тэкст. прамысловасці.
т. 9, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАРД-ПЛАН (Howard Plan),
сістэма арганізацыі навуч.-выхаваўчай работы, заснаваная на прынцыпе індывідуальнага навучання. Упершыню выкарыстана ў 1920 у Говардскай жаночай сярэдняй школе ў Лондане (адсюль і назва). Паводле Говард-Плана расклад заняткаў і выбар навуч. курсаў прыстасаваны да «індывідуальных запытаў» вучняў пры захаванні абавязковага мінімуму навуч. прадметаў. З-за празмернай індывідуалізацыі навучання, арганізацыйнай складанасці і высокай платы вял. пашырэння не атрымала.
т. 5, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),
прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.
т. 11, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ТАМСКАЕ НАГО́Р’Е.
У Забайкаллі, у міжрэччы р. Віцім і Чара ў Іркуцкай вобл. Расіі. Сістэма сярэднягорных масіваў выш. 1200—1300 м (найб. выш. да 1924 м), расчлянёных глыбокімі далінамі. Складзены з крышт. сланцаў, вапнякоў і кварцытаў. Шматгадовая мерзлата. Да выш. 1100 м — хваёва-лістоўнічная тайга, з дамешкамі кедру, вышэй — зараснікі кедравага сланіку і хмызняковыя бярозкі. Вышэй за 1200 м — камяністыя тундры.
т. 12, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯІНДЫКА́ЦЫЯ,
сістэма ацэнкі стану і ўласцівасцяў экасістэм па наяўнасці (адсутнасці) у ёй тых ці інш. арганізмаў. Метады біяіндыкацыі грунтуюцца пераважна на прынцыпах рэгістрацыі характэрных (паказальных або рэпрэзентатыўных) арганізмаў (біяіндыкатараў) і аналізе відавой структуры біяцэнозаў. Радзей стан экасістэмы ацэньваецца па функцыян. характарыстыках (велічыні першаснай прадукцыі, інтэнсіўнасці дэструкцыі і некаторых інш. паказчыках). Біяіндыкацыя таксама грунтуецца на аналізе паводзін, морфафізіял., біяхім., генет. і інш. асаблівасцях жывых арганізмаў.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
сістэма эканам., сац.-паліт., уласна ваенных і інш. мерапрыемстваў дзяржавы, якія ажыццяўляюцца для ўмацавання яе ваен. магутнасці. Агульныя мэты, змест і практычныя задачы ваеннага будаўніцтва вызначаюцца ваен. палітыкай дзяржавы і яе ваеннай дактрынай, залежаць ад узроўню прадукцыйных сіл краіны і характару магчымай вайны. Істотны ўплыў на ваеннае будаўніцтва маюць геагр. ўмовы краіны, яе прыналежнасць да ваен.-паліт. саюзаў і яе блокавыя абавязкі.
т. 3, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ (ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),
сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл. Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл. Прэфармізм).
т. 1, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУРЫ́МАК (Apurimac; у ніжнім цячэнні Эне, Тамба),
рака ў Перу, левы прыток р. Укаялі (сістэма Амазонкі). Даўж. 1250 км, пл. бас. каля 125 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схіле Зах. Кардыльеры (на ПнЗ ад воз. Тытыкака), цячэ на ПнЗ у глыбокіх і вузкіх далінах, якія расчляняюць Анды. Паўнаводная летам (снеж. — люты). Сярэдні расход вады 2,9 тыс. м³/с. Вельмі парожыстая. На Апурымку горад Пуэрта-Прада.
т. 1, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)