ГА́РТМАН ((Hartmann) Нікалай) (20.2.1882, Рыга — 9.10.1950),
нямецкі філосаф, заснавальнік т.зв. крытычнай (новай) анталогіі. З 1920 праф. філасофіі ва ун-тах Марбурга, Кёльна, Берліна, Гётынгена. Напачатку быў паслядоўнікам марбургскай школы неакантыянства, потым распрацаваў анталагічную канцэпцыю, якая ўяўляе сабой мадэрнізацыю арыстоцелеўска-схаластычнага вучэння пра быццё («Новыя шляхі анталогіі», 1942), развіў вучэнне пра слаістую структуру быцця як іерархіі 4 якасна розных пластоў: неарганічнага і арганічнага, душэўнага і духоўнага. На аснове сваёй анталогіі пабудаваў натурфіласофію, філасофію аб’ектыўнага духу, этыку разам з тэорыяй «каштоўнасцей», эстэтыку і тэорыю пазнання. У яго філасофіі праяўляюцца рысы ірацыяналізму і агнастыцызму. Асн. творы: «Этыка» (1925), «Да абгрунтавання анталогіі» (1935), «Філасофія прыроды» (1950), «Эстэтыка» (1953).
т. 5, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́КАННЕ,
у беларускай мове фанетычная з’ява, звязаная са змяненнем гука «д» пры яго памякчэнні на мяккую афрыкату «дз» (за выключэннем «д» у прыстаўках, дзе яно не пераходзіць у «дз»). Развілося не пазней 14 ст., у помніках бел. мовы адлюстроўваецца з пач. 16 ст. («адзін за всехъ», «пападзись», «людзіе», «игдзе», «серца людзские»), Ёсць 2 погляды на паходжанне Дз. і цекання ў бел. мове. Выказаная ў 19 ст. А.А.Шахматавым гіпотэза пра запазычанне Дз. з польскай мовы не атрымала пашырэння. Агульнапрызнанай лічыцца гіпотэза Я.Ф.Карскага пра самаст. развіццё Дз. на бел. глебе.
Літ.:
Юргелевіч П.Я. Курс сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі каментарыямі. Мн., 1974.
М.Р.Прыгодзіч.
т. 6, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫЦЦЁ БЕЛАРУ́СА»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку. Орган Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася 19.8—12.11.1925 у Вільні 3 разы на тыдзень на бел. мове. Асвятляла эканам. і асв. праблемы, задачы, пытанні стратэгіі і тактыкі вызв. руху ў Зах. Беларусі. Змяшчала матэрыялы пра ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы, аналізавала сац. асновы, эканам. стан і перспектывы развіцця краіны. Узнімала пытанні правоў чалавека ў Зах. Беларусі і Польшчы, змагалася за асвету на роднай мове. Інфармавала пра падзеі культ. жыцця ў БССР, культурна-грамадскі бел. рух у Латвіі, Літве, Чэхаславакіі, Амерыцы. Публікавала маст. творы вядомых і пачынаючых літаратараў. Выйшла 20 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польскімі ўладамі.
А.С.Ліс.
т. 6, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.Бычкова (гл. ў арт. Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.
М.Б.Ласінскі.
т. 6, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЫСЛО́ЎСКІ (Ягор Ягоравіч) (18.6.1841, г. Гродна — 21.5.1896),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1862), у 1867—71 выкладаў у Аляксандраўскім ліцэі, з 1871 праф. Гісторыка-філал. ін-та ў Пецярбургу, у 1884—90 — Пецярбургскага ун-та. Асн. працы па крыніцазнаўстве гісторыі Расіі і Беларусі 16—17 ст., у т. л. «Цараванне Фёдара Аляксеевіча» (ч. 1, 1871), «Сказанне Масы і Геркмана пра смутны час у Расіі» (1874), «Герберштэйн і яго гісторыка-геаграфічныя весці пра Расію» (1884), «Зносіны Расіі з Польшчай у цараванне Фёдара Аляксеевіча» (1887) і інш. Пад яго рэдакцыяй складзены вучэбны атлас па рас. гісторыі з каментарыямі, выдадзена «Гісторыя расійскіх ордэнаў».
т. 6, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКАЯ (Софія) (1853, в. Малыя Бакшты Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. —22.2.1918),
бел. фалькларыстка, этнограф і пісьменніца. Вывучала матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, сабрала калекцыю прадметаў нар. рамёстваў, твораў мастацтва, а таксама матэрыялы пра паўстанне 1863—64 на Міншчыне, якому прысвяціла некалькі артыкулаў («Адзін з многіх», 1908; «1863 год на Міншчыне», 1917) і кн. «З успамінаў выгнанца» (1911). Аўтар працы «Святкаванне вяселля ў Вілейскім павеце ў ваколіцах Маладзечна і Радашковіч» (1900), дзе разам з апісаннем абраду прыводзяцца ўзоры фальклору. Выдала кнігу «Мінскія абразкі, 1850—1863» (1912) пра гісторыю гімназіі і яе выкладчыкаў, тэатр. сям’ю В.Дуніна-Марцінкевіча, памятныя мясціны горада.
Г.А.Каханоўскі.
т. 7, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1973 у г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. Адкрыты ў 1975. Мае 3 экспазіц. залы (пл. экспазіцыі 335 м²), больш за 9 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Сярод матэрыялаў археал. знаходкі (прылады працы 3—1-га тыс. да н.э., косці шарсцістага насарога, зуб маманта), нумізматычныя калекцыі 17—20 ст., старадрукі (мінеі 1754 і 1799), матэрыялы пра абарону Касцюковіч у 1941, дакументы і асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вял. Айч. вайны, нар. паэта Беларусі А.Куляшова, пісьменнікаў В.Хомчанкі, І.Чыгрынава, А.Русецкага, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, творы жывапісу бел. мастака А.Бархаткова, прадметы побыту, узоры прыкладнога мастацтва, матэрыялы пра вёскі, пакінутыя ў забруджанай зоне пасля Чарнобыльскай катастрофы.
т. 8, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХА́Р (Абдула) (17.9.1907, г. Каканд Ферганскай вобл., Узбекістан — 25.5.1968),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1967). Скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т (1934). Друкаваўся з 1924. Майстар-навеліст. Яго творчасць тэматычна і жанрава разнастайная. Аўтар кніг апавяданняў «Свет маладзее» (1933), «Апавяданні» (1935), «Гады» (1947), «Тысяча і адно жыццё» (1959), «Светлыя вяршыні» (1967), аповесцей «Герой з Дардака» (1942), «Залатая зорка» (1946), «Казкі пра былое» (1965, аўтабіягр. аповесці «Каханне» (1968), раманаў «Міраж» (1937), «Агні Кашчынара» (1951—52), камедый «Шаўковае сюзанэ» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Хворыя зубы» (1955), «Мае любыя матулі» (1967) пра гіст. мінулае і сучаснае ўзб. народа.
Тв.:
Рус. пер. — Избр. Т. 1—2. М., 1977;
Комедии М., 1982.
т. 8, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЗУН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 1.5.1934, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 22.2.1995),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі с.-г. тэхнікум (1956), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1957—61). Працаваў у НДІ глебазнаўства, літ. музеях Я.Купалы ў Вязынцы (заг. у 1971—78), Я.Коласа (у 1978 і з 1982), у 1978—82 дырэктар «Кнігарні пісьменніка». Друкаваўся з 1958. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар зб-каў апавяданняў пра таямнічы свет прыроды «Жывы куток» (1962), «Тры сонцы» (1971), дакумент. аповесцей пра дзяцей-партызан «Віця Сітніца» (1964), «Навальнічная паласа» (1979), аповесцей «Зоркі на танках» (1982), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.
т. 8, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)