МІ́НСКІ ЗА́МАК,

старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г. Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст. замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст. Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.​Р.​Тарасенка, у 1958—61 Э.​М.​Загарульскі, у 1976 Г.​В.​Штыхаў, у 1981—82 В.​Е.​Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.

Літ.:

Гісторыя Мінска. Мн., 1967;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.

Г.​В.​Штыхаў.

Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.​А.​Зайца.
Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.​А.​Русава. Мастак А.​Зарх.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬГЕАЛО́ГІЯ»,

вытворчае аб’яднанне па геолагаразведачных работах Рэспублікі Беларусь. Ажыццяўляе комплекснае вывучэнне нетраў, пошукі і разведку радовішчаў карысных выкапняў на тэр. Беларусі.

Стварэнне бел. геал. службы ўзыходзіць да 1922 (геолагаглебавая падсекцыя ў Інбелкульце). У 1930 арганізаваны Бел. геолагаразведачны трэст, функцыі якога ў 1933 перададзены Ін-ту геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР. З 1936 геолагаразведачная служба існавала ў складзе Нар. камісарыята мясц. прам-сці БССР, пры СНК СССР (з 1938), у Маскоўскім геал. упраўленні (Бел. геал. партыя, з 1943). У 1944 арганізавана Бел. геал. ўпраўленне. З 1946 пачата планамернае вывучэнне нетраў. У 1965 у сістэме Упраўлення геалогіі пры СМ БССР створаны трэст «Белнафтагазразведка», у 1969 у яе ўвайшоў Ін-т геал. навук АН БССР (гл. Геолага-разведачны Беларускі навукова-даследчы інстытут). У 1979 Упраўленне геалогіі пры СМ БССР пераўтворана ва Упраўленне геалогіі БССР. У 1980 створана Бел. нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання ў Зах. Сібіры. З 1987 сучасная назва.

У складзе «Беларусьгеалогіі» (1995) 11 вытв. падраздзяленняў, у т. л. Беларуская геолагаразведачная экспедыцыя (у Слуцку), Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя (у Мінску), Цэнтр. геафіз. экспедыцыя (у пас. Калодзішчы каля Мінска), Геафізічная экспедыцыя (у Мінску), Мазырская нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага свідравання і інш.

Э.​І.​Свідэрскі.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБА́ (Вера) (сапр. Сакалова Гертруда Пятроўна; н. 14.1.1942, в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1964). Працавала ў рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва» (1972—77), час. «Беларусь» (1980—83). Друкуецца з 1948. Маладосць і каханне, пачуцці мацярынства, роздум над гісторыяй бацькоўскай зямлі, складанымі і супярэчлівымі праблемамі сучаснасці — асн. матывы лірыкі паэтэсы (зб. «Вочы вясны», 1962, «Белыя пісьмы», 1967, «Высакосны год», 1969, «Альфа», 1978, «Яраслаўна», 1986, і інш.). Паэзія Вярбы рамантычна ўзнёслая, летуценная, не пазбаўленая рэаліст. матываў і вобразаў. Творча пераасэнсоўвае паэтыку і вобразнасць вуснай нар. творчасці. Аўтар ліра-эпічнай паэмы «Каліна» (1968), прысвечанай В.​Харужай і яе паплечнікам, паэмы «Сіняя бухта» (1975) пра сцежкі маленства, родны край, паэм «Падаліст» (1975, пра гісторыю Мінска, лёс свайго народа), «Снежная горка» (1976) і інш. Верш Вярбы «Ручнікі» стаў папулярнай песняй (муз. М.​Пятрэнкі). Піша і для дзяцей (зб. «Пралеска», 1968). Пераклала на бел. мову аповесць Р.​Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» (1975).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1976;

Мая маленькая планета. Мн., 1982;

Белыя пісьмы: Вершы, паэмы. Мн., 1987;

Апошні верасень: Выбранае. Вершы і паэмы. Мн., 1995.

І.​У.​Саламевіч.

В.Вярба.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎСМАН (Міхаіл Антонавіч) (1817—89),

бел. гісторык, краязнавец, археолаг. Скончыў Мазырскую гімназію (1834). З 1841 працаваў у Мінскай дэпутацкай дваранскай зборні (у 1850—63 сакратар канцылярыі). Ў 1863 за ўдзел у рэв. арг-цыі высланы ў Вільню, потым у Валагодскую губ. У 1867 жыў у Варшаве, з 2-й пал. 1870-х г. — у Мінску. Калекцыяніраваў прадметы старажытнасці, археал. раскопак, побыту беларусаў, манеты, пячаткі, медалі. У адным са сваіх дамоў у Мінску арганізаваў хатні музей, дзе дэманстраваліся прадметы з праведзеных ім археал. экспедыцый у Навагрудку, Заслаўі, Уздзе, Мар’інай Горцы, Слуцку. Дапамагаў яму ў зборах бацька Я.​Лучыны — Люцыян Неслухоўскі. Арганізоўваў выстаўкі калекцыі. У «Минских губернских ведомостях» у 1877—78 апублікаваў шэраг гіст.-краязнаўчых нарысаў пра Заслаўе, Мар’іну Горку, Мір, Навагрудак, Слуцк, Узду і інш., у 1877 — «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства». Галоўнай задачай Гаўсмана лічыў прыцягненне ўвагі навук. грамадскасці да вывучэння і захавання помнікаў старажытнасці. Аўтар рукапіснага нарыса «Гістарычны вопіс губернскага горада Мінска і губерні» (т.зв. рукапіс Гаўсманскі).

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Денисов В.Н. К истории одной неопубликованной книги // Книга в Белоруссии. Мн., 1988.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СЬ (Generalkomissariat Weissruthenien),

вышэйшы орган ням.-фаш. цывільнага кіравання часткай акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створаны ў адпаведнасці з загадам А.​Гітлера ад 17.7.1941, паводле якога кіраванне захопленымі сав. абласцямі пасля «спынення ваенных дзеянняў пераходзіць ад ваеннай адміністрацыі да цывільных улад». Ген. камісар — гаўляйтар В.Кубэ (1.9.1941 — 22.9.1943), в.а. ген. камісара — ген.-лейт. паліцыі групэнфюрэр К. фон Готберг (вер. 1943 — чэрв. 1944). Генеральны камісарыят Беларусі складаўся з 5 гал. аддзелаў: палітыкі (уключаў аддзелы палітыкі, прапаганды, культуры і моладзі); кіравання (кадраў, права, фінансавы, мед. абслугоўвання, ашчадных кас і інш.); гаспадаркі (гаспадарчы, сельскай гаспадаркі, харчовы, леса- і дрэваапрацоўкі, рабочай і сац. палітыкі, прам-сці і рамяства); тэхнікі (буд-ва дарог, воднай гаспадаркі, рэк); працы (з 1944). Склад апарата Генеральнага камісарыята Беларусі камплектаваўся з асоб ням. нацыянальнасці. Генеральнаму камісарыяту Беларусі непасрэдна падпарадкоўваліся абл. камісарыяты, гар. камісарыят Мінска, сілы паліцыі бяспекі і СД. Апарат Генеральнага камісарыята Беларусі ажыццяўляў ням.-фаш. палітыку на тэр. генеральнай акругі Беларусь, скіраваную на найб. эфектыўнае выкарыстанне эканам. патэнцыялу, людскіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі ў інтарэсах Германіі, правядзенне паліт. і ідэалаг. мерапрыемстваў і інш.

А.​М.​Літвін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНЫ ПЛАН,

адзін з асноўных чарцяжоў архітэктурнага праекта, які паказвае размяшчэнне ў плане аб’екта праектавання і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі ў пэўных межах. У сучасным горадабудаўніцтве генеральны план — комплексны праект, які вызначае структуру праектуемага горадабуд. аб’екта — горада, гар. пасёлка ці інш. населенага пункта, прыгараднай зоны, тэрыторыі адм. раёна і інш. У ім намячаюць перспектывы развіцця і рэканструкцыі горадабуд. аб’екта, яго паэтапнае фарміраванне з мэтай вырашэння сац., эканам., інж.-тэхнічных, экалагічных і эстэт. задач, вызначаюць стратэгію іх вырашэння, прынцыпы аховы навакольнага асяроддзя, развіццё сістэмы грамадскага абслугоўвання, трансп. і інж. інфраструктуры, доўгатэрміновае планаванне інвестыцыйных працэсаў. Генеральны план распрацоўваюць на перспектыўны перыяд (15—20 гадоў) з вылучэннем 1-га этапа рэалізацыі (7—10 гадоў). Асн. палажэнні генеральнага плана зацвярджае ўрад краіны ці абл. органы ўлады. На Беларусі генеральны план распрацоўваюць ін-т «Мінскпраект», БелНДІПгорадабудаўніцтва, БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектныя арг-цыі. Распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця ўсіх гарадоў і большасці сельскіх населеных пунктаў, у т. л. Мінска (1982, 1995), Брэста (1975, 1995), Віцебска (1973, 1983), Гомеля (1977), Гродна (1971, 1988), Магілёва (1970, 1981). Іх перыядычна карэкціруюць і абнаўляюць з улікам новых фактараў і задач.

В.​І.​Анікін.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЕ́РМАН»

(«Herman»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў акупіраваных Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім, Юрацішкаўскім р-нах у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 1.7—11.8.1943 сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 3 паліцэйскіх палкоў, асобага батальёна СС А.​Дзірлевангера, 3 батальёнаў вермахта, паліцэйскіх батальёнаў, 5 жандарскіх, грэнадзёрскіх і артыл. узводаў, падраздзяленнямі нач. паліцыі бяспекі і СД Беларусі, спец. падраздзяленнямі з Мінска (усяго больш за 50 тыс. чал.). Для вывазу нарабаванага, адпраўкі насельніцтва ў Германію прыцягваліся спец. каманды баранавіцкага гебітскамісарыята, упаўнаважаныя гасп. інспекцыі «Усход». Гітлераўцы шчыльна блакіравалі Івацэвіцка-Налібоцкую партыз. зону, у якой дыслацыраваліся 5 партыз. брыгад і 6 атрадаў. У пач. баявых дзеянняў партызаны разграмілі варожую аўтакалону, захапілі штабную карту і план аперацыі, таму была зроблена перагрупоўка партыз. сіл. Баі працягваліся 35 дзён. У выніку аперацыі партызаны выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў разам з часткай насельніцтва; фашысты загубілі 4280 сав. грамадзян, 654 аддалі на расправу паліцыі бяспекі і СД, для вывазу ў Германію захапілі 20 944 чал., у т. л. 4173 дзяцей, поўнасцю рэквізавалі жывёлу, спалілі больш за 150 вёсак, з іх некалькі разам з жыхарамі.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,

адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.​Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.​Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.​Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.​Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 × 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.​Лукашэвічам.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭСІРО́ЎКА (ад франц. dresser выпраўляць, навучаць),

уздзеянне рознымі метадамі на жывёл для выпрацоўкі і замацавання ў іх пэўных умоўных рэфлексаў і навыкаў. Д. скарыстоўваюць пры падрыхтоўцы праграм у цырку, у службовай сабакагадоўлі. «Дзікая», ці болевая Д., калі жывёла выконвае практыкаванні пад страхам пакарання, панавала ў цырку да канца 19 ст. «Мяккая», гуманная Д. будуецца на прыёмах ласкавага абыходжання і заахвочвання ежай; яе заснавальнік — ням. дрэсіроўшчык К.​Гагенбек, у Расіі — У.​Л.​Дураў. Комплексная Д. спалучае абодва прынцыпы, распаўсюджана ў сучасным цырку.

Д. ў цырку як жанр мастацтва вядома са старажытнасці (Кітай, Індыя, Егіпет, Стараж. Грэцыя і Рым, Візантыя). Дрэсіраваных сабак, мядзведзяў і інш. жывёл паказвалі ў сярэднія вякі ў Еўропе. У 13—14 ст. асабліва была развіта Д. коней. На Беларусі з 1-й трэці 16 ст. ўпамінаюцца скамарохі, якія выступалі з дрэсіраванымі звярамі. У 1770-я г. вядомы павадыр мядзведзя Т.​Марачэўскі. Існавалі школы Д. мядзведзяў у наваколлях Гродна, Нясвіжа, Мінска і інш., найб. вядомая з іх т. зв. «Смаргонская акадэмія». Зберагліся выявы бел. дрэсіроўшчыкаў на вырабах 18 ст. Урэцкай і Налібоцкай гут, на франц. афішах, польск. і ням. гравюрах. У Мінскім і Гомельскім цырках паказваюць атракцыёны з удзелам дрэсіраваных жывёл.

т. 6, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАВА,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км ад Вілейкі, 120 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Крывічы. 1419 ж., 596 двароў (1997).

Вядома з пач. 17 ст як вотчына кн. Друцкіх-Саколінскіх. З 1625 у Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1643 мястэчка, цэнтр кірмашовага гандлю. У 1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад Д. адбываліся жорсткія баі. З 1793 у Рас. імперыі. Да 1866 тут працавала суконная ф-ка. У 1897 цэнтр воласці Вілейскага пав., 3551 ж., школа, 60 крам, паштовая станцыя, Станіславаўскі касцёл. У 1921—39 у Вілейскім пав. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Крывіцкім р-не, цэнтр сельсавета. З 1.5.1940 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў Д. адбыўся Даўгінаўскі бой 1943. З 1954 вёска, з 1962 у Вілейскім р-не. У 1971—1477 ж., 501 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (19 ст.) і Даўгінаўская Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.). Каля вёскі — гарадзішча штрыхаванай керамікі і банцараўскай культуры.

т. 6, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)