Землі ляснога фонду Беларусі займаюць 9,2 млн.га або 44,5% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,8 млн.га (85% агульнай плошчы зямель ляснога фонду і 95% лясной плошчы). Яны прадстаўлены дрэвавымі пародамі: хвоя (па плошчы) займае 51,4%, елка 10,3%, дуб 3,4%, бяроза 20,8%, асіна 2,2%, вольха шэрая 2,5%, вольха чорная 8%. Агульны запас драўніны на корані складае 1339,8 млн.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 137 млн.м³, з іх лесаўтваральных хвойных (хвоя, елка) — 46%, мяккалістых (бяроза, вольха, асіна, таполя, ліпа, вербы) — 46%, цвердалістых (дуб, ясень, граб, клён, вяз) — 7%. Спелыя і перастойныя дрэвастоі складаюць па плошчы (ад укрытых лесам зямель) — 7,9%, ад агульнага запасу — 10%. Сярэдні запас драўніны на 1 га — 171 м³, сярэдні банітэт 1,9, сярэдняя паўната дрэвастояў — 0,71, сярэдні ўзрост лясоў — 49 гадоў. Да зямель ляснога фонду адносяцца таксама землі, не ўкрытыя лесам, але прызначаныя для лесаразвядзення, і нелясныя землі.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь лясы з’яўляюцца выключна дзяржаўнай уласнасцю. Кіраванне лясамі ажыццяўляе Урад праз Мін-ва лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (Мінлясгас). Разам з Мінлясгасам дзярж. кантроль за выкарыстаннем і аховай лясоў вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды). У распараджэнні Мінлясгаса 86% зямель ляснога фонду і 95 лясгасаў. Астатнія землі замацаваны за Упраўленнем справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (7,2%, 13 лясгасаў), Міністэрствам абароны (3,1%, 11 лясгасаў), Камітэтам па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (2,3%, 1 лясгас), Інстытутам лесу (0,4%, 3 лясгасы), Мінскім гарвыканкомам (0,4%, 1 лясгас), Міністэрствам адукацыі (0,3%, 2 лясгасы). Мінлясгас ажыццяўляе свае паўнамоцтвы праз абл.вытв. лесагаспадарчыя аб’яднанні (6) і лясгасы (95). Тэр.-арганізац. структура лясгасаў уключае лясніцтвы (803), майстроўскія ўчасткі (2246), абходы (12 069). Сярэдняя плошча лясгаса — 85 тыс.га, лясніцтва — 9,9 тыс.га. Акрамя вытв. інфраструктуры Мінлясгасу падпарадкаваны таксама Лесаўпарадкавальнае рэсп. унітарнае прадпрыемства (УП) «Белдзяржлес», Дзярж. ўстанова радыяцыйнага кантролю і радыяцыйнай бяспекі «Беллесрад», Дзярж. ўстанова «Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр», Праектна-вышукальнае РУП «Белгіпралес», Паляўніча-гаспадарчае РУП «Белдзяржпаляванне», Дзярж. ўстанова па ахове і маніторынгу лесу «Беллесахова», Гандлёва-вытв. РУП «Беллясгастэхніка», Інвестыцыйнае РУП «Беллесінвест», Вучэбна-адукацыйная ўстанова «Рэсп. вучэбны цэнтр па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў лясной гаспадаркі».
У адпаведнасці з эканам., экалагічным і сац. значэннем лясы падзелены на 2 групы. Да 1-й групы аднесена 49,8% лясоў з экалагічнымі і рэкрэацыйнымі функцыямі (запаведнікі, нац. паркі, заказнікі, помнікі прыроды рэсп. значэння, асабліва каштоўныя ўчасткі ляснога фонду, якія маюць генетычнае, навук. і гісторыка-культ. значэнне, водаахоўныя, прыдарожныя, сан.-гігіенічныя, аздараўленчыя вакол населеных пунктаў, курортныя лясы і інш.). Тут нарыхтоўка драўніны і інш. лесагаспадарчыя мерапрыемствы абмежаваны або забаронены. Да 2-й групы аднесены т.зв. эксплуатацыйныя лясы, што з’яўляюцца асноўнай крыніцай драўніны і інш. прадуктаў. У лясах абедзвюх груп вылучаны 19 катэгорый асабліва ахоўных участкаў з абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Гэта тэрыторыя (каля 880 тыс.га) выключана з разлікаў лесакарыстання. Доля лясоў, магчымых для эксплуатацыі, у агульнай плошчы абедзвюх груп складае 87%. Доля ляснога сектара, ацэненага па рэалізацыі прадукцыі прамысл. вытворчасці, складае ў ВУП 6%. Прынятая стратэгія лесакарыстання ажыццяўляецца паводле прынцыпу бесперапыннасці і невычарпальнасці. Разлік лесакарыстання вядзецца на 1 год, 10 гадоў і перспектыву (100 гадоў).
Драўніна нарыхтоўваецца пры высечках галоўнага (спелых дрэвастояў), прамежкавага (высечкі догляду, выбарачныя, санітарныя) карыстання і інш. высечках (пры расчыстках трас і пляцовак пад лініі электраперадач, аўтадарогі, прамысл. і нелесагаспадарчыя аб’екты, пры суцэльных санітарных высечках). Памер нарыхтоўкі і водпуску драўніны ў спелых дрэвастоях вызначаецца разліковай лесасекай па высечках галоўнага карыстання. Агульны штогадовы аб’ём нарыхтоўкі драўніны ўключае (2002): па высечках гал. карыстання 4317 тыс.м³, прамежкавага карыстання 3997 тыс.м³ і інш. высечках 4463 тыс.м³. За перыяд 1993—2002 сярэднегадавая доля драўніны ад кожнага віду карыстання ў агульным аб’ёме нарыхтоўкі склала адпаведна 42%, 40% і 18%. У агульным аб’ёме карыстання доля дзелавой драўніны складае 54%, дроў — 46%.
Драўнінныя рэсурсы краіны забяспечваюць сыравінай прамысловасць, буд. комплекс, аграрны сектар, камунальную гаспадарку, інш. галіны эканомікі, патрэбы насельніцтва, пастаўляюцца на экспарт. У 2003 пастаўлена на экспарт драўніннай прадукцыі (з улікам паслуг) на суму 43,3 млн. долараў ЗША. У структуры экспарту пераважаюць піламатэрыялы (46%) і балансы для цэлюлозна-папяровай вытворчасці (45%). Лесанарыхтоўкі (з лістапада 1998 ліцэнзуемы від дзейнасці) праводзяць дзярж. прадпрыемствы, недзярж., сумесныя і замежныя прадпрыемствы, прыватныя прадпрымальнікі. Драўнінныя рэсурсы пераважна выкарыстоўваюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (50% нарыхтоўкі і вывазу драўніны з высечак гал. карыстання). Вытворчасцю прадукцыі з драўніны займаюцца каля 5 тыс. суб’ектаў гаспадарання (уключна з с.-г. прадпрыемствамі, дапаможнай прамысловасцю, малымі прадпрыемствамі і кааператывамі). Больш за палавіну дзелавой драўніны ідзе на вытв-сць піламатэрыялаў, выпуск якіх ажыццяўляюць 2,7 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей, найбуйнейшыя з іх уваходзяць у сістэму канцэрна «Беллеспаперапрам». Лесапільная вытв-сць арганізавана і ў сістэме лясной гаспадаркі. У 84 лясгасах функцыянуе 111 лесапільна-дрэваапрацоўчых цэхаў, 18 сталярных, 5 — па ацыліндроўцы бярвення, 3 паркетныя ўчасткі. Яны вырабляюць піламатэрыялы, дошкі для падлогі і абшыўныя, аконныя і дзвярныя блокі, тарныя камплекты, паркет, садовыя домікі, паганажныя вырабы і інш.Асн. сыравінай з’яўляюцца круглыя лесаматэрыялы ад высечак прамежкавага і частковага гал. карыстання. Сумарная вытворчая магутнасць цэхаў лясгасаў па аб’ёме перапрацоўкі сыравіны — да 1 млн.м³. У агульным аб’ёме сыравіны для цэхаў да 76% займае буйная і сярэдняя дзелавая драўніна, 16,5% — дробнатаварная і 7,5% — дрывяная драўніна і адходы лясной гаспадаркі.
Гал. задача лясной гаспадаркі — лесааднаўленне і лесаразвядзенне. Лесааднаўленне на высечках, месцах пажараў (гарах) і інш. раней укрытых лесам землях праводзіцца на працягу 3 гадоў з моманту іх утварэння. Лесаразвядзенне праводзіцца і на нелясных землях з мэтай скарачэння плошчаў непрадукцыйных зямель, павышэння лясістасці тэр. рэспублікі. За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўленчых работ павялічана з 21 да 37,8%. На 1 жыхара краіны прыпадае 0,8 га і 135 м³ лесу, што амаль у 5 разоў вышэй за сярэднееўрапейскі ўзровень (без Расіі). Са 118 адм. раёнаў 17 маюць лясістасць да 50% і больш. Штогод сяўбой і пасадкай у лясгасах ствараюцца лясныя культуры на пл. каля 30 тыс.га. У 2002 лесааднаўленнем ахоплена 43,3 тыс.га, у т. л. пасадка і сяўба лесу праведзены на пл. 36,2 тыс.га, садзейнічанне натуральнаму аднаўленню лесу — на пл. 7,1 тыс.га. Фарміруюцца пераважна мяшаныя паводле саставу лясы для захавання біяразнастайнасці, павелічэння ўстойлівасці да неспрыяльных кліматычных умоў і тэхнагенных уздзеянняў. З мэтай захавання генетычных рэсурсаў лесаўтваральных відаў вылучаны і ахоўваюцца 5 тыс.га генетычных рэзерватаў, 2686 плюсавых дрэў; для захавання генафонду створана 1860 га лесанасенных плантацый і 283 га пастаянных лесанасенных участкаў, закладзена сетка доследных і геаграфічных культур, архіваў клонаў, сямейных і гібрыдных плантацый. Штогод 11—16% (3—4 тыс.га у агульным аб’ёме лесакультурных плошчаў) лясных культур ствараецца пасадачным і пасяўным матэрыялам з найлепшага насення, што забяспечвае да дасягнення ўзросту высечкі павелічэнне запасу насаджэнняў на 10%. Для атрымання высакаякаснага насення пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю Рэсп. лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр і яго філіялы ў Глыбокім і Івацэвічах. Пасадачны матэрыял вырошчваюць у 160 лясных гадавальніках, у т. л. 61 пастаянным, 27 базісных, якія займаюць плошчу каля 1200 га.
У лясным фондзе ажыццяўляецца таксама нарыхтоўка дзікарослых пладоў і ягад (чарніц, журавін, маліны, брусніц, буякоў, чарнаплоднай рабіны і інш.), грыбоў, лекавай сыравіны, бярозавага соку, жывіцы, насення, бярозавых венікаў, хвойнай лапкі, мяса дзікіх жывёл. Штогод у лясным фондзе нарыхтоўваюць да 5 тыс.т грыбоў і 12 тыс.т ягад. Агульны аб’ём экспарту гэтай прадукцыі не перавышае 5% ад біялагічных і 20% ад эксплуатацыйных запасаў гэтых рэсурсаў. Агульная пл. паляўнічых угоддзяў складае 17,7 млн.га. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца 22 віды млекакормячых і 31 від птушак: капытныя жывёлы — лось, алень, дзік, касуля; пушныя звяры — вавёрка, заяц-бяляк, заяц-русак, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, выдра, янотападобны сабака; птушкі — глушэц, цецярук, курапатка, качкі і інш. У сістэме Мінлясгаса дзейнічаюць 72 лесапаляўнічыя гаспадаркі. З 1991 атрымалі магчымасць займацца паляваннем у лясных угоддзях Беларусі замежныя паляўнічыя. Для іх арганізуюцца паляўнічыя туры.
У сістэме лясной гаспадаркі функцыянуюць кірункі дапаможнай сельскай гаспадаркі: лясная жывёлагадоўля (авечкі, свінні, бычкі, коні, алені), пушная зверагадоўля (нутрыі), рыбаводства. Вырошчваюць культ. плады і ягады, бульбу, збожжавыя; атрымліваюць прадукты пчалярства (мёд, воск, праполіс, мярва); рэалізуюць саджанцы дэкаратыўных дрэвава-кустовых парод, навагоднія елкі.
Ахова лясоў — адзін з найважнейшых кірункаў у дзейнасці Мінлясгаса і яго тэр. органаў. У гады з надзвычайнай пажарнай небяспекай за дзень узнікае да 200 выпадкаў загарання лясоў. Колькасць лясных пажараў у 2002 дасягнула 5274, пажарамі было ахоплена 10 108 га лясной плошчы, у выніку згарэла і пашкоджана на корані 199,8 тыс.м³ лесу. Выяўленне пажараў арганізавана на 4 узроўнях: наземнае патруляванне (ажыццяўляюць работнікі дзярж. лясной аховы); візуальнае назіранне з пажарна-назіральных вышак і мачтаў з выкарыстаннем тэхн. сродкаў выяўлення пажараў па цеплавым выпрамяненні і тэлевізійным кантролі; авіяцыйнае патруляванне лясоў; касмічны пажарны маніторынг з выкарыстаннем даных станцыі касмічнага прыёму прыродна-рэсурсных здымкаў. Матэрыяльна-тэхн. база пажаратушэння Мінлясгаса ўключае 210 пажарна-хім. станцый, 440 пажарных аўтамабіляў, 1800 трактароў з глебаапрацоўчым абсталяваннем і інш. Штогод з мэтай павышэння пажараўстойлівасці ляснога фонду ствараюць да 80 тыс.км мінералізаваных палос, праводзяць ачыстку лесу ад сухастою, высечку ў хвойных маладняках, фарміруюць лясы мяшанага саставу (хвойна-лісцевыя) і супрацьпажарныя разрывы з лісцевых парод, арганізоўваюць месцы адпачынку (у 2003 арганізавана 4980), абмяжоўваюць уезд аўтатранспарту шлагбаумамі (у 2003 на лясных дарогах абсталявана 7235 шлагбаумаў) і інш. Праводзіцца таксама ахова лясоў ад шкоднікаў і хвароб біялагічным метадам з завабліваннем птушак, перасяленнем і агароджваннем мурашнікаў (штогод на пл. больш за 19 тыс.га), прафілактычная апрацоўка фунгіцыдамі сеянцаў хвойных парод на пл. больш за 220 га, знішчэнне шкодных насякомых у ачагах іх масавага размнажэння праводзіцца з дапамогай авіяцыі (у 2002 такім спосабам апрацавана 10,3 тыс.га, у 2003—3,3 тыс.га лясоў). Выкарыстоўваюцца пераважна экалагічна няшкодныя прэпараты.
Літ.:
Янушко А.Д. Лесное хозяйство Беларуси: (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001;
История лесного дела Беларуси. Ч. 2. Динамика лесистости, породного состава и лесовосстановления Беларуси. Гомель, 2002;
История лесного дела Беларуси. Ч. 1 Мн., 1996.
Н.Ю.Пабірушка.
Прарэджванне ў хваёвых пасадках Смаргонскага доследнага лясгаса.Экспартная драўніна прадукцыі лясгасаў.Аднаўленне лесу хваёвым маладняком па высечках.Вырошчванне пасадачнага матэрыялу дуба звычайнага ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна-насеннегадоўчым цэнтры.Вырошчванне з насення саджанцаў лясных культур у цяпліцах Рэспубліканскага ляснога селекцыйна-насеннегадоўчага цэнтра.Станцыя УНІСКАН на базе прадпрыемства «Белдзяржлес» для прыёму інфармацыі праз штучныя спадарожнікі аб пажарах, стыхійных бедствах, санітарным і лесапаталагічным стане лясоў.«Дом паляўнічага» каля в. Заходняя Морач у Старобінскім лясгасе.Выкарыстанне тэхнікі пры тушэнні лясных пажараў.Месцы для адпачынку турыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,
вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр.Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛЖыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р.Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр.Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс.чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн.ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы Паспалітай Стафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс.чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітай паўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛэтн.бел.зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).
Літ.:
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Г.М.Сагановіч.
Да арт.Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав. Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр.нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч.тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн.км² з насельніцтвам больш за 50 млн.чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр.укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел.зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр.укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел.зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав. Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел.нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач.ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас.ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
Да арт.Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЕКАРЫСТА́ННЕ,
карыстанне зямлёй ва ўстаноўленым звычаем або законам парадку. Паводле зямельнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб’ектам гэтага права можа быць зямельны ўчастак, дадзены землекарыстальніку па рашэнню кампетэнтнага органа дзярж. кіравання. У гэтым сэнсе З. заўсёды мае вытворны і залежны характар ад права дзярж. уласнасці на зямлю, з’яўляецца мэтавым і платным. Суб’ектамі гэтага права для мэт, якія ўказаны ў заканадаўстве аб зямлі, могуць быць: грамадзяне Беларусі; прамысл., трансп. і інш. нясельскагасп., дзярж., каап., грамадскія прадпрыемствы, установы і арг-цыі; рэліг. арг-цыі; сумесныя прадпрыемствы, міжнар. аб’яднанні з удзелам бел. і замежных юрыд. асоб. Землекарыстальнікі маюць права: выкарыстоўваць зямлю ў адпаведнасці з умовамі яе прадастаўлення; выкарыстоўваць ва ўстаноўленым парадку існуючыя на зямельным участку карысныя выкапні, торф, а таксама інш. карысныя ўласцівасці зямлі; ставіць неабходныя будынкі і збудаванні (па ўзгадненню з Саветам дэпутатаў, які даў зямлю); уласнасці на пасевы с.-г. культур і атрыманую с.-г. прадукцыю; атрымліваць пры спыненні права З. пакрыццё кошту зямельных паляпшэнняў, праведзеных за ўласны кошт; перадаваць у часовае карыстанне зямельны ўчастак або яго частку ў прадугледжаных заканадаўствам выпадках і парадку. Асн. абавязак землекарыстальнікаў — забяспечыць выкарыстанне зямлі ў адпаведнасці з яе мэтавым прызначэннем і ўмовамі яе прадастаўлення. Акрамя таго, яны абавязаны эфектыўна выкарыстоўваць дадзеную ім зямлю, павышаць яе ўрадлівасць, прымяняць прыродаахоўныя тэхналогіі вытворчасці, не дапускаць пагаршэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі ў выніку сваёй гасп. дзейнасці, ажыццяўляць комплекс мерапрыемстваў па ахове зямель: своечасова ўносіць зямельны падатак або арэндную плату за зямлю; не парушаць правы ўласнікаў і землеўладальнікаў, а таксама інш. землекарыстальнікаў, у т. л. арандатараў. Зямельны ўчастак даецца землекарыстальнікам у пастаяннае або часовае карыстанне. Пастаянным прызнаецца карыстанне зямлёй без загадзе вызначанага тэрміну. Часовае карыстанне можа быць кароткатэрміновым (да 3 гадоў) і доўгатэрміновым (ад З да 10 гадоў). У выпадку вытв. неабходнасці гэтыя тэрміны могуць быць прадоўжаны на перыяд. які не перавышае адпаведных тэрмінаў. Падставы спынення і пераходу права карыстання зямлёй прадугледжаны Кодэксам аб зямлі. Карыстанне зямельным участкам на ўмовах арэнды рэгулюецца зямельным і арэндным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У дакласавым грамадстве ворныя землі былі абшчыннай уласнасцю і перыядычна размяркоўваліся паміж членамі абшчыны так, што кожны земляроб апрацоўваў сваімі сіламі палі, перададзеныя ў яго часовае карыстанне. Пры рабаўладальніцкім ладзе асн. землекарыстальнікамі былі рабаўладальнікі, якія выкарыстоўвалі ў сваіх латыфундыях прымусовую працу рабоў. Побач з гэтым існавала і дробнае З. вольных сялян. Пры феадалізме ў Беларусі З. мела некалькі форм: З. феад. дзяржавы і шляхты апіралася на феад. зямельную ўласнасць і асабіста залежных ад іх феадальна-абавязаных сялян. З развіццём панскай фальварковай гаспадаркі пашыралася З. феадалаў. Напярэдадні скасавання прыгону доля фальварковай ворнай зямлі ў маёнтках буйна- і сярэднепамесных уласнікаў у некат. губернях Беларусі дасягала больш за 60%. З. сялян, якія мелі надзелы панскай або дзярж. зямлі, у пэўных межах стварала ўмовы для развіцця дробнай сял. гаспадаркі. Існавала З. сялян на чыншавым праве пры захаванні асабістай свабоды, але з унясеннем феад. аброку. З. вольных людзей, старавераў, праваслаўных арандатараў, якія былі асабіста свабоднымі, мелі права пераходу з аднаго месца на другое, але павінны былі ўносіць грашовы аброк або адпрацоўваць за карыстанне панскай або дзярж. зямлёй. У познефеад. перыяд на правах прыватнай уласнасці зараджалася З. купцоў, мяшчан, сялян. Пасля сялянскай рэформы 1861 сістэма З. апіралася на права прыватнай зямельнай уласнасці, надзельнае землеўладанне сялян або на дагавор арэнды зямлі, якая пачала займаць усё большую долю ў сельскай гаспадарцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі былі вельмі пашыраны прадпрымальніцкая, капіталіст. і паўфеад. харчовая сял. формы арэнднага З. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сістэма З. грунтавалася на грамадскай уласнасці на сродкі вытв-сці, у т. л. на зямлю, і сацыяліст. сістэму гаспадарання. Пераход да буйной калектыўнай гаспадаркі, калектывізацыя прывялі да стварэння калгасаў і саўгасаў, якім б.ч.зямельс.-г. прызначэння была перададзена дзяржавай на вечнае і бясплатнае З.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),
спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн.тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл.Гідраўлічны транспарт).
Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл.Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.
Літ.:
Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;
Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;
Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЕ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на ПдУ Украіны. Утворана 2.7.1932. Пл. 26,5 тыс.км². Нас. 5,2 млн.чал. (1996), гарадскога 90%. Цэнтр — г.Данецк. Найб. гарады: Марыупаль, Макееўка, Горлаўка, Краматорск, Славянск, Канстанцінаўка, Янакіева.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Большая ч.тэр. — Данецкі краж (выш. да 240 м) і Прыазоўскае ўзв., на ПнЗ — Прыдняпроўская нізіна. Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл.Данецкі вугальны басейн), каменная соль, ртутныя руды, вогнетрывалыя гліны, даламіты, флюсавыя і буд. вапнякі, мергель, мел, кварцавыя пяскі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 21—23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 500 мм. Гал. рэкі: Северскі Данец, Воўчая, Самара, Кальміус, Крынка, Кальчык. Вобласць размешчана ў межах стэпавай зоны. Глебы пераважна чарназёмныя. Пад лесам і лесапасадкамі каля 6% тэр. (дуб, ясень, клён, ліпа). Запаведнік Хамутоўскі стэп.
Гаспадарка. Буйны раён вугальнай прам-сці (шахты ў Данецку, Макееўцы, Горлаўцы, Янакіева, Шахцёрску, Вуглягорску і інш.), здабыча каменнай солі (Славянск, Арцёмаўск), руд ртуці. Развіты чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (цынк, ртуць) металургія, коксахім., хім. (мінер. ўгнаенні, кіслоты, сода, сінт. смолы, пластмасы і інш.) прам-сць, цяжкае машынабудаванне (горнашахтавае і металургічнае абсталяванне, чыг. вагоны, станкі, прэсы). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вогнетрывалыя матэрыялы і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, швейная), харч. (рыбныя і агароднінныя кансервы, шампанскія віны, кухонная соль) прам-сць. ДРЭС: Вуглярская, Старабешаўская, Славянская, Курахоўская, Міронаўская і інш. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы. Вырошчванне соі, сланечніка, кармавых культур, агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, авечкагадоўля. Буйныя масівы арашальных зямель. У вобласці самая густая чыг. сетка на Украіне; праходзяць чыгункі Данецк—Харкаў, Ясінаватая—Крывы Рог; аўтадарогі Харкаў—Растоў-на-Доне, Бярдзянск—Марыупаль—Таганрог, Данецк—Марыупаль. Марскі порт Марыупаль. Курорты: Славянск, Славянагорск, Марыупаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫГАВІЧЫ́,
адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл.Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.
Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж.-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх.зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАРО́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 10.1.1939. Пл. 27,2 тыс.км². Нас. 2078 тыс.чал., гарадскога 76% (1996). Цэнтр — г.Запарожжа. Найб. гарады: Мелітопаль, Бярдзянск, Арэхаў, Прыморск.
Прырода. Большая ч.тэр. вобласці раўнінная, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. з ізаляванымі ўзгоркамі (выш. да 324 м, г. Магіла-Бельмак), на Пд Прычарнаморская нізіна, якая абмываецца Азоўскім м. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, буры вугаль, граніт, каалін, графіт. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 22—24 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—450 мм. Гал. рака — Дняпро з прытокам Конка; да бас. Азоўскага м. належаць рэкі: Малочная, Абіточная, Берда, Кахоўскае вадасх. На ўзбярэжжы Азоўскага м. шэраг ліманаў і салёных азёр. Глебы чарназёмныя, цёмна-каштанавыя, каштанавыя і саланцы. Стэпы разараныя, участкі драўнінна-хмызняковай расліннасці ўздоўж рэк. Філіял Укр. стэпавага запаведніка («Каменныя Магілы»).
Гаспадарка. З.в. — развіты прамысл. раён. Асн. галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат) і каляровая (вытв-сць алюмінію, тытану, магнію) металургія, маш.-буд. і металаапрацоўка (сілавыя трансфарматары, высакавольтная электраапаратура, кабель, электрапрыборы, легкавыя аўтамабілі, рухавікі, с.-г. машыны і агрэгаты), коксахім., хім. і нафтахім. (палімеры, сінт. смолы, тэхн. масла, шкловалакно, лакі і інш.). Лёгкая (трыкатажная, швейная, абутковая), харчасмакавая (маслабойна-тлушчавая, мукамольная, мясная, малочная, рыбная, кансервавая), камбікормавая прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча жал. руды (Белазерскі жалезарудны раён). Днепрагэс, Запарожская ДРЭС, Запарожская АЭС. С.-г. ўгоддзі займаюць 2210 тыс.га, у т. л. пад ворывам 1893 тыс.га (1996). Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень), кармавых, тэхнічных (сланечнік, соя, клешчавіна) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя. Пладаводства і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Шаўкаводства. Рыбалоўства. Значныя масівы арашальных зямель. Суднаходства па р. Дняпро. Марскі порт — г. Бярдзянск. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Валнаваха, Запарожжа—Бярдзянск, аўтадарогі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Марыупаль, Запарожжа—Днепрапятроўск. Курорты: Бярдзянск, Кірылаўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛГА́С, калектыўная гаспадарка,
форма арганізацыі с.-г. працы, створаная ў СССР у працэсе калектывізацыі сельскай гаспадаркі, спецыфічны тып с.-г. арцелі сялян, аб’яднаных для супольнай вытв-сці на аснове грамадскіх сродкаў і калект. працы. У БССР К. створаны ў 1929—37, на тэр.Зах. Беларусі — ў 1950-я г.
Мат.-тэхн. база першых К. складалася з абагуленых асн. сродкаў вытв-сці, якія належалі сялянам. У 1929 для тэхн. абслугоўвання былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС; існавалі да 1958). Сучасныя К. — пераважна шматгаліновыя гаспадаркі, спецыялізаваныя на вытв-сці малака, мяса, лёну, бульбы, цукр. буракоў. Гаспадарку вядуць на зямлі, якая з’яўляецца дзярж. уласнасцю, але перадаецца К. на вечнае карыстанне. Члены К. на агульным сходзе ці сходзе ўпаўнаважаных прымаюць статут, у якім вызначаны аспекты вытв.-гасп. дзейнасці, правы і абавязкі калгаснікаў, а для штодзённага кіраўніцтва гаспадаркай выбіраюць праўленне і яго старшыню. Напачатку аплата працы калгаснікаў вялася натуральнымі прадуктамі ў адпаведнасці з выпрацаванымі працаднямі. З 1960-х г.асн. форма аплаты працы — грашовая, ажыццяўляюцца і натуральныя выплаты. Многія К. маюць свае прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, вытв-сці буд. матэрыялаў, швейныя майстэрні і інш. На сродкі некаторых К. пабудаваны сучасныя пасёлкі гар. тыпу, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, санаторыі, дамы і базы адпачынку. Кожны член К. мае права карыстацца зямельным надзелам (да 1 га) для вядзення асабістай дапаможнай гаспадаркі. На 1.1.1997 у Беларусі 1810 К., якія аб’ядноўваюць 466 тыс.чал., маюць 7512 тыс.газямель, у т. л. 3717 тыс.га ворных. З фарміраваннем рыначнай эканомікі некаторыя К. ператварыліся ў акц. т-вы, асацыяцыі фермераў, кааператываў і інш. аб’яднанні таваравытворцаў. Пашыраюцца формы арэнднага вядзення гаспадаркі. Асобныя калгаснікі выходзяць э К. і ствараюць свае фермерскія гаспадаркі.
Да арт.Калгас. Уезд у калгас «Прагрэс». Вёска Верцялішкі Гродзенскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,
дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛЯгайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.