Праведзены ва ўзбр. сілах Расійскай імперыі ў ходзе бурж. рэформаў 1860—70-х г. Выкліканы адменай прыгоннага права ў 1861 і неабходнасцю рэарганізацыі ваен. справы ў Расіі, што выявілася ў Крымскай вайне 1853—56. Ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам ваен. міністра Дз.А.Мілюціна. У 1862—64 створана 15 ваен. акруг, у т. л. Віленская, у якую ўвайшлі і бел. губерні. Пашыралася сетка ваен. вучылішчаў (1863—64), ствараліся юнкерскія вучылішчы (1864), адкрыты новыя вышэйшыя ваен.навуч. ўстановы: Ваен.-юрыд. (1867) і Марская (1877) акадэміі. Пачалося ўзбраенне арміі наразной стралковай зброяй і артылерыяй. У 1874 замест рэкруцкіх набораў уведзена ўсесаслоўная воінская павіннасць, скарочаны тэрмін вайск. службы. Праведзена рэарганізацыя падрыхтоўкі войск, уведзены новыя вайск. статуты. У выніку рэформаў рус. армія стала ў большай ступені адпавядаць патрабаванням часу, павысілася яе баяздольнасць. Аднак і пасля іх у арміі засталіся шматлікія перажыткі прыгонніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́ЙСКІЯ,
малодшая лінія маскоўскіх вялікіх князёў. Паходзяць ад Дзмітрыя Данскога, прозвішча ад г. Вярэя, які ім належаў. Найб. вядомыя:
Міхаіл Андрэевіч (?—1486), у час вайны за трон Маскоўскага вял. княства паміж звянігарадскім князем Юрыем Дзмітрыевічам і Васілём II падтрымліваў спачатку першага, пасля другога. Разам з Васілём II хадзіў супраць хана Улуг-Мухамеда, у 1471 з Васілём III — на Ноўгарад. Пасля смерці Міхаіла Андрэевіча Вярэйскае княства далучана да Маскоўскай дзяржавы. Васіль Міхайлавіч Удалы (? — каля 1501), удзельнічаў у паходах маскоўскіх войск на Казань (1468, 1469), Ноўгарад (1471), супраць хана Ахмата (1472, 1480). У 1484 з-за пагрозы арышту ўцёк у ВКЛ, дзе атрымаў ва ўладанне Любеч, Койданаў, Усу, Старынкі, Іслач, Валожын, Радашковічы. Соф’я Васілеўна (пасля 1480 — 1549), дачка Васіля Міхайлавіча, выйшла замуж за А.Гаштольда (да 1506). У 1563 атрымала ад мужа Трабы, Гальшаны і інш., пасля яе смерці ўсе маёнткі адышлі да вял. князя ВКЛ як вымарачныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял.Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць т.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв.кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛІ́ЦКІ ПРАРЫ́Ў 1915,
стратэгічная аперацыя германа-аўстр.войск 2—5 мая супраць рускага Паўд.-Зах. фронту ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. Каб вывесці Расію з вайны герм. камандаванне вырашыла нанесці ёй знішчальны ўдар, пачаткам якога і быў Гарліцкі прарыў. Ажыццяўлялася ў Паўд. Польшчы ў раёне г. Гарліцы сіламі 11-й герм. арміі (ген. А.Макензен) і 4-й аўстра-венг. арміі (эрцгерцаг Іосіф Фердынанд). У рус. 3-я армія (ген. Д.Р.Радка-Дзмітрыеў), на якую быў скіраваны асн. ўдар, мела вял. некамплект у людзях, ёй не хапала снарадаў. Рус. абарона была прарвана, і да 8 мая герм.-аўстр. войскі прасунуліся на 40 км. Рус. Стаўка і камандаванне Паўд.-Зах. фронту (ген. М.І.Іваноў) не здолелі арганізаваць контрудар. 3.6.1915 герм.-аўстр. войскі занялі Перамышль, 22 чэрв. — Львоў. Рус. войскі, страціўшы 500 тыс. палонных і 344 гарматы, пакінулі Галіцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1921,
нацыянальна-вызв. паўстанні супраць англ.калан. панавання ў Егіпце. Зімой 1918 партыя «Егіпецкая дэлегацыя» (Вафд) сабрала подпісы з патрабаваннямі прадаставіць Егіпту незалежнасць. У адказ 8.3.1919 англічане арыштавалі лідэра партыі С.Заглулу, што стала штуршком да паўстання. 9 сак. ў Каіры прайшла масавая дэманстрацыя пад лозунгамі поўнай нац. незалежнасці, адмены пратэктарату і вываду англ.войск. Кровапралітныя баі адбыліся ў Каіры, Александрыі, Порт-Саідзе і інш. гарадах, паўстанцы вызвалілі значную ч.тэр., стварылі свае органы ўлады. На кароткі час калан. ўлады страцілі кантроль, але кіраўніцтва Вафд не скарыстала момант для арганізацыі нар. мас, і англ. войскі задушылі паўстанне. У снеж. 1921 пасля спробы Англіі навязаць Егіпту нераўнапраўны саюзны дагавор пачаўся новы ўздым вызв. руху. Арышт лідэраў Вафд стаў сігналам да новага паўстання, якое было задушана ў пач. 1922. У лют. 1922 Вялікабрытанія адмовілася ад пратэктарату над Егіптам і фармальна прызнала яго незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІЯ САБО́РЫ, земскія саветы,
цэнтральныя агульнадзярж. саслоўна-прадстаўнічыя ўстановы з законадарадчымі функцыямі ў Расіі ў сярэдзіне 16—17 ст. (у 1610—13 найвышэйшыя заканад. і выканаўчыя органы). Удзельнічалі члены Баярскай думы, прадстаўнікі вышэйшага духавенства, дваран, мяшчан. На З.с. абмяркоўваліся найважн. пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі (абвяшчэнне вайны, збіранне войск і сродкаў на іх забеспячэнне, увядзенне новых падаткаў, выбранне або зацвярджэнне цароў, прыняцце рэформ, свецкіх і царк. кодэксаў). У 1566 скліканы ў сувязі з Лівонскай вайной, парушэннем Рэччу Паспалітай Дэулінскага перамір’я 1618 і Палянаўскага міру 1634, у 1653—54 — па пытанні аб’яднання Украіны з Расіяй і абвяшчэння вайны Рэччу Паспалітай, у 1683—84 — для зацвярджэння «Вечнага міру» з Рэччу Паспалітай і інш.
Літ.:
Черепнин Л.В. Земские соборы русского государства в XVI—XVII вв. М., 1978;
Павлов А.П. Государев двор и политическая борьба при Борисе Годунове (1584—1605 гг.). СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1935—36,
каланіяльная вайна фаш. Італіі супраць Абісініі (Эфіопіі). Ініцыіравана італьян. дыктатарам Б.Мусаліні, які заявіў тэр. прэтэнзіі да Эфіопіі. 3.10.1935 італьян. войскі (усяго 377 тыс.чал., асн. сілы 250 тыс.) уварваліся ў Эфіопію з тэр. Эрытрэі (ч. эфіопскіх зямель, захопленых Італіяй у 1890) і Італьян. Самалі. Ім процістаяла слаба ўзбр. эфіопская армія (10 тыс. гвардзейцаў імператара Хайле Селасіе I і 350—450 тыс.чал. з фарміраванняў мясц. князёў). Нягледзячы на ўпартае супраціўленне эфіопскай арміі і народа, італьян. войскі (каманд. маршал П.Бадольё) 5.5.1936 занялі сталіцу Адыс-Абебу, да лют. 1937 акупіравалі ўсю краіну. Каб задушыць супраціўленне народа Эфіопіі, італьян. камандаванне шырока выкарыстоўвала атрутныя рэчывы, праводзіла масавы тэрор. За час вайны і акупацыі Эфіопіі загінула 760 тыс. воінаў і жыхароў краіны. Эфіопія вызвалена ад акупантаў у студз.—ліст. 1941 у выніку сумесных дзеянняў эфіопскіх партызан і англ.войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак». Вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. мелі маёнткі ў Віцебскім ваяв., Гродзенскім, Браслаўскім, Ковенскім пав., на Валыні. Найб. вядомыя:
Павел Юр’евіч, дваранін каралеўскі ў 1556, падкаморы гродзенскі ў 1568, архімандрыт гродзенскі і супрасльскі ў 1568—80. Андрэй Францішак (?—1682), староста гродзенскі з 1652, кухмістр ВКЛ з 1657, адначасова гараднічы віленскі ў 1657—65, пісар вялікі ВКЛ з 1658 і інш.Аляксандр (каля 1622—30.11.1686), царк. дзеяч, сакратар каралеўскі, рэгент вял. канцылярыі ВКЛ. Біскуп смаленскі (з 1672), віленскі (з 1684). Рыгор Юзаф (? — пач. 1724?), харунжы ў 1699—1700 і падстароста ў 1699—1704 гродзенскі, палкоўнік каралеўскі ў 1701, староста гродзенскі з 1706, лоўчы ВКЛ з 1710. Прыхільнік Сапегаў. У час.Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў, потым на баку Станіслава Ляшчынскага. Пасля рэстаўрацыі Аўгуста II у 1709 ваяваў супраць шведаў і Сапегаў, выступаў за вывад рас.войск з ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫ́ЛЬСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
сумесныя баявыя дзеянні войск 2-га Далёкаўсх. фронту (камандуючы ген. арміі М.А.Пуркаеў) і сіл Ціхаакіянскага флоту (адм. І.С.Юмашаў) па авалоданні Курыльскімі астравамі 18 жн. — 1 вер. ў савецка-японскую вайну 1945. На Курыльскіх а-вах японцы мелі больш за 80 тыс. вайскоўцаў, да 600 самалётаў і іншую баявую тэхніку. 18 жн. пры падтрымцы авіяцыі, берагавой і карабельнай артылерыі пачалася высадка на в-аў Шумшу сав. дэсанта (каля 9 тыс.чал., 205 гармат і мінамётаў, 60 караблёў і суднаў), які пасля ўпартых баёў 23 жн. заняў востраў. Да канца жн. вызвалена паўн. частка Курыльскіх а-воў. 1 вер. сілы Ціхаакіянскага флоту авалодалі астатнімі астравамі на Пд ад Урупа. У час аперацыі вызначыліся афіцэры — ураджэнцы Беларусі В.А.Кот і Ц.Л.Пачтароў.
Літ.:
Славинский Б.Н. Советская оккупация Курильских островов (август—сентябрь 1945 г.): Док. исслед. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КОНТРУДА́Р 1941,
контрудар на Лепельскім напрамку сав.войск 20-й арміі (ген.-лейт. П.А.Курачкін) Зах. фронту ў складзе 5-га і 7-га механіз. карпусоў 6—10 ліп. ў Вял.Айч. вайну з мэтай разгрому групоўкі ворага, які наступаў у напрамку Віцебска. Злучэнні 5-га і 7-га карпусоў выйшлі з раёна Багушэўска на Сянно, вызвалілі яго, прасунуліся на 30—40 км, разграмілі 2 ням. матарызаваныя палкі, на Лепельскім напрамку знішчылі матарызаваную дывізію, да 40 гармат, шмат трансп. сродкаў праціўніка. Найб. упартыя баі, у т. л. танкавыя (удзельнічала да 1,5 тыс. танкаў), ішлі на Пн ад Сянна. Падцягнутыя рэзервы ворага і падтрымка авіяцыі вымусілі сав. карпусы спыніць наступленне і адысці ў раён Оршы. Контрударам ворагу прычынены страты, значна паменшана яго ўдарная сіла і тэмп прасоўвання на У. У памяць аб Л.к. ў г.п. Багушэўск Сенненскага р-на пастаўлены помнік.