ПЛАЗМО́Н,

адна з квазічасціц, якая апісвае ваганні электронаў адносна цяжкіх іонаў у плазме, у т. л. носьбітаў зараду ў цвёрдых целах. Флуктуацыі шчыльнасці эл. зараду ствараюць эл. поле, якое імкнецца аднавіць электранейтральнасць; з-за інерцыі носьбіты зараду «праскокваюць» становішча раўнавагі, у выніку чаго ўзнікаюць ваганні, узгодненыя з калектыўным рухам часціц. У сістэмах свабодных электронаў у металах і ў валентнай зоне паўправаднікоў энергія кванта плазменных ваганняў каля 15—20 эВ; спектр ваганняў залежыць ад зоннай структуры цвёрдага цела, наяўнасці межаў, магн. поля і інш.

т. 12, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІ́ЗАРНЫЯ О́РГАНЫ (ад ням. provisorisch папярэдні, часовы ад лац. provideo прадбачу, загадзя клапачуся),

органы зародкаў і лічынак шматклетачных жывёл, якія знікаюць у працэсе іх далейшага развіцця (напр., брушныя канечнасці і жабры лічынак у насякомых, сасуды жаўточнага мяшка зародкаў рыб, паўзуноў, птушак і інш.). Адна з форм цэнагенезу ці эмбрыяадаптацыі. П.о. забяспечваюць важнейшыя функцыі арганізма да сфарміравання дэфінітыўных органаў, характэрных дарослым асобінам. У сучасных арганізмаў П.о. дазваляюць меркаваць пра арганізацыю іх продкаў, што істотна для ўзнаўлення працэсу эвалюцыі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ў праве,

праваадносіны, паводле якіх адна асоба можа ажыццяўляць юрыд. дзеянні ад імя другой асобы. У адпаведнасці з Цывільным кодэксам Рэспублікі Беларусь здзелка, выкананая адной асобай (прадстаўніком) ад імя другой асобы (прадстаўленага) у адпаведнасці з паўнамоцтвамі, заснаванымі на даверанасці, заканадаўстве або акце ўпаўнаважанага на тое дзярж. органа ці органа мясц. кіравання і самакіравання, непасрэдна стварае, змяняе і спыняе грамадзянскія правы і абавязкі прадстаўленага. Паўнамоцтва таксама можа вынікаць з абставін, у якіх дзейнічае прадстаўнік (прадавец у рознічным гандлі, касір і да т.п.).

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАШЫ́ЎКА ў металаапрацоўцы,

1) адна з аперацый пры коўцы і штампоўцы, пры якой у загатоўку ўціскаецца спец. інструмент (прошывень) для стварэння скразных адтулін і паглыбленняў. Для П. выкарыстоўваюць прэсы, молаты. П. можа быць падрыхтоўчай аперацыяй для працяжкі.

2) Выдаленне ўнутранай завусеніцы (плёнкі), што застаецца на загатоўках пасля штампавання пры прабіванні ў іх адтулін.

3) Металарэзны інструмент падобны на працяжку, які праштурхоўваецца праз адтуліны, што апрацоўваюцца.

В.​І.​Шагун.

Прашыўка 1 — надстаўка; 2 — прошывень; 3 — пустацелы прошывень; 4 — адход металу (выдра).

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БІНСАН ((Robinson) Мэры) (н. 21.5.1944, г. Баліна, Ірландыя),

ірландскі грамадскі і дзярж. дзеяч. Скончыла Трыніты-каледж Дублінскага ун-та і Гарвардскі ун-т (ЗША). Доктар права. У 1969—75 праф. Дублінскага ун-та. Набыла вядомасць як буйны спецыяліст у галіне еўрап. канстытуцыйнага і крымінальнага права, заснавальнік і дырэктар Ірл. цэнтра еўрап. права. Адна з актывістак жаночага руху Ірландыі. Чл. ірл. Сената (1969—89), да 1985 чл. Лейбарысцкай партыі Ірландыі. У 1990—97 прэзідэнт Ірландскай Рэспублікі. З 1997 вярх. камісар ААН па правах чалавека.

т. 13, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРА́МНІК ТО́КУ,

прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл. вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл. фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл. Кенатрон), газаразрадныя (гл. Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт. Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.

Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.

У.​М.​Сацута.

Схемы нерэгулёўных выпрамнікоў току на паўправадніковых дыёдах: 1 — аднафазнага аднапаўперыяднага; 2 — трохфазнага маставога; Д — дыёд.
Схемы рэгулёўных выпрамнікоў току: 1 — на тырыстарах; 2 — на транзістарах і паўправадніковых дыёдах; Т — тырыстар; Д — дыёд; Тр — транзістар.

т. 4, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДААСІ́ЗМ,

1) адна з асн. плыней кіт. філасофіі. Заснавальнікам лічыцца стараж.-кіт. філосаф Лао-цзы (6—5 ст. да н.э.), асн. ідэі якога выкладзены ў кн. «Дао дэ цзін». Даасізм — разнавіднасць наіўнага матэрыялізму стараж. кітайцаў з элементамі прымітыўнай дыялектыкі. Пастуліруецца існаванне аб’ектыўнага, незалежнага ад волі нябеснага ўладыкі, прыроднага і адначасова сац.-маральнага пачатку — дао, які ўвасабляе законы неба, прыроды, грамадства і азначае вышэйшую дабрачыннасць і справядлівасць. Усе рэчы ўзнікаюць і развіваюцца па ўласным прыродным шляху. Чалавек павінен прытрымлівацца дао і не ствараць штучных перашкод. Усе грамадскія ўстановы, у т. л. дзяржава, недахопы грамадства (несправядлівасць, няроўнасць і інш.) лічацца адхіленнямі ад сапраўднага дао. Сац. ідэал даасізму — адмова ад цывілізацыі і культуры, вяртанне да першабытнай натуральнасці. Рэзка крытыкуюцца насілле і войны. Прыхільнікі даасізму і яго папулярызатары Чжуанцзы, Ян Чжу, Інь Вэнь (4—3 ст. да н.э.).

2) Адна з кіт. рэлігій. Узнікла ў 2 ст. да н.э. У пач. 5 ст. распрацавана тэалогія і рытуал, у эпоху дынастыі Тан (да 10 ст.) даасізм карыстаўся асаблівай апекай дзярж. улады. Захаваўся да сярэдзіны 20 ст. як сінкрэтычная нар. рэлігія, што спалучала элементы канфуцыянства і будызму. Асн. мэта паслядоўнікаў даасізму — дасягненне даўгалецця. Даоскія магі, лекары, якія шукалі эліксіры бяссмерця, садзейнічалі развіццю кіт. алхіміі.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ НА́РТЫЯ (El Partido Socialista Obrero Español; ІСРП),

палітычная партыя левага кірунку ў Іспаніі. Засн. ў 1879 П.​Іглесіясам. Прапанавала радыкальную праграму грамадскага пераўтварэння (пераход паліт. улады ў рукі працоўных, аграмаджванне сродкаў вытв-сці, стварэнне бяскласавага грамадства), якую прадугледжвалася ажыццявіць парламенцкімі сродкамі. Ініцыятар стварэння Усеагульнага саюза працоўных (1888). Мела вял. ўплыў у многіх рэгіёнах Іспаніі, у т. л. ў Мадрыдзе. Прыхільнікі рэв. метадаў барацьбы ў 1921—22 пакінулі ІСРП і стварылі Камуніст. партыю Іспаніі. У 1930-я г. ІСРП — адна з гал. паліт. сіл краіны (у 1931 атрымала 24% месцаў у картэсах). У 1931—33 падтрымала ўрад М.Асаньі. Адна з заснавальніц Нар. фронту (1936). У 1936—39 прадстаўнікі ІСРП Ф.Ларга Кабальера і Х.Легрын узначальвалі рэсп. ўрады. Пасля 1939 дзейнічала ў эміграцыі, з 1960-х г. актывізавала нелегальную дзейнасць у Іспаніі. З 1977 легалізавана, гал. апазіцыйная партыя. У 1978 прыняла с.-д. праграму (падтрымка парламенцкай дэмакратыі, шматукладнай эканомікі, актыўнай сац. палітыкі дзяржавы). З 1982 правячая партыя, у 1982—89 мела абс. большасць у картэсах, з 1993—45% месцаў. З 1974 ген. сакратар Ф.Гансалес Маркес (у 1982—96 быў прэм’ер-міністрам).

Літ.:

Данилевич И.В. Социалистические партии Испании и Португалии (1973—1979). М., 1984;

Яго ж. Испытание властью: Исп. соц. раб. партия в 80-е г М., 1991.

т. 7, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСКАНЯ́Н (Арус Тыгранаўна) (10.5.1899, г. Стамбул, Турцыя — 20.7.1943),

армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1908 у Стамбуле. З 1910 выступала ў т-рах Баку, Тбілісі, з 1921 адна з вядучых актрыс Першага Дзярж. т-ра Арменіі ў Ерэване (цяпер Т-р імя Г.​Сундукяна). Яе майстэрства адметнае сцэн. культурай, тонкай распрацоўкай дэталей, дакладнасцю сцэн. формы. Сярод роляў: Сона, Сусан («Злы дух», «Намус» А.​Шырванзадэ), Антыгона (аднайм. п’еса Сафокла), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра), Кацярына, Кручыніна («Навальніца», «Без віны вінаватыя» А.​Астроўскага), Марыя Мікалаеўна («Рускія людзі» К.​Сіманава).

т. 4, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСКІ́ ў раслін,

адна- або шматклетачныя вырасты эпідэрмісу. Розныя па форме, памерах і будове. Ахоўваюць расліны ад ваганняў т-ры і страты вільгаці (характэрна для высакагорных і пустынных раслін), назапашваюць ваду ў час засухі, служаць для абароны ад шкоднікаў і хвароб, распаўсюджвання пладоў і насення (напр., у адуванчыка, бавоўніку, таполяў). Кручкападобныя валаскі ўтрымліваюць сцёблы лазячых раслін на апоры (напр., у хмеля, фасолі). Каранёвыя валаскі і валаскі-лускавінкі эпіфітаў служаць для паглынання вады і глебавых раствораў. Залозістыя валаскі — органы выдзялення, якія выпускаюць эфірныя алеі або стрававальныя сокі (у насякомаедных раслін).

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)