ВЕ́НСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ 1963 аб цывільнай адказнасці за шкоду,

міжнародны акт, прыняты на міжнар. дыпламатычнай канферэнцыі па цывільнай адказнасці за ядзерную шкоду 29.4—19.5.1963. У сувязі з тым, што ядзерныя аб’екты з’яўляюцца крыніцамі павышанай небяспекі, канвенцыя прадугледжвае абсалютную адказнасць за ядзерную шкоду незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці віны. Заключаны акт канферэнцыі падпісаў СССР.

т. 4, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫКА́ЛЬ,

лінія, уздоўж якой размяшчаецца нітка адвеса пад уздзеяннем сілы цяжару. Напрамак вертыкалі ў дадзеным пункце зямной паверхні адносна плоскасцей экватара і нулявога мерыдыяна знаходзяць з астр. назіранняў. Вывучэнне напрамкаў вертыкалі і яе адхіленняў ад паверхні зямнога эліпсоіда дало магчымасць вызначыць фігуру і памеры Зямлі і атрымаць ускосныя даныя аб яе ўнутр. будове.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУЛЕ́Й САТУРНІ́Н (Луцый) (Lucius Apuleius Saturninus; ? — 100 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч, папуляр. Нар. трыбун. У 104 — квестар, кіраваў у Остыі ўвозам хлеба. У 101 выступіў з выкрыццём сенатараў, падкупленых пасламі цара Пантыйскай дзяржавы Мітрыдата VI Еўпатара. Правёў праз нар. сход законы аб надзяленні зямлёй ветэранаў Марыя і вывядзенні калоній у правінцыі. Забіты прыхільнікамі аптыматаў.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТ ЮРЫДЫ́ЧНЫ,

афіцыйны дакумент, які выдаецца дзярж. органам ці службовай асобай у межах іх кампетэнцыі і мае абавязковыя для выканання прадпісанні. Падзяляюцца на нарматыўныя (устанаўліваюць нормы права і рэгламентуюць пэўную сферу грамадскіх адносін) і індывідуальныя (спараджаюць канкрэтныя правы і абавязкі для канкрэтных суб’ектаў права) акты. Актам юрыдычным наз. таксама дакумент, які сведчыць аб факце юрыдычным.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІ́ЛЬ АБ ПРАВА́Х»

(Bill of Rights),

1) у Вялікабрытаніі канстытуцыйны акт, прыняты парламентам у 1689. Юрыдычна аформіў дасягненні «Слаўнай рэвалюцыі», абмежаваў уладу караля на карысць парламента.

2) У ЗША першыя 10 паправак да Канстытуцыі 1787. Набылі сілу ў 1791. Гарантавалі бурж.-дэмакр. свабоды слова, друку, веравызнання, сходаў і петыцый, аддзяленне царквы ад дзяржавы і інш.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІПАТРЫ́ДЫ (ад бі... + грэч. patris (patridos) айчына, радзіма], біпаліды, у міжнародным праве асобы, якія адначасова знаходзяцца ў грамадзянстве двух і больш дзяржаў, г. зн. маюць двайное грамадзянства. Адбываецца пераважна з-за разыходжання законаў аб грамадзянстве розных дзяржаў. Сучаснае міжнар. права не валодае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыяй пытанняў, што ўзнікаюць у сувязі з біпатрыдамі.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІЯ,

у грэчаскай міфалогіі дачка Арэса і Афрадыты, жонка Кадма, заснавальніка г. Фівы. На вяселлі багі падарылі ёй сукенку і каралі, вырабленыя Гефестам, якія пасля прыносілі няшчасце ўсім, хто імі валодаў, і сталі прычынай гібелі прарока Амфіярая. У аснове міфа — казачны матыў аб закляцці, якое ляжыць на скарбах, здабытых вайной ці несумленным шляхам.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЕ́РАНАЯ АСО́БА,

у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД, асоба якая ў перыяд выбараў у прадстаўнічыя органы ўлады ці кіраўніка дзяржавы знаёміць выбаршчыкаў з кандыдатам на выбарную пасаду і агітуе за яго выбранне. Колькасць давераных асоб ад кандыдатаў на выбарныя пасады вызначаецца заканадаўствам аб выбарах. Давераная асоба не можа ўваходзіць у склад выбарчай камісіі.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПРЫЗЫ́ЎНАЯ ПАДРЫХТО́ЎКА,

ваеннае навучанне моладзі дапрызыўнага ўзросту з мэтай падрыхтоўкі да службы ва ўзбр. сілах. Паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 уключае папярэдняе навучанне ваен.-тэхн. спецыяльнасцям, фіз. падрыхтоўку, лячэбна-аздараўленчую работу, ваен.-патрыят. выхаванне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з праграмай, зацверджанай урадам. Д.п. праводзіцца і ў інш. краінах.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС III А́РМИИ»,

вайсковая газета. Выдавалася ў крас.снеж. 1917 у Полацку на рус. мове. Змяшчала афіц. ўрадавыя дакументы, загады ваен. камандавання, асвятляла работу армейскага к-та 3-й арміі. Побач з матэрыяламі аб прызнанні Сав. улады друкавала антыбальшавіцкія заклікі. Спыніла выхад паводле пастановы 3-га армейскага з’езда, на якім большасць дэлегатаў падтрымала бальшавікоў.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)