ГІРАСКО́П (ад гіра... + ...скоп),

сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка верціцца і вось вярчэння якога можа мяняць свой напрамак у прасторы. Уласцівасці гіраскопа маюць нябесныя целы, артыл. снарады, ротары турбін, вінты самалётаў, колы веласіпедаў і матацыклаў і інш. целы, якія верцяцца. Найпрасцейшы гіраскоп — дзіцячая цацка ваўчок.

Свабодны паварот восі гіраскопа ў прасторы забяспечваецца замацаваннем яго ў кольцах т.зв. карданавага падвесу, у якім восі ўнутр. і знешняга кольцаў і вось гіраскопа перасякаюцца ў адным пункце (у цэнтры падвесу). Такі гіраскоп мае 3 ступені свабоды. Калі цэнтр цяжару гіраскопа супадае з цэнтрам падвесу, гіраскоп наз. ўраўнаважаным ці свабодным, калі не — цяжкім. Вось ураўнаважанага гіраскопа ўстойліва трымае нязменны напрамак у прасторы. Пад уздзеяннем прыкладзенай да гіраскопа пары сіл яго вось прэцэсіруе (гл. Прэцэсія) і адначасова робіць нутацыйныя ваганні (гл. Нутацыя). Гіраскоп з 3 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца пры канструяванні гіраскапічных прылад для аўтам. кіравання рухам самалётаў (гл. Аўтапілот), ракет, марскіх суднаў, тарпед і інш. Гіраскоп з 2 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца як паказальнікі павароту, розныя віды стабілізатараў (напр., гіраскапічны заспакойвальнік — гірарама). Камбінацыя 3 гірарам з узаемна перпендыкулярнымі восямі можа служыць для прасторавай стабілізацыі рухомага аб’екта, напр., штучнага спадарожніка Зямлі. Гл. таксама Квантавы гіраскоп.

Літ.:

Булгаков Б.В. Прикладная теория гироскопов. 3 изд. М., 1976;

Новиков Л.З., Шаталов М.Ю. Механика динамически настраиваемых гироскопов. М., 1985;

Гироскопические системы. Т. 1—3. 2 изд. М., 1986—88.

А.​І.​Болсун.

Гіраскоп у карданавым падвесе: AA′, BB′, CC′ — восі вярчэння.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУСНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

сукупнасць астранамічных геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні для вызначэння параметраў фігуры Зямлі і вырашэння навук. задач. Іх сутнасць — вылічэнне радыуса Зямлі заключаецца ў прамым ці ўскосным вызначэнні адлегласці SAB і адначасовым вымярэнні вуглоў Z1 і Z2 на вельмі аддаленую зорку, для якой AN∥BN. Пры гэтым ΔY = Y2−Y1 = Z2-Z1 і R = S:ΔY, дзе ΔY — у радыянах. З прычыны сплюшчанасці Зямлі велічыні S, што адпавядаюць аднолькавым ΔY, змяншаюцца ў напрамку ад экватара да полюсаў. На гэтым засн. вылічэнне змяненняў R ад a да b. Градусныя вымярэнні зроблены александрыйскім вучоным Эратасфенам у 3 ст. да н.э. паміж Александрыяй і Сіенай (Асуан). Адлегласць ён вылічыў па звестках пра рух караванаў, розніцу даўгот (7°22″) па памерах сонечнага ценю шаста. Паводле разлікаў R = 6844 км (цяпер 6371,11 км). Градусныя вымярэнні выконваліся з выкарыстаннем метаду трыянгуляцыі і паліганаметрыі пры ўскосным вымярэнні SAB. У Расіі градусныя вымярэнні выкананы ў 1816—52 пад кіраўніцтвам В.​Я.​Струвэ і К.​І.​Тэнера па т.зв. дузе Струвэ ад Фугленеса (Ледавіты ак.) да Стара-Някрасаўскі (вусце Дуная); яна прайшла праз зах. раёны Беларусі. У шыротным напрамку (дуга 52-й паралелі: Зах. Еўропа — Усх. Прусія — Варшава — Арол — Ліпецк — Саратаў — Арэнбург — Орск). Градусныя вымярэнні ў Беларусі прайшлі праз Гродна і Бабруйск. Па сукупнасці градусныя вымярэнні розных краін у 1940 у СССР завершаны разлікі, паводле якіх а = 6378245 м, b = 6356863 м, прынятыя і на Беларусі.

А.​А.​Саламонаў.

Градусныя вымярэнні на паверхні Зямлі.

т. 5, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт. Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст. н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.

У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем ў 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грузінскае пісьмо. Грузінскі алфавіт.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ПА,

адно з асноўных паняццяў сучаснай матэматыкі, выкарыстоўваецца таксама ў фізіцы і інш. навуках пры вывучэнні ўласцівасцей сіметрыі. Узнікненне выклікана неабходнасцю выконваць пэўныя дзеянні (складанне, множанне) не толькі над лікамі, але і над вектарамі, мноствамі, матрыцамі, пераўтварэннямі і інш. матэм. аб’ектамі. Паняцце групы пачало фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. незалежна ў алгебры ў выглядзе канечных груп падстановак пры рашэнні алг. ураўненняў у радыкалах (Ж.Лагранж, Н.Абель, Э.Галуа; апошні прапанаваў і тэрмін «група»), у геаметрыі пры з’яўленні неэўклідавых геаметрый і ў праектыўнай геаметрыі, а таксама ў тэорыі лікаў (Л.Эйлер, К.Гаўс) пры вывучэнні параўнанняў і класаў рэштаў.

Групай наз. непустая сукупнасць элементаў (мноства) G, на якой зададзена алг. аперацыя *, што задавальняе ўмовам: аперацыя асацыятыўная a*(b*c)=(a*b)*c для ўсіх a*b*c з G; для любога элемента a з G існуе нейтральны элемент n, для якога a*n=n*a=a; для любога элемента a з G існуе адваротны элемент x, для якога a*x=x*a=n. Напр., мноства ўсіх цэлых лікаў адносна аперацыі складання; сукупнасць падстановак мноства X, калі пад здабыткам 2 падстановак разумець вынік іх паслядоўнага выканання для любога x з X. Частка элементаў групы G, што сама ўтварае групу адносна групавой аперацыі ў G, наз. падгрупай (напр., мноства ўсіх цотных лікаў — падгрупа групы цэлых лікаў). Група наз. канечнай (бясконцай), калі мноства G мае канечную (бясконцую) колькасць элементаў. Гл. таксама Груп тэорыя.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 5, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,

адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.

Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.

На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.

Л.​У.​Мар’іна.

т. 6, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ АКАДЭМІ́ЧНАЯ СІМФАНІ́ЧНАЯ КАПЭ́ЛА РАСІ́І.

Створана ў 1991 у Маскве ў выніку зліцця Дзярж. камернага хору СССР (існаваў з 1971) і Дзярж. сімфанічнага аркестра Мін-ва культуры СССР (існаваў з 1957). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор капэлы В.​Палянскі. Капэла ўяўляе сабой арган. адзінства двух муз. арганізмаў, якія захоўваюць пэўную творчую самастойнасць (маюць уласныя канцэртныя праграмы, гастрольныя планы, здзяйсняюць запісы). Дзякуючы асаблівай сінт. структуры калектыў мае магчымасць выконваць узоры класічнай музыкі — месы і араторыі, рэквіемы і кантаты, прызначаныя для выканання салістамі, хорам і аркестрам, у т. л. «Глорыя» А.​Вівальдзі, «Месія» Г.​Ф.​Гендэля, месы В.​А.​Моцарта і Ф.​Шуберта, рэквіемы Л.​Керубіні, Дж.​Вердзі, Моцарта, І.​Брамса, А.​Брукнера, «Званы» С.​Рахманінава, «Вяселейка» І.​Стравінскага, многія оперы ў канцэртным выкананні. Капэла — першы выканаўца многіх твораў А.​Шнітке, М.​Сідзельнікава, С.​Губайдулінай і інш. Выступленням капэлы ўласцівыя глыбіня інтэрпрэтатарскіх канцэпцый, высокая ансамблевая культура, бездакорнае пачуццё стылю, каларыстычнае багацце гукавой палітры. Аркестр быў створаны як оперна-сімф. аркестр Усесаюзнага радыё і тэлебачання (арганізатар і першы маст. кіраўнік С.Самасуд), з 1981 яго ўзначальваў Г.Раждзественскі, пад кіраўніцтвам якога калектыў на высокім узроўні выканаў у канцэртах і запісаў на радыё ўсе сімфоніі Брукнера, Дз.​Шастаковіча, А.​Анегера, Шнітке і інш. Хор (арганізатар і кіраўнік Палянскі) набыў найб. вядомасць пасля ўдзелу ў Міжнар. конкурсе поліфанічных хароў «Гвіда д’Арэца» ў Італіі, дзе стаў лаўрэатам. Яго рэпертуар вялікі і разнастайны, выкананне адметнае высокай вакальна-харавой тэхнікай, прыгожым роўным гучаннем, крышталёвай яснасцю і дакладнасцю інтанавання.

т. 6, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́Я,

гарадскі пасёлак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Друйка ў Зах. Дзвіну. За 36 км ад г. Браслаў, 205 км ад Віцебска. Канцавая ст. на чыг. лініі Варапаева—Друя. Аўтадарогай злучаны з Браславам. 1,4 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага пад 1386 у складзе ВКЛ. У 14—18 ст. тут існаваў Друйскі замак. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Д. ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. 8.8.1618 атрымала прывілей на магдэбургскае права і герб: у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на хвалях, вада сярэбраная. З Д. паходзіць адзін з шэдэўраў бел. рукапіснай кнігі — Друйскае евангелле 16 ст. За час існавання ў Д. пабудавана каля 20 храмаў. У 1790 у Д. 3,4 тыс. ж. З 1793 у складзе Рас. імперыі, мястэчка, заштатны горад Дзісенскага пав. Віленскай губ. У 1897 у Д. 4787 ж. З 1921 у Польшчы, мястэчка ў Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. У 1931 у Д. 3375 ж. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак у Браслаўскім, з 1.5.1940 да 1963 у Міёрскім р-нах. 2,5 тыс. ж. (1971).

Прадпрыемствы па абслугоўванні чыг. лініі. Сярэдняя і муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі меліярац. работ, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік на месцы бою 1812. Помнік архітэктуры — Друйскі кляштар бернардзінцаў (1643—46) і Друйскі парк (19 ст.).

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭНА́ЖНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для будавання і рамонту дрэнажу на асушальных і арашальных землях, тарфяных радовішчах. Выкарыстоўваюцца для пракладкі матэрыяльнага (дрэнаўкладчыкі), кротавага (кротадрэнажныя машыны, кратавальнікі) і шчыліннага (шчылінна-дрэнажныя машыны) дрэнажу. Бываюць траншэйныя, вузкатраншэйныя і бестраншэйныя; самаходныя, навясныя, прычапныя і паўпрычапныя; з актыўнымі (ланцуговыя многакаўшовыя, скрабалкавыя і ба́равыя, ротарныя многакаўшовыя і скрабалкавыя, фрэзерныя і шнэкавыя) і пасіўнымі (плужныя, нажавыя, кротавыя дрэнеры) рабочымі органамі.

Д.м. неперарыўнага дзеяння з актыўнымі рабочымі органамі выкарыстоўваюць для капання траншэй і ўкладкі дрэнажных труб, з пасіўным рабочым органам і аднакаўшовыя экскаватары — пры рабоце ў грунтах з валунамі. Плужным траншэекапальнікам наразаюць траншэі, потым іх дапрацоўваюць многакаўшовым экскаватарам і ўкладваюць трубы. Бестраншэйшыя Д.м. полым нажом (для прапускання дрэнажных труб) або V-падобным рэзальным інструментам ствараюць шчыліну, у якую прапускаюць дрэнажную трубу. Кротадрэнажныя машыны аснашчаны нажом з прымацаваным да яго дрэнерам. Ёсць машыны з актыўным дрэнерам, прыстасаваннем для ўтварэння дрэны выразаннем адпаведнага аб’ёму грунту. Шчылінна-дрэнажныя машыны з актыўным рабочым органам (дыскавай або вінтавой фрэзай, баравым ланцугом) і каткамі, якія закрываюць шчыліну, выкарыстоўваюць для работы на пністых тарфяніках. Машыны для фармавання труб са стужкі з адначасовай іх укладкай маюць трубафармавальны апарат, які фармуе трубы з вініпласту, поліпрапілену, поліэтылену і інш. матэрыялаў. Дрэнапрамыўныя машыны ачышчаюць дрэнажныя сістэмы (заглееныя трубы) патокам вады пад ціскам (да 100 ат). На Беларусі Д.м. выпускае Мазырскі завод меліярацыйных машын.

Літ.:

Гл. пры арт. Меліярацыйныя машыны.

А.​Я.​Вакар.

Дрэнажныя машыны: 1 — траншэйны дрэнаўкладчык ЭТЦ-406; 2 — бестраншэйны дрэнаўкладчык МД-12 (для зоны асушэння); 3 — дрэнапрамыўшчык ПДП-125.

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗУРБАНІ́ЗМ (ад дэз... + урбанізм),

кірунак у горадабудаўніцтве 20 ст., які азначае разгрупоўку насельніцтва, зніжэнне ролі гарадоў аж да поўнага іх адмаўлення; супрацьлеглы урбанізму. Выкліканы канцэнтрацыяй шкоднай вытв-сці ў буйных гарадах, парушанай экалогіяй, адарванасцю чалавека ад прыроды. Ідэі Д. ўвасобіліся ў палітыцы абмежавання росту вял. гарадоў і вызначэнні іх памераў, распрацоўцы гарадоў-садоў (Лечуарт, Англія, 1902—03; арх. Р.​Ануін; комплекс Ла Мюэт у Дрансі каля Парыжа, 1930—34, арх. Э.​Бадуэн, М.​Лодс і інш.), гарадоў-спадарожнікаў.

Ідэі Д. ўзніклі ў утапістаў (Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.), якія бачылі ідэал у малых пасяленнях. Распрацаваны ў кнізе Э.​Хоўарда «Заўтра» (1898), увасобіліся ў работах Э.​Саарынена (арганічная дэцэнтралізацыя г. Хельсінкі, 1918), М.​Гінзбурга (ідэя непарыўнага лінейнага 2—3-павярховага дома для стварэння Зялёнага горада пад Масквой, 1928). Сярод самых вядомых праекты па буд-ве г. Магнітагорск (1930, арх. М.​Ахітовіч, М.​Баршч, І.​Леанідаў і інш.), у якіх адмаўляліся і горад і вёска, прапаноўваліся жылыя паясы (25 км), што сыходзіліся да вытв. комплексаў; побач размяшчаліся с.-г. тэрыторыі і зоны адпачынку.

На Беларусі канцэпцыі Д. часткова адбіліся ў прапановах (1968—87) па рассяленні насельніцтва, абмежаванні росту Мінска і абл. цэнтраў, развіцці малых гар. пасяленняў і стварэнні ўзаемазвязаных груп гар. і сельскіх населеных пунктаў (І.​Сянкевіч, І.​Іода, Ю.​Шпіт і інш.).

Літ.:

Хорев Б.С. Проблемы городов. 2 изд. М., 1975;

Груза И. Теория города: Пер. с чеш. М., 1972;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983.

І.​А.​Іода.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),

нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З. склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.​А.​Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.​Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.​А.​Бенда, К.​Г.​Нефе, І.​Ф.​Рэйхард. Тэксты для З. пісаў І.​В.​Гётэ. Станаўленне аўстр. З. звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т. л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.​Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.​Дзітэрсдорфа, В.​Мюлера і асабліва В.​А.​Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.​Бетховен («Фідэліо»), Ф.​Шуберт, К.​М.​Вебер, А.​Лорцынг, О.​Нікалаі, у венскай аперэце І.​Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З. адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.​Вейля).

Літ.:

Аберт Г. В.​А.​Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;

Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)