размяшчэнне і агульны характар складак адзення або тканіны; адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза. Выкарыстоўваецца ў афармленні інтэр’ераў грамадскіх і жылых будынкаў, тэатр.-дэкар. і выяўл. мастацтве.
У мастацтве сярэдневякоўя Д. вызначалася кампазіцыйнай умоўнасцю, хавала чалавечую фігуру, не выяўляла яе пластыкі, руху, характарнасці. Для жывапісных твораў характэрна Д. ў выглядзе вял. колеравых плям, падзеленых каліграфічнымі лініямі. У мастацтве Адраджэння падкрэслівала жыццёвасць, адчувальнасць фігуры. Напружаны дынамізм барока выявіўся ў паказе імклівага, стыхійнага руху складак. У мастацтве класіцызму ўраўнаважанасць Д. садзейнічала стварэнню абстрактна ідэалізаванага вобраза. Для рамантызму характэрна неспакойная, рухомая Д., што падкрэслівала ўсхваляванасць агульнага вобразнага ладу. У рэаліст. мастацтве 19 ст. Д. мела натуральны характар, набліжаны да матэрыяльнай адчувальнасці.
Разнастайнасцю вызначаецца Д. ў творах бел. мастакоў. Насычаны каларыт, пастознасць пісьма надаюць ёй дэкар. характар у творах М.Станюты і М.Філіповіча. Рысы экспрэсіўнасці мае яна ў творах А.Анікейчыка, М.Данцыга, А.Кашкурэвіча, М.Савіцкага і інш. Імкненнем да макс. выразнасці Д. вызначаюцца творы А.Марачкіна, М.Селешчука, У.Тоўсціка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАБА́ЧАННЕ,
атрыманне бачнага відарыса аб’екта, што знаходзіцца ў непразрыстым або празрыстым асяроддзі, з дапамогай гуку; від інтраскапіі. Засн. на пранікальнай здольнасці гукавых хваль. Бывае лінзавае (для стварэння акустычнага відарыса выкарыстоўваюць лінзы акустычныя), галаграфічнае (грунтуецца на прынцыпах акустычнай галаграфіі) і лакацыйнае (засн. на рэхалакацыі).
Найчасцей у гукабачанні выкарыстоўваюць ультрагук у дыяпазоне ад 20 кГц да 10 МГц. Схема гукабачання ўключае звычайна крыніцу ультрагуку, аб’ект назірання, акустычны аб’ектыў (стварае ультрагукавы відарыс) і пераўтваральнік гукавога відарыса ў бачны. Выкарыстоўваецца ў дэфектаскапіі, акіяналогіі, гідралакацыі, мед. дыягностыцы і інш. Пры падводным гукабачанні яго апаратура (гукавізары) можа ўстанаўлівацца на падводных апаратах, прызначаных для пошукавых, даследчых і інш. мэт.
Літ.:
Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ.М., 1982;
Ощепков П.К., Пирожников Л.Б. Звуковидение. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАПАГЛЫНА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы (вырабы, канструкцыі), якія паглынаюць гукавыя хвалі і тым самым зніжаюць узровень шумаў; разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Уласцівасці гукапаглынальных матэрыялаў характарызуюцца рэверберацыйным каэф. гукапаглынання — адносінамі паглынутай гукавой энергіі да ўсёй энергіі гукавой хвалі, што падае на матэрыял. Бываюць штучныя (блокі, пліты), рулонныя (маты, паласавыя пракладкі, палотны), рыхлыя і сыпкія (мінер. і шкляная вата, керамзіт); порыста-валакністыя, -ячэістыя і -трубчастыя (з мінер. і шклаваты, ячэістага бетону, керамзіту і перліту, пенапластаў, гумы); мяккія (маты і рулоны на аснове шкловалакна і мінер. ваты), паўшорсткія (драўнянавалакністыя пліты, мінерала- і шклаватныя пліты, пліты з базальтавага валакна, парапласты) і шорсткія (пліты з грануляванай або суспензіраванай мінер. ваты, з газабетону, гіпсавыя, а таксама пліты і тынкавальныя растворы на аснове пемзы, успучаных вермікуліту і перліту). Гукапаглынальныя матэрыялы выкарыстоўваюць длягукаізаляцыі памяшканняў, ва ўстаноўках вентыляцыі і кандыцыяніравання паветра, гукавымяральных камерах і інш. З гукапаглынальных канструкцый найб. пашыраны спец. абліцоўкі ўнутр. паверхняў (сцен, шахтаў, кажухоў і інш.), канструкцыі ў выглядзе шчытоў, конусаў, прызмаў для зніжэння шумаў ад тэхнал. абсталявання, элементы актыўных глушыцеляў шуму (устанаўліваюцца пераважна ў паветраводах аэрадынамічных установак). Гл. таксама Гукаізаляцыйныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТЭНБЕРГ ((Gutenberg) Іаган [1397) (1400?),
г. Майнц, Германія — 3.2.1468), нямецкі друкар, пачынальнік кнігадрукавання ў Еўропе. Вынаходнік друку з наборнай формы, прыстасавання для стандартнай адліўкі літар, а таксама сплаву, фарбаў і прэса для друкавання. Быў «залатых спраў» майстрам. У 1418—20 вучыўся ў Эрдгірцкім ун-це. Жыў у Страсбуры (Францыя, 1434 і 1436—44) і Майнцы (з 1448). У 1438 заснаваў прыватную друкарню. Выданні, надрукаваныя яго шрыфтам, пачалі з’яўляцца з 1448. Сярод іх т.зв. Майнцкі псалтыр, навукова-папулярныя кнігі павучальнага характару, календары, падручнікі і інш. У 1452—55 выдаў першае поўнааб’ёмнае выданне, шэдэўр ранняга друку — 42-радковую Біблію ў 2 т. (на лац. мове); з 180 экз. Бібліі вядома 48. У 1459—61 выдаў, відаць, у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) на сродкі мясц. епіскапа 36-радковую Біблію. У 1901 у Майнцы засн. музей Гутэнберга.
Літ.:
Варбанец Н.В. Йоханн Гугенберг и начало книгопечатания в Европе: Опыт нового прочтения материала. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎБЁЖНАЕ РАМЯСТВО́,
вытворчасць посуду і інш. вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найб.стараж. рамёстваў. На Беларусі Д.р. практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытв-сці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вял. колькасці сяляне, якія не валодалі спец. навыкамі дрэваапрацоўкі. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхнал. стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці). Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некат. віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАЙНІКАВА́ННЕ,
утварэнне ў монакрышталі абласцей з заканамерна змененай арыентацыяй крышт. структуры. Структуры двайніковых утварэнняў з’яўляюцца люстраным адбіткам атамнай структуры зыходнага крышталя (матрыцы) у пэўнай плоскасці (плоскасці Д.) ці ўтвараюцца паваротам структуры матрыцы вакол крышталеграфічнай восі (восі Д.) на пастаянны для дадзенага рэчыва вугал або іншым пераўтварэннем сіметрыі крышталёў. Матрыца з двайніковым утварэннем наз. двайніком.
У залежнасці ад колькасці зрошчаных двайніковых утварэнняў структуры наз. трайнікамі, чацвернікамі ці наогул полісінт. двайнікамі. Д. можа адбывацца пры крышталізацыі, мех. дэфармацыі, зрастанні суседніх зародкаў (двайнікі росту), хуткім цеплавым расшырэнні ці сцісканні, награванні дэфармаваных крышталёў (двайнікі рэкрышталізацыі), пры пераходзе ад адной крышт мадыфікацыі да другой. Напр., у крышталях сегнетавай солі двайнікі ўтвараюцца пры пераходзе крышталя ад рамбічнай структуры да монакліннай (пры т-ры Кюры). Д. ўплывае на мех. (трываласць, пластычнасць, крохкасць), м., магн., аптычныя ўласцівасці крышталёў, пагаршае якасць паўправадніковых прылад. Заканамернасці Д. выкарыстоўваюцца для дыягностыкі мінералаў, устанаўлення паходжання і ацэнкі некат. мінералаў як прамысл. сыравіны.
Літ.:
Современная кристаллография. Т. 2. М., 1979;
Т. 4. М., 1981.
Р.М.Шахлевіч.
Да арт.Двайнікаванне. Двайнікі росту: а — пірыт; б — кальцыт; в — полісінтэтычны двайнік альбіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (24.3.1908, в. Зверавічы Смаленскай вобл., Расія — 2.10.1968),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Вучыўся ў Віленскім Віцебскім маст. тэхнікуме (1926—30) у М.Керзіна. Адзін з арганізатараў Аб’яднання моладзі Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928 — 30). Працаваў у галіне станковай і манум. скульптуры. Майстар тэматычнай кампазіцыі, батальнага і анімалістычнага жанраў, партрэта. Удзельнічаў у афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Беларусі (бюст М.Фрунзе, 1933), стварыў барэльеф для Дома Чырв. Арміі («Лявоніха», «Мастацкая студыя», 1936) у Мінску і інш. Аўтар партрэтаў Я.Коласа, У.Уладамірскага, У.Кудрэвіча, партрэтнай групы «Максім Горкі і Янка Купала» (усе 1949), скульпт. кампазіцый «Народны паэт БССР Янка Купала» (1950), «Францыск Скарына» (1954). Работы ў галіне манум. мастацтва: гарэльеф «Партызаны Беларусі» для Манумента Перамогі ў Мінску (1954), помнік Ф.Скарыне ў Полацку (1976, устаноўлены ў 1974, Дзярж. прэмія Беларусі 1976). Кампазіцыі вылучаюцца вострай дынамікай, экспрэсіўнасцю, мяккай мадэліроўкай формаў, рытмічнасцю. Партрэты адзначаны тонкай прапрацоўкай дэталей, эмац. выразнасцю. Яго імя прысвоена Мінскаму маст. вучылішчу.
Літ.:
Бойка У.А. Глебаў Аляксей Канстанцінавіч. Мн., 1974.
Т.А.Карповіч.
А.К.Глебаў.А.Глебаў. Максім Горкі і Янка Купала. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕВА́НДХАЎЗ (ням. Gewandhaus літар. дом адзення),
назва канцэртнага т-ва, залы і сімф. аркестра ў Лейпцыгу. Гісторыя канцэртаў Гевандхаўза пачалася ў 1743 з зараджэннем традыцыі т.зв. «Вялікіх канцэртаў», якія праводзіў аматарскі аркестр. З 1781 ён выступаў у Гевандхаўзе — б. будынку для продажу сукнаў. Першым канцэртам кіраваў І.А.Гілер. У 1884 на месцы старога пастаўлены новы будынак канцэртнай залы (т.зв. Новы Гевандхаўз; разбураны ў 2-ю сусв. вайну 1939—45). Сучасны будынак Гевандхаўза мае 2 залы — для аркестравай і камернай музыкі. У зале Гевандхаўза ў 1789 даў канцэрт В.А.Моцарт. Аркестр Гевандхаўза суправаджаў спектаклі лейпцыгскай і інш. оперных труп. Дасягнуў росквіту пры Ф.Мендэльсоне (1835—47). З ім выступалі І.Брамс, Р.Вагнер, Э.Грыг, Р.Штраус, П.Чайкоўскі, Клара Шуман. Сусв. прызнанне атрымаў пад кіраўніцтвам А.Нікіша (1895—1922), які павялічыў склад аркестра (больш за 100 чал.) і ўзбагаціў яго рэпертуар. Аркестрам кіравалі таксама В.Фуртвенглер (1922—28), Б.Вальтэр (1929—33), Г.Абендрот (1934—45), Ф.Канвічны (1949—62), К.Мазур (з 1970) і інш. У канцэртах Гевандхаўза ўдзельнічаюць хары Гевандхаўза і Томаскірхе.
Гевандхаўз. Канцэртная зала (стары будынак). Сярэдзіна 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКТАСКО́П (ад дэфект + ...скоп),
прылада або ўстаноўка для выяўлення дэфектаў (тыпу парушэнняў суцэльнасці ці аднароднасці, адхіленняў у хім. саставе) у матэрыялах, паўфабрыкатах і вырабах метадамі неразбуральнага кантролю. Стацыянарныя і лабараторныя Д. абсталёўваюць асцылаграфічнымі і лічбавымі індыкатарамі, самапіснымі прыстасаваннямі; пераносныя — стрэлачнымі прыладамі, гукавымі або асвятляльнымі сігналізатарамі. Існуюць Д., якія кантралююць рухомыя вырабы або самі рухаюцца адносна вырабаў (рэйкавыя Д., Д.-цялежкі і інш.).
Адрозніваюць Д.: ультрагукавыя (выкарыстоўваюць уласцівасць ультрагукавых хваль адбівацца ад дэфектаў, напр., трэшчын); рэнтгенаўскія і гама-Д. (прасвечваюць вырабы і матэрыялы адпаведнымі прамянямі, фіксуюць трэшчыны, ракавіны, пабочныя ўключэнні); магнітныя (з дапамогай магн. поля збіраюць магн. парашок або суспензію ў месцах дэфектаў); электраіндуктыўныя (узбуджаюць у вырабе або матэрыяле віхравыя токі, сіла і шчыльнасць якіх залежаць ад наяўнасці дэфектаў); люмінесцэнтныя (выяўляюць парушэнні пакрыццяў на дэталях электронных прылад); аптычныя (устаноўкі з прасветным экранам для візуальнага кантролю або сістэмай аўтам. аналізу відарысу; выяўляюць мікрашчыліны, мех. напружанні, адшчэпы, драпіны, скопішчы дыслакацый па змене інтэнсіўнасці адбітых прамянёў) і інш.Гл. таксама Дэфектаскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,
спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл.Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.