ПАРО́Г ЧУ́ТНАСЦІ,

найменшае значэнне гукавога ціску, пры якім гук дадзенай частаты можа ўспрымацца вухам чалавека. Залежыць ад частаты гуку, узросту, фізіял. стану і трэніраванасці чалавека. Пры наяўнасці шуму ці інш. гукавых раздражненняў П.ч. дадзенага гуку павышаецца. П.ч. вывучаецца метадамі аўдыёметрыі. Іл. гл. да арт. Гук.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТО́НЫ [ад лац. pars (partis) частка],

гіпатэтычныя часціцы (ці квазічасціцы), элементы структуры адронаў. Гіпотэза аб існаванні П. выказана Р.Ф.Фейнманам (1969) для тлумачэння вынікаў эксперыментаў па глыбока няпругкім рассеянні часціц (рассеянні з вял. перадачай імпульсу другасным часціцам). Існуе меркаванне, якое атаясамлівае П. з віртуальнымі кваркамі.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЦІЛА́ (ад лац. pastillus праснак, аладка),

кандытарскі выраб, прыгатаваны збіваннем фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і яечнымі бялкамі. Збітая маса мае драбнапорыстую пенападобную структуру, якую замацоўваюць змешваннем масы з гарачым клеявым сіропам з цукру, патакі і агар-агару (клеявая П.) ці мармеладнай масай (заварная П.).

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЛІО́ВІЙ (ад лац. perluo прамываю),

рэшткавы грубаабломкавы валунны ці галечны матэрыял, які пасля размыву розных парод і вынасу драбназёму застаўся на дне рачных далін і яроў. Перлювіяльныя адклады характарызуюцца сартаванасцю, адсутнасцю слаістасці, прадухіляюць далейшы размыў рачных далін, на асобных участках рэк ствараюць мясц. базісы эрозіі.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРС (англ. piers, мн. лік ад pier слуп, прыстань, мол),

двухбаковае прычальнае збудаванне, якое размешчана ўнутры акваторыі порта перпендыкулярна ці пад вуглом да берага. П. размяшчаюць звычайна групамі, каб павялічыць прычальную лінію, што важна пры абмежаванасці берагавой лініі порта.

«Грэбень» пірсаў у порце г. Новарасійск.

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТРАМБІ́Н (ад лац. pro раней, перад, замест + трамбін),

трамбаген, бялок плазмы крыві чалавека і жывёл; найважн. кампанент сістэмы згусання крыві. Паводле хім. паходжання — глікапратэід, мае каля 12% вугляводаў. Бялковая ч. малекулы П. з 1 поліпептыднага ланцуга. Біясінтэз П. адбываецца ў клетках печані, рэгулюецца вітамінам К.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́НТЭР (ад англ. printer друкар),

прылада для аўтам. друку вынікаў апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ. Адносіцца да знакасінтэзавальных друкавальных прылад. Адрозніваюць П. кантактавага друку (маюць друкавальную, як і ў пішучых машынках, ці ігольчастую галоўку) і бескантактавага друку (струменныя і лазерныя), якія дазваляюць атрымліваць якасныя каляровыя відарысы.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧО́ЛАК,

элемент страхі каркаснай канструкцыі вясковай хаты. Ствараўся за кошт таго, што франтон быў усечаны знізу схілам страхі. П. павялічваў вынас схілу страхі і лепш засцерагаў ад вільгаці тарцовую сцяну хаты. Найчасцей пашыраны ў Зах. Палессі (у Брэсцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Драгічынскім і інш. р-нах).

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСО́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

найпрасцейшая прылада для вымярэння часу. 2 лейкападобныя пасудзіны (ці цэлая сістэма) злучаны вузкай гарлавінай; адна часткова запоўнена пяском. Прамежак часу, за які пясок праз гарлавіну перасыпаецца з адной пасудзіны ў другую, можа складаць ад некалькіх гадзін да некалькіх секунд. Гл. таксама Гадзіннік.

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БІН (ад стараж.-яўр. раббі — настаўнік),

служыцель культу ў іудаізме, суддзя па пытаннях рэліг. і сямейнага жыцця ў яўр. абшчыне. Калегія Р. — рабінат — тлумачыць прадпісанні Талмуда, прыстасоўвае іх да сац. умоў, імкнецца кіраваць духоўным і паліт. жыццём нар. мас, практычна выконваць шэраг дзярж. функцый.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)