ВЫСО́КАЕ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Аршыца, на аўтадарозе Орша—Віцебск. Цэнтр сельсавета. За 13 км на Пн ад г. Орша, 67 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Хлусава. 1605 ж., 449 двароў (1996). Аршанскае дзярж. буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнік К.​С.​Заслонаву. Помнік архітэктуры — сядзіба (мяжа 19—20 ст.). У 1828—85 у Высокім дзейнічала Высокаўская папяровая фабрыка.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ЧЭГДА,

рака на Пн еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Комі і Архангельскай вобл., правы прыток Паўночнай Дзвіны. Даўж. 1130 км, пл. бас. 121 тыс. км². Пачынаецца на схілах Ціманскага кража. У вярхоўях даліна вузкая, ёсць парогі, ніжэй — шырокая; у пойме шмат праток і старыц. Гал. прытокі: Вым (справа), Сысала (злева).

Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 1160 м³/с. Суднаходная да прыстані Вольдзіна (938 км). Сплаўная. На Вычэгдзе — г. Сыктыўкар, Сольвычагодск, Котлас (у вусці).

т. 4, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ШГАРАД,

горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс. ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.

Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх князёў, паліт., эканам. і культ. цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯДЗЕ́РНІКАЎ (Аляксандр Піліпавіч) (н. 23.12.1927, с. Мокша Кіраўскай вобл., Расія),

рускі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1955). З 1958 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Лепшыя партыі — у рус. класічных операх: Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Варлаам і Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна); Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Лаўрэат міжнар. конкурсу вакалістаў імя Р.​Шумана (Берлін, 1956, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1969.

т. 4, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,

гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання унікальных вадаёмаў Бел. Паазер’я і месцаў росту палушніку азёрнага, занесенага ў Чырв. кнігу Беларусі. Пл. 168 га (1996). Размешчаны на тэр. Арлейскага лясніцтва, уключае азёры Гваздок, Вялікае Астравіта і прылеглую ч. водазаборнай плошчы, укрытую лесам. Заказнік знаходзіцца на ПнУ Полацкай нізіны. Рэльеф азёрна-ледавіковы. У раслінным покрыве пераважае хвоя, на Пд і ПдЗ трапляюцца ельнікі і бярэзнікі. Воз. Вялікае Астравіта з устойлівым гідралагічным балансам і высокімі якаснымі паказчыкамі гідрахім. складу вады; аб’ект маніторынгу.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ І́СНА,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (працякае праз возера), за 12 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,3 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,5 км.

Пл. вадазбору 186 км². Схілы катлавіны выш. да 20 м, парослыя лесам. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя, на ПдУ тарфяністыя, пад хмызняком. Дно выслана глеямі, пясчаныя адклады толькі на Пн і У у літаральнай зоне. У возера ўпадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Звонь.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ СУРВІЛІ́ШСКАЕ, Вялікія Сурвілішкі, Сурвілішскае возера,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (цячэ праз возера), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 1,03 км², даўж. 2,36 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 5,7 км. Пл. вадазбору 132 км². Схілы катлавіны пад хмызняком. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя. Дно роўнае, найб. глыбокае на ПдУ. Зарастае каля 30% плошчы возера, шыр. паласы надводнай расліннасці 10—80 м. Злучана пратокай з воз. М.​Сурвілішкі, упадае р. Яновіца.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ Я́ЗНА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Авута (пратокай злучана з возерам), за 38 км на ПдУ ад г. Міёры. Пл. 1,5 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 6,5 м, даўж. берагавой лініі 9,6 км. Пл. вадазбору 60,7 км². Схілы катлавіны разараныя, месцамі пад хмызняком, на У і ПдУ высокія і стромкія. Берагі нізкія. Дно пясчанае, глыбей за 3—4 м глеістае. У паўд.-зах. ч. востраў пл. 0,5 га. Злучана пратокай з воз. М. Язна.

т. 4, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́ЧКА (Леанід Сцяпанавіч) (н. 4.8.1925, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне артапедычнай стаматалогіі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1958). З 1967 у Мінскім мед. ін-це (да 1994 заг. кафедры). Навук. працы па тэарэт. абгрунтаванні артапедычных метадаў лячэння хвароб парадонту, аптымізацыі артадантычнага лячэння анамалій і дэфармацый зубасківічнай сістэмы ў дарослых; распрацаваў абсталяванне для нанясення танкаплёначнага пакрыцця метадам іоннапрамянёвай апрацоўкі. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Профилактика и лечение артикуляционной перегрузки пародонта. Мн., 1985;

Справочник стоматолога-ортопеда. Кишинев, 1988 (у сааўт.).

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРО́ЎКА (Рыгор Гур’евіч) (25.12.1895, г.п. Беразна Чарнігаўскай вобл., Украіна — 21.10.1964),

украінскі кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Нар. арт. Украіны (1960). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1933). Быў арганізатарам і кіраўніком самадз. хароў. З 1934 выкладаў у Кіеўскай кансерваторыі (з 1947 праф.). З 1943 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Украінскага дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору (з 1965 яго імя). У 1948—52 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Аўтар вак.-сімф. твораў, хароў, песень, апрацовак нар. і рэв. песень і інш. Дзярж. прэмія СССР 1948, Дзярж. прэмія Украіны 1968.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)