КЮВЕ́Т (франц. cuvette літар. чан, тазік),

элемент сістэмы дарожнага водаадвода. Робіцца ўздоўж невысокіх насыпаў, выемак і калянулявых адзнак землянога палатна ў выглядзе адкрытых канаў для збору і адводу паверхневых вод ад дарогі ў паніжаныя месцы або да водапрапускных збудаванняў. Папярочнае сячэнне К. трохвугольнае або трапецаідальнае.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕДЗЯНА́Я ПУСТЫ́НЯ,

разнавіднасць халоднай пустыні з вельмі нізкімі т-рамі паветра ў раёнах Арктыкі і Антарктыды, а таксама ў гляцыяльна-нівальным поясе высокіх гор. Пераважаюць ледавікі; бедная разрэджаная расліннасць (накіпныя лішайнікі і імхі) трапляецца на свабодных ад лёду ўчастках сушы, у т. зв. аазісах.

т. 9, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БРА (ад лац. libra вага, адзінка вагі; рымскі фунт),

старажытнарымская вагавая адзінка, раўнялася 327,45 г, падзялялася на 12 унцый. Была пакладзена ў аснову ўсёй рымскай манетнай справы. Выкарыстоўвалася і ў манетнай справе раннесярэдневяковых дзяржаў Еўропы. Пад уплывам Л. ўзніклі еўрап. вагавыя адзінкі — фунт, марка.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́САЯ ГАРА́,

другі па вышыні пункт Беларусі ў Мінскім р-не, за 21 км на Пн ад Мінска; выш. 342 м. Займае цэнтр. буйнаўзгорыстую ч. Лагойскага ўзвышша. Складзена з марэнных суглінкаў. Глебы змытыя ў выніку эрозіі. На гары сухадольныя лугі і ўчасткі дрэвава-хмызняковай расліннасці.

т. 9, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДА́Т (ад лац. mandatum даручэнне),

дакумент, які сведчыць пэўныя паўнамоцтвы прад’яўніка; права на што-н. Напр., дэпутацкі М. прадстаўнічай установы сведчыць законнасць паўнамоцтваў, правоў і абавязкаў дэпутата, а таксама вызначае публічную функцыю, якая ўскладаецца на яго выбарамі, і змест якой вызначаецца канстытуцыяй і інш. законамі.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),

раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТЫХІ́Н (ад італьян. mestichino),

тонкая пругкая стальная (радзей з рогу) пласціна ў выглядзе лапаткі ці нажа. Выкарыстоўваецца ў алейным жывапісе для выдалення фарбаў з асобных участкаў палатна, нанясення грунту, дадатковага перацірання фарбаў, ачышчэння палітры. Часам М. наносяць фарбу роўным тонкім слоем або рэльефным мазком.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРО́С (ад галанд. matroos),

1) малодшае воінскае званне ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў свету; адпавядае званню радавы (салдат) у інш. відах узбр. сіл. Ёсць таксама званне старшы матрос; адпавядае званню яфрэйтар.

2) На суднах гандлёвага і інш. цывільнага флоту М. — пасада члена экіпажа (каманды).

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАТЭРМІ́Я [ад мез(а)... + тэрма...],

часовае павышэнне т-ры вады ў вадаёме на глыб. 0,5—1,5 м. Працягваецца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. На вадаёмах Беларусі адзначаецца вясной пры награванні вады праз лёд, летам пры рэзкім начным ахаладжэнні паверхні вады і восенню ў пач. разбурэння прамой тэмпературнай стратыфікацыі.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАНТЭ́НК, метантанк (ад метан + англ. tank бак, цыстэрна),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод з дапамогай анаэробных бактэрый (без прысутнасці кіслароду, з утварэннем метану). Звычайна гэта рэзервуар значнай (да некалькіх тысяч кубічных метраў) умяшчальнасці для мінералізацыі арган. рэчываў, што збіраюцца ў адстойніках ачышчальных збудаванняў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)