ІНФІЛЬТРА́ЦЫЯ (ад лац. in у, унутры + фільтрацыя),
прасочванне, пранікненне атм. і паверхневай вады ў глебу, горныя пароды і рух яе па капілярных і субкапілярных порах, шчылінах і пустотах да ўзроўню грунтавых вод. Залежыць ад магутнасці зоны аэрацыі, літалагічнага складу парод, водапранікальнасці глебы і горных парод, рэльефу, расліннасці, с.-г. асваення зямель і інш. Пачатковая форма І. — усмоктванне, калі вільгаць ідзе толькі на папаўненне водазапасаў глебы і на выпарэнне з паверхні. Далейшы рух вільгаці ў глыбіню (фільтрацыя) адбываецца толькі ў перыяды значнага і працяглага ўвільгатнення (пры моцных ліўнях, снегараставанні), калі ідзе папаўненне падземных вод. Адносіны колькасці інфільтраванай вады да сумы ападкаў (у %), што выпалі, наз. каэфіцыентам І. Яго велічыня мяняецца ад 1—3% да 25—30%. На тэр. Беларусі перавышэнне колькасці атм. ападкаў над сумарным выпарэннем спрыяе добраму інфільтрацыйнаму жыўленню падземных вод. Сярэдняя велічыня каэфіцыента І. складае 13%, найб. (да 30%) адзначаецца на Прыпяцкім Палессі пры глыбіні залягання падземных вод 1—2 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІОНААБМЕ́ННЫЯ СМО́ЛЫ, іонаабменныя палімеры,
сінтэтычныя арган.іаніты.
Цвёрдыя, нерастваральныя палімеры, здольныя да іоннага абмену, абмежавана набракаюць у растворах электралітаў і арган. растваральніках. Матрыца І.с. — сеткаваты палімер, на якім замацаваны іанагенныя групы (напр., сульфагрупа SO3H, карбаксільная група COOH, амінагрупа NH2), якія дысацыіруюць на фіксаваныя (палімерныя) іоны і эквівалентную колькасць рухомых процііонаў (напр., П-SO3Н↔П-SO−3+H+; П-CH2NR3OH↔П-CH2N+R3+OH−, дзе П — матрыца), што пры іонным абмене могуць заменьвацца на іоны знешняга асяроддзя. Па знаку зарада процііонаў адрозніваюць катыёнаабменныя, аніёнаабменныя і амфатэрныя (маюць адначасова кіслотныя і асн. групы), спецыфічную групу складаюць акісляльна-аднаўленчыя І.с., здольныя да змянення зарада іонаў. У І.с. іанагенныя групы могуць быць аднаго тыпу (монафункцыянальныя смолы) ці рознага (поліфункцыянальныя смолы). Атрымліваюць: полімерызацыяй ці полікандэнсацыяй манамераў, якія маюць іанагенныя групы; палімераналагічнымі пераўтварэннямі — увядзеннем актыўных функцыян. груп у інертныя супалімеры (у асноўным полімерызацыйнага тыпу). Найб. пашыраны І.с. на аснове супалімераў стыролу і дывінілбензолу, акрылавай к-ты і яе вытворных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́КСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1958,
антыманархічны ваен. пераварот у Іраку 14.7.1958. Падрыхтавана членамі падп. арг-цый Фронт нац. адзінства (ФНА) і «Свабодныя афіцэры», незадаволенымі знешнепаліт. курсам урада Саіда Нуры (арыентацыя на Вялікабрытанію і ЗША, дзейнасць Ірака ў межах Арганізацыі цэнтральнага дагавора, або Багдадскага пакта). Адбылася напярэдадні інтэрвенцыі дзяржаў-удзельніц Багдадскага пакта і ЗША у Ліван, у якой павінны былі ўдзельнічаць і 2 брыгады іракскай арміі. 14 ліп. гэтыя брыгады (камандзіры — А.К.Касем і А.С.Арэф) уступілі ў Багдад, захапілі стратэг. пункты сталіцы і акружылі каралеўскі палац. Былі забіты кароль Фейсал II, эмір Абдул Ілах і яшчэ больш за 20 чал. Па закліку ФНА да вайскоўцаў, што паўсталі, далучылася насельніцтва, якое ўдзельнічала ў ліквідацыі ачагоў супраціўлення, затрымцы прыхільнікаў манархічнага рэжыму (15 ліп. забіты Саід Нуры), перадачы органаў дзярж. кіравання пад кантроль грамадскіх арг-цый і ваенных. У выніку рэвалюцыі Ірак абвешчаны рэспублікай, сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Касемам (яго нам. і міністрам унутр. спраў стаў Арэф).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Анатоль Анатолевіч) (н. 13.1.1939, г. Гомель),
бел. фізік. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1989). Д-рфіз.-матэм.н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1961). З 1964 у Ін-це фізікі, з 1971 у Ін-це электронікі Нац.АН Беларусі (з 1982 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, нелінейнай оптыцы вадкіх крышталёў, апрацоўцы аптычнай інфармацыі. Развіў метады кіравання параметрамі выпрамянення цвердацелых лазераў для задач атрымання і апрацоўкі інфармацыі; устанавіў асн. заканамернасці палярызацыі выпрамянення лазераў на фарбавальніках і нелінейна-аптычных з’яў, што ўзнікаюць у вадкакрышт. анізатропных асяроддзях пад уздзеяннем выпрамянення цвердацелых лазераў. Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з У.А.Піліповічам);
Поляризация излучения, генерируемого растворами сложных молекул (з ім жа) // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;
ОВФ в нематиках, активированных красителями, в поле импульсного излучения рубинового лазера (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1995. Т. 22, № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКЦЫ́ДЫІ (Coccidia),
атрад прасцейшых кл. спаравікоў; унутрыклетачныя вузкаспецыфічныя паразіты эпітэліяльнай тканкі пераважна органаў стрававання жывёл і чалавека. Каля 400 відаў. Распаўсюджваюцца пераважна аліментарным шляхам і пры кровасмактанні.
Цела пераважна авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі, якая адбываецца ў вонкавым асяроддзі. Большасць К. мае аднаго гаспадара, некат. двух. Многія К. выклікаюць захворванні жывёл — какцыдыёзы, у чалавека — таксаплазмоз.
Да арт.Какцыдыі. Цыкл развіцця какцыдыі эймерыі: I — першае пакаленне шызонтаў; II — другое пакаленне шызонтаў; III — трэцяе пакаленне шызонтаў; IV — гаметаганія; V — спараганія; 1 — спаразоіты; 2 — малады шызонт; 3 — шызонт з многімі ядрамі, які расце; 4 — шызонт, што распаўся на меразоіты; 5 — меразоіты; 6 — развіццё макрагаметы; 7 — развіццё мікрагамет; 8 — мікрагамета; 9 — аацыста; 10 — аацыста, якая выйшла з кішэчніка труса; 11 — аацыста 3 чатырма спарабластамі і астаткавым целам; 12 — развіццё спор; 13 — аацыста з чатырма спелымі спорамі (у кожнай споры па 2 спаразоіты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ВЫЯ» І «ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,
традыцыйныя паліталагічныя паняцці для абазначэння 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Тэрміны «Л.» і «п.» ўзніклі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99, калі радыкальныя і кансерватыўныя дэпутаты Канвента размяшчаліся адпаведна на лаўках з левага і правага бакоў залы пасяджэнняў. З тых часоў у зах. (еўрап.) традыцыі «левымі» называюць прыхільнікаў паліт., сац. і эканам. пераўтварэнняў у інтарэсах працоўных, прыярытэту агульнадзярж. і грамадскіх інтарэсаў над асабістымі (з 2-й пал. 19 ст. пераважна носьбітаў камуніст. і сацыяліст. ідэалогіі); «правымі» адпаведна лічаць прыхільнікаў капіталізму і захавання традыц. форм дзярж. ладу — звычайна членаў антыкамуніст. і антысацыяліст. партый і рухаў. У СССР панавала ўяўленне, што «правыя» — гэта перш за ўсё прыгнятальнікі народа, ворагі свабоды думкі і слова, а «левыя» — супрацьлеглая ім плынь прыхільнікаў вызвалення чалавека ад паліт., сац., нац. і эканам. прыгнёту. У наш час у краінах былога СССР паступова ўсталёўваецца традыц. для зах. краін падзел на «Л.» і «п.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЗІЯ (ад лац. collisio сутыкненне),
сутыкненне, супярэчнасць, разыходжанне інтарэсаў, поглядаў, імкненняў. К. мастацкая — супярэчнасць, сутыкненне, барацьба дзеючых сіл у маст. творы. Тэрмін уведзены ў эстэтыку Г.Гегелем. Ужываецца і як сінонім тэрміна «канфлікт» (гл.Канфлікт мастацкі), у значэнні глабальнасць, універсальнасць выказваемых супярэчнасцей або ў якасці вызначэння супярэчнасці як моманту ўнутр. структуры, як спосаб, а не як прадмет маст. адлюстравання. К. ў праве — разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, суд. рашэнняў розных дзяржаў. К. ўнутр. законаў вырашаецца шляхам выбару таго нарматыўнага акта, які павінен быць дастасаваны да выпадку, што разглядаецца. Калі ёсць разыходжанне паміж актамі, выдадзенымі адным і тым жа праватворчым органам, то ўжываецца акт, выдадзены пазней. Пры разыходжанні паміж агульным і спец. актамі перавага аддаецца спецыяльнаму; калі супярэчныя нормы знаходзяцца ў актах, прынятых рознымі органамі, то выкарыстоўваецца норма, прынятая вышэйстаячым органам. Пытанне пра ўжыванне права сваёй або замежнай дзяржавы вырашаецца на аснове калізійнай нормы, якая змешчана ва ўнутр., нац. заканадаўстве або ў міжнар. дагаворы (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ,
вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. За 37 км на ПдУ ад Валожына, 46 км ад чыг. ст. Койданава. 690 ж., 220 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1-й пал. 15 ст. як уласнасць Гедыголдавічаў, Забярэзінскіх, Кішкаў, Далмат-Ісакоўскіх, Юдзіцкіх, Салагубаў. У 1552 пабудаваны касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1795 у К. 268 ж., 49 двароў. У 18—19 ст. праводзіліся вял. кірмашы. У 1897 у К. 713 ж., 116 двароў, касцёл, малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, карчма, 3 кузні, крама, лазня. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Івянецкай гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. У 1944 вёску часткова спалілі ням. фашысты. У 1971—879 ж., 234 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, каля вёскі 2 магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі геал. помнік прыроды Камень чортаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
кампазіты, матэрыялы, якія мэтанакіравана ўтвораны з некалькіх кампанентаў і маюць уласцівасці, што перасягаюць уласцівасці кампанентаў, узятых паасобку. У агульным выпадку складаюцца з матрыцы (з металаў, палімераў, вугляродных і керамічных матэрыялаў) і арміруючай фазы (больш трывалай, чым матрыца).
У К.м. выкарыстоўваюцца толькі лепшыя якасці кампанентаў. таму пры стварэнні кампазіцыі падбіраюць кампаненты з рэзка адметнымі і дапаўняльнымі ўласцівасцямі. У палімерных К.м. арміруючай фазай з’яўляюцца вугляродныя, баваўняныя, поліэфірныя валокны, вугле- і шклотканіна. У метал. кампазіцыях спалучаецца пластычная матрыца з высокамодульнымі стальнымі, борнымі, графітавымі валокнамі, гарачаўстойлівая матрыца з гарачатрывалымі валокнамі. К.м. з метал. матрыцай падзяляюцца на біметалы, дысперснаўмацаваныя, валакністыя і эўтэктычныя матэрыялы. Атрымліваюць К.м. метадамі парашковай металургіі, вакуумнай пракаткай ці насычэннем порыстых каркасаў расплаўленымі металамі, выбухам, ліццём пад ціскам, электралітычным асаджэннем, накіраванай крышталізацыяй сплаваў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.м. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це і Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН, НДІ парашковай металургіі і інш.