ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

частка нерв. сістэмы, што рэгулюе дзейнасць унутр. органаў і жыццёва важныя функцыі арганізма (абмен рэчываў, страваванне, тэрмарэгуляцыю і інш.).

Тэрмін «вегетатыўная» прапанаваў франц. анатам М.​Біша (1800). Адрозніваюць сімпатычную і парасімпатычную часткі вегетатыўнай нервовай сістэмы; кожная з іх прадстаўлена цэнтр. і перыферычным аддзелам. Вегетатыўныя цэнтры сімпатычнай нерв. сістэмы складаюцца з нерв. клетак, размешчаных у бакавых рагах спіннога мозга (сегментарныя цэнтры) і звязаных перадгангліянарнымі нерв. валокнамі з пагранічным сімпатычным ствалом і вузламі перадпазваночных спляценняў. Валокны перыферычнай часткі, што пачынаюцца з пагранічнага сімпатычнага ствала і вузлоў перадпазваночных спляценняў (постгангліянарныя), ідуць да ўнутр. органаў. Валокны ад бакавых рагоў спіннога мозга перарываюцца на клетках вузлоў нерв. спляценняў брушной поласці (чарэўнае, падчарэўнае і інш.) і на клетках вузлоў каля ўнутр. органаў (сардэчнае, лёгачнае, ныркавае і інш.), а потым ідуць ва ўнутр. органы. Вегетатыўныя цэнтры парасімпатычнай нерв. сістэмы размешчаны ў ствале галаўнога мозга (сярэдні і прадаўгаваты мозг) і крыжавым аддзеле спіннога мозга. Адросткі клетак гэтых цэнтраў перарываюцца на нерв. клетках вузлоў галавы і з чарапнымі нервамі ідуць да зрэнак, слінных залоз, унутр. органаў. Нерв. валокны, што ідуць ад клетак крыжавога цэнтра парасімпатычнай нерв. сістэмы, пасля перарыву ў нерв. гангліях тазавага спляцення інервуюць мачавы пузыр, прамую кішку і палавыя органы. Кожны ўнутр. орган інервуецца абодвума аддзеламі вегетатыўнай нервовай сістэмы. Маючы розныя функцыі, сімпатычны і парасімпатычны аддзелы вегетатыўнай нервовай сістэмы дзейнічаюць на органы адначасова і рэгулююць іх дзейнасць.

Літ.:

Кнорре А.Г., Лев Н.Д. Вегетативная нервная система. 2 изд. Л., 1977;

Вегетативная нервная система: Атлас. Мн., 1988.

П.​І.​Лабко.

Схема будовы і сувязей вегетатыўнай нервовай сістэмы: (сіні колер — парасімпатычная, чырвоны — сімпатычная); 1 — шыйны аддзел спіннога мозга; 2 — грудны; 3 — паяснічны; 4 — крыжавы; 5 — памежны сімпатычны ствол.

т. 4, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў цэнтр. Беларусі (пераважна на ПнЗ Мінскай і ПнУ Гродзенскай абл.), які бытаваў у 19 — пач. 20 ст. Зазнаў уплыў гар. касцюма, што выявілася ў прыёмах крою і пашыву, шырокім выкарыстанні крамных тканін. У жаночы гарнітур уваходзілі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт (у будні замест яго надзявалі безрукаўку-сканцэрку). Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, з сярэдзіны 19 ст. — з гесткай, аздаблялі паскам расліннага ці геам. чырвона-чорнага арнаменту на грудзях, плячах і каўняры. Узоры клетак і паскаў на спадніцы (з 4 прамавугольных, пазней трапецападобных полак) утвараліся за кошт чорных, цёмна-сініх, шэрых, жоўтых прасновак і прокідак утку. Спадніцу-андарак ткалі ў буйнарапортныя зялёна-вішнёвыя клеткі ці аднаго сіняга, чорнага колеру (спадніца-рудляк). Фартух аднаполкавы, белы льняны ці паркалёвы або цёмны з крамных тканін; упрыгожвалі гафтам, нашыўкамі стужак, маршчэннем. Гарсэт (шнуроўка) з чорнай або цёмна-сіняй шарсцянкі ці аксаміту кроілі з баскай у 6—8 кліноў. Жаночыя галаўныя ўборы: намітка, белая палатняная або разнаколерная з фабрычнай шарсцянкі хустка і вялікая тканая або вязаная з воўны хустка-ахінанка, каптур. Традыцыйную жаночую вопратку — бурнос і паўбурнос, расшыраныя ўніз, аздаблялі нашыўкамі гладкіх і зубчыкавых паскаў чорнага аксаміту, тасьмы ў спалучэнні з машынным штапам. Святочнай вопраткай былі суконныя капоты. Мужчынскі гарнітур складаўся з кашулі, нагавіц, сіняй ці чорнай камізэлькі (доўгай са стаячым каўняром ці кароткай), аздобленай нашыўкамі, трохвугольнай шыйнай хустачкі (каляшыйнік), галаўнога ўбору. У віленскім строі шмат відаў мужчынскай вопраткі, што адрозніваліся якасцю тканін, кроем, маст. афармленнем. У халодную восень і вясну насілі армяк, сярмягу, чуйку, бурку, якія шылі з валенага сукна, узімку — непацягнутыя або пацягнутыя кажухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Вілейскі строй. Дзяўчына ў зімовай вопратцы (бурнос). Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ РЫ́МСКА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЕПА́РХІЯ, Віленская дыяцэзія, Віленскае біскупства,

царкоўна-адм. адзінка рымска-каталіцкай царквы, найстарэйшая на тэр. Літвы і Беларусі. Цэнтрг. Вільнюс (Вільня). Утворана паводле прывілея вял. кн. ВКЛ Ягайлы ад 17.2.1387, зацверджана папам рымскім у 1388. Падпарадкоўвалася спачатку папству, у 1418—1795 гнезненскаму арцыбіскупу. Ахоплівала амаль усе парафіі ў Літве і на Беларусі (акрамя парафій Брэсцкага ваяв., якія ўваходзілі ў Луцкую епархію). Першы біскуп — Андрэй. У 1700 са складу епархіі вылучылася Магілёўская епархія. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 Віленская рымска-каталіцкая епархія скасавана і замест яе ўтворана Інфлянцкая каталіцкая епархія з цэнтрам у Вільні. У 1798 Віленская епархія адноўлена. У яе склад увайшлі Літ. і Курляндская губ. У канцы 1840-х г. епархія засталася толькі ў межах Віленскай і Гродзенскай губ. У канцы 1860-х г.—1883 у яе склад уваходзіла тэр. скасаванай Мінскай каталіцкай епархіі. У 1918 епархія падзелена польска-літ. граніцай, большая частка з г. Вільня адышла ў 1921 да Польшчы. Булай папы Пія XI ад 28.10.1925 атрымала статус архіепархіі (арцыбіскупства) Польскай рымска-каталіцкай царквы, у яе ўваходзілі тэр. Віленскага, палова Навагрудскага і частка Беластоцкага ваяв. Пасля 1939 тэр. Віленскай епархіі апынулася ў розных дзяржавах: асн. частка на тэр. БССР, меншая з Вільняй у Літве, з 1944 зах. частка зноў у Польшчы. Пасля 2-й сусв. вайны епархія намінальна засталася ў складзе Польскай каталіцкай царквы, з 1945 рэзідэнцыя біскупа знаходзілася ў Беластоку. У 1991 у сувязі з рэарганізацыяй каталіцкіх епархій у адпаведнасці з нац.-дзярж. граніцамі, Віленская рымска-каталіцкая епархія афіцыйна пераведзена ў юрысдыкцыю Літ. каталіцкай царквы, атрымала статус мітраполіі.

Літ.:

Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie... Wilno, 1912.

В.​Л.​Насевіч, А.​М.​Філатова.

т. 4, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАЛУ́СІ́Я, Андалузія (Andalucia),

аўтаномная вобласць на Пд Іспаніі. Пл. 87,3 тыс. км², нас. 6,4 млн. чал. (1993). Адм. цэнтрг. Севілья. Уключае 8 правінцый: Альмерыя, Гранада, Кадыс, Кордава, Малага, Севілья, Уэльва, Хаэн. Найб. гарады: Севілья, Малага, Кордава, Гранада, Кадыс, Уэльва. Займае б. ч. Андалускай нізіны ў бас. р. Гвадалквівір на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. і Міжземнага мора. На Пн горы Сьера-Марэна, на Пд Андалускія. Клімат міжземнаморскі, вільготны на ПдЗ (да 2000 мм ападкаў за год), засушлівы на ПдУ (120 мм за год, найменш у Зах. Еўропе). Т-ра студз. 6—14,5 °C, жн. 23—28 °C.

Найстараж. насельнікі Андалусіі — іберы. Тут існавалі калоніі фінікійцаў, пазней — карфагенян. У перыяд рым. панавання Андалусія ўваходзіла ў склад правінцыі Бетыка. Арабы, якія заваявалі на пач. 8 ст. большую ч. Пірэнейскага п-ва, пашырылі назву Андалусіі (аль-Андалус) на ўсю тэр. мусульм. Іспаніі. У ходзе Рэканкісты ў 13 ст. Андалусія (акрамя Гранадскага эмірата) адваявана ў арабаў. З адваяваннем Гранадскага эмірата (1492) Андалусія цалкам стала ч. Ісп. каралеўства.

Эканоміка аграпрамысловая. У с.-г. вытв-сці занята каля 42% насельніцтва. Пераважае арашальнае земляробства. 1-е месца ў краіне па зборы бабовых, цукр. трыснягу, бавоўніку, сланечніку, 2-е — па зборы збожжавых (пшаніца, рыс, сорга). Вырошчваюць гародніну, бахчавыя, алівы, вінаград, тытунь, бульбу, цукр. буракі і інш. Жывёлагадоўля — авечкі, коні, буйн. раг. жывёла, у т. л. быкі для карыды. Развіты рыбалоўства, збор кары коркавага дрэва. Здабываюць медзь, свінец, цынк, марганец, жал. руду, вугаль, серу. Асн. галіны прам-сці: каляровая металургія, хім., маш.-буд. (с.-г. машыны, суднабудаванне), нафтаперапр., нафтахім., харчасмакавая, тэкстыльная. Андалусія — буйны экспарцёр аліўкавага алею, кансерваваных маслін, віна. Раён турызму, вядомыя курорты на Сонечным беразе.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка).

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,

1) вучэнне, паводле якога развіццё грамадства зводзіцца да канкурэнцыі расавых тыпаў; адна з антыгуманных біялагізатарскіх канцэпцый у антрапалогіі. Створана ў канцы 19 ст. франц. вучоным Ж.В. дэ Лапужам і ням. О.​Аманам, якія спрабавалі даказаць, што псіхічныя асаблівасці брахікефалаў (кароткагаловых) больш нізкія ў параўнанні з доліхакефаламі (доўгагаловымі). Прадстаўнікі антрапасацыялогіі лічаць, што вышэйшыя псіхічныя якасці ўласцівыя толькі т.зв. арыйскаму — доўгагаловаму светлавалосаму тыпу, пашыранаму ў Паўн. і Цэнтр. Еўропе. Адкрыты Ч.​Дарвінам прынцып барацьбы за існаванне паміж біял. відамі яны пераносілі на гісторыю чалавецтва, якую разглядалі як барацьбу асобных рас. Сцвярджэнне, што гісторыя чалавецтва падпарадкоўваецца не сацыяльным, а біял. законам, паўтарае і амер. вучоны, стваральнік сацыябіялогіі Э.​Уілсан, які лічыць, што гуманітарныя і сац. навукі можна разглядаць як спецыялізаваныя раздзелы біялогіі.

2) Адзін з кірункаў у сацыялогіі. Узнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове тэорыі аб арыйцах як вышэйшай расе. Найб. развіццё атрымала ў Германіі. Новыя сацыялагічныя факты разглядае з пункту погляду антрапал. вучэння пра чалавека, яго цялесную арганізацыю і абумоўленыя антрапаметрыяй псіхічны стан, пачуцці, мысленне, волю, памяць, іх змены пад уздзеяннем культуры, індустр. тэхналогіі і ўласнай культуратворнай дзейнасці чалавека. Агульнатэарэт. пачатак антрапасацыялогіі — гэта фіксацыя адрознення чалавека ад жывёл. Неразвітасць у чалавека прыродных сродкаў самазабеспячэння стала ў прадстаўнікоў антрапасацыялогіі вядучым метадалаг. прынцыпам аналізу грамадскага жыцця. Сваю «недастатковасць» чалавек кампенсуе культурай, а адсутнасць прыроджаных генет. праграм паводзін папаўняе праграмамі сац. наследавання. Культура, паводле антрапасацыялогіі, гэта біялагічна неабходны працэс ператварэння знешняй прыроды ў жыццёвае асяроддзе. «Акультураная» прырода ўключае прылады працы, тэхніку, тэхналогію, сродкі камунікацыі і «сац. парадкі» (грамадскія ін-ты). Праблемамі антрапасацыялогіі з’яўляюцца таксама антрапал. змены сучаснага чалавека, што прынеслі з сабой тэхнізацыя, індустр. грамадства, навук.-тэхн. прагрэс.

Л.​І.​Цягака, С.​А.​Шавель.

т. 1, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА БЯСПЕ́ЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ (АБСЕ),

міжнар. арг-цыя. Склалася да сярэдзіны 1990-х г. у выніку дзейнасці Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). На пач. 1970-х г. СССР і яго партнёры па Арг-цыі Варшаўскага дагавору (гл. Варшаўскі дагавор 1955) ініцыіравалі скліканне нарады еўрап. дзяржаў для абмеркавання захадаў, якія забяспечылі б калект. бяспеку ў Еўропе. Ва ўмовах паляпшэння адносін паміж СССР, ЗША і краінамі Зах. Еўропы ў г. Хельсінкі адбыліся папярэднія шматбаковыя кансультацыі (ліст. 1972 — чэрв. 1973) і пасяджэнні міністраў замежных спраў 33 еўрап. дзяржаў (акрамя Албаніі), ЗША і Канады (ліп. 1973). 2-і этап перагавораў аб скліканні НБСЕ прайшоў у вер. 1973 — ліп. 1975 у Жэневе. 30.7.1975 у Хельсінкі на ўзроўні кіраўнікоў урадаў 35 дзяржаў пачалася нарада, 1.8.1975 падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У 1977—94 адбыўся шэраг сустрэч прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц НБСЕ. У 1991 удзельнікамі НБСЕ сталі Албанія, Эстонія, Латвія, Літва, у 1992 — Беларусь і інш. краіны. На сустрэчы ў Будапешце (5—6.12.1994) кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 52 краін (без Югаславіі), прынялі рашэнне аб пераўтварэнні НБСЕ у АБСЕ, падпісалі мемарандумы аб гарантыі бяспекі Украіны, Беларусі і Казахстана, прынялі паліт. дэкларацыю «Да сапраўднага партнёрства ў новую эпоху», якая вызначае ролю, месца і задачы АБСЕ ў пабудове будучай Еўропы. Органамі АБСЕ (з 1990) з’яўляюцца: сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў (адбываюцца кожныя 2 гады); Савет міністраў замежных спраў (засядае не менш як 1 раз на год); Сакратарыят з рэзідэнцыяй у Празе; Цэнтр па прадухіленні канфліктаў (Вена); бюро «За свабодныя выбары» (Варшава, ажыццяўляе назіранне за выбарамі); Парламенцкі сход АБСЕ; Камітэт вышэйшых дзярж. служачых (у ліку абавязкаў падрыхтоўка пасяджэнняў).

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 45,9 тыс. чал. (1996), гарадскога 26%. Цэнтр раёна — г. Буда-Кашалёва; г.п. Уваравічы; 269 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 21 сельсавет: Акцябрскі, Буда-Люшаўскі, Бярвенаўскі, Глазаўскі, Губіцкі, Гусявіцкі, Дуравіцкі, Забалоцкі, Івольскі, Камунараўскі, Кашалёўскі, Крыўскі, Ліпініцкі, Марозавіцкі, Мікалаеўскі, Недайскі, Патапаўскі, Рагінскі, Узаўскі, Чабатовіцкі, Шырокаўскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка раёна забруджана радыенуклідамі, 10 населеных пунктаў адселены.

Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны (паўн.-ўсх. частка) і Гомельскага Палесся (паўн.-зах. частка). Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 157,6 м (каля в. Анастасьеўка). Карысныя выкапні: торф, цэментныя, тугаплаўкія, керамічныя гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 562 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Дняпро, цякуць Уза, Ліпа і Чачора (прытокі р. Сож). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 22,5% тэр. раёна; лясы ў асноўным хваёвыя і чорнаальховыя; найб. масівы на З — Борхаўская лясная дача і інш. На тэр. раёна біял. заказнік Буда-Кашалёўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 106,5 тыс. га, з іх асушана 27,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 13 калгасаў і 16 саўгасаў; 2 птушкафабрыкі, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно) і буд. матэрыялаў прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Бабруйск—Гомель, аўтадарога Магілёў—Гомель. У раёне 25 сярэдніх, 13 базавых і 3 пач. школы, 6 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 35 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 44 б-кі, 5 бальніц, 33 фельч.-ак. пункты. Выдаецца газ. «Авангард».

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫ́С-АБЕ́БА (па-амхарску новая кветка),

горад, сталіца Эфіопіі, адм. ц. правінцыі Шоа. Знаходзіцца на Эфіопскім нагор’і на выш. больш за 2,4 тыс. м над узр. мора. Больш за 1,5 млн. ж. (1993).

Засн. ў 1887 імператарам Мэнелікам II. У 1889 абвешчана сталіцай. Пасля перамогі ў італа-эфіопскай вайне 26.10.1896 тут заключаны мірны дагавор, паводле якога Італія прызнала незалежнасць Эфіопіі. 5.5.1936 акупіравана італьян. войскамі, вызвалена 6.4.1941 англа-эфіопскімі войскамі.

Аўтамаб. дарогі звязваюць Адыс-Абебу з буйнейшымі гарадамі Эфіопіі і суседніх краін. Чыгунка на Джыбуці. Міжнар. аэрапорт. Металаапр. і зборачныя з-ды (зборка трактароў, с.-г. машын, аўтамабіляў, веласіпедаў і інш.). Тэкст., гарбарна-абутковыя, мукамольныя, алейныя, па перапрацоўцы кавы, дрэваапр., мяса-малочныя прадпрыемствы. Вытворчасць буд. матэрыялаў і саматужных ткацкіх, гарбарных, керамічных, метал. і драўляных вырабаў. Гандаль кавай, скурамі, збожжам і інш. Ун-т. Рэзідэнцыі Эканам. камісіі ААН для Афрыкі і Арганізацыі афр. адзінства (АЛА).

Першыя манум. мураваныя будынкі ўзведзены замежнымі архітэктарамі. Вялікі палац з рысамі інд. архітэктуры (1894), Новы палац і сабор св. Георгія (абодва пач. 20 ст.) у стылі неакласіцызму, шпіталь Мэнеліка II (1910), атэль «Ытэге» (1907), каля 200 жылых дамоў еўрап. тыпу (1912). У 1950—60-я г. пабудаваны Нац. Тэатр на пл. Адуа (франц. арх. А.​Шамет); універсітэцкі комплекс (англ. арх. Г.​К.​Фалек); аэрапорт, Дом Афрыкі (вітраж пл. 150 м², мастак А.​Тэкле), муніцыпалітэт, Нац. банк (усе італьян. арх. А.​Медзэдымі, інж М.​Фанана; тэлевіз. цэнтр, Гандл. Палата, Мін-ва замежных спраў (арх. З.​Энаў, М.​Тэдрас). У 1970—80-я г. па праектах югасл. архітэктараў пабудаваны паштамт, шпіталь, атэль «Вебі-Шэбелі». Музеі: Археал., Ін-та эфіопскіх даследаванняў. Нацыянальны.

Адыс-Абеба. Адна з цэнтральных вуліц.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРАЗНА́ЎСТВА, лімналогія,

галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.

Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.​А.​Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.​М.​Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.​С.​Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.​І.​Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.​М.​Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).

Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.​П.​Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.

В.​П.​Якушка.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́ЙСКІ КРАЙ,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Утвораны 28.9.1937. Размешчаны на ПдЗ Зах. Сібіры. Пл. 158,4 тыс. км². Нас. 2687 тыс. чал. (1994); большая ч. рускія, украінцы, жывуць казахі, беларусы, алтайцы і інш.; гар. насельніцтва 52%. Цэнтрг. Барнаул. Найбольшыя гарады: Барнаул, Бійск, Рубцоўск, Новаалтайск, Зарынск, Слаўгарад.

Прырода. Алтайски край займае паўд. ч. Зах.-Сібірскай раўніны (у т. л. Кулундзінскую раўніну і Прыобскае плато). На ПнУ тэр. акаймавана Салаірскім кражам, на ПдУпаўн. адгор’ямі Алтая (выш. 2007 м, г. Чорная). Карысныя выкапні: поліметалічная і жал. руды, вапнякі, гліны, мірабіліт, кухонная соль, сода. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -19 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 250—350 мм за год. Гал. рака Об. Вял. азёры: Кулундзінскае, Кучукскае, Міхайлаўскае. Пераважаюць чарназёмныя, на З саланцавата-саланчаковыя глебы. У перадгор’ях лясы з лістоўніцы, сібірскай піхты, кедравай хвоі і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары і с.-г. машыны, вагоны, рухавікі, кавальска-прэсавае і горназдабыўное абсталяванне, радыёапаратура і інш.), хім. і нафтахім. (вытв-сць шын, штучнага валакна, хім. вырабаў). Развіты харч. (мясная, сыраробная, масларобная), лёгкая (вытв-сць баваўняных тканін, трыкатажу), горназдабыўная (поліметалічныя і жал. руды, кухонная і глаўберава соль), дрэваапр. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства: пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, авёс, проса, грэчка), цукр. буракоў, сланечніку, ільну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, мяса-воўнавая коза- і авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Гал. транспарт чыг. і аўтамабільны. Асн. чыг. магістралі: Новасібірск — Барнаул — Рубцоўск — Сяміпалацінск з адгалінаваннем на Бійск; Артышта—Барнаул—Кулунда—Паўладар; Татарск—Кулунда—Малінавае Возера; Алтайскае—Камень-на-Обі—Карасук. Аўтамаб. дарогі: Чуйскі тракт (ад Бійска праз Алтай у Манголію), Новасібірск — Барнаул. Суднаходства па Обі. Курорты Белакурыха, Лябяжае.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)