ПЯРКО́ЎСКІ МАНЕ́ТНЫ СКАРБ Знойдзены ў 1912 у в. Пяркі Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Ухаваны ў 1653—54. Утрымліваў 1512 сярэбраных, білонных і медных манет, сярод якіх паўгрошы ВКЛ, грошы польскія, паўтаракі Рэчы Паспалітай. Ад інш. манетных скарбаў 17 ст. на тэр. Беларусі адрозніваецца вял. колькасцю торнераў Шатландыі (48 экз.). Трансільванскі драйпёлькер 1637 зберагаецца ў Эрмітажы, астатнія манеты перададзены для пераплаўкі ў Пецярбургскі манетны двор.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРО́ ў графіцы,

інструмент для малявання ці пісання вадкім фарбавальным рэчывам (туш, бістр, сепія, чарніла). У старажытнасці найчасцей выкарыстоўвалі птушыныя П., якія дазвалялі мякка змяняць таўшчыню лініі і вар’іраваць метады штрыхоўкі; у народаў Усходу пераважалі трысняговыя П. (калам), якія давалі гнуткую, пластычную лінію, энергічны штрых. З 19 ст. пашырыліся метал. П., што даюць тонкую роўную лінію, з 20 ст. — П. рознай формы і таўшчыні.

т. 13, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

Каля в. Пятровічы у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., за 15 км на Пд ад г. Смалявічы. Створана на р. Волма ў 1978. Пл. 4,8 км², даўж. 11,5 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 8,2 м, аб’ём вады 15 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 3,5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-r. угоддзяў, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, рыбагадоўлі.

Пятровіцкае вадасховішча.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБІ́ННІК (Sorbaria),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны ў Азіі. На Беларусі інтрадукаваны 2 віды Р.: рабіналісты (S. sorbifolia) і сумахалісты (S. rhoifolia). Культывуюцца ў садах і парках.

Лістападныя кусты выш. ад 40 см да 6 м. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя ў буйных канцавых мяцёлках. Плод — шматлістоўка. Выкарыстоўваюцца для замацавання берагоў і адхонаў. Дэкар. і меданосныя расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Рабіннік рабіналісты.

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ВІ,

рака ў Індыі і Пакістане, левы прыток р. Чынаб (бас. р. Інд). Даўж. 725 км. Вытокі ў паўд.-ўсх. адгор’ях хр. Пір-Панджал. У вярхоўях цячэ ў глыбокай даліне, потым прарываецца цераз хр. Дхааладхар і да вусця цячэ па Пенджабе. Паводкі ў час летніх мусонных дажджоў. Выкарыстоўваецца для арашэння. Ад Р. адыходзяць шматлікія ірыгацыйныя каналы, сцёк зарэгуляваны плацінамі. На Р. — г. Лахор (Пакістан).

т. 13, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕІЗАТО́ПНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,

аўтаномныя крыніцы энергіі, у якіх выдзеленая пры радыеактыўным распадзе энергія пераўтвараецца ў цеплавую, эл. ці інш. віды энергіі. Асн. элементы радыеізатопнага эл. генератара — радыенуклідная крыніца цеплаты (напр., цеплавыдзяляльны элемент) і паўправадніковы тэрмаэлектрычны генератар. Служаць для сілкавання аўтам. апаратуры (напр., радыёмаякоў, радыёметэаралагічных станцый), устаноўленай у цяжкадаступных раёнах ці на касм. апаратах, а таксама ў біял. эксперыментах, напр., па ўжыўленні штучнага сэрца. Гл. таксама Ядзерная батарэя.

т. 13, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗДЗЯ́ЛАВІЧЫ,

вадасховішча ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля аднайм. вёскі. Створана ў 1983. Наліўное, напаўняецца вадой з р. Бобрык 1-ы. Пл. 1,9 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 1,3 км, найб. глыб. 9,9 м, аб’ём вады 9,4 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 5,4 км. Сярэдні шматгадовы сцёк 33,7 млн. м³. Ваганні ўзроўню на працягу года каля 4 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання сцёку, арашэння зямель.

т. 13, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОЛ (ням. Rolle ролік, каток),

апарат перыядычнага дзеяння для размолу валакністых матэрыялаў у вытв-сці паперы і кардону. Рабочае прыстасаванне — 2 камплекты нажоў: нерухомы на планцы і вярчальны на барабане. Устанаўліваецца ў спец. ванне, куды загружаюць валакністыя матэрыялы, змяшаныя з вадой. З’явіліся ў канцы 17 ст. Замяняюцца канічнымі млынамі (складаюцца з канічнага ротара з замацаванымі на ім нажамі і кажуха з такімі ж зубамі) і дыскавымі рафінёрамі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЛІКАВЫ КАНВЕ́ЕР, рольганг,

від канвеера для транспартавання масавых паштучных і тарных грузаў па роліках, размешчаных на невял. адлегласці адзін ад аднаго на апорнай станіне. На непрывадных Р.к. грузы прасоўваюцца ўручную або спаўзаюць пад дзеяннем сілы цяжару, на прывадных ролікі круцяцца ад бясконцага ланцуга ці стужкі або ад электрапрывода. Прывадныя Р.к. выкарыстоўваюцца ў пракатных металург. цэхах, на прадпрыемствах буд. матэрыялаў, непрывадныя — пераважна на прамысл. прадпрыемствах і складах.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЕ́Ж (ваен.),

1) паласа зямлі, зручная або прыстасаваная для вядзення баявых дзеянняў (Р. абароны, процітанкавы Р. і інш.).

2) Умоўная лінія, з якой адлічваюць пачатак (канец) або чарговы этап якіх-н. дзеянняў войск, сіл, сродкаў. Пры падрыхтоўцы і правядзенні баявых дзеянняў устанаўліваюць Р. рознага прызначэння (Р. разгортвання войск, Р. радыёлакацыйнага выяўлення цэлей, Р. пуску ракет, Р. уводу ў бой і інш.).

3) Тое, што і граніца дзяржаўная.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)