БРЭ́СЦКАЙ КРЭ́ПАСЦІ АБАРО́НА 1941, абарона сав. войскамі Брэсцкай крэпасці ў пач. Вял. Айч. вайны (22 чэрв. — канец ліп.). Напярэдадні вайны ў крэпасці дыслацыраваліся часці 6-й і 42-й стралк. дывізій 4-й арміі, падраздзяленні 17-га Брэсцкага пагранатрада, 33-га асобнага інж. палка, частка 132-га батальёна войск НКУС, штабы часцей (усяго 7—8 тыс. воінаў). Крэпасць штурмавалі 2 пях. і 2 танк. дывізіі ворага пры падтрымцы авіяцыі і часцей ўзмацнення з ліку тых, што ўдзельнічалі ў захопе горада. Праціўнік меў амаль у 10 разоў большыя сілы. Ён ставіў за мэту авалодаць крэпасцю да 12 гадз першага дня вайны. Дзякуючы ўпартаму супраціўленню сав. воінаў і пагранічнікаў каля паловы асабовага складу і параненыя змаглі пакінуць крэпасць. У 1-ы дзень баёў да 9 гадз раніцы крэпасць была акружана, пачаліся яе артабстрэл і бамбардзіроўка, 23 чэрв. горад быў заняты. Праз Цярэспальскае ўмацаванне вораг прарваўся ў Цытадэль і пачаў наступаць у напрамку Холмскіх і Брэсцкіх варот. Баі ў крэпасці прынялі зацяжны характар. У поўным акружэнні, без вады і прадуктаў, пры нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў гарнізон змагаўся, адбіваючы па 6—8 атак за дзень. Разам з байцамі змагаліся жанчыны і дзеці з сем’яў ваеннаслужачых. Да канца чэрв. вораг захапіў большую частку крэпасці. 29—30 чэрв. гітлераўцы правялі генеральны штурм крэпасці, выкарыстоўваючы агнямёты. Абставіны перашкодзілі ажыццявіць агульнае кіраўніцтва абаронай, таму яна распалася на шэраг ізаляваных ачагоў супраціўлення, якія адзначаны нават пасля 20 ліп. 8.5.1965 крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». Удзельнікі абароны ўзнаг. ордэнамі і медалямі, П.М.Гаўрылаву і А.М.Кіжаватаву прысвоена званне Героя Сав. Саюза. На тэр. крэпасці створаны Брэсцкай крэпасці-героя музей, адкрыты мемар. комплекс Брэсцкая крэпасць-герой.

Т.​М.​Ходцава.

Да арт. Брэсцкай крэпасці абарона 1941. Дыярама ў Музеі абароны крэпасці.

т. 3, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНЬКО́ВІЧ (Валенцій Мельхіёравіч) (12.5.1800, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 12.5.1842),

бел. жывапісец; прадстаўнік рамантызму. З роду Ваньковічаў, пляменнік паэта А.Гарэцкага. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1811), на ф-це вольных навук Полацкай акадэміі (1813—17), у Віленскім ун-це ў Я.Дамеля і Я.Рустэма (1818—24), Пецярбургскай АМ (1825—28). За малюнкі з натуры адзначаны 2-м (1825) і 1-м (1826) сярэбранымі медалямі, за твор «Подзвіг маладога кіяўляніна...» (1827) — залатым медалём і правам вучыцца за мяжой за кошт акадэміі. Найб. вядомы як партрэтыст: партрэты Адама Міцкевіча («Міцкевіч на скале Аюдаг», 1828), Э.​Ромера, Ю.​Корсака, А.​Адынца, М.​Шыманоўскай, А.​Пушкіна, К.​Ліпінскага, В.​Жукоўскага і інш. З 1829 жыў у Мінску, меў майстэрню ў Вял. Сляпянцы і Мінску (разам з Ч.​Манюшкам). Тут стварыў партрэты бацькі, сястры С.​Гарноўскай, Д.​Манюшкі, жонкі з дзецьмі (мініяцюры), А.​Гарэцкага, В.​Пуслоўскага і членаў яго сям’і, С. і К.​Пясецкіх, К. і А.​Тавянскіх і інш. Пад уплывам Тавянскага захапіўся тэорыяй містыцызму, асобай Напалеона, біблейскімі сюжэтамі: «Маці Божая Вастрабрамская», «Мадонна з Ісусам Хрыстом і Іаанам Хрысціцелем», «Напалеон каля вогнішча» (1834). У канцы 1830-х г. пакінуў Мінск; працаваў у Дрэздэне, Берліне, Мюнхене; з 1841 у Парыжы, жыў у сям’і Міцкевічаў. Напісаў манум. палотны «Апафеоз Напалеона», «Напалеон плача над картай Еўропы», абразы «Евангеліст Іаан», «Святая Клара». Твораў Ваньковіча захавалася вельмі мала. Яны знаходзяцца пераважна ў Англіі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літве, Расіі.

Літ.:

Дробаў Л.Н. Беларускія мастакі XIX стагоддзя. Мн., 1971;

Яго ж. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Паньшына І. Ісціна вымалёўваецца: Валенцій Ваньковіч: Новыя факты біяграфіі // Мастацтва. 1994. № 1;

Ciechanowka Z. Malarz sprawy Walenty Wańkowicz: (Źyciorys) // Pamiętnik literacki. 1948. R. 38.

І.​М.​Паньшына.

В.Ваньковіч. Аўтапартрэт.
В.Ваньковіч. Партрэт А.​Міцкевіча.

т. 3, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 20,7 тыс. чал. (1995), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 12,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ветка, 88 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Вяліканямкоўскі, Данілавіцкі, Маланямкоўскі, Неглюбскі, Прыснянскі, Радужскі, Свяцілавіцкі, Стаўбунскі, Хальчанскі, Шарсцінскі, Яноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), адселена 16 700 жыхароў з 53 населеных пунктаў.

Большая ч. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся, паўн., паўд.-зах. і ўсх. часткі — на Чачорскай раўніне. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 120—150 м, найвыш. пункт 188,9 м (на ПдУ раёна, каля в. Старое Закружжа). Карысныя выкапні: торф, вапна, мел, гліны для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Сож з прытокамі Беседзь, Нёманка, Спонка, Ліпа. У поймах рэк шмат старыц. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 30,3% тэр. раёна. Найб. лясістасць на ПнЗ па левабярэжжы Сажа. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 10,3 тыс. га. Біял. заказнік Веткаўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 51 тыс. га, з іх асушана 16,6 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 5 калгасаў і 10 саўгасаў. Конезавод «Гомельскі». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), тэкст. (пража, пакрывалы, ручнікі), харч. (масла, крухмал) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Гомель—Ветка—Свяцілавічы—Чачэрск, Буда-Кашалёва—Ветка—Добруш. Суднаходства па Сажы і Беседзі. У раёне 11 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач. школ, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 15 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 21 б-ка, 4 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, пансіянат для ветэранаў Вял. Айч. вайны і працы. Помнік архітэктуры — сядзіба пач. 19 ст. ў в. Хальч. Вёска Неглюбка — цэнтр ткацкага рамяства. Выдаецца газ. «Голас Веткаўшчыны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮСТ (франц. buste),

пагрудная выява чалавека, адзін з найб. пашыраных відаў скульпт. партрэта.

Узнік у Стараж. Егіпце і Стараж. Грэцыі. Канчаткова склаўся ў партрэтным мастацтве Стараж. Рыма. Быў пашыраны ў мастацтве эпохі Адраджэння і новага часу (Данатэла, Л.​Берніні, Ж.​А.​Гудон, А.​Радэн і інш.). У Расіі бюсты стваралі Б.​Растрэлі, Ф.​Шубін, Н.​Андрэеў, В.​Мухіна, С.​Лебедзева і інш.

На Беларусі помнікі-бюсты вядомыя з 17 ст. (М.​К.​Радзівілу ў фарным касцёле ў Нясвіжы). Значнае месца займаў бюст у творчасці бел. скульптараў 19 — пач. 20 ст. (К.​Ельскі, Р.​Слізень, А.​Краснапольскі, В.​Бубноўскі, Я.​Астроўскі і інш.). У 1930-я — пач. 1940-х г. бел. скульптары стварылі бюсты дзеячаў рэв. руху і культуры: М.​В.​Фрунзе (А.​Глебаў), Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва З.​Азгур), Г.​Грыгоніса (М.​Керзін); у гады Вял. Айч. вайны — воінаў і партызан Л.​М.​Даватара (А.​Грубэ), Ф.​А.​Смалячкова і М.​Ф.​Сільніцкага (абодва Азгур); у пасляваенны перыяд — П.​Багрыма, К.​Крапівы, М.​Танка, Цёткі (А.​Пашкевіч; усе Азгур), У.​Уладамірскага (А.​Глебаў), Я.​Коласа (С.​Селіханаў), М.​Багдановіча (Г.​Мурамцаў; Л.​Гумілеўскі), Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва В.​Занковіч), Л.​І.​Бяды, Ю.​А.​Гагарына, У.​В.​Кавалёнка, П.​І.​Клімука, Г.​Ц.​Берагавога (усе І.​Міско), помнік-бюст Я.​Купалу ў Араў-парку (г. Нью-Йорк, ЗША; скульпт. А.​Анікейчык) і інш. У 1990-я г. ў Нясвіжскім парку ўстаноўлены бюст кн. Юрыю Нясвіжскаму, архітэктару Дж.​Бернардоні (усе С.​Гумілеўскі), кн. М.​К.​Радзівілу Сіротку, У.​Сыракомлю, Т.​Макоўскаму, Я.​Коласу (усе М.​Канцавы).

А.​К.​Лявонава, Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Бюст. Б.​Растрэлі. Партрэт А.​Д.​Меншыкава. 1716—17.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),

горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс. ж. (1995).

У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав. ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра I з каралём польскім і вял. кн. літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21 швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс. ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс. чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс. чал.

У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.

Я.​В.​Сяленя (гісторыя)

Горад Бяроза. Забудова жылога раёна.

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на Украіне. Пл. 20,2 тыс. км². Нас. 1077,6 тыс. чал. (1993), гарадскога 48%. Цэнтр — г. Луцк. Найб. гарады: Ковель, Новавалынск, Уладзімір-Валынскі.

Прырода. Паўночная частка Валынскай вобласці (​3/4 тэр.) размешчана на Палескай нізіне (выш. 140—150 м), паўд. ч. займае паўн.-зах. ўскраіну Валынскага узв. (выш. да 292 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, торф, мел, буд. пяскі, гліны, вапнякі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 650 мм за год. Асн. рэкі: Прыпяць з прытокамі Стыр, Стаход, Тур’я, Выжаўка, па граніцы з Польшчай — Зах. Буг. Найб. азёры — Свіцязь, Пулямецкае, Турскае, Арэхава. Ёсць мінер. крыніцы. Глебы ў паўн. ч. дзярнова-падзолістыя і балотныя, у паўднёвай — ападзоленыя, цёмна-шэрыя і шэрыя чарназёмныя (пераважна ўзараныя). Лясы займаюць каля 34% тэр., пераважаюць хваёвыя бары, бярозавыя гаі; у паўд. ч. вял. масівы дубова-грабавых лясоў. Больш за 10% тэр. пад забалочанымі лугамі і балотамі. Шацкі прыродны нац. парк.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабілі, с.-г. машыны, станкі, прылады, эл.-апаратура, абсталяванне для жывёлагадоўчых фермаў і інш.), паліўна-энергет., хім., лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі), лесахім., лёгкая (швейная, тэкст., гарбарна-абутковая, у т. л. вытв-сць штучных скур), харч. (цукр., мясная, плодакансервавая, малочная, масласыраробная) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя вырабы). Здабыча вугалю (Львоўска-Валынскі вугальны басейн). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Авечкагадоўля. Конегадоўля. Сажалкавая рыбагадоўля. Развіты бульбаводства і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, грэчка), тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец), кармавыя (кукуруза, сеяныя травы) культуры, агародніну. Садаводства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Кіеў—Ковель—Брэст, Ковель—Луцк—Львоў, Ковель—Люблін (Польшча) і інш., аўтадарогі Кіеў—Луцк, Брэст—Луцк—Дубна, Ковель—Несцераў. Аэрапорт. Суднаходства па р. Стыр.

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ НАРО́ДНЫ ХОР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ імя Г.​І.​Цітовіча.

Створаны ў 1952 пераважна з удзельнікаў хору в. Вял. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. і фалькл. гурткоў. Арганізатар і маст. кіраўнік у 1952—74 Г.Цітовіч, з 1975 маст. кіраўнік і гал. дырыжор М.Дрынеўскі. У 1959—64 Бел. дзярж. ансамбль песні і танца, з 1965 Дзярж. нар. хор БССР, з 1983 акадэмічны, з 1988 імя Цітовіча, з 1992 сучасная назва. Уключае хар., танц. і аркестравую групы, якія выступаюць у сумесных канцэртных праграмах і самастойна. Хор складаецца з 5 вак. груп — 4 асноўных і групы падгалоскаў. У складзе жаночай групы ў розны час працавалі актэт (існаваў да 1959), квартэт «Купалінка», трыо «Рабіначка». У рэпертуары апрацоўкі бел. нар. песень, бел. нар. танцы і найгрышы, песні інш. народаў, апрацоўкі і арыгінальныя творы бел. кампазітараў, у т. л. У.​Алоўнікава, У.​Будніка, Дрынеўскага, Л.​Захлеўнага, У.​Карызны, І.​Кузняцова, В.​Кузняцова, І.​Лучанка, Э.​Наско, С.​Палонскага, Ю.​Семянякі, М.​Сіраты і інш., творы духоўнай хар. музыкі класікаў і сучасных бел. кампазітараў. Творчая дзейнасць калектыву мае 3 асн. кірункі: этнагр. (песня, крыху адрэдагаваная для сцэны, раскрываецца ў сваім першародным гучанні); тэатралізавана-сінт. (у выглядзе разгорнутай вак.-інстр.-харэаграфічнай кампазіцыі); уласна хар. майстэрства спеваў а капэла. У калектыве працуюць (1997): гал. хормайстар І.​Абразевіч, гал. балетмайстар В.Варановіч, кіраўнік аркестравай групы М.Сірата; сярод салістаў В.Крыловіч, Н.Раманская, А.Рамашкевіч, Н.Чараднічэнка, Ю.Паўлішын. У розны час у ім працавалі: хормайстры К.Паплаўскі, А.Бальцэвіч, балетмайстры П.Акулёнак, І.Цюрын, салісты хору М.Адамейка, В.​Антонава, Г.Аўдзеенка, У.Кавальчук, В.Марозава, П.Навасад, танцоўшчык Ю.Сляпнёў, баяністы М.Ліпчык, С.Суседчык. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968 (жаночая група і Цітовіч).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусский государственный народный ансамбль песни и танца. Мн., 1959;

Можейко 3., Хвисюк Н. Песня давняя — песня новая // Неман. 1982. № 3;

Дзяржаўнаму акадэмічнаму народнаму хору БССР — 30 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1983. № 4.

З.​Я.​Мажэйка.

Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ СЯЛЯ́НЕ,

1) сельскае феадальна залежнае насельніцтва, якое жыло на дзярж. землях у ВКЛ у 14—18 ст. Узніклі з асабіста вольных сялян-абшчыннікаў і чэлядзі нявольнай, пасаджанай на зямлі вял. князя. У склад Дз.с. уваходзілі таксама сяляне-слугі (гл. Слугі), асочнікі, бортнікі, конюхі і інш. Запрыгонены пры ажыццяўленні валочнай памеры. У 17—18 ст. з Дз.с. зліліся ніжэйшыя ваен. слугі, якія жылі на гаспадарскіх землях (баяры).

2) Катэгорыя сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў 18—2-й пал. 19 ст. Вылучаны пры Пятру I з незапрыгоненых чарнасошных сялян, палоўнікаў, аднадворцаў і інш.

Жылі на казённых землях, плацілі казне феад. рэнту за карыстанне землямі і лічыліся асабіста вольнымі. Рас. ўрад раздаваў, прадаваў ці здаваў у арэнду дваранам дзярж. маёнткі з Дз.с. Гэта катэгорыя пазней павялічана за кошт сялян секулярызаваных царк. уладанняў і далучаных тэр. (Прыбалтыкі, Украіны, Беларусі, Крыма, Закаўказзя) і інш. У Беларусі і ў інш. зах. рэгіёнах пасля іх далучэння да Рас. імперыі (канец 18 ст.) у катэгорыю Дз. с. уключаны аднадворцы, панцырныя баяры, сяляне канфіскаваных маёнткаў, вайск. людзі, вольныя хлебаробы і інш. Ва ўмовах заняпаду дзярж. гаспадарак, збяднення і хваляванняў Дз. с. рас. ўлады ў 1830—50-я г. рэарганізавалі дзярж. вёску (у т. л. ў 1837—41 праведзена Кісялёва рэформа). У 1840—50-я г. ў зах. губернях Расіі праведзена люстрацыя (фіксацыя, упарадкаванне павіннасцей) Дз. с. У сярэдзіне 19 ст. яны складалі каля 45% усіх сялян. З 1857 паншчына поўнасцю заменена аброкам, ліквідавана практыка здачы дзярж. маёнткаў у арэнду, зменшаны памеры феад. павіннасцей і павялічаны зямельныя надзелы. Сялянская рэформа 1861 не пашырылася на Дз.с. Паводле рэформы дзярж. сялян 1867 у Беларусі яны пераводзіліся з аброку на выкуп.

Літ.:

Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1982;

Кабузан В.М. Государственные крестьяне России в XVIII — 50-х гг. XIX в.: Численность, состав и размещение // История СССР. 1988. № 1.

т. 6, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫГАВІЧЫ́,

адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл. Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.

Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ МАСТА́ЦКАЯ ШКО́ЛА,

у мастацтвазнаўстве ўмоўная назва маст. кафедраў (малюнка і жывапісу з 1797, скульптуры ў 1803—26, гравюры з 1805), якія дзейнічалі пры Віленскім ун-це ў 1797—1832. З 1803 кафедры наз. факультэтам жывапісу, скульптуры і гравюры, давалі маст. падрыхтоўку для паступлення ў акадэмію мастацтваў. Школа была цэнтрам маст. ведаў, адыграла вял. ролю ў развіцці літоўскай, бел. і польск. культур канца 18 — 1-й пал. 19 ст.

У Віленскай мастацкай школе выкладалі: малюнак і жывапіс Ф.Смуглевіч (1797—1807) і Я.Рустэм (1798—1831), скульптуру К.Ельскі (1811—26), гравюру Дж.​Сандэрс (1810—19). Першая праграма школы, складзеная Смуглевічам, уключала 3 этапы навучання: капіраванне ўзораў класічнага мастацтва, заснаванага на «ідэальнай» прапорцыі мадэлі; маляванне з гіпсавых фігур; маляванне з жывой мадэлі (уведзена Рустэмам у 1815). У праграме ўвасобіліся прагрэсіўныя на той час прынцыпы, якія грунтаваліся на рэаліст. адлюстраванні рэчаіснасці. У 1820/22 навуч. г. ў Віленскай мастацкай школе вучыліся 45 жывапісцаў і 16 скульптараў, сярод якіх шмат выхадцаў з Беларусі. У 1820 у Вільні на выстаўцы твораў навучэнцаў школы было паказана 136 работ. У Віленскай мастацкай школе вучыліся мастакі І.​Аляшкевіч, К.​Бахматовіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, В.​Дмахоўскі, Г.​Жукоўскі, К.​Карсалін, Ю.​Карчэўскі, К.​Кукевіч, М.​Кулеша, Н.​Орда, К.​Русецкі, К.​Рыпінскі, В.​Сляндзінскі, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, П.​Ютэйка і інш. Светапогляд мастакоў — выхаванцаў Віленскай мастацкай школы фарміраваўся пад уплывам перадавых дэмакр. ідэй 1830-х г., іх творы былі сугучныя прагрэс. тэндэнцыям эпохі, адлюстроўвалі нац. асаблівасці, культ. традыцыі, побыт бел., літ., польск. народаў. Традыцыі школы развівалі і паглыблялі мастакі 2-й пал. 19 ст.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974. С. 14—26;

Яго ж. Роля Віленскай школы жывапісу ў развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі першай палавіны 19 ст. // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1961. № 3.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)