БАНГВЕУ́ЛУ (Bangweulu),

возера ў Цэнтр. Афрыцы, у Замбіі, у бас. р. Конга (Заір), на выш. 1067 м. Пл. ад 4 тыс. км² (у сухі сезон) да 15 тыс. км² (у час летніх дажджоў). Глыб. да 5 м. Берагі нізкія, забалочаныя. Упадае (у час дажджоў) р. Чамбешы, выцякае р. Луапула. Амаль усё возера зарасло чаротам і асакою. Больш за 50 відаў рыб; водзяцца бегемоты. Адкрыта ў 1868 англ. даследчыкам Д.​Лівінгстанам. На ўсх. берагах нац. парк Ісангана.

т. 2, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НЕНКАЎ (Юрый Паўлавіч) (23.7.1889, Петрапаўлаўск-Камчацкі — 3.5.1974),

рускі жывапісец і графік. Вучыўся ў вучылішчы А.​Штыгліца ў Пецярбургу (1909—11), у Ф.​Валатона і М.​Дэні ў Парыжы (1911—12). Аўтар вострахарактарных партрэтаў, часта з элементамі гратэску. Адзін з заснавальнікаў сав. кніжнай ілюстрацыі («Дванаццаць» А.​Блока, 1918). Мастак тэатра і кіно. Выпрабаваў шэраг кірункаў мастацтва 1-й чвэрці 20 ст., у т. л. кубізм. З 1924 за мяжой (Германія, Францыя). Напісаў «Дзённік маіх сустрэч» (рус. пер. 1991).

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НІЧКАЎ (Дзмітрый Сяргеевіч) (1733—1.5.1788),

рускі асветнік, філосаф. Праф. філасофіі і матэматыкі Маскоўскага ун-та (з 1771). Паслядоўнік філасофіі Х.Вольфа. У дысертацыі «...Пра пачатак і паходжанне натуральнага богашанавання...» (1769), напісанай з пазіцый дэізму, паходжанне рэлігіі тлумачыў страхам людзей перад незразумелымі сіламі прыроды, неадукаванасцю. За свае погляды зазнаў ганенні царквы і часткі прафесуры. У тэорыі пазнання развіваў ідэі матэрыялістычнага сенсуалізму.

Тв.:

У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1. С. 112—184.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНІ́НАЎ ВАЛ (англ. Antonine Wall),

старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКІ КАНГРЭ́С ДЗЕ́ЯЧАЎ КУЛЬТУ́РЫ 1936 у Львове,

кангрэс прадстаўнікоў інтэлігенцыі Польшчы, Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Скліканы 16—17.5.1936 з мэтай умацавання адзінага антыфаш. фронту. У ім удзельнічалі вядомыя дзеячы л-ры, мастацтва, навукі. У сваёй рэзалюцыі кангрэс выказаў пратэст супраць нац. прыгнёту, паліт. бяспраўя працоўных супраць праследаванняў дзеячаў культуры, ліквідацыі рабоча-сял. друку, распальвання міжнац. варожасці, заклікаў інтэлігенцыю змагацца за развіццё навукі і культуры народаў, прыгнечаных Польшчай, актывізаваць барацьбу супраць наступлення фашызму, падрыхтоўкі новай сусв. вайны.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ДАГАВО́РУ ПАЎДНЁВА-УСХО́ДНЯЙ А́ЗІІ (South-East Asia Treaty Organization; СЕАТО),

ваенна-паліт. рэгіянальная арганізацыя ў Паўд.-Усх. Азіі ў 1954—77. Створана ў вер. 1954 у Маніле паводле Паўд.-Азіяцкага дагавору аб калект. абароне. Уваходзілі Аўстралія, Вялікабрытанія, ЗША, Новая Зеландыя, Пакістан (выйшаў у 1973), Тайланд, Філіпіны, Францыя (з 1965 абмежавала, з 1974 спыніла ўдзел у арг-цыі). Штаб-кватэра знаходзілася ў Бангкоку. У 1975 Тайланд і Філіпіны выказаліся за роспуск блока. У чэрв. 1977 дзейнасць арг-цыі спынена.

т. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДАШЫ́Р I, Арташыр Папакам (каля 180 — 22.9.239 або 241),

заснавальнік і першы цар [224—241] дынастыі Сасанідаў у Іране. Служыў у правіцеля парфянскай крэпасці ў Фарсе. Каля 200 стаў правіцелем гэтай крэпасці, падпарадкаваў гарады Фарс, Керман і Гей (сучасны г. Ісфахан). 28.5.224 пры падтрымцы знаці і жрацоў разбіў войскі парфянскага цара Артабана V, пасля чаго Парфянскае царства перастала існаваць. Стварыў Сасанідаў дзяржаву. У выніку барацьбы Ардашыра з Рымам за Месапатамію і Арменію, войнаў на Усходзе значна пашырыў тэр. дзяржавы.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫШЭ́ВА,

возера ў Беларусі, у Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса. За 46 км на У ад г. Сянно. Пл. 0,52 км². Даўж. 1,22 км, найб. шыр. 0,74 км, найб. глыб. 2,4 м. Пл. вадазбору каля 6 км². Даўж. берагавой лініі 3,2 км. Берагі нізкія, сплавінныя. Дно выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Схілы катлавіны да 3 м пад лесам. Зарастае да глыб. 1 м. Упадае ручай, выцякаюць рэкі Зелянуха і Ардышэўка, ручай у воз. Дзевінскае.

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АР’ЕРГА́РД (ад франц. arrière задні, тылавы + garde варта),

мотастралковая (танкавая) часць (падраздзяленне), прызначана для прыкрыцця войскаў у час іх адыходу або маршу ад фронту ў тыл. Ідзе следам за гал. сіламі. Задача ар’ергарду затрымаць наступаючыя сілы праціўніка, выйграць час, неабходны для адрыву гал. сіл, і забяспечыць ім планамерны адыход на новыя рубяжы. Склад. задачы і аддаленасць ар’ергарду ад гал. сіл залежыць ад памеру калоны і баявых абставін. Звычайна асн. сілы ар’ергарду ўзмацняюцца ці падтрымліваюцца інш. спец. падраздзяленнямі і авіяцыяй.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЕ́ЙКА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка. За 24 км на У ад г. Гарадок. Пл. 0,41 км², даўж. 1,01 км, найб. шыр. 0,75 км, найб. глыб. 2,9 м. Пл. вадазбору каля 24 км². Даўж. берагавой лініі 4 км. Берагі пясчаныя, зараслі хмызняком. Дно выслана сапрапелем, уздоўж берагоў пяском. Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя. Упадае ручай з воз. Плаў, сцёк у воз. Вымна. Гнездаванне рэдкай птушкі — гогаля звычайнага.

т. 1, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)