рэшткі стараж. ўмацаванага паселішча або горада. Найчасцей трохвугольная, прамавугольная ці круглая пляцоўка, зробленая з выкарыстаннем прыродных умацаванняў (рака, інш. вадаём, роў). Мае культурны пласт, дзе пры раскопках знаходзяць рэшткі жытлаў, майстэрняў, розныя рэчы. Узнікненне гарадзішча звязана з эпохай патрыярхату і пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам. Самыя стараж. гарадзішчы вядомы з эпохі неаліту, на Беларусі — з позняга бронзавага веку, найб. пашыраны ў раннім жал. веку (з 9—8 ст. да н.э.), пазнейшыя — да 17 ст.Тэрмін «гарадзішча» сустракаецца з 12 ст. ў «Аповесці мінулых гадоў». У раннім сярэднявеччы на месцы б. гарадзішча часта ўзнікалі гарады, замкі, сядзібы феадалаў. На Беларусі вядома каля 1 тыс. гарадзішчаў розных часоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРСУТЫ́ЗМ (ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),
мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) з вял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭМ, Грэхем (Graham) Томас (20.12.1805, г. Глазга, Вялікабрытанія — 11.9.1869), англійскі хімік, адзін з заснавальнікаў калоіднай хіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1836). Скончыў ун-т у Глазга (1826), дзе і працаваў з 1829 (з 1830 праф.). У 1837—55 у Лонданскім універсітэцкім каледжы, з 1854 дырэктар Манетнага двара. Навук. працы па даследаванні дыфузіі газаў і калоіднай хіміі. Устанавіў, што скорасць дыфузіі газу адваротна прапарцыянальная кораню квадратнаму з яго шчыльнасці (закон Грэма, 1829), а таксама наяўнасць унутр. трэння ў газах. Даказаў многаасноўнасць фосфарных кіслот (1833). Упершыню даследаваў золі (калоідныя сістэмы) і ўвёў тэрмін «калоід». Выявіў з’явы дыялізу і осмасу.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХКЛА́СНЫЯ ПАЧАТКО́ВЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,
пачатковыя школы павышанага тыпу ў Рас. імперыі. Існавалі з 1870-х г. да 1918. Адкрываліся ў вял. сёлах, на чыг. станцыях і ў некат. пав. гарадах. У Беларусі працавалі паводле Часовай інструкцыі Мін-ванар. асветы ад 4.6.1875. Тэрмін навучання 5—6 гадоў. Вучыліся пераважна дзеці сялян, гандляроў, саматужнікаў. Лепшыя вучні мелі права паступаць у настаўніцкія семінарыі, ніжэйшыя прафес.-тэхн. навуч. ўстановы. Вывучаліся Закон Божы, арыфметыка, рус. граматыка, асновы фізікі, геаметрыі, прыродазнаўства, гісторыі, чарчэння, дадаткова ўводзіліся гімнастыка, рамёствы, рукадзелле, садаводства, агародніцтва, паляводства, пчалярства. У 1914 у Віцебскай губ. дзейнічала 97, Гродзенскай — 197, Магілёўскай — 57, Мінскай — 68 Д.п.в. У 1918 пераўтвораны ў школы 1-й і 2-й ступеней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЦТВА,
тэндэнцыя ў рас. грамадска-паліт. думцы, светапогляд, заснаваны на прызнанні агульнасці Расіі і Зах. Еўропы як непадзельных частак адзінага культ.-гіст. цэлага. У навук. л-ры існуюць розныя пункты погляду на пастанне аб храналагічных рамках бытавання З., паколькі яго носьбіты вядомы ва ўсе гіст. эпохі са старажытнасці да нашых часоў. У.С.Салаўёў адносіў узнікненне З. да 18 ст. і вылучаў у яго развіцці тры гал. «фазісы»; «тэакратычны» (П.Я.Чаадаеў), «гуманітарны» (В.Р.Бялінскі і «людзі саракавых гадоў»), «натуралістычны» (М.Г.Чарнышэўскі і «людзі шасцідзесятых гадоў»). Больш вузкія рамкі бытавання З. прапанаваў А.А.Грыгор’еў — 1840—60-я г. Менавіта да прадстаўнікоў З. гэтага перыяду адносіцца ў вузкім сэнсе тэрмінЗаходнікі.
Літ.:
Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМО́ВЫЯ ПЕ́СНІ,
адзін з цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга. Распаўсюджаны ў народаў з часавай цыклізацыяй традыцыйнай песнятворчасці, у т. л. ў славян. На Беларусі ўключаюць абрадавыя, строга прымеркаваныя віншавальныя калядныя песні і шчадроўскія — «каляднае вяселле для ўсіх», «Жаніцьба Цярэшкі» і ўмоўна прымеркаваныя да зімы піліпаўскія песні і калядныя («ражстоўскія») гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). У нар. побыце тэрмін «З.п.» найчасцей ужываецца як сінонім піліпаўскіх. Яны арганічна спалучаюць прац. тэматыку (адсюль таксама назва «песні за кудзеляй») з сямейна-бытавой. Большасць з іх, асабліва з баладным сюжэтам («Да было ў бацькі да дзевяць сыноў»), апавядальнага характару. У паўн. раёнах Беларусі некат. з умоўна прымеркаваных З.п. — узоры працяжнага адзіночнага спеву («Ночы мае, ночушкі»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ ГРАМА́ДСТВА,
тып развітога грамадства, якое базіруецца на буйной машыннай вытв-сці, рэалізацыі дасягненняў навукі ў вытв. і інш. сферах дзейнасці, агульнанац. сістэмы гаспадаркі і развітым рынку. Тэрмін увёў А.Сен-Сімон. У распрацоўку тэорыі І.г. пэўны ўклад зрабілі сацыёлагі А.Конт, К.Маркс, Э.Дзюркгейм, М.Вебер, П.Сарокін. Найб. пашырэнне і папулярнасць канцэпцыя атрымала ў 1950—70-я г. (Ж.Фурасцье, Р.Арон, Д.Бел, У.Ростаў, Дж.Голбрэйт, Р.Дарэндорф, А.Тофлер і інш.). Характэрная асаблівасць сучаснага І.г. — перамяшчэнне насельніцтва з сельскай гаспадаркі і прам-сці ў сферу паслуг. У сацыяльна-паліт. сферы І.г. характарызуецца развіццём сістэмы грамадз. правоў, сац. партнёрства, узмацненнем значнасці заканадаўчага і рэальнага забеспячэння правоў чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах.ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш.Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),
падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл.Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],
рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам (1939).
Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр.неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.