пазбаўленая сэнсавага значэння мова, у якой адносіны паміж тым, што абазначае, і тым, што абазначаецца, або не існуюць, або ўстанаўліваюцца адвольна і кожны раз нанава. Трапляецца ў стараж. магічных тэкстах, фальклоры (заклінанні, дражнілкі), у штодзённай мове (у экспрэсіўнай функцыі).
У рус. футурыстаў (тэрмін «М.» прапанаваў В.Хлебнікаў) — эксперым.паэт. мова, якая будуецца на гукаперайманнях, адвольных гукаспалучэннях і алагічных словапераўтварэннях. У лінгвістаў і паэтаў, якія групаваліся вакол час. «ЛЕФ», праблема М. была звязана з дэклараваннем «лінгвістычнай тэхналогіі», свядомай «пераробкі» літ.мовы. Для футурыстаў М было своеасаблівай лабараторнай работай па выяўленні выразных магчымасцей слова. Пэўны водгук тэорыя футурыстаў знайшла ў бел. л-ры. У асобных творах 1920-х г. прагучала думка пра неабходнасць аднаўлення мовыбел. паэзіі з арыентацыяй на М. Тэрмін «М.» часта ўжываецца для абазначэння незмястоўнага эксперыментатарства. Мудрагелістасць выказвання можа быць сінонімам вобразнай ускладненасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭРМІ́НАЛАГІЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-даследчая ўстанова пры Наркамасветы Беларусі ў 1921—22. Створана паводле пастановы ЦВКБССР у лют. 1921 (зацверджана СНКБССР 10.2.1921) у складзе гуманітарнай (літ.-маст.), прыродазнаўчай і матэм. секцый. Старшыня С.М.Некрашэвіч; заг. гуманітарнай секцыі Я.Купала (люты—жн. 1921).
Займалася апрацоўкай і складаннем бел. тэрміналогіі. Адбылося каля 70 пасяджэнняў, распрацавана амаль 3 тыс. тэрмінаў па граматыцы, логіцы, алгебры, арыфметыцы, геаметрыі, заалогіі і інш. Тэрміны ў выглядзе спец. падборак друкаваліся ў час. «Вестник Народного комиссариата просвещения». Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой бел.мовы і ўтварала неалагізмы паводле правіл бел.мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рус., польск. і лац. моў. Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай бел. мове. Камісія падрыхтавала і выдала некалькі падручнікаў для пач. і сярэдніх школ. На яе базе 30.1.1922 засн.Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЕ СЛО́ВА»,
навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1988 у Мінску на бел. мове штомесячна. Да 1992 наз. «Беларуская мова і літаратура ў школе». Асвятляе пытанні літ., мовазнаўчай і культуралагічнай адукацыі ў сярэдняй школе і ВНУ. Змяшчае матэрыялы па гісторыі нац. культуры, пра сучасны літ. працэс, лінгвіст. праблемы, міжмоўныя сувязі, адметнасць бел.мовы. У раздзелах «Філалогія», «Методыка і вопыт», «На ростанях», «Калі закончыўся ўрок», «Культура Беларусі» і інш. адлюстроўвае шляхі развіцця нац. школы, пед. майстэрства бел. славеснікаў, дасягненні філал. навукі, узаемасувязь л-ры, мовы, выяўл. мастацтва, музыкі, т-ра і кіно, дзейнасць літ. музеяў і інш. Друкуе творчыя партрэты бел. мовазнаўцаў, літаратараў і дзеячаў культуры, архіўныя дакументы, звязаныя з іх дзейнасцю. Адзначае юбілеі дзеячаў культуры, публікуе паэт. і вакальныя творы, рэцэнзіі на філал., культуралагічныя і пед.-метадычныя выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАЛЕ́ЎСКІ (Аляксей Іванавіч) (7.1.1857, Масква — 24.5.1929),
рускі і ўкраінскі філолаг, мовазнавец-славіст, палеограф і педагог. Акад. Пецярбургскай АН (1900; чл.-кар. 1893). Скончыў Маскоўскі ун-т (1878). Праф. Кіеўскага і Пецярбургскага ун-таў. Даследаваў праблемы параўнальна-гіст., слав. і рус. мовазнаўства, стараж.слав. пісьменнасці і палеаграфіі. Адзін з заснавальнікаў гіст. дыялекталогіі рус., бел. і ўкр. моў. Аўтар прац «Лекцыі па гісторыі рускай мовы» (1888), «Спроба рускай дыялекталогіі. Гаворкі велікарускія і беларускія» (1897), «Матэрыялы і даследаванні ў галіне славянскай філалогіі і археалогіі» (1910) і інш. Пры вывучэнні гіст. граматыкі, фанетыкі і лексікалогіі рус.мовы шырока выкарыстоўваў матэрыялы старабел. і стараўкр. пісьмовых помнікаў і нар. гаворак. Даследаваў пытанні этнаграфіі, гісторыі стараж. мастацтва і фальклору. Выдаў «Велікарускія народныя песні» (т. 1—7, 1895—1902).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1978. Т. 3. С. 200—215.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМА́НТЫКА ЛАГІ́ЧНАЯ,
раздзел металогікі, які вывучае сэнс і значэнне выразаў мовы, а таксама інтэрпрэтацыю розных фармалізаваных моў. У апошнія гады больш даследуе натуральную мову. Як навука пачала афармляцца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Ч.Пірса, Г.Фрэге, Б.Расела, А.Тарскага і інш. У Сл. вылучаюць тэорыі рэферэнцыі і сэнсу. Тэорыя рэферэнцыі — аснова тэорыі доказу ў логіцы, якая вывучае дачыненне выразаў мовы да абазначаных аб’ектаў. Асн. катэгорыі: «імя», «абазначэнне», «ісціннасць», «мадэль», «выканальнасць», «інтэрпрэтацыя» і г.д. Тэорыя сэнсу даследуе дачыненне знака да зместу. Асн. катэгорыі: «сэнс», «сінанімія», «праўдзівасць аналітычная», «праўдзівасць лагічная» і інш. Сл. аналізуе прычыны парадоксаў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць пры семантычным аналізе. Яе метадалогія ўжываецца ў лінгвістыцы, семіётыцы, тэорыі і практыцы машыннага перакладу. Гл. таксама Семантыка ў мовазнаўстве.
Літ.:
Фреге Г. Логика и логическая семантика: Пер. с англ.М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛФАВІ́Т [ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)],
азбука, сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн. гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.
Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл.Японскае пісьмо), дэванагары (гл.Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіць арамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э.Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).
На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш.усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл.Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел.мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел.літ.мовы пасля ўтварэння БССР.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАЛО́ГІЯ (ад марфа... + ...логія) у мовазнаўстве 1) сістэма механізмаў мовы, якая забяспечвае пабудову і разуменне яе словаформ.
2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці функцыянавання і развіцця гэтай сістэмы. Цесна звязана з марфаналогіяй, словаўтварэннем, сінтаксісам. Адрозніваюць агульную (тэарэт.) М. і прыватную М. пэўнай мовы.
Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфемы, морфы. М. забяспечвае «памарфемнае» суаднясенне кампанентаў унутр. (змястоўнага) боку словаформы з кампанентамі яго знешняга (гукавога) боку. Яна накіравана на перадачу значэнняў менавіта службовымі элементамі (а не каранямі), што адрознівае яе ад лексікалогіі, у цэнтры ўвагі якой значэнні каранёў і цэлых слоў. М. вызначае марфалагічныя (граматычныя) асаблівасці цэлых класаў слоў (часцін мовы), незалежна ад іх прыватнага значэння. Кожная часціна мовы мае сваю сістэму граматычных значэнняў, катэгорый і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэння адносін паміж словамі ў словазлучэнні або сказе. Так, назоўнікам уласцівы значэнні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеней параўнання, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напр., назоўнікі «станок», «лес», «бярэзнік» пры розных лексічных (рэальных) значэннях маюць агульныя граматычныя значэнні м.р., адз. л., назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы «паедзем», «напішам» аб’ядноўваюцца граматычнымі значэннямі закончанага трывання, простага будучага часу. 1-й асобы мн. л. і інш. Граматычныя значэнні могуць быць выражаны сінтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэннем слоў). Напр., у назоўніку «вясна» значэнне ж.р., адз. л. і назоўнага склону выражана канчаткам «-а», у дзеяслове «гаворым» значэнне 1-й асобы мн. л. абвеснага ладу — канчаткам «-ым». Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэнні граматычнага значэння ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («больш далёкі», «самы далёкі». «найбольш далёка»), будучага часу, загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў («буду чытаць», «чытаў бы», «давайце чытаць»), Сродкамі выражэння марфал. значэння выступаюць таксама націск у слове («скалы́ — ска́лы»), чаргаванне асноў (суплетывізм, «чалавек — людзі») і інш.Марфал. змяненне слова не ўплывае на яго лексічнае значэнне.
Літ.:
Шуба П.П. Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн.. 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЛЕ́ННЕ,
канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл.Маналог) і дыялагічнае (гл.Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл.Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.
Літ.:
Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр.М., 1977;
Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;
Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМУХА (Васіль Сяргеевіч) (н. 18.1.1936, хутар Ясенец Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1959). Настаўнічаў, працаваў у Белдзяржвыдавецтве і выд-ве «Беларусь», у газ. «Літаратура і мастацтва», у 1972—97 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Перакладае з ням., польскай, лат., укр. і інш. моў. Пераклаў кн. прозы ням. аўтараў В.Брэдэля «Ад Эбра да Волгі» (1959), Л.Рэна «Вайна без бітвы» (1962), Г. дэ Бройна «Прысуджэнне прэміі» (1977), Г.Гофэ «Фінальны акорд» (1979, з М.Навіцкім), Г.Фалады «Даўным-даўно ў нас дома» (1981), Т.Мана «Доктар Фаустус» (1989, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992), Г.Гесэ «Гульня шкляных перлаў» (1992), Г.Грымельсгаўзена «Авантурнік Сімпліцысімус» (1997), кн. паэзіі І.В.Гётэ «Фауст» (1976), Р.М.Рыльке «Санеты Арфею» (1982), К.Маркса «Лірыка, 1836—1837» (1989), паэму Ф.Ніцшэ «Так сказаў Заратустра» (1994), з польскай мовы Ю.Тувіма «Польскія кветкі» (1984); з лат.мовыкн. лірыкі В.Бэлшэвіцы «Белы алень» (1985), драму Я.Райніса «Агонь і ноч» (1988); з ісп.мовызб. вершаў К.Шэрмана «Сны» (1989, з Р.Барадуліным), з рус.мовыкн. Ю.Лабынцава «Напой росою благодати...»: Малітоўная паэзія Кірылы Тураўскага» (1992). Пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, Ю.І.Крашэўскага, Ц.Норвіда, В.Борхерта, І.Бехера, Г.Гейне, Ф.Фюмана, Э.Штрыгматэра, В.Лаціса, А.Чака, А.Скалбе, І.Зіеданіса, М.Нага і інш. Выдаў зб. выбраных перакладаў «Прыйдзі, стваральны дух» (1986), пераклаў на бел. мову «Найвышэйшую песню Саламонаву» (1994), «Новы запавет. Псалтыр» (1995), «Біблію» (2002). Пераклаў для Нац.т-ра імя Я.Коласа драму Ф.Шылера «Марыя Сцюарт» (1968) і п’есу О’Ніла «Каханне пад вязамі» (1994), для Рэсп.т-рабел. драматургіі трагіфарс Б.Брэхта «Узлёт Артура Уі, які можна было спыніць» (1997), для Мінскага абл.драм.т-ра ў Маладзечне п’есу Т.Дорста «Гер Паўль» (1998).
Літ.:
Семяжон Я. Адкрыццё кантынента // Полымя. 1977. №8;
Караткевіч У. I наш «Фауст» // Маладосць. 1978. №5;
Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Крупкіна Г. Мастацкі космас гётэўскага «Фаўста» і яго перастварэнне па-беларуску // Роднае слова. 2000. №7—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́НДРАК ((Vondrák) Вацлаў) (22.9.1859, г. Дуб, Чэхія — 13.8.1925),
чэшскі філолаг-славіст. Праф. ун-та ў Брно. Даследаваў стараслав. мову, распрацоўваў пытанні паўд.-слав. палеаграфіі (вывучаў глаголіцу), займаўся параўнальным вывучэннем слав. моў. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—2, 1906—08), «Утварэнне сучаснай літаратурнай чэшскай мовы» (апубл. 1926).