ШПАКО́ВЫЯ (Sturnidae),

сямейства птушак атр. вераб’інападобных. Паводле розных сістэм класіфікацыі 24—36 родаў, 104—111 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Аўстраліі, акліматызаваны ў Паўн. Амерыцы, Новай Зеландыі, на некат. акіянічных астравах. Жывуць у лесастэпах, стэпах, пустынях, лясах і інш. На Беларусі 2 віды: шпак звычайны (Sturnus vulgaris) і залётны від шпак ружовы (Pastor roseus).

Даўж. цела 17—45 см, маса 50—150 г. Апярэнне ў большасці цёмнае, карычневае або чорнае з метал бляскам, у некат. яркае, чырв., сіняе і інш. Самцы буйнейшыя за самак. Крылы завостраныя ці закругленыя. Ногі моцныя. Дзюба прамая, радзей злёгку кручкаватая Нясуць 2—9 (часцей 4) яец. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі беспазваночнымі, ягадамі, насеннем і інш. Многія добра спяваюць, могуць пераймаць галасы інш. птушак і розныя гукі.

т. 17, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНО́Т-ПАЛАСКУ́Н, янот амерыканскі (Procyon lotor),

млекакормячая жывёла сям. янотавых атр. драпежных звяроў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Акліматызаваны ў Еўразіі. Жыве ў старых лясах з дуплістымі дрэвамі і вадаёмамі. На Беларусь завезены ў 1954, паспяхова акліматызаваўся.

Даўж. цела да 75 см, хваста да 25 см, маса да 8 кг. Поўсць доўгая, густая, мяккая, буравата-шэрая з чорным адценнем, на баках і бруху больш светлая; на хвасце чорна-бурыя кольцы. Тулава масіўнае, кароткае, галава шырокая з вострай мордай і чорнай «маскай». Добра плавае і лазіць па дрэвах. Упадае ў зімовы сон (адзіны выпадак у сям.). Нараджае 2—8 дзіцянят. Корміцца жывёльным і расл. кормам, які палошча ў вадзе (адсюль назва). Аб’ект промыслу і развядзення.

Янот-паласкун.

т. 18, кн. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides), мухамор зялёны, белы мухамор,

шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.

Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.

Бледная паганка.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІ́РЫ (Vampyrum),

род кажаноў сям. амер. лістаносаў. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы вампір несапраўдны, або вялікі (V. spectrum). Жыве ў дуплах дрэў па 5—6 асобін.

Даўж. цела вампіра вялікага 12,5—13,5 см, размах крылаў 70—75 см, маса 150—200 г. Спіна рыжавата-бурая, бруха святлейшае. Поўсць мяккая. Корміцца пладамі, насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Сапраўдныя крывасмокі — кажаны родаў вампіры звычайныя (Desmodus), вампіры белакрылыя (Diaemus) і вампіры махнаногія (Diphylla) сям. вампіравых. Жывуць у пячорах, дуплах дрэў, шахтах, будынках. Жывяцца крывёй птушак і млекакормячых жывёл, радзей чалавека. Вострымі зубамі пракусваюць самую тоўстую скуру і злізваюць кроў з раны. У сліне вампіраў ёсць анестэзійнае і антыкаагуляцыйнае рэчыва, таму раны ад укусаў не баляць і кроў не згусае. Адна асобіна за год выпівае да 7 л крыві. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шаленства.

Вампір вялікі.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМУ́ЧЫЯ ЗМЕ́І, грымучнікі,

змеі сямейства ямкагаловых. Вядомы 2 роды: карлікавыя грымучнікі (Sistrurus), у складзе якіх 3 віды, і сапраўдныя грымучнікі (Crotalus) — 28 відаў. Большасць насяляе трапічныя лясы, паўпустыні і пустыні Паўн. Амерыкі, 1 від — каскавела, або страшны грымучнік (Crotalus durissus), жыве ў Паўд. Амерыцы. Найб. вядомы грымучнік паласаты (Crotalus horridus).

Даўж. цела да 2,4 м. На галаве ямка з «тэрмічным вокам» для ўспрымання цеплавых інфрачырв. прамянёў, што дапамагае знаходзіць корм у цемнаце. Ядавітыя зубы на верхняй сківіцы. На канцы хваста бразготка з рагавых конусаў (відазмененая луска), ад трэння якіх пры ўзбуджэнні ўтвараюцца гукі (адсюль назва), чутныя на адлегласці да 30 м. Яйцажывародныя. Укусы грымучых змей смяротныя для дробных жывёл і небяспечныя для буйных жывёл і чалавека. Ад некаторых грымучых змей атрымліваюць яд.

Да арт. Грымучыя змеі. Грымучнік паласаты.

т. 5, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ФАЛА (Grifola),

род губавых базідыяльных грыбоў сям. албатрэлавых. Вядомы 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі 2 рэдкія віды: грыфала парасонавая, або губа разгалінаваная (G. umbellata), і грыфала кучаравая, або грыб-баран, занесеныя ў Чырв. кнігу. Паразіты. Растуць каля ствалоў дрэў, пнёў пераважна лісцевых парод, зрэдку на драўніне. Выклікаюць стрыжнёвую гніль асновы ствала і каранёвай часткі. Пладаносяць у канцы лета і восенню. Ядомыя, з добрымі смакавымі ўласцівасцямі.

У грыфале парасонавай пладовае цела дыям. да 50 см і масай да 4 кг. Складаецца са шматлікіх пянькоў з агульнай асновай. Шапкі суцэльнакрайнія, іншы раз хвалістыя, з невял. паглыбленнямі ў цэнтры, палевыя, светла-вохрыстыя, шэра-карычневыя, гладкія, зрэдку дробналускаватыя. Тканка белая, мясістая, з узростам валакністая, з характэрным кропавым пахам і прыемным смакам. Гіменафор трубчасты. Споры амаль цыліндрычныя ці верацёнападобныя.

Грыфала парасонавая.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЯ́ЎНІК (Sisymbrium),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 90 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, а таксама ў Паўд. Амерыцы (Анды) і Паўд. Афрыцы. На Беларусі ў якасці занесеных і пустазелля трапляюцца 7 відаў: гуляўнік амаль кап’ялісты (S. subhastatum), волжскі (S. wolgense), высокі (S. altissimum), зменлівы (S. polymorphum), Лёзеля (S. loeselii), лекавы (S. officinale) і ўсходні (S. orientale). Растуць на сметніках, каля дарог, на палях і агародах.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м, з галінастым сцяблом, голыя або апушаныя. Лісце простае, надрэзанае або перыстараздзельнае, зрэдку цэласнае. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), рэдка — белыя, сабраныя ў вузкія коласападобныя суквецці. Плод — стручок. Пустазелле; некат. віды — кармавыя, лек., харч. (салатныя), меданосныя, тэхн. (фарбавальныя, алейныя) і ядавітыя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гуляўнік лекавы.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІК, вепр,

вяпрук (Sus scrofa),

млекакормячае сям. свіных атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы; акліматызаваны ў Амерыцы. Жыве ў разнастайных мясцінах, на Беларусі — па ўсёй тэрыторыі (26—36 тыс. у 1990—95). Трымаецца невял. статкамі, старыя самцы (секачы) і самкі з парасятамі — паасобку. Адзін з родапачынальнікаў свойскіх свіней.

Даўж. да 2 м, маса да 300 кг. Афарбоўка ад светла-бурай або шэрай да амаль чорнай. Парасяты паласатыя. Цела ўкрыта пругкім, доўгім шчаціннем з падшэрсткам. Галава вялікая. клінападобна выцягнутая наперад. Вушы доўгія і шырокія, вочы маленькія, рыла доўгае з лычом. Верхнія і ніжнія іклы вял., у самцоў (6—10 см) загнутыя ўверх і ў бакі. Усёедны. Нараджае ў сярэднім 4—6 парасят, зрэдку да 12. Аб’ект промыслу.

Л.​В.​Кірыленка.

Дзік: 1 — самец; 2 — галава самкі; 3 — парася.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-ГАЛА́НДСКІЯ ВО́ЙНЫ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

выкліканы гандлёва-эканамічным і каланіяльным саперніцтвам Англіі і Галандыі. Вяліся ў асн. на моры. Першая англа-галандская вайна (1652—54) пачалася з-за прыняцця англ. парламентам Навігацыйнага акта 1651, накіраванага супраць галандскага пасрэдніцкага гандлю. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1654 Галандыя прызнала Навігацыйны акт. Другая англа-галандская вайна (1665—67) аб’яўлена Галандыяй у адказ на захоп (1664) англічанамі галандскай калоніі ў Паўн. Амерыцы — Новага Амстэрдама. Паводле Брэдскага міру 1667 Новы Амстэрдам перайшоў да Англіі, апошняя вярнула Галандыі захоплены ў час вайны Сурынам. У трэцяй англа-галанскай вайне (1672—74) на баку Англіі выступіла Францыя. Перамога Галандыі над англа-франц. флотам пры Тэкселе (1673) і інш. абставіны прымусілі Англію выйсці з вайны. Паводле Вестмінстэрскага мірнага дагавора 1674 заставаўся правамоцны Брэдскі трактат 1667.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗАМІ́Н (Impatiens),

род кветкавых раслін сям. бальзамінавых. Каля 400—750 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай Азіі і Афрыцы, нямногія — у Еўропе і Амерыцы. На Беларусі 4 віды: бальзамін звычайны (Impatiens noli-tangere) — мясцовы, расце ў сырых лясах, на забалочаных участках, уздоўж рэк і ручаёў; драбнакветкавы (Impatiens parviflora) — занесены, добра натуралізаваўся ў прыродных раслінных згуртаваннях; залозісты (Impatiens glandulifera) — здзічэлая расліна, натуралізуецца на сметніках; бальзамінавы, або садовы (Impatiens balsamina), вырошчваецца як кветкава-дэкар. і пакаёвая культура.

Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з валасніковістымі каранямі. Сцябло голае, галінастае, сакаўное, празрыстае. Лісце чаргаванае, простае, тонкае, без прылісткаў. Кветкі жоўтыя, чырвоныя, фіялетавыя і інш. колераў, зігаморфныя. Калякветнік двайны; чашачка з пялёсткападобнай шпоркай. Плод пераважна сакаўная шматнасенная падоўжаная каробачка (пры дакрананні лёгка раскрываецца і насенне з сілай раскідваецца). Лек., фарбавальныя і дэкар. расліны.

Бальзамін звычайны.

т. 2, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)