ПАЎЛО́ВІЧ (Іван Міхайлавіч) (7.3.1896, в. Старое Сяло Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую паграншколу НКУС (1928), Школу ўдасканалення камсаставу НКУС (1938). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, потым у пагранвойсках на Д.​Усходзе. У Вял. Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах, удзельнік Курскай бітвы 1943. Полк на чале з нам. камандзіра стралк. дывізіі палк. П. вызначыўся ў ноч 19.7.1944 на ПнЗ ад Брэста пры адбіцці масіраванай атакі больш за 60 фаш. танкаў; П. загінуў у гэтым баі.

І.М.Паўловіч.

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШКІН (Пётр Іванавіч) (14.8.1888, в. Малая Князеўка Калінінскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 3.4.1960),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Бакінскае мараходнае вучылішча (1908). З 1909 на Чарнаморскім і Каспійскім флатах. У 1-ю сусв. вайну на Чарнаморскім і Каспійскім флатах. Удзельнік лядовага паходу Балт. флоту (1918) з Гельсінгфорса ў Кранштат. З вясны 1919 на Зах. фронце. У жн.вер. 1919 нач. Прыпяцкай ваеннай флатыліі, удзельнік баёў за Тураў, Давыд-Гарадок, Петрыкаў. З кастр. 1919 у Дняпроўскай ваеннай флатыліі (Гомель). Пасля грамадз. вайны на Чарнаморскім флоце. У 1930—47 на адм. рабоце ў гандл. флоце СССР.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШЫНСКІЯ ДВА ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Каля в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Першы валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,5 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 7 м, аб’ём 6,8 м³, маса каля 18 т. Другі валун сярэднезярністага гнейсу з крышталямі палявога шпату і гранатаў альмандзінаў, зернямі кварцу. Даўж. 3,1 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,4 м, у абводзе 8 м, аб’ём 9 м³, маса каля 22 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы з драўніны, атрыманыя распілоўкай або фрэзераваннем бярвён уздоўж валокнаў; асн. прадукцыя лесапільнай вытворчасці.

Адрозніваюць П. радыяльнай, тангенцыяльнай і змешанай распілоўкі. П. з абпілаванымі кантамі наз. абразнымі, з неабпілаванымі — неабразнымі, апрацаваныя пасля пілавання (для згладжвання паверхні або фасоннай прафілёўкі) — струганымі. Бываюць агульнага прызначэння, спецыяльныя, экспартныя. Асн. віды П.: брусы, дошкі, брускі, абапалы, шпалы. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

Піламатэрыялы: 1—3 — брусы (2-, 3- і 4-кантовыя); 4—6 — брускі (чыста абразны, з тупым і вострым абзолам); 7—9 — дошкі (чыста абразная, неабразная і аднабакова абразная); 10 — абапал дашчаны; 11—12 — шпалы (неабразная і абразная).

т. 12, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЬКО́ (Яўген Канстанцінавіч) (н. 8.3.1948, в. Рамейкі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фармацэўтыкі. Д-р фармацэўтычных н. (1993), праф. (1994). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1970). З 1978 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры), з 1999 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па даследаванні стабільнасці лек. прэпаратаў і шляхах яе павелічэння.

Тв.:

Спектрально-оптический метод определения примесей в препаратах тетрациклина (разам з А.​С.​Прышчэпавым) // Журн. прикладной спектроскопии. 1999. Т. 66, № 5;

Оптические спектры водных растворов ассоциатов глутамин-триптофана (з ім жа) // Там жа. 2000. Т. 67, № 4.

т. 12, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙНТЫНГ ((Poynting) Джон Генры) (9.9.1852, Монтан, Вялікабрытанія — 30.3.1914),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Лонданскі (1872) і Кембрыджскі (1876) ун-ты. З 1876 у Манчэстэрскім ун-це, з 1878 у Кавендышскай лабараторыі, з 1880 у Бірмінгемскім ун-це (з 1890 праф.). Навук. працы па даследаванні эл. з’яў, пераносу энергіі, тэорыі выпрамянення. Увёў паняцце пра шчыльнасць патоку эл.-магн. энергіі (гл. Пойнтынга вектар), вызначыў шчыльнасць Зямлі (1891) і гравітацыйную пастаянную (1893). У 1903 выказаў ідэю аб тармажэнні сонечным святлом геліяцэнтрычнага руху касм. цел (гл. Пойнтынга—Робертсана з’ява).

Літ.:

Спасский Б.И. История физики. Ч. 2. 2 изд. М., 1977.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 1-й пал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.

Т.​В.​Габрусь.

Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСАВА́ННЕ,

1) тэхналагічны працэс апрацоўкі розных матэрыялаў ціскам з мэтай ушчыльнення, змены формы, аддзялення вадкай фазы ад цвёрдай, змены мех. і інш. уласцівасцей. П. атрымліваюць загатоўкі і вырабы з металаў, пластмас, драўняных матэрыялаў і інш. 2) Спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім метал выціскаецца з замкнёнай поласці кантэйнера праз канал матрыцы, форма і памеры якога вызначаюць сячэнне прасаванага профілю.

3) Спосаб атрымання вырабаў з пластмас і гумы ў прэс-формах, пры якім размякчаюць матэрыял награваннем і фіксуюць форму вырабу вытрымкай пад ціскам.

4) Разгладжванне бялізны, адзення, тканін і інш. прасам. Для П. карысталіся духавымі, наплітнымі, пазней эл. прасамі.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАХАРЭ́НКА (Уладзімір Аляксандравіч) (16.7.1938, с. Шадрына Казульскага р-на Краснаярскага краю, Расія — 5.2.1992),

бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1979), праф. (1980). Скончыў Артыл. радыётэхн. акадэмію ў Харкаве (1960). З 1963 у Мінскім вышэйшым ваенным інж. вучылішчы (з 1976 нач. кафедры). Навук. працы па тэарэт. асновах кіравання надзейнасцю і якасцю складаных радыётэхн. сістэм, распрацоўцы фізіка-стат. мадэлей парушэння ў работаздольнасці элементаў электроннай тэхнікі.

Тв.:

Учет априорной информации при оценке надежности. Мн., 1979 (разам з У.​Ф.​Голікавым);

Обеспечение безотказности микроэлектронной радиоаппаратуры на этапе производства. Мн., 1989 (разам з І.​Я.​Ліцвінскім, А.​М.​Смірновым).

т. 13, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗБА,

насып уздоўж ніжняй часткі зруба вясковай хаты для засцярогі яго ад вільгаці і для ўцяплення памяшкання. Найб. простая П. — прысыпка зямлёй ці пяском 2 ніжніх вянкоў (гарыз. радоў бярвён). Больш дасканалая і пашыраная П. з калкоў, убітых у зямлю на адлегласці 35—40 см ад сцяны і пераплеценых лазой або бярозавымі пруткамі, ці з укапаных слупкоў, за якія закладвалі тонкае бярвенне, дошкі, гарбылі. Вядомы П. і з укапаных слупоў з пазамі, у якія закладвалі бярвенне, дылі. П. былі невысокія, зрэдку іх насыпалі да акна. У наш час будынкі ставяцца на фундаменце і П. не робяцца.

С.​А.​Сергачоў.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)