МЯНШУ́ТКІН (Мікалай Аляксандравіч) (24.10.1842, С.-Пецярбург — 5.2.1907),

рускі хімік. Скончыў Пецярб. ун-т (1862), дзе і працаваў з 1865 (з 1869 праф.), з 1902 у Пецярб. політэхн. ін-це. Навук. працы па кінетыцы арган. рэакцый. Даследаванні М. па ўплыве прыроды растваральніка і будовы малекул рэагентаў на скорасць хім. пераўтварэнняў (1887—90) ляглі ў аснову класічнай кінетыкі хімічнай. Адкрыў рэакцыю алкіліравання трацічных амінаў алкілгалагенідамі з утварэннем амоніевых солей (рэакцыя М.; 1890). Аўтар падручніка «Аналітычная хімія» (1871; 16-е выд. 1931).

Літ.:

Старосельский П.И., Соловьев Ю.И. Н.​А.​Меншуткин, 1842—1907. М., 1969.

М.А.Мяншуткін.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЖА́НАЎ (Віктар Карпавіч) (н. 15.8.1919, г. Тамбоў, Расія),

расійскі піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). Вучань С.​Фейнберга (фп.) і А.Гедыке (арган). З 1946 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1947 выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1964 праф., з 1985 заг. кафедры), у 1973—78 адначасова праф. Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Выступае як саліст і ансамбліст. Вядзе курсы фп. майстэрства. Аўтар артыкулаў па муз. педагогіцы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў у Маскве (1945), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна ў Варшаве (1949). Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСНІКО́Ў (Віктар Мікалаевіч) (н. 3.9.1948, г. Чыстапаль, Татарстан, Расія),

бел. спартсмен і трэнер (лёгкая атлетыка, бар’ерны бег). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1972). Засл. трэнер Беларусі (1991). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1973). З 1973 на трэнерскай рабоце. Чэмпіён Еўропы ў закрытым памяшканні (1976, г. Мюнхен, Германія), сярэбраны прызёр зімовага чэмпіянату Еўропы (1977, г. Сан-Себасцьян, Іспанія) у бегу на 60 м з бар’ерамі. Чэмпіён СССР у бегу на 60 м з бар’ерамі ў закрытым памяшканні (1972, 1974, 1975, 1976, 1980), у бегу на 110 м з бар’ерамі (1972, 1974, 1975, 1976).

т. 11, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШКО́Ў (Уладзімір Валянцінавіч) (н. 16.5.1948, Масква),

бел. вучоны ў галіне трыбаматэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Калінінскі політэхн. ін-т (1971). З 1976 у Бел. ун-це транспарту (з 1989 заг. аддзела, з 1995 праф.). Навук. працы па тэхналогіі атрымання і саставу гібрыдных палімерных кампазітаў, мадэліраванні напружанага стану і цеплавога поля дэталей пры звышхуткасным слізганні. Прапанаваў тэарэт. апісанне зоны найб. напружанняў і дэфармацый метадамі канечных элементаў і канечных рознасцей; растлумачыў механізм біяхім. сінтэзу палімерных злучэнняў у паверхневых слаях валокнаў поліамідаў.

Тв.:

Триботехника электрических контактов. Мн., 1985 (разам з В.​В.​Кончыцам, М.​К.​Мышкіным).

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІГАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

сетка наземных радыёстанцый, навігацыйных ШСЗ з камандна-вымяральным комплексам і падводных гідраакустычных станцый, па сігналах якіх з дапамогай бартавых сродкаў навігацыі вызначаюць каардынаты месцазнаходжання караблёў, самалётаў і інш. рухомых аб’ектаў. Кожная Н.с. ўключае таксама бартавыя навігацыйныя комплексы, а пры іх адсутнасці — навігацыйныя прылады, якія дазваляюць з высокай дакладнасцю і надзейнасцю вызначаць папраўкі да злічоных каардынат месца і курсу. Існуюць астранавігацыйныя сістэмы (гл. Астранамічная навігацыя), інерцыяльныя (засн. на вызначэнні паскарэнняў аб’екта з дапамогай акселерометраў і па гэтых даных — месцазнаходжання, курсу, скорасці і інш. параметраў), касмічныя (гл. Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы), радыёнавігацыйныя сістэмы.

С.​А.​Гаршкоў, П.​М.​Шумскі.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУМАВЕ́Ц (Антон Рыгоравіч) (н. 2.1.1936, в. Рудка Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

украінскі фізік. Акад. Нац. АН Украіны (1997). Засл. дз. нав. і тэхн. Украіны (1995). Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). З 1957 у Ін-це фізікі, з 1998 акадэмік-сакратар аддз. фізікі і астраноміі Нац. АН Украіны. Адначасова праф. Кіеўскага ун-та. Навук. працы ў галіне фізікі паверхні цвёрдых цел і фіз. электронікі. Даследаваў з’явы ў звыштонкіх плёнках з таўшчынёй у 1 атамны слой. Дзярж. прэміі СССР 1988 і Украіны 1997.

Тв.:

Двумерные кристаллы. Киев, 1988 (разам з І.​Ф.​Люксютавым, В.​Л.​Пакроўскім).

М.​П.​Савік.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МАЎ (Аляксей Аляксандравіч) (27.1.1916, С.-Пецярбург — 1985),

расійскі фізік, адзін са стваральнікаў першых паскаральнікаў на сустрэчных пучках (калайдэраў). Чл.-кар. АН СССР (1964). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1942). З 1945 у Ін-це атамнай энергіі, з 1959 у Ін-це ядз. фізікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1966 у Ін-це фізікі высокіх энергій. Навук. працы па радыёлакацыйных сістэмах і тэхніцы паскаральнікаў элементарных часціц. Распрацаваў і пабудаваў разам з Г.І.Бубкерам першыя ў СССР калайдэры, кіраваў запускам і наладкай пратоннага паскаральніка на 70 ГэВ (г. Серпухаў). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэмія СССР 1953.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГАВІ́ЦЫ, штаны, порткі,

адна з асн. частак традыц. мужчынскага адзення беларусаў. Шылі з аднатоннага ці шарачковага палатна, са зрэбнай або паўсуконнай тканіны, зімовыя — з цёмнага сукна (суконнікі). Вузкія калошы злучалі ў верхняй частцы ромбападобнай устаўкай; зашпіляліся спераду. Былі каўняровыя на поясе, якія зашпільваліся на калодачку-біргельку ці гузік і бескаўняровыя на матузку. Калошы ўнізе спадалі свабодна або абкручваліся анучамі і аборамі для лапцей. Кашулю насілі паверх Н. У канцы 19 ст. белыя палатняныя Н. сталі сподняй адзежынай. У пач. 20 ст. выйшлі з ўжытку.

М.​Ф.​Раманюк.

Селянін у нагавіцах. Піншчына. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГІБА́РАЎ (Вілен Раманавіч) (9.1.1935, пас. Рашкава, Малдова — 9.10.1977),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1971), праф. (1972). Скончыў Казанскі ун-т (1959). З 1976 у Ін-це фізікі цвёрдага цела АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па квантавай оптыцы і квантавай акустыцы, фізіцы цвёрдага цела. Прадказаў з’яву фатоннага эха (разам з У.​Х.​Копвілемам; 1962), якую ў 1964 эксперыментальна назіралі амер. фізікі.

Тв.:

Световое эхо на парамагнитных кристаллах (разам з У.​Х.​Копвілемам) // Физика металлов и металловедение. 1963. Т. 15, № 2;

Сверхбезызлучательное состояние вещества (з ім жа) // Физика твердого тела. 1967. Т. 9, вып. 5.

т. 11, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕ́ДКІН Аляксей Аляксеевіч [6.2.1897, в. Маурына Растоўскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія (па інш. звестках Масква) — 26.1.1940], дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў НКУС і арганізатараў паліт. рэпрэсій у СССР, у т. л. ў Беларусі. Скончыў Ін-т чырв. прафесуры. З 1913 працаваў электраманцёрам. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве, грамадз. вайны, задушэння сял. выступленняў на Тамбоўшчыне, т.зв. антонаўскага мяцяжу. З 1927 у органах дзяржбяспекі. У 1937—38 нач. УНКУС СССР па Смаленскай вобл. З мая 1937 нарком унутр. спраў БССР; працягваў шырокамаштабныя рэпрэсіі, якія вёў яго папярэднік Б.Д.Берман. 16.12.1938 арыштаваны, 25.1.1940 асуджаны да пакарання смерцю. Не рэабілітаваны.

т. 11, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)