БІМЕТА́Л [ад бі... + метал(ы)],

матэрыял з двух трывала злучаных слаёў розных металаў ці сплаваў. Найб. пашыраны біметал са сталі з меддзю, нікелем, іх сплавамі і алюмініем. Вырабляюць адначасовай пракаткай ці прасаваннем двух металаў, заліўкай легкаплаўкага металу па тугаплаўкім ці апусканнем вырабу з тугаплаўкага металу ў расплаў лёгкага, гальванічным спосабам, наплаўкай метадам эл. ці плазмавага нагрэву, зваркай выбухам. Выкарыстоўваюць для павелічэння трываласці, гарачаўстойлівасці канструкцый, зніжэння іх масы, як спец. матэрыялы ў машынабудаванні, электра-, радыё- і цеплатэхніцы.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ КЛІ́МАТ,

кліматычныя асаблівасці горных мясцовасцей. Залежаць ад вышыні над узроўнем мора і рэзкай кантрастнасці прыродных умоў на невял. прасторы. Адрозніваюць горны клімат на вышыні да 2—3 км і высакагорны клімат. Агульныя асаблівасці горнага клімату: паніжаны атм. ціск, павышаная інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі, у т. л. ультрафіялетавых прамянёў, чысціня паветра (па-за межамі горных катлавін), паніжаныя т-ра і абсалютная вільготнасць паветра, павелічэнне з вышынёй (да пэўнай мяжы) колькасці ападкаў, наяўнасць горна-далінных вятроў.

т. 5, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЫН (Генадзь Сцяпанавіч) (н. 7.9.1938, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне трактарабудавання і механізацыі сельскай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1987), праф. (1990). Скончыў БПІ (1961). У 1964—84 у Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, з 1988 у Бел. агр. тэхн. ун-це. Навук. працы па абгрунтаванні цягаваэнергет. параметраў мабільных энергет. сродкаў для с.-г. вытворчасці.

Тв.:

Перспективные мобильные энергетические средства (МЭС) для сельскохозяйственного производства. Мн., 1982 (у сааўт.).

т. 5, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАРАТА́Ж,

метад геафіз. даследаванняў у буравых свідравінах, заснаваны на вымярэнні паскарэння сілы цяжару. Выкарыстоўваецца для вывучэння саставу горных парод і карысных выкапняў, вызначэння размяшчэння рудных цел і шчыльнасці горных парод, ціску і інш. Выконваецца з дапамогай спец. гравіметраў, якія апускаюць у свідравіны. Неабходныя звесткі аўтаматычна перадаюцца ў наземны пункт кіравання і рэгістрацыі праз інтэрвалы 50—70 м. Па выніках вымярэння будуюцца графікі змены паскарэння сілы цяжару, верт. градыента сілы цяжару і інш.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры 18 ст. Пабудаваны ў Гродне, мае рысы стыляў барока і класіцызму. Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы. Двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак з вальмавым дахам. Гал. фасад аздоблены лапаткамі, філёнгамі і нішамі, па баках раскрапаваны плоскімі рызалітамі. Больш нізкі 2-і паверх аддзелены карнізным поясам і багата дэкарыраваны. Архітэктурная выразнасць дасягаецца рэгулярным рытмам прамавугольных аконных праёмаў. Першапачатковая планіроўка і аздабленне інтэр’ераў парушаны.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі дом віцэ-адміністратара.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў Гродне ў 1951. Рыхтуе аграномаў і заатэхнікаў розных спецыялізацый. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: агранамічны, зоаінжынерны, аховы раслін, завочны, павышэння кваліфікацыі; падрыхтоўчае аддзяленне. З мэтай укаранення сістэмы бесперапыннай адукацыі праводзіць прыём выпускнікоў с.-г. тэхнікумаў на 3-і курс ін-та. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1991. Мае н.-д. лабараторыю, б-ку. Выдае зборнікі навук. прац, рэкамендацыі па арг-цыі і тэхналогіі с.-г. вытв-сці.

т. 5, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОЎ ((Grove) Джорж) (13.8.1820, Лондан — 28.5.1900),

англійскі муз. дзеяч, крытык. Па прафесіі інжынер. З 1850 сакратар Т-ва мастацтваў, з 1852 сакратар, з 1873 чл. дырэкцыі Хрустальнага палаца ў Лондане (пісаў анатацыі да канцэртаў у 1856—96). У 1882—94 першы дырэктар Каралеўскага муз. каледжа. Вядомы як складальнік вял. энцыклапедычнага «Слоўніка музыкі і музыкантаў» (т. 1—4, з дадатковым, 1879—89, шмат разоў перавыдаваўся). Аўтар кн. «Бетховен і яго дзевяць сімфоній» (1896).

І.​Дз.​Назіна.

т. 5, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́НЧЫК (Мікалай Мікалаевіч) (н. 15.2.1950, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне малекулярнай фізікі і цеплафізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Сын М.Грынчыка. Скончыў БДУ (1972). З 1972 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па працэсах пераносу ў сітаватых асяроддзях, электралітах і мембранах з улікам фізікі паверхневых з’яў.

Тв.:

Процессы переноса в пористых средах, электролитах и мембранах. Мн., 1991.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫШКЕ́ВІЧ (Аркадзь Іванавіч) (н. 15.4.1925, Мінск),

бел. вучоны ў галіне аўтамабілебудавання. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1979). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982). Скончыў Акадэмію бранятанкавых і механізаваных войск Сав. Арміі (1951). З 1971 у БПА. Навук. працы па метадах праектавання аўтамабіляў і іх сістэм, аўтаматызацыі працэсаў кіравання аўтамабілем. Распрацаваў аўтаматызаваныя сістэмы кіравання сілавымі агрэгатамі аўтамабіля, метады паскораных выпрабаванняў аўтамабіляў.

Тв.:

Проектирование трансмиссий автомобилей. М., 1984 (у сааўт.);

Автомобили: Теория. Мн., 1986.

т. 5, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ГА ((Hugo) Густаў) (1764—1844),

нямецкі юрыст, заснавальнік гістарычнай школы права. Праф. Гётынгенскага ун-та. Аўтар шэрагу навук. прац па праве. Першы абвясціў ідэю самабытнага развіцця права і супастаўляў яго з развіццём мовы і нораваў народа. Задачай права лічыў зацвярджэнне пэўнага і трывалага парадку ў краіне, абараняў непарушнасць усякага станоўчага права. Гал. довадам захавання права лічыў тое, што яно ўжо існуе і што «людзі да яго прывыклі». Сваё вучэнне называў філасофіяй станоўчага права.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)