БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ (Алег Міхайлавіч) (н. 29.8.1925, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія),

расійскі вучоны ў галіне механікі. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1972). Скончыў Маскоўскі ун-т (1952). Працаваў ва ўстановах АН СССР. З 1955 у Маскоўскім фіз.-тэхн. ін-це (з 1962 рэктар). Навук. працы па тэарэт. і прыкладной аэрадынаміцы, вылічальнай матэматыцы. Распрацаваў шэраг прынцыпова новых лікавых метадаў для прамога мадэлявання складаных нестацыянарных з’яў у галіне прыкладной і тэхн. механікі. Ленінская прэмія 1966.

А.М.Белацаркоўскі.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ АРДА́, Ак-Арда,

удзел (улус) у складзе Залатой Арды ў 13—14 ст. На думку некаторых гісторыкаў, уключала Ніжняе Паволжа, Паўн. Каўказ, Паўн. Прычарнамор’е, стэпы Казахстана (улус хана Шыбана), інш. лічаць, што Белая Арда займала землі па ніжнім цячэнні Сырдар’і і належала нашчадку хана Арды. У 15 ст. на тэр. Белай Арды з’явіліся новыя дзярж. ўтварэнні: Нагайская Арда, узб. і каз. ханствы.

Літ.:

Гумилев Л.Н. Древняя Русь и Великая степь. М., 1992.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛПРАЕКТСТАЛЬКАНСТРУ́КЦЫЯ, Беларускі інстытут па праектаванні будаўнічых металічных канструкцый Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1963 як Мінскі аддзел Маскоўскага ін-та «Праектстальканструкцыя». З крас. 1990 арэнднае прадпрыемства «Белпраектстальканструкцыя». Асн. кірункі работы: распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі металаканструкцый будынкаў вытворчага, с.-г. і грамадз. прызначэння, розных інж. збудаванняў (галерэй, градзірняў, мачтаў, вежаў, бункерных эстакад, рэзервуараў і інш.); дакументацыі металаканструкцый на рэканструкцыю дзеючых вытворчасцяў; абследаванне металаканструкцый будынкаў і збудаванняў для далейшай іх эксплуатацыі і інш.

т. 3, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ДОМ (White House),

афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША у Вашынгтоне (з 1800). 132-пакаёвы будынак у неакласічным стылі ўзведзены ў 1793—1801 па праекце архітэктараў Дж.​Хобана і Б.​Латраба. У 1814 спалены брыт. войскамі. Рэканструяваны ў 1814—29. З 1814 пастаянна фарбуецца ў белы колер (адсюль назва, уведзеная прэзідэнтам Т.​Рузвельтам і зацверджаная рашэннем Кангрэса ў 1902). Пашыраныя рэстаўрацыйныя работы праведзены ў 1948—52. У пераносным сэнсе «Белы дом» — урад ЗША.

Белы дом.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРГ (Аксель Іванавіч) (10.11.1893, г. Арэнбург, Расія — 9.7.1979),

савецкі вучоны ў галіне радыётэхнікі. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1943), адмірал-інжынер (1955). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Марскі корпус (1914), Ваенна-марскую акадэмію ў Ленінградзе (1925). У 1924—43 на пед. і навук. рабоце, з 1959 у АН СССР. Навук. працы па радыётэхніцы, кібернетыцы. Залаты медаль АН СССР імя Папова 1951.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2 М.; Л., 1964.

А.І.Берг.

т. 3, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРДЫГА́Н (Казімір Іосіфавіч) (21.12.1894, в. Паноры Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.9-1972),

бел. стаматолаг. Д-р мед. н. (1958), праф. (1959). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1926). З 1958 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па лячэнні актынамікозу, вострых запаленняў сківічна-тварнай вобласці і пластычнай хірургіі твару.

Тв.:

Актимикоз лица, челюстей и шеи и современные методы его лечения. Мн., 1955;

Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЁНДА ((Biondo) Флавіо) (1392, г. Фарлі, Італія — 4.6.1463),

італьянскі гуманіст, гісторык. Упершыню вылучыў сярэднія вякі як асобны перыяд гісторыі. У сваёй гал. працы «Тры дэкады гісторыі ад падзення Рымскай імперыі» выклаў у храналагічным парадку гісторыю сярэдневяковай Еўропы (1412—1440). Адзін з першых імкнуўся выпрацаваць крытэрыі дакладнасці гіст. крыніц, увёў дэскрыптыўна-факталагічны падыход да гістарыяграфіі. Працы «Адноўлены Рым» (1444—46), «Апісанне Італіі па раёнах і правінцыях» (1453) заклалі асновы гіст. геаграфіі і гіст. тапаграфіі.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁРНЕТ ((Burnet) Фрэнк Макфарлейн) (3.9.1899, г. Траралган, Аўстралія — 31.8.1985),

аўстралійскі вірусолаг і імунолаг. Чл. Аўстралійскай АН. Скончыў Мельбурнскі ун-т (1923). З 1924 у Ін-це мед. даследаванняў у Мельбурне (у 1944—65 дырэктар), адначасова ў 1944—65 праф. Мельбурнскага ун-та. Прэзідэнт Аўстралійскай АН (1965). Апісаў узбуджальніка ку-ліхаманкі. Навук. працы па экалогіі вірусаў, механізмах аўтаімунных хвароб. Адзін з аўтараў т.зв. кланальна-селекцыйнай тэорыі імунітэту. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з П.Б.Медаварам).

Ф.Бёрнет.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ФУНДАМЕНТА́ЛЬНАЯ БДУ́.

Засн. ў 1921 у Мінску. У Вял. Айч. вайну знішчана. Аднаўленне фонду пачалося ў 1943. На 1.1.1995 ён складаў больш за 2100 тыс. экз. Зберагаюцца асобныя выданні 18—19 ст., класікаў замежнай л-ры, кнігі па гісторыі і этнаграфіі Беларусі, дысертацыі, абароненыя ў БДУ. Абменьваецца навук. выданнямі з замежнымі краінамі. Метадычны цэнтр б-к ВНУ Беларусі. Пры б-цы працуюць 4 факультэцкія і 49 б-к пры кабінетах і кафедрах.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГО́САВА,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Росіца. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс. За 18 км на ПнЗ ад г. Верхнядзвінск, 193 км ад Віцебска. 2126 ж., 858 двароў (1995). Завод акц. т-ва «Інвет» па выпуску вет. інструменту. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. За 2,5 км ад Бігосава зоаветэрынарны тэхнікум. Чыг. вакзал (1924—26) — помнік архітэктуры стылю «мадэрн».

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)