ЛАЗА́НКІ,

у беларусаў даўняя мучная страва. Крута замешанае цеста з пшанічнай, жытняй або грэцкай мукі тонка раскачвалі, рэзалі на кавалкі (квадраты, трохвугольнікі), варылі, адцэджвалі, залівалі салам, алеем з цыбуляй ці смятанай, у пост — цёртым макам, тоўчаным семем, размятымі ягадамі. Шырока вядомы ў Браслаўскім р-не Віцебскай, Мядзельскім р-не Мінскай, Ваўкавыскім р-не Гродзенскай абласцей, часткова на Магілёўшчыне, Цэнтр. і Усх. Палессі. У некаторых раёнах зах. і цэнтр. частках Беларусі, на Магілёўшчыне Л. пяклі з пшанічнай мукі («праснаком») у форме «кантовых» кавалачкаў (іх называлі ламанцамі). Елі з цёртым макам, семем, звычайна на посную куццю.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНО́ВІЧ (Сяргей Іванавіч) (н. 28.3. 1938, в. Мітрапольшчына Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне клінічнай хірургіі. Д-р мед. н. (1995), праф. (1997). Засл. ўрач Беларусі (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966), з 1979 працуе ў ім (з 1992 заг. кафедры). Навук. працы па клініцы, дыягностыцы і лячэнні вострага і хранічнага панкрэатыту і перытаніту, хірург. лячэнні захворванняў вілачкавай залозы, лячэнні цукровага дыябету.

Тв.:

Клиническая хирургия. Мн., 1998 (разам з М.​І.​Батвінковым, М.​М.​Іаскевічам);

Основы практической хирургии. Мн., 1998 (разам з Р.​В.​Максіменем, Г.​Р.​Максіменя).

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БІ ((Libby) Уілард Фрэнк) (17.12.1908, г. Гранд-Валі, штат Каларада, ЗША — 9.9.1980),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1931), дзе і працаваў. З 1940 у Калумбійскім ун-це (з 1943 праф.), з 1945 у Ін-це ядз. даследаванняў (г. Чыкага), з 1959 у Каліфарнійскім ун-це (г. Лос-Анджэлес), у 196276 дырэктар Ін-та геафізікі і фізікі планет. Асн. навук. працы па радыяхіміі, ядз. хіміі, касмахіміі. Удзельнічаў у распрацоўцы газадыфузійнага спосабу абагачэння прыроднага урану ізатопам ​235U. Распрацаваў метад радыевугляроднага датавання (вызначэння ўзросту) у археалогіі, геалогіі, геафізіцы (1947). Нобелеўская прэмія 1960.

У.Лібі.

т. 9, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁЗНАВА (Таццяна Міхайлаўна) (н. 20.7.1924, Масква),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1949), з 1962 выкладала ў ім. У 1975—80 кіраўнік (з Л.​Куліджанавым) рэжысёрска-акцёрскай майстэрні. З 1949 на кінастудыі імя Горкага ў Маскве. Творчасць вылучаецца ўменнем перадаваць псіхал. клімат часу, гібкасцю і разнастайнасцю маст. прыёмаў. Паставіла кінафільмы «Памяць сэрца» (1958), «Еўдакія» (1961), «Ім скараецца неба» (1963), «З ранку» (1966), «Тры таполі на Плюшчысе» (1968); тэлефільмы «Семнаццаць імгненняў вясны» (паводле Ю.​Сямёнава, 12 серый, 1973), «Мы, што ніжэй падпісаліся» (паводле А.​Гельмана, 1980); муз. фільм «Карнавал» (1982). Дзярж. прэмія Расіі 1976.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІН (Дзмітрый Рыгоравіч) (н. 7.3.1945, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне механікі палімераў. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1992). Скончыў Гомельскі ун-т (1969), дзе і працуе з 1978 (з 1997 прарэктар). Навук. працы па ўзаемадзеянні палімераў з металамі, кіраванні адгезійнай трываласцю і стабільнасцю палімераў. Устанавіў з’яву пераносу металаў пры акісляльна-вулканізацыйных ператварэннях палімераў, распрацаваў новыя метады атрымання маш.-буд. матэрыялаў на аснове тэрмапластаў і эластамераў.

Тв.:

Математические методы решения физических задач. Мн., 1991 (у сааўт.);

Окисление и вулканизация каучуков и резин в контакте с металлами. Гомель, 1996 (разам з І.​М.​Елісеевай).

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬКО́Ў (Рыгор Мацвеевіч) (14.2.1899, с. Васільеўка Акцябрскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 17.12.1961),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў ваен. эл.-тэхн. акадэмію (1938). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 камандзір дыверсійна-разведвальнага партыз. атрада, які ў 1941—42 зрабіў 600-кіламетровы рэйд па тылах праціўніка ў паўд. раёнах Беларусі. З мая 1943 камандзір дыверсійна-разведвальнай групы, што дзейнічала ў раёне Брэст—Баранавічы—Ваўкавыск, потым на тэр. Польшчы і Чэхаславакіі. Аўтар кн. «Вайна ў тыле ворага» (1959).

Р.М.Лінькоў.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПМАН ((Lipmann) Фрыц Альберт) (12.6.1899, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 24.7.1986),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950) і Лонданскага каралеўскага т-ва (1962). Скончыў Берлінскі ун-т (1924). З 1939 у Корнелскім, з 1941 у Гарвардскім ун-тах, адначасова ў 1949—57 у Масачусецкім шпіталі, з 1957 у Ракфелераўскім ін-це (ЗША). Навук. працы па абмене рэчываў у клетцы, біясінтэзе бялкоў, актывацыі сульфгідрыльных груп. Вылучыў і даследаваў кафермент А, устанавіў ролю АТФ як універсальнага пераносчыка энергіі, стварыў тэорыю назапашвання і выкарыстання энергіі ў біяхім. працэсах. Нобелеўская прэмія 1953 (разам з Х.А.Крэбсам).

Ф.Ліпман.

т. 9, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СЮЧЭ́Н (1823—7.8.1864),

адзін з кіраўнікоў Тайпінскага паўстання 1850—64 у Кітаі. Далучыўся да тайпінаў у 1851, з 1859 адзін з іх кіраўнікоў. У 1858 нанёс паражэнне (сумесна з Чэнь Юйчэнам) урадавым войскам у раёне Саньхэ, у 1860 адбіў іх наступ на сталіцу тайпінаў г. Нанкін. Двойчы (1860, 1862) беспаспяхова спрабаваў авалодаць г. Шанхай. У 1863—64 кіраваў абаронай Нанкіна, пасля падзення якога (ліп. 1864) узяты ў палон і пакараны смерцю. У турме напісаў «Сведчанні», якія з’яўляюцца важнейшай крыніцай па гісторыі тайпінскага паўстання.

Тв.:

Показания Ли Сю-чэна // Тайпинское восстание 1850—1864 гг.: Сб. док. М., 1960.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕДЧЫ І КАНСТРУ́КТАРСКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т, навукова-вытворчае прадпрыемства «Інстытут БелНДІліц». Засн. 7.1.1957 у Мінску як філіял НДІ тэхналогіі аўтапрама (Масква). З 11.5.1978 Навукова-даследчы і канструктарска-тэхнал. ін-т ліцейнай вытв-сці аўтапрама, з 31.3.1993 БелНДІліц, з 4.2.1997 сучасная назва. Вядучая ў СНД н.-д. ўстанова па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій і абсталявання для ліцейнай вытв-сці. Асн. кірункі дзейнасці: даследаванне, распрацоўка і ўкараненне матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання для вытв-сці ліцейных форм, стрыжняў, адлівак з каляровых і чорных сплаваў, фінішная апрацоўка літых загатовак, праектаванне і выраб аснасткі і інш.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́Е ВО́ЗЕРА,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Усыса, на паўд.-зах. ускраіне г. Гарадок. Пл. 0,4 км², даўж. каля 1,2 км, найб. шыр. 550 м, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 224 км². Схілы катлавіны выш. 10—14 м, месцамі да 20 м, на З і Пд пад хваёвым лесам, на Пн і У задзернаваныя ці разараныя. Берагі ўвільготненыя, часткова на З і Пд зліваюцца са схіламі. Дно выслана пяском, на глыбакаводдзі — ілам. На Пн упадае р. Гаражанка, на З злучана пратокай з Арэхавым возерам.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)