АРО́ТАВАЯ КІСЛАТА́ (ад грэч. oros малодзіва),

вітамін B13, 2,4-дыоксіпірамідзіндыоксіпірымідзін-6-карбонавая кіслата. Прысутнічае ў тканках жывёл, раслін і мікраарганізмах; стымулюе рост. Папярэднік пірымідзінавых асноў, неабходных для біясінтэзу нуклеінавых кіслот, сінтэзуецца з аспарагінавай кіслаты і карбамілфасфату. Вылучана ў 1905 з каровінага малака, выяўлена ў малацэ інш. жывёл і жаночым, шмат у дражджах і печані. Каліевую соль аротавай кіслаты выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯБХА́ТА (476, Кусумапур, паблізу сучаснага горада Пата, Індыя — каля 550),

індыйскі астраном і матэматык. У творы «Арыябхатыям» выклаў некаторыя матэматычныя звесткі, неабходныя для астранамічных вылічэнняў: здабыванне квадратнага і кубічнага каранёў, найпрасцейшыя задачы на складанне і рашэнне ўраўненняў, правілы падсумавання радоў, табліцу сінусаў, прыбліжанае значэнне ліку π = 3,1416 і інш. Увёў запіс лікаў пры дапамозе літар санскрыту.

Літ.:

Володарский А.И. Ариабхата. М., 1977.

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРЫЯ́Н»

(французскае Ariane),

серыя 3-ступеньчатых ракет-носьбітаў на вадкім паліве для запуску штучных спадарожнікаў Зямлі. Створаны Еўрапейскім касмічным агенцтвам пры вядучай ролі Францыі і ФРГ. У эксплуатацыі з 1979. Карысны груз больш за 1700 кг пры вывадзе на пераходную арбіту з вышынёй у апагеі 36 тысяч км. Стартавая маса каля 200 т, даўжыня 50 м (з карысным грузам), дыяметр 3,8 м.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НТАЎ ВНУ у Петраградзе,

грамадская культ.-асв. арг-цыя ў 1923—25. Засн. па ініцыятыве Бел. асацыяцыі пры Петраградскім с.-г. ін-це для вывучэння гісторыі, эканомікі, культуры і рэв. руху Беларусі. Падтрымлівала сувязі з бел. вучоным А.​Сержпутоўскім. Значны ўплыў на актыў асацыяцыі меў дзеяч бел. рэв. руху З.​Жылуновіч. Рэарганізавана ў Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ МЭ́БЛЕВАЯ ФА́БРЫКА,

«Бабруйскмэбля». Створана ў г. Бабруйск у 1922 як сталярная майстэрня. У 1926 рэарганізавана ў мэблевую ф-ку імя С.​М.​Халтурына. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1973 пабудаваны новы мэблевы цэх. У 1971—90 у ВА «Бабруйскдрэў». З 1992 нар. аб’яднанне «Бабруйскмэбля». Асн. прадукцыя (1995): мяккая мэбля, гасціныя і спальныя гарнітуры, мэбля для прыхожых і інш.

т. 2, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗУА (Basua),

пячора ў Лігурыі (вобласць у Паўн. Італіі), дзе знойдзены сляды дзейнасці паляўнічых эпохі мусцье. У 1950 адкрыта паўн. галерэя пячоры даўж. 400 м, якая завяршалася залай. Дзякуючы яе выключнай захаванасці (уваход перагароджвала сталагмітавая пробка) выяўлены 25 адбіткаў ног неандэртальцаў, фігурны сталагміт, які завяршаўся галавой забітага пячорнага мядзведзя і служыў мішэнню для сімвалічнага рытуальнага палявання — кідання злепленых з гліны «шароў».

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў (Фёдар Ісакавіч) (каля 1612 — 1663 або 1664),

рускі дзярж. дзеяч. Дваранін. У 1654—57 узначальваў першае рускае пасольства ў Кітай для ўстанаўлення дыпламат. і гандл. адносін. Місія не мела поспеху. У час паездкі ў Пекін Байкоў вёў назіранні, якія выклаў у справаздачы пасольства — «Стацейным спісе» (прыведзены кашт. звесткі пра Сібір і Кітай, што стала значным укладам у геагр. л-ру таго часу).

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАЖЭ́ВІЦКА-ВАСІЛЕ́ВІЦКІ ШПУ́ЛЕЧНА-ТАКА́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1904—13 у Беларусі ў в. Балажэвічы Мазырскага пав. (цяпер вёска ў Мазырскім раёне Гомельскай вобл.). У 1913 меў паравы рухавік, 120 рабочых. Вырабляў чаўнакі, бабіны, шпулькі і інш. абсталяванне для прадзільных і ткацкіх фабрык. Прадукцыя з-да на міжнар. выстаўцы 1905 у Бруселі адзначана Вял. залатым медалём, у 1912 у Бесарабіі — Малым залатым медалём.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРАКТЫ́ЎНАСЦЬ АСЯРО́ДДЗЯ, выбіральнасць асяроддзя,

сукупнасць уласцівасцяў і адзнак навакольнага асяроддзя, дзякуючы якім жывыя арганізмы аддаюць перавагу пэўнаму біятопу пры пошуку ежы, месцаў размнажэння, сховішчаў і інш. Складаецца з комплекснага ўздзеяння на арганізмы (напр., на жывёл) візуальных, хім. і тактыльных раздражняльнікаў; яны могуць дзейнічаць адначасова або паслядоўна па меры прыбліжэння жывёлы да аб’екта. Для энтамафагаў атрактыўнасць асяроддзя могуць складаць раслінныя згуртаванні, багатыя іх ахвярамі.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАГЕ́ННАЯ ТРЭНІРО́ЎКА,

метад лячэння, які прадугледжвае навучанне пацыентаў мышачнай рэлаксацыі (расслабленасці), самаўнушэнню, уменню кантраляваць міжвольную разумовую актыўнасць з мэтай памяншэння эмацыянальнай напружанасці, павышэння эфектыўнасці значнай для суб’екта дзейнасці. Вылучаюць 2 ступені аўтагеннай трэніроўкі: навучанне рэлаксацыі, стварэнне адчуванняў цяжкасці, цяпла, холаду, якія сведчаць аб кіраванні вегетатыўнымі функцыямі і стварэнне гіпнатычных станаў рознага ўзроўню. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, спорце, педагогіцы, на вытворчасці, у самавыхаванні.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)