ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.
А.П.Грыцкевіч.
т. 9, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОД,
прамежак часу, блізкі па працягласці да перыяду абарачэння Зямлі вакол Сонца. У астраноміі вылучаюць: сідэрычны (зорны) год, які адпавядае аднаму бачнаму абароту Сонца па нябеснай сферы адносна нерухомых зорак, складае 365,2564 сярэдніх сонечных сут; трапічны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (365,2422 сут); анамалістычны год — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Сонца праз перыгей яго бачнай геацэнтрычнай арбіты (365,2596 сут); драканічны год — час, за які Сонца вяртаецца да таго ж (узыходнага і сыходнага) вузла арбіты Месяца на экліптыцы (346,620 сут); працягласць гэтых гадоў прыведзены для 1900; каляндарны год мае 365 сут для звычайных гадоў і 366 сут для высакосных гадоў; месячны год роўны 12 сінадычным месяцам (у сярэднім 354,367 сут).
т. 5, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн. га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
т. 5, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗЫКО́ВЫ КАПІТА́Л,
грашовы капітал, які даецца ў пазыку на ўмовах вяртання за плату ў выглядзе пазыковага працэнта. Уяўляе сабой адасобленую частку прамысловага капіталу. Павелічэнне масы П.к. перавышае накапленне сапраўднага капіталу з прычыны развіцця крэдытнай сістэмы, росту крыніц П.к. (даходаў насельніцтва і дзяржавы). Рух П.к. не супадае з рухам прамысл. цыкла, што абумоўлена нецыклічнымі фактарамі: маральнае старэнне абсталявання, рост попыту на П.к. з боку дзяржавы, развіццё рынку П.к. і г.д. Ва ўмовах рыначнай эканомікі характар руху пазычанай вартасці ў макраэканам. маштабе вызначаецца адносінамі ўласнасці, формы якіх разнастайныя. У гэтых умовах рух пазычанай вартасці набывае форму руху П.к. Мэта функцыянавання П.к. — атрыманне пазыковага працэнта, які з’яўляецца крытэрыем дэцэнтралізаванага размеркавання крэдыту па галінах і гасп. суб’ектах.
А.Ф.Кірэева.
т. 11, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАН-ЕЎРО́ПА»,
праект стварэння паліт. і эканам. аб’яднання дзяржаў кантынент. Еўропы, які прапагандаваўся паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі. З 1923 гэту ідэю развіваў пан’еўрапейскі рух, які з 1924 выдаваў у Вене час. «Рапеигора» («Пан-Еўропа»). Праект прапанаваны ў вер. 1929 франц. міністрам замежных спраў А.Брыянам, развіты ў мемарандуме франц. ўрада ад 1.5.1930 урадам еўрап. дзяржаў. Прадугледжваў стварэнне «Еўрап. федэральнага саюза», па-за межамі якога заставаліся Вялікабрытанія і СССР. Фактычна мэтай праекта было ўсталяванне франц. гегемоніі ў Еўропе. Процідзеянне ўрадаў СССР, Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін прывяло да правалу франц. праекта (1931). Пасля 2-й сусв. вайны тэндэнцыя еўрап. дзяржаў да аб’яднання ўвасобілася ў стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага саюза і інш. міжнар. ваен.-паліт. і эканам. арг-цый.
т. 12, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЮСТЭ́РКА»,
«Люстра», бел. нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4, тэмп жвавы. Мае істотныя рэгіянальныя адрозненні. На Гродзеншчыне ўдзельнікі, узяўшыся за рукі, рытмізаваным крокам бягуць па крузе ў адзін, потым у другі бок, спыняюцца, каб саліст, які стаіць у цэнтры карагода, выбраў сабе замену. Потым павольна сыходзяцца да цэнтра круга, вяртаюцца і ўздымаюць угару злучаныя рукі. У аснове інш. варыянта 2 процілеглыя рады, якія па чарзе выконваюць танц. фігуры, а потым заканчваюць агульным танцам. На Магілёўшчыне «Л.» — карагод, які паступова пераходзіць у танец з пацалункамі і рознымі жартамі, а таксама разнавіднасць кадрылі (вядома пад назвай «Зеркала»). У Лельчыцкім р-не — адно з кален кадрылі. Сцэнічны варыянт «Л.» створаны балетмайстрам Л.Ляшэнка ў Гродзенскім нар. ансамблі песні і танца «Нёман».
т. 9, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОТАБАЛГА́РЫ, прабалгары,
цюркскамоўны народ, які ўдзельнічаў у этнагенезе балгар і шэрагу сучасных цюркскамоўных народаў (казанскія татары і інш.). Першыя звесткі пра П. адносяцца да 4 ст. У 1-й пал. 7 ст. ў Прыазоўі і Ніжнім Паволжы склаўся саюз протабал. плямён на чале з ханам Кубратам, які распаўся ў сярэдзіне 7 ст. У 2-й пал. 7 ст. пад націскам хазар ч. П. перасялілася на Пн у бас. р. Кама, дзе ў далейшым узнікла дзяржава Балгарыя Волжска-Камская. Другая група П. на чале з ханам Аспарухам пасялілася ў ніжнім цячэнні Дуная, дзе ў саюзе з мясц. славянамі стварыла ў канцы 7 ст. Балгарскае царства (гл. Балгарыя). Частка П. захавалася на Паўн. Каўказе і прыняла ўдзел у этнагенезе карачаеўцаў, балкарцаў і інш.
т. 13, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЮЭ́НА ЗО́НА,
мнагаграннік, які будуецца для кожнага крышталя па акрэсленых правілах. Форма брылюэна зоны вызначаецца сіметрыяй крышталёў, напр., брылюэна зона простай кубічнай рашоткі мае форму куба, гранецэнтраванай кубічнай рашоткі — ссечанага актаэдра. Выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела. Прапанавана ў 1930 франц. фізікам Л.Брылюэнам.
т. 3, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,
верш, які не падзелены на асобныя строфы і ўяўляе сабой адно інтанацыйна-сінтакс. і сэнсавае цэлае. Звычайна ўключае ад 2 да 8 вершарадоў. Да аднастрофнага верша адносяць і класічны санет, у якім і тэрцэты, і катрэны звязаны паміж сабой аднолькавымі рыфмамі.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРГУЗІ́Н,
мясцовы халодны ўсх. або паўн.-ўсх. вецер тыпу бара, які дзьме пераважна на сярэднюю ч. воз. Байкал з боку даліны р. Баргузін. Скорасць ветру звычайна меншая за 20 м/с, працягласць — менш як суткі, часцей бывае ноччу. Значнай сілы дасягае восенню.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)