КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл.Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,
саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха II усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),
старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р.Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ КРАС Марк (Marcus Licinius Crassus; каля 115—6.5.53 да н. э.),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Стараж. Рыма. Падтрымаў Сулу ў грамадз. вайне з Марыем. У час праскрыпцый Сулы (на карах, канфіскацыях і спекуляцыях) нажыў велізарныя багацці. У 72 да н. э. надзелены сенатам надзвычайнымі паўнамоцтвамі, каб задушыць Спартака паўстанне, якое ліквідаваў разам з Пампеем у 71 да н. э. Консул у 70 і 55 да н. э. (разам з Пампеем). У 65 да н. э. цэнзар. У 60 (або 59) — 53 да н. э. разам з Цэзарам і Пампеем увайшоў у т. зв. 1-ы трыумвірат. У 54 да н. э. кіраваў прав. Сірыя. Загінуў з б.ч.рым. войска ў Месапатаміі ў час вайны з Парфянскім царствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСІ́ЛІЙ ПАДУА́НСКІ [Marsilius Paduanis; сапр. Марсіліо дэі Майнардзіні (Mainardini); каля 1275, г. Падуя, Італія — 1342 ці 1343],
італьянскі паліт. філосаф. Вывучаў медыцыну, філасофію, тэалогію ва ун-тах Падуі і Парыжа. У 1313 рэктар Парыжскага ун-та. Аўтар трактата «Defensor pacis» («Абаронца міру», 1324, апубл. 1522), у якім адным з першых у сярэднявеччы прапанаваў ідэю ўзнікнення дзяржавы ў выніку грамадскага дагавора. За некаторыя тэзісы трактата абвешчаны ератыком і ў 1327 адлучаны ад царквы. Найлепшай формай дзяржавы лічыў саслоўную манархію з раздзелам заканад. і выканаўчай улад, аб чым пісаў у «Tractatus de iurisdictione imperatoris» («Трактат аб юрысдыкцыі імператара», 1342). Выступаў супраць дамаганняў папства на свецкую ўладу, падтрымліваў герм. імператара Людовіка IV Баварскага (быў яго саветнікам) у барацьбе з рым. папам Іаанам XXII.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ХАР (Machar) Іозеф Сватаплук (29.2.1864, г. Колін, Чэхія — 17.3.1942),
чэшскі паэт. Прадстаўнік т.зв. генерацыі 1890-х г., адзін з аўтараў маніфеста «Чэшскай мадэрны». Першы зб. «лірыкі расчараванняў» — «Споведзь» (1887—92). Этычныя і паліт. праблемы ў цэнтры зб-каў «Tristium Vindobona 1—20» (1893), «Галгофа» (1901), рамана ў вершах «Магдалена» (1894) і інш. У гіст. цыкле «Свядомасць стагоддзяў» (ч. 1—9, 1906—26) супрацьпастаўленне антычнасці і хрысціянства, ідэя «моцнай асобы», схільнасць да індывідуалізму і песімізму. Аўтар зб-каў вершаваных фельетонаў і кніг успамінаў пра знакамітых людзей эпохі («Рым», 1907; «Каталіцкія апавяданні», 1911; «Венскія профілі», 1919; «Сорак гадоў з Ірасекам», 1931).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Раны и розы: Стихи четырех чеш. поэтов. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РАЭ, Мероэ (грэч. Meroē),
старажытны горад у Судане, на Пд ад 5-га парога Ніла (паміж вёскамі Кігейк, Дэркаб і Бегаравія), сталіца Мераіцкага царства ў 9—8 ст. да н.э. — 8—9 ст.н.э. Зручнае геагр. размяшчэнне (караванныя шляхі ад Ніла і Чырвонага м. да Міжземнамор’я), радовішча жал. руды садзейнічалі ўзвышэнню горада. У М. ўзнік першы ў Афрыцы алфавіт. Каля 330—340 н.э. заваявана Аксумскім царствам. З пач. 20 ст. вядуцца археал. раскопкі. Захаваліся руіны замкаў, рым. лазняў, абсерваторыі, храмаў Амона, Ісіды і інш. Асноўная тэр. М. занята жылымі кварталамі і вытв. майстэрнямі. На У ад М. некропалі: адзін царскі і 2 агульныя.
Літ.:
Кацнельсон И.С. Напата и Мероэ — древние царства Судана. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ Ігар Аляксандравіч (н. 19.10.1929, г. Дрэзна Маскоўскай вобл., Расія),
расійскі і армянскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Засл. майстар спорту СССР (1957), засл. трэнер СССР (1968), засл. дз. фіз.культ. Арменіі (1969). З 1972 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза сучаснага пяцібор’я і біятлона. Чэмпіён XVI і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія; 1964, Τόκιό) у камандным заліку. Сярэбраны прызёр XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым — у камандным і 1964 — у асабістым заліку). Чэмпіён свету ў асабістым і камандным (1957, 1958, 1959, 1961) і камандным (1962) заліку; сярэбраны прызёр у асабістым (1962, 1965) і камандным (1955, 1963, 1965) заліку; бронз. прызёр у асабістым заліку (1963). Чэмпіён СССР у асабістым заліку (1953, 1956, 1959, 1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНу архітэктуры,
1) выкананае ў вызначаным маштабе графічнае адлюстраванне гарыз. праекцыі будынка (або аднаго з яго паверхаў ці памяшканняў), арх. канструкцый, дэталей, комплексу будынкаў, населенага пункта ці асобных яго частак. Падзяляюцца на натурныя (зробленыя на аснове арх. абмераў) і праектныя (створаныя ў працэсе праектавання арх. збудаванняў). На П. могуць быць паказаны азеляненне тэрыторыі, схема трансп. сеткі ў горадзе і інж. камунікацый у ім і інш. З’яўляецца важнай характарыстыкай формы, памераў і канфігурацыі збудавання. П. выкарыстоўваліся з даўніх часоў (Стараж. Грэцыя, Рым). На Беларусі схематычныя П.-абрысы пачалі выкарыстоўваць з 17 ст. 2) Характарыстыка размяшчэння асобных ч. будынка або ансамбля на ўзроўні зямлі (у шматпавярховых будынках і ў комплексах, размешчаных на складаным рэльефе — на розных узроўнях).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ ПАНТЭО́Н,
помнік стараж.-рым. архітэктуры ў Рыме. Узведзены каля 118—125 (арх. Апаладор з Дамаска) у гонар усіх багоў пры імператару Адрыяне на месцы аднайм. храма часоў імператара Агрыпы (27 да н.э.). Велічная ратонда, перакрытая паўсферычным купалам (дыяметр больш як 43 м) з кесонамі, у цэнтры з адтулінай (дыяметр каля 9 м) для асвятлення інтэр’ера. Уваход вылучаны порцікам з 16 калон з карынфскімі капітэлямі. У інтэр’еры па перыметры размешчаны нішы прамавугольнай і круглай формы. У сярэднія вякі Р.п. ператвораны ў касцёл ; цяпер — нац. маўзалей, дзе пахаваны Рафаэль, арх. Б.Перуцы і Дж.Віньёла, каралі Віктар. Эмануіл II, Умберта I, каралева Маргарыта і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.