ПЛАН (ад лац. planum плоскасць),

1) чарцёж, які паказвае ва ўмоўных знаках на плоскасці частку зямной паверхні (гл. План мясцовасці).

2) Гарызантальны разрэз або від зверху якога-н. збудавання або прадмета (гл. План у архітэктуры).

3) Папярэдне намечаны парадак ажыццяўлення якой-н. праграмы, выканання працы, правядзення мерапрыемстваў (гл. Планаванне).

4) Задума, праект, асн. рысы якой-н. працы, пераказу (напр., П. даклада, п’есы).

5) Спосаб разгляду, пабудовы, падыходу да чаго-н. (напр., у тэарэт. П.).

6) Размяшчэнне аб’ектаў на выяве — першы, сярэдні, задні П. і іх памеры — буйны, дробны (напр., П. кінематаграфічны).

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1388,

першы заканадаўчы акт, які ўстанаўліваў у ВКЛ прававы статус яўрэяў. Выдадзены кн. Вітаўтам 24.6.1388 кагалу Брэста як найб. шматлікай, эканамічна развітой і арганізаванай яўр. грамадзе; фактычна пашыраўся на ўсё яўр. насельніцтва ВКЛ. Пазней П. неаднаразова пацвярджалі і ўдакладнялі інш. гаспадары ВКЛ. П. устанаўліваў асабістую недатыкальнасць яўрэяў, юрыд. аўтаномію і прынцыпы тэр. арг-цыі іх грамады, узаемадзеянне кагалу з ін-тамі дзярж. улады і інш. У асноўным паўтараў нормы яўр. права краін Цэнтр. Еўропы 13—14 ст. Напісаны на лац. мове.

А.​В.​Белы.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́РБАХ, Поербах (Purbach, Peuerbach) Георг (30.5.1423, Поербах, Аўстрыя —8.4.1461), аўстрыйскі астраном і матэматык. З 1450 праф. Венскага ун-та. Займаўся складаннем і ўдасканаленнем астр. табліц, праводзіў даследаванні па трыганаметрыі. Першы ў Зах. Еўропе выклаў пталамееву тэорыю эпіцыклаў у трактаце «Новая тэорыя планет» (выд. ў 1472), які доўгі час з’яўляўся навуч. дапаможнікам па астраноміі. Працаваў таксама над удасканаленнем перакладу твораў Пталамея. Разам са сваім вучнем Рэгіямантанам напісаў кнігу «Кароткае выкладанне вялікага твора Пталамея» (выд. 1543).

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЫ́ДАЎ (Шараф Рашыдавіч) (6.11.1917, г. Джызак, Узбекістан — 6.11.1983),

партыйны і сав. дзеяч Узбекістана, пісьменнік. Скончыў Узб. ун-т у Самаркандзе (1941), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1948). Настаўнічаў. З 1935 на журналісцкай працы, у 1943—49 рэдактар газет «Ленін юлы» («Ленінскі шлях») і «Кзыл Узбекістон» («Чырвоны Узбекістан»). У 1949—50 старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана. З 1950 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета УзбССР. У 1959—83 першы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана. З 1961 кандыдат у чл. Прэзідыума (з 1966 Палітбюро) ЦК КПСС. Аўтар вершаў і празаічных твораў.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБА́ШНІКАЎ (Ананій Васілевіч) (н. 7.11.1917, г. Вязнікі Уладзімірскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Маскоўскае Ваенна-паліт. вучылішча (1942), курсы падрыхтоўкі камандзіраў стралк. рог (1943). Ў Вял. Айч. вайну на фронце з 1942. Камандзір роты ст. лейтэнант С. вызначыўся 22—24.6.1944 у баях на Віцебшчыне, дзе каля в. Арэхі Шумілінскага р-на прарваў з байцамі абарону праціўніка, каля в. Мамойкі Бешанковіцкага р-на першы фарсіраваў Зах. Дзвіну і захапіў плацдарм. Да 1987 на парт. і гасп. рабоце.

т. 14, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́НХУВУД ((Svinhufvud) Пер Эвінд) (15.12.1861, г. Сяксмякі, Фінляндыя — 29.2.1944),

фінляндскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Уваходзіў у партыю младафінаў. З 1894 дэп. сейма, у 1907—12 яго старшыня. Выступаў за незалежнасць Фінляндыі ад Рас. імперыі, за што ў 1914 высланы рас. ўладамі ў Сібір (вярнуўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917). З ліст. 1917 першы прэм’ер-міністр незалежнай Фінляндыі. У 1918 часовы кіраўнік дзяржавы. У ліп. 1930 — лют. 1931 прэм’ер-міністр (падтрымліваў нацыяналіст. лапуаскі рух; назва ад г. Лапуа), у 1931—37 прэзідэнт Фінляндыі. Пазней адышоў ад паліт. дзейнасці.

т. 14, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЛАВЫ́ ЦЯГА́Ч,

аўтамабіль без грузавой платформы (цягач), абсталяваны апорна-счапным прыстасаваннем (сядлом) для злучэння з рамай паўпрычэпаў. Мае павышаную магутнасць рухавіка, большыя перадатачныя адносіны ў сілавой перадачы, укарочаную базу. Выкарыстоўваюцца ў складзе аўтапаяздоў, у т. л. самазвальных. На Беларусі С.ц. выпускае Мінскі аўтамабільны завод (першы МАЗ-200В выпускаўся з 1952, мадэрнізаваныя 2- і 3-восевыя — з 1970-х г., 3-восевыя з сям’і МАЗ-6422 — з 1981). Мільённым аўтамабілем, выпушчаным з-дам у 1989, быў С.ц. МАЗ-64221. Гл. таксама МАЗ.

Седлавы цягач «Кенварт» (ЗША) са спальным адсекам.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕНЕ́РА»,

назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.

У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс. км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.

Н.​А.​Ушакова.

Да арт. «Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Засн. ў 1920 у г. Каўнас па ініцыятыве К.Пятраўскаса, Ю.Талат-Кялпшы і інш. З 1922 дзяржаўны, з 1944 Т-р оперы і балета Літ. ССР, у 1948 пераведзены ў Вільнюс, з 1954 акадэмічны, з 1990 наз. Літ. опера, з 1998 сучасная назва. Першы оперны спектакль — «Травіята» Дж.​Вердзі (1920). У 1933—40 пастаўлены нац. оперы «Гражына» і «Радвіла Пяркунас» Ю.​Карнавічуса, «Тры талісманы» А.​Рачунаса. Першы балетны спектакль — «Капелія» Л.​Дэліба (1925), у 1928 пастаўлены харэаграфічная карціна «Літоўская рапсодыя» на муз. Карпавічуса, першыя балеты літ. кампазітараў «Юратэ і Касціціс» Ю.​Груадзіса, «Сватанне» Б.​Дварыёнаса, «У віхуры танцаў» В.​Бацявічуса. Сучасны рэпертуар т-ра складаюць творы сусв. і рус. класікі, літ. і інш. сучасных кампазітараў. У т-ры працавалі: спевакі В.​Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.​Апанавічутэ, В.​Даўнарас, Э.Канява, А.​Кучынгіс, Ю.​Мажэйка, Р.​Марыёшус, І.​Мількявічутэ, В.Нарэйка, Пятраўскас, А.​Садзейка, Э.​Саўлявічутэ, Р.​Сіпарыс, І.Стасюнас, А.​Сташкявічутэ, А.​Чудакова; артысты балета Л.​Ашкелавічутэ, Г.​Баніс, Б.​Кялбаўскас, В.​Куджма, Г.​Кунавічус, Г.Сабаляўскайтэ, Т.​Свенціцкайтэ, М.​Юазапайцітэ; дырыжоры І.​Алекса (гал. дырыжор з 1975), М.​Букша, Р.​Генюшас, Х.​Паташынскас, Талат-Кялпша; балетмайстры П.​Баравікас, В.​Браздзіліс, В.​Грывіцкас, В.​Дубеняцкене, Кялбаўскас, П.​Пятроў, з 1992 кіраўнік балетнай трупы Т.​Сядунова; рэжысёры Ю.​Грыбаўскас, Ю.​Густайціс, Э.​Домаркас, В.​Мікштайтэ, Сіпарыс; ген. дырэктар т-ра Ю.​Андрэевас (з 1999).

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ (сапр. Віленкін) Мікалай Максімавіч

(27.1.1885, г. Глубокае Віцебскай вобл. — 2.7.1937),

рускі пісьменнік, філосаф, перакладчык. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1879). Адзін з арганізатараў рэлігійна-філас. сходаў 1901—03 з мэтай зблізіць рас. інтэлігенцыю з царквой. У 1905 арыштаваны за выданне бальшавіцкай газ. «Новая жизнь», у якой надрукаваў «Гімн рабочых» («Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»). У 1906 выехаў за мяжу, вярнуўся ў Расію пасля амністыі ў 1913. Пасля 1917 жыў у Берліне, Лондане (працаваў у сав. паўпрэдстве), Парыжы. Друкаваўся з 1876. Першы зб. «Вершы» (1883) канфіскаваны цэнзурай. Арт. «Старадаўняя спрэчка» (1884) — першы ў Расіі літ. маніфест дэкадэнцтва. У рэлігійна-філас. працы «У святле сумлення» (1890) распрацаваў тэорыю меанізму, якая характарызуе накіраванасць да неіснуючага (Абсалюта, святыні) як сродку знаходжання сэнсу жыцця і пазбаўлення ад пакут. Ідэі меанізму спрабаваў увасобіць у творах розных жанраў: у лірыцы («Два шляхі», 1900), драматургіі («Альма», 1900), крытыцы і публіцыстыцы («Пра два шляхі дабра», 1903, і інш.). Аўтар зб-каў вершаў «Новыя песні» (1901), «З цемры да святла» (1922), паэм «Гефсіманская ноч» (1884, апубл. 1900), «Горад смерці» (1894), драм. трылогіі «Жалезны прывід» (1909), «Малая спакуса» (1910), «Хаос» (1912), кніг «Генрых Ібсен» (1897), «Рэлігія будучыні» (1905), «Ад Дантэ да Блока» (1922) і інш. Пераклаў «Іліяду» Гамера, творы П.​Верлена, П.​Б.​Шэлі, Дж.​Байрана, Г.​Флабера і інш.

т. 10, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)