ЛЕСБІЯ́НСТВА, лесбійская любоў, сапфізм, трыбадыя,
жаночы гомасексуалізм. Назва ад в-ва Лесбас, дзе ў 7—6 ст. да н.э. жыла стараж.грэч. паэтэса Сапфо, якая ў сваіх вершах апявала каханне і прыгажосць.
т. 9, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРЫ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Ліры. Вядомы з 687 да н.э. Звязаны з каметай 1861 I. Назіраецца штогод каля 21 красавіка. Л. давалі вял. зорныя дажджы ў 1803, 1922, 1958.
т. 9, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДЗЬ (саманазва вадзьялайн),
прыбалтыйска-фінскі народ, які жыў на Пд ад Фінскага заліва. Як самаст. этнас водзь сфарміравалася ў 1-м тыс. н.э. У пісьмовых крыніцах упамінаецца з II ст. З сярэдзіны 1-га тыс. н.э. на тэр. рассялення водзі пранікаюць славяне. Не пазней як у 12 ст. водзь увайшла ў склад Наўгародскай зямлі і дала назву адной з яе адм. адзінак — Водскай пяціне. У гэты час водзь прыняла праваслаўе. Мова водзі блізкая да паўн.-ўсх. гаворак эстонскай мовы, бяспісьменная. Працэс славянізацыі водзі ў асн. закончыўся ў 19 ст. Асобныя паселішчы водзі захаваліся на паўд. узбярэжжы Фінскага заліва.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКУРЫЁНЫ [лац. decurio (decurionis)],
1) у Стараж. Рыме начальнік атрада (дэкурыі), які складаўся з 10 коннікаў.
2) Чл. гар. саветаў (сенатаў ці курый), якія спачатку існавалі ў залежных ад Рыма гар. абшчынах, пазней у час імперыі — ва ўсіх гарадах рым. правінцый. Камплектаваліся з былых гар. магістратараў. Пасада была пачэснай і пажыццёвай.
3) У 4 ст. да н.э. прывілеяванае саслоўе сярэдніх землеўладальнікаў. Д. займаліся размеркаваннем і зборам падаткаў, здачай у арэнду гар. зямель, распараджаліся гандл. упраўленнем, арганізоўвалі гульні і святкаванні. Дзейнасць Д. кантралявалі спец. куратары і намеснікі правінцый. Эдыктамі імператара Канстанціна 316 і 325 да н.э. былі навечна замацаваны за месцам жыхарства з забаронай пакідаць гарады.
т. 6, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЗКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура пач. бронзавага веку (мяжа 3—2-га тыс. да н.э. — 1200 г. да н.э.) на тэр. Прыбайкалля, Прыангар’я, у вярхоўях Лены і нізоўях Селенгі. Назва ад пахаванняў у б. Глазкоўскім прадмесці г. Іркуцка. Вядома па невял. могільніках (ад 1 да 8 пахаванняў). Пахавальны абрад — у неглыбокіх ямах на спіне ў выцягнутым становішчы, радзей з сагнутымі нагамі; на апошнім этапе ў скурчаным становішчы. Асаблівасць пахаванняў — арыентацыя ўздоўж ракі, часцей галавой уверх па цячэнні. Асн. занятак — рыбалоўства. Насельніцтва карысталася каменнымі і касцянымі прыладамі і зброяй. З’явіліся першыя метал. вырабы: нажы, рыбалоўныя кручкі, іголкі, шылы і інш.
А.В.Іоў.
т. 5, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНО́Н ЭЛЕ́ЙСКІ (Zēnōn Heleatēs; каля 490 да н.э., Элея, Паўд. Італія — 430 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, прадстаўнік элейскай школы. Арыстоцель лічыў яго заснавальнікам дыялектыкі як мастацтва спасціжэння ісціны шляхам спрэчак ці тлумачэння процілеглых думак. З.Э. развіваў метафізічнае вучэнне Парменіда, лічыў, што быццё адзінае і нерухомае, а небыццё множнае і знаходзіцца ў руху, ісцінная карціна свету спасцігаецца з дапамогай мыслення. Найб. вядомасць набылі лагічныя аргументы З.Э., т. зв. апарыі — «Ахіл», «Дыхатамія», «Страла», «Стадый». Разважанні З.Э. аб прасторы і часе паслужылі імпульсам для далейшага развіцця ант. матэматыкі, логікі і дыялектыкі. Працы З.Э. не захаваліся, дайшлі толькі невялікія вытрымкі з іх, зробленыя старажытнагрэчаскімі мысліцелямі.
Т.Л.Адула.
т. 7, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРЫ́ЦА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча 8 ст. да н.э. — 11 ст. н.э., селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 11 ст.) каля в. Кастрыца Лепельскага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча мае 3 гарызонты: у ніжнім выяўлены сляды жытлаў слупавой канструкцыі, агнішча, рэшткі майстэрні па апрацоўцы жалеза, пасудзіны днепра-дзвінскай культуры; у сярэднім — жал. прылады працы, бронзавыя падвескі, фрагменты пасудзін банцараўскай культуры; у верхнім — прылады побыту, ганчарная кераміка і інш. рэчы 10—11 ст. Побач з гарадзішчам у 6—10 ст. існавала селішча, на месцы якога ў 11 ст. ўзнік курганны могільнік (14 насыпаў). Даследаваны 2 курганы з трупапалажэннем.
Г.В.Штыхаў.
т. 8, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМІ́-АБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі энеаліту на тэр. ад Тамані на У да нізоўяў Дняпра і Паўд. Буга на З, ад Крыма на Пд да шыраты Днепрапятроўска на Пн. Назва ад кургана Кемі-Аба, даследаванага ў 1957. У К.-а.к. вылучаюць крымскі, прыазоўскі і паўночначарнаморскі варыянты, раннюю, развітую і познюю фазы. Выяўлены паселішчы адкрытага тыпу, пахаванні развітой і позняй фаз пад курганамі, якія маюць «панцырную» каменную выкладку, на сценах каменных скрынь-магіл паліхромную размалёўку. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, паляваннем і прыбярэжным марскім промыслам. Развітая фаза К.-а.к. датуецца 3-м тыс. да н.э., верхняя дата — 17 ст. да н.э.
І.М.Язэпенка.
т. 8, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПРСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо в-ва Кіпр у 6—2 ст. да н.э. Першапачаткова створана для ўласна кіпрскай мовы, потым прыстасавана да грэч. мовы каланістаў. К.п. — вытворнае ад кіпра-мінойскага пісьма (разнавіднасць крыцкага пісьма). Мае 56 знакаў (галосны ці спалучэнне галоснага з зычным). Кожны знак — адкрыты склад, адсутнічае размежаванне доўгіх і кароткіх галосных, глухіх і звонкіх зычных. Кірунак справа налева, часам чаргаваўся ад радка да радка. Стараж. кіпрскія надпісы датуюцца 2400—2100 да н.э. Першыя дэшыфроўкі К.п. зроблены ў сярэдзіне 19 ст. на грэч. мове. Тэксты на ўласна кіпрскай мове не прачытаны.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
А.М.Рудэнка.
т. 8, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМІ́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
вайна саюза стараж.-грэч. дзяржаў на чале з Афінамі супраць панавання Македоніі ў 323—322 да н. э. Ініцыіравана афінянамі на чале з Дэмасфенам і Гіперыдам пасля атрымання звестак пра смерць Аляксандра Македонскага. Да Афін далучыліся некат. полісы Сярэдняй Грэцыі і Пелапанеса, асобныя ілірыйскія і фракійскія плямёны. У 323 да н.э. войска саюзнікаў на чале з Леасфенам у бітве пры Гераклеі разбіла сілы правіцеля Македоніі Антыпатра і прымусіла яго схавацца ў фесалійскай крэпасці Ламія (адсюль назва вайны). Скарыстаўшы раздробленасць антымакедонскага лагера, Антыпатр дачакаўся падмацаванняў і ў Кранонскай бітве (322 да н.э.) разбіў саюзную армію. Панаванне Македоніі ў Грэцыі было адноўлена.
т. 9, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)