ПЯТРО́ЎСКІ (Барыс Васілевіч) (н. 27.6.1908, г. Есентукі Стаўрапольскага краю, Расія),

расійскі вучоны ў галіне хірургіі; арганізатар аховы здароўя і грамадскі дзеяч. Акад. Рас. АН (1966), АМН СССР (1957). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1930). З 1948 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це. З 1949 у Будапешцкім ун-це. З 1951 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це, з 1956 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це, з 1963 адначасова ва Усесаюзным НДІ клінічнай і эксперым. хірургіі (дырэктар). У 1965—80 міністр аховы здароўя СССР. Навук. працы па хірург. метадах лячэння рака стрававода, парокаў сэрца, крывяносных сасудаў, пытаннях пералівання крыві. Распрацаваў метады перасадкі нырак, пластыку бронхаў і трахеі, выкарыстаў штучныя клапаны сэрца ў кардыяхірургіі. Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1965, 1971.

Тв.:

Аневризмы сердца. М., 1965 (разам з І.​З.​Казловым);

Пересадка почки. М., 1969 (у сааўт.);

Трансфузионная терапия в хирургии. М., 1971 (разам з Ч.​С.​Гусейнавым).

Б.В.Пятроўскі.

т. 13, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА (Мікалай Яўсеевіч) (7.11.1922, пас. Чырвоны Дварэц Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — 12.6.2001),

бел. вучоны ў галіне уралогіі, дзярж. дзеяч. Акад. Нац. АН Беларусі (1972, чл.-кар. 1969), д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1948). З 1958 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1960 рэктар). У 1966—86 міністр аховы здароўя Беларусі, адначасова з 1967 у Мінскім мед. ін-це (заг. кафедры), з 1970 кіраўнік Бел. цэнтра перасадкі нырак. Навук. працы па пытаннях хвароб мочапалавой сістэмы, нырачнай гіпертаніі, трансплантацыі органаў і тканак, аўтаматызаваных сістэм кіравання аховай здароўя. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку метады дыягностыкі і арыгінальныя рэканструктыўныя органазахавальныя аперацыі для лячэння хворых з прыроджанымі заганамі развіцця нырак і мачавых шляхоў, метады лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем гіпертэрміі і гіперглікеміі. Дзярж. прэміі Беларусі 1982, 1988.

Тв.:

Нейрогенные расстройства мочеиспускания. Мн., 1970 (разам В.​А.​Мохартам);

Клиническая реография. Киев, 1977 (у сааўт.);

Урология для семейного врача: Справ. пособие. Мн., 1991.

т. 14, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛА́СТА... (ад грэч. blastos парастак, зародак),

першая састаўная частка складаных слоў — біял. і мед. тэрмінаў, якая паказвае на сувязь з зародкам, напр. бластамікозы, бластацыста.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАДКЛА́ДНАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ДАПАМО́ГА,

лячэбныя мерапрыемствы, якія праводзяць на этапе мед. эвакуацыі з мэтай вывядзення хворага са стану, небяспечнага для жыцця. Гл. Хуткая медыцынская дапамога.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСАНА́Л (ад лац. personalis асабовы),

склад супрацоўнікаў якой-н. установы, прадпрыемства, якія складаюць групу па праф. або інш. адзнаках, напр., мед. П., П. лабараторыі.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦІШЭ́ЎСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 30.11.1933, г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. гістолаг і эмбрыёлаг. Д-р мед. н. (1986), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1960 у гэтым ін-це. Навук. працы па эмбрыялогіі, станаўленні эндакрыннай сістэмы ва ўмовах нормы і пры стрэсавых сітуацыях. Увёў у практыку даследавання эмбрыялагічных эндакрынных залоз чалавека гістахім. метады, электронную мікраскапію, колькасны аналіз.

Тв.:

Надпочечные железы. Мн., 1977;

Гистофизиология органов кроветворения и иммунитета: Учеб. пособие. Мн., 1988 (разам з Н.​А.​Жарыкавай, В.​Л.​Жарыкавай);

Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, рускай і лацінскай мовах. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́ПЕНКА (Вадзім Рыгоравіч) (17.8.1924, в. Шамава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобласці — 20.12.1989),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1972), праф. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953), дзе і працаваў да 1975 і ў 1978—87. Адначасова гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі (1978—87). У 1975—78 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па хірург. лячэнні шчытападобнай залозы, язвавай хваробы страўніка і 12-перснай кішкі, паталогіі гепатабіліярнай сістэмы, праблемах партальнай гіпертэнзіі і сарбцыйнай дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Хирургическое лечение тиреотоксикозов. Мн., 1961;

Практическое пособие по частной хирургии. Мн., 1968.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ (Ігнат Пятровіч) (н. 28.12.1922, в. Будніца Віцебскага р-на),

бел. неўрапатолаг. Акад. АН Беларусі (1984), чл.-кар. АМН СССР (1974). Д-р мед. н. (1966), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Нар. ўрач Беларусі (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1950). З 1962 дырэктар Бел. НДІ неўралогіі і фізіятэрапіі. Працы па вывучэнні інфекц., сасудзістых і паразітарных хвароб нерв. сістэмы, фізіятэрапіі і курарталогіі.

Тв.:

Ангиографическая диагностика сосудистых поражений и опухолей головного мозга. Мн., 1973 (у сааўт.);

Гиперкинезы у детей. Мн., 1975 (разам з Г.​Г.​Шанько);

Вертебрально-базилярные инсульты. Мн., 1977 (разам з Л.​С.​Гіткінай).

І.П.Антонаў.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІЧЭ́НКА (Уладзімір Міхеевіч) (н. 27.4.1916, г. Віцебск),

бел. хірург. Д-р мед. н., праф. (1965). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1940), з 1955 працуе ў ім. Навук. працы па рэканструктыўных і арганазберагальных аперацыях: пластыка дэфектаў тоўстай і прамой кішак, вагатаміі пры лячэнні язвавай хваробы дванаццаціперснай кішкі; па дыягностыцы і метадах лячэння хвароб падстраўнікавай залозы.

Тв.:

Замещение дефектов толстой и прямой кишок илеотрансплантатом. Мн., 1967;

Острый панкреатит в эксперименте и клинике. Мн., 1971;

Обширные резекции кишечника. Мн., 1974 (разам з І.​М.​Сіпаравым);

Первая доврачебная помощь. М., 1990 (у сааўт.).

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЧЭ́РСКІ (Рыгор Арсенавіч) (н. 26.10.1932, в. Садоўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1983). Скончыў 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1956). З 1972 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па ішэмічнай і гіпертанічнай хваробах, атэрасклерозе, рэўматызме, хваробах крыві, парушэннях сардэчнага рытму, антыкаагулянтнай тэрапіі, ультрагукавой дыягностыцы і метадзе дэфібрыляцыі.

Тв.:

Справочник по клинической электрокардиографии. Мн., 1985 (разам з Л.​Г.​Баранавым, У.​Р.​Лісюціным);

Справочник участкового терапевта. Мн., 1986 (у сааўт.);

Справочник по дифференциальной диагностике внутренних болезней. Мн., 1990 (у сааўт.).

т. 4, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)