ГАЛО́ЎШЧЫНА, галаўшчызна,

адзін з відаў пакарання, прадугледжаны крымінальным правам ВКЛ за забойства чалавека. Спаганялася ў выглядзе грашовага штрафу з вінаватага на карысць сваякоў забітага. Памеры штрафу залежалі ад саслоўнага становішча або пасады, якую займала ахвяра, часам і ад прафесіі забітага. За забойства па неасцярожнасці адказнасць вінаватага абмяжоўвалася толькі галоўшчынай. Закон асобна рэгламентаваў памер галоўшчыны па справах асоб нехрысціянскага веравызнання. У некат. выпадках яна вызначалася ў двайным памеры («совито»).

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ДНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Лучоса, за 10 км на Пд ад г. Віцебск. Пл. 0,87 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 920 м, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 4,05 км. Пл. вадазбору 16 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, на У да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя. Мелкаводдзе шырокае і спадзістае. Дно пясчанае, глыбей за 2—4 м глеістае.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЗЕ́Р’Е,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,45 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 8 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м, пераважна пад хмызняком, месцамі на Пн і Пд разараныя. Злучана ручаём з воз. без назвы, на ПнУ выцякае ручай у р. Сомніца.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАРАЗКІ,

часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн.пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АФРЫКА́НСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ БАКСІ́ТАЎ,

на тэр. Гвінеі, Сьера-Леоне, Малі, Ганы, Камеруна.

Пл. больш за 1,75 млн. км² Разведаныя запасы каля 7 млрд. т. Асваенне з 1941. Адкрыта каля 100 радовішчаў. Звязана з латэрытнай карой выветрывання стараж. і седыментацыйных басейнаў Афрыканскай платформы. Баксіты гібсітавыя, абломкавыя з утрыманнем 45—50% гліназёму сярэднегатунковага і больш за 50% высокагатунковага. Здабыча адкрытым спосабам. Гал. цэнтры: Баке, Фрыя, Кіндыя (Гвінея), Аваса (Гана), Маканджы (Сьера-Леоне).

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЖЭДРАЦЯ́НІКІ,

лічынкі жукоў сям. чарнацелак і пылкаедаў, шкоднікі многіх с.-г. культур. Названы так за вонкавае падабенства да драцянікаў. У адрозненне ад іх у І. развітая верхняя губа, пярэднія ногі даўжэйшыя і таўсцейшыя за сярэднія і заднія; у лічынак чарнацелак цела знізу пляскатае, у пылкаедаў — цыліндрычнае. Найб. небяспечныя: павольнік пясчаны, чарнацелка кукурузная, пылкаед гарчычны і інш.

Да арт. Ілжэдрацянікі. Павольнік пясчаны: 1 — жук; 2 — пашкоджаныя ім усходы; 3 — лічынка.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЕНСА́ЦЫЯ,

1) у эканоміцы — пакрыццё страт, панесеных выдаткаў, вяртанне доўгу, узнагароджанне (напр., К. маральнага ўрону, К. за абясцэненыя грошы).

2) У працоўным праве — выплата рабочым і служачым, якая ажыццяўляецца ва ўстаноўленых законам выпадках для пакрыцця ім дадатковых расходаў, звязаных з выкананнем прац. абавязкаў (напр., К. за нявыкарыстаны адпачынак, К. пры выкананні абавязкаў часова адсутнага работніка).

3) У сацыялогіі — ураўнаважанне няўдач у якой-н галіне дасягненнямі і рухам наперад у іншай.

т. 7, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РСКАЯ МАГНІ́ТНАЯ АНАМА́ЛІЯ (КМА),

буйнейшы жалезарудны басейн на тэр. Курскай, Белгародскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Радовішчы магнетытавых кварцытаў прымеркаваны да метамарфічных парод і гранітоідаў дакембрыю; багатыя руды ў кары выветрывання жалезістых кварцытаў. Разведаныя запасы больш за 25 млрд. т, у якіх жалеза 32—37%, і больш за 30 млрд. т, у якіх жалеза 52—66%. Выяўлена ў 1783, эксплуатуецца з 1952. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАВА МО́РА,

ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж 0° і 14° усх. д. Пл. 929 тыс. км². Глыбіні пераважна больш за 3000 м, найб. глыб. больш за 4500 м. Берагі ўтвораны стромкімі ледзянымі абрывамі шэльфавых ледавікоў. Большую частку года ўкрыта дрэйфуючымі крыгамі, шмат айсбергаў. У канцы лета і восенню дрэйфуючыя крыгі захоўваюцца толькі каля ўзбярэжжа. Л.м. вылучана ўдзельнікамі сав. антарктычнай экспедыцыі ў 1962 і названа ў гонар М.П.Лазарава.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КЛЕР (ням. Makler ад нідэрл. makelaar),

1) асоба, якая прафесійна займаецца пасрэдніцтвам у сферы куплі і продажу тавараў, каштоўных папер, страхавання і інш. 2) Біржавы пасрэднік (дылер, джобер), які купляе і прадае за свой кошт (у адрозненне ад брокера, які заключае здзелкі для кліентаў і за іх кошт). Біржавы М. — работнік, служачы біржы, які ўваходзіць у склад яе персаналу; вядзе таргі ў секцыях, фіксуе і рэгіструе згоду брокераў на заключэнне здзелкі.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)