ВІ́ЦЕБСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1772—77. Уваходзіла ў Пскоўскую губ. Цэнтр — г. Віцебск. Агульная пл. 851 284 дзесяціны. Паводле ўказа ад 22.7.1776 падзялялася на Веліжскі, Гарадоцкі і Віцебскі пав. Уключала 7 мястэчак, 166 сёл, 2910 вёсак; каля 175 тыс. чал. падатковага насельніцтва. З дзярж. уладанняў былі Віцебская эканомія і 17 старостваў. Узначальвалася ваяводам. Скасавана паводле «Устанаўленняў для кіравання губерняў Расійскай імперыі» (1775).
т. 4, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1793—95. Цэнтр — г. Гродна. Утворана паводле рашэння Гродзенскага сейма 1793, калі Гродзенскі пав. Трокскага ваяв. пераўтвораны ў самаст. ваяводства. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) указам рас. ўрада ад 25.12.1795 ваяводства пераўтворана ў Гродзенскі пав. Слонімскай губ. 2) Назва, якая выкарыстоўвалася паўстанцамі ў адносінах да Гродзенскай губ. ў перыяд падрыхтоўкі і ў ходзе паўстання 1863—64.
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́ЛАВІЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Вілейскай вобл. Пл. 900 км². 366 нас. пунктаў (1946). Цэнтр — г.п. Дунілавічы. 12.10.1940 раён падзелены на 14 сельсаветаў: Ваўкалацкі, Варапаеўскі, Галбейскі, Гулідаўскі, Дунілавіцкі, Жуперскі, Заўлецкі, Казлоўшчынскі, Ласіцкі, Міхайлаўскі, Мосарскі, Сяргеевіцкі і Тузбіцкі. З 20.9.1944 раён у складзе Полацкай, з 3.8.1954 Маладзечанскай абласцей. 20.1.1960 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Глыбоцкага р-на.
т. 6, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСКРЫ́ПТАР (позналац. descriptor ад describo апісваю),
лексічная адзінка (слова ці словазлучэнне) інфарм.-пошукавай мовы ў ЭВМ. Апісвае асн. сэнсавы змест дакументаў, структуру даных або праграму; служыць таксама для фармулявання інфарм. запыту пры пошуку дакументаў у інфарм.-пошукавай сістэме (гл. Інфармацыйны пошук). У якасці Д. можна выбраць любое (звычайна найб. характэрнае) ключавое слова (групу слоў) ці лічбавы код. Мнагазначным словам адпавядае некалькі Д., сінонімам — адзін Д.
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭНСІ́ЎНАСЦЬ ГУ́КУ, сіла гуку,
сярэдняя па часе энергія, якую гукавая хваля пераносіць за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, размешчанай перпендыкулярна да напрамку распаўсюджання хвалі. Для плоскай сінусаідальнай бягучай хвалі І.г. I = p2/2ρc−v2ρc/2 дзе p — амплітуда гукавога ціску, v — амплітуда вагальнай скорасці часцінак, ρ — шчыльнасць асяроддзя і c — скорасць гуку ў ім. Адзінка І.г. ў СІ — ват на квадратны метр (Вт/м²).
т. 7, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РМА,
фізічная велічыня, якая характарызуе меру энергіі, перададзенай іанізавальным выпрамяненнем зараджаным часціцам у дадзеным пункце аб’ёму апрамененага рэчыва. Тэрмін «К.» — абрэвіятура англ. выразу kinetic energy released in matter (кінетычныя энергія, вызваленая ў рэчыве). К. роўная адносінам сумы пачатковых кінетычных энергій зараджаных часціц, якія ўтвараюцца пад дзеяннем нейтронаў, рэнтгенаўскіх і γ-квантаў у элементарным аб’ёме рэчыва, да масы рэчыва ў гэтым аб’ёме. Адзінка К. ў СІ — грэй.
т. 8, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (ням. Lot),
1) стараж. адзінка масы (вагі); спачатку, са з’яўленнем у 11 ст. маркі, роўная 1/16 яе (вагі) або 1/24 фунта (15,288 г). Пасля ўвядзення кёльнскай маркі, абавязковай для ўсёй «Свяшчэннай Рымскай імперыі», Л. складаў 14,619 г. 2) Мера абазначэння колькасці высакароднага металу (звычайна серабра) у сплаве або вырабе. Чыстае серабро адпавядала 16 Л. Такім чынам, 1 Л. роўны 1/16 колькасці чыстага серабра.
т. 9, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,
параметр (характарыстыка) магнітнага ланцуга, роўны адносінам магнітарухальнай сілы F, якая дзейнічае ў ланцугу, да створанага ёю магнітнага патоку Ф. Выкарыстоўваецца для разлікаў магн. ланцугоў (магнітаправодаў).
М.с. Rm аднароднага ўчастка магн. ланцуга вылічваецца па формуле: Rm = l/μμ0S, дзе l і S — даўжыня і папярочнае сячэнне ўчастка ланцуга, μ — адносная магн. пранікальнасць матэрыялу, μ0 — магн. пастаянная. Адзінка М.с. ў СІ — ампер (або ампер-віток) на вебер.
т. 9, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1831—34 з цэнтрам ў Мінску. У сувязі з паўстаннем 1830—31 у Польшчы Мінская губерня паводле ўказа Сената ад 8.1.1831 была далучана да Беларускага генерал-губернатарства. Пасля таго, як паўстанне пашырылася на Беларусь і Літву (сак.—крас. 1831), Мінская губ. паводле ўказа Сената ад 8.4.1831 вылучана ў самаст. генерал-губернатарства; у 1834 М.г.-г. скасавана.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ,
адзінка ціску і напружання механічнага ў СІ. Абазначаецца Па. П. роўны ціску, выкліканаму сілай 1 Н, раўнамерна размеркаванай па нармальнай да яе паверхні плошчай 1 м²: 1 Па = 1 Н/м² = 1015 бар = 7,5∙1013 мм рт. сл. = 0,102 мм вадз. сл. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюцца кратныя адзінкі кілапаскаль і мегапаскаль: 1 кПа = 103 Па, 1 МПа = 106 Па. Названа імем Б.Паскаля.
т. 12, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)