ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,

практычнае выкарыстанне псіхалогіі для вырашэння задач псіхал. экспертызы, дыягностыкі, кансультацый у вытв-сці, адукацыі, ахове здароўя і інш. Дапамагае асобным людзям, арг-цыям і г.д. Станаўленне П.с. абумоўлена патрэбамі грамадства і ўзроўнем развіцця фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне псіхалогіі сацыяльнай, псіхалогіі працы, педагагічнай псіхалогіі і г.д. У навук.-практычнай дзейнасці П.с. выкарыстоўвае дасягненні розных навук. дысцыплін.

т. 13, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ (ад лац. punctum кропка),

1) месца, якое прызначана для пэўных мэт, напр., населены П., камандны П. (гл. Пункт камандны).

2) Асобны раздзел, параграф якога-н. тэксту, які абазначаецца лічбай або літарай.

3) Момант, перыяд у развіцці падзей, дзеяння, напр., кульмінацыйны П.

4) Тэмпературная мяжа, пры якой рэчыва змяняе свой стан, напр., П. кіпення, П. плаўлення.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁДАЛЬНАМЕ́Р,

прылада для вымярэння адлегласцей да аб’ектаў з выкарыстаннем радыёхваль. Бываюць імпульсныя і фазавыя (інтэрферэнцыйныя). Дзеянне імпульсных Р. заснавана на вызначэнні часу распаўсюджання кароткіх радыёімпульсаў ад прылады да аб’екта і назад, фазавых — на вымярэнні рознасці фаз выпрамененага і прынятага радыёсігналу (паказвае колькасць даўжынь радыёхваль, якія ўкладваюцца ўздоўж шуканай адлегласці). Выкарыстоўваюцца ў радыёлакацыйных, радыёнавігацыйных, геадэзічных і інш. прыладах.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁХВАЛЯВО́Д,

канал (хвалявод), уздоўж якога распаўсюджваюцца радыёхвалі. Для Р. характэрна, што яго папярочныя памеры параўнальныя з даўжынёй перададзеных хваль. Бываюць трубчастыя металічныя круглага, прамавугольнага ці інш. папярочнага сячэння, а таксама стрыжнёвыя дыэлектрычныя (суцэльныя ці пустацелыя). Выкарыстоўваюцца як элементы ЗВЧ-ланцугоў радыётэхн. апаратаў.

Радыёхваляводы: 1 — прамавугольны; 2 — круглы; 3 — П-падобны; 4 — Н-падобны; 5 — кааксіяльны; 6 — з паверхневай хваляй.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУКА́Ў ракі,

адгалінаванне рэчышча ракі. Узнікае ў выніку намнажэння наносаў у рэчышчы ў выглядзе асяродка або вострава, а таксама пры прарывах лукавін (гл. Меандры). На горных рэках Р. фарміруюцца звычайна пры выхадзе вадацёкаў на перадгорныя раўніны і ў міжгорных паніжэннях, дзе здольнасць ракі пераносіць наносы паслабляецца; на раўнінных рэках Р. характэрны для дэльт. Другарадныя Р. часта называюць пратокамі.

т. 13, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХО́МЫ ТРАТУА́Р, пасажырскі канвеер,

дапаможны від гар. транспарту для пазавулічнага перамяшчэння пешаходаў. Уяўляе сабой канвеер у выглядзе гібкай стужкі ці пласцін (звёнаў). Прымацоўваецца да цягавага ланцуга, які рухаецца на роліках са скорасцю да 6 м/с (даўж. да 100 м, шыр. стужкі да 2,6 м). Выкарыстоўваецца ў метро, грамадскіх будынках, вакзалах, аэрапортах, магазінах, стадыёнах і інш.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫХЛЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,

механічнае ўздзеянне на глебу, якое змяняе ўзаемнае размеркаванне глебавых асобнасцей. Праводзяць з дапамогай плугоў, лушчыльнікаў, фрэзаў, ратацыйных матык і інш. для памяншэння шчыльнасці глебы і хуткасці выпарэння з яе вільгаці, павелічэння глебавай паветра- і водапранікальнасці, узмацнення біял. актыўнасці і назапашвання пажыўных рэчываў, знішчэння паверхневай глебавай скарынкі (найб. рыхлення патрабуюць цяжкія глебы, якія былі асушаны).

Л.​В.​Круглоў.

т. 13, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫШТАВА́ННІ,

часовыя дапаможныя прыстасаванні (канструкцыі) для размяшчэння на неабходнай вышыні рабочых, інструментаў, матэрыялаў пры выкананні буд. і мантажных работ. Бываюць зборна-разборныя (інвентарныя стоечныя, падвесныя і інш.) і перасоўныя самаходныя. Робяцца з метал. труб з раздымнымі злучэннямі элементаў, са стальных стрыжняў і канатаў (струн), насцілаў, агараджэнняў. Прасцейшыя Р. — драўляны насціл на стойках.

Рыштаванні самаходныя ВА «Белкамунмаш».

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВЕРБЕРА́ТАР,

прылада для стварэння штучнай рэверберацыі пераўтварэннем эл. сігналаў, якія нясуць гукавую інфармацыю. Выкарыстоўваецца пры фарміраванні праграм гукавога і тэлевізійнага вяшчання, у гуказапісе і інш. Дзеянне Р. зводзіцца да складання асн сігналу з паслядоўнасцю эл. сігналаў зменшанай амплітуды, якія нясуць тую ж інфармацыю і затрыманы ў часе адносна асн. сігналу. Час рэверберацыі вызначаецца патрабаваннямі да характару гучання.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЕРВУА́РНЫЯ ГАСПАДАРЫ́ паразітаў,

арганізмы, у якіх паразіт жыве і назапашваецца ў лічынкавым стане; неабавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У арганізме Р.г. лічынкі могуць захоўвацца некалькі гадоў і заставацца здольнымі заражаць канчатковых гаспадароў. Р.г. найб. характэрны для гельмінтаў. Напр., у нематоды фізацэфалус бескалатус (яе канчатковыя гаспадары свінні, прамежкавыя гаспадары — жукі-капрафагі) Р.г. — пацукі, мышы, жабы, паўзуны і інш.

т. 13, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)