МУРА́ВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (ад назвы в. Мурава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
мікулінскае міжледавікоўе (Расія), эмскае міжледавікоўе (Зах. і Цэнтр. Еўропа), познаплейстацэнавае міжледавікоўе, якое адбылося паміж сожскім зледзяненнем (па інш. меркаваннях — сожскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і паазерскім зледзяненнем 110—95 тыс. гадоў назад, паводле інш. меркаванняў — 120—90 тыс. гадоў назад. Адклады М.м. трапляюцца невял. ўчасткамі на ўсёй тэр. Беларусі. Пераважна яны пахаваны пад паазёрскімі і галацэнавымі акумуляцыямі, аголены на стромкіх абрывах берагоў рэк, яроў; з’яўляюцца маркіроўным гарызонтам антрапагенавай тоўшчы. Найб. вядомы разрэзы Мурава (рэгіянальны стрататып, які адкрыты і апісаны Г.Ф.Мірчынкам і Т.М.Мікулінай), Дарашэвічы, Борхаў, Пышкі і інш. Пераважаюць азёрныя (супесак, суглінак, гліна, прэснаводны мергель, гітыя), радзей трапляюцца рачныя і балотныя тыпы адкладаў. У час М.м. былі ўмерана цёплыя кліматычныя ўмовы, якія спрыялі пашырэнню шыракалістых дрэвавых парод (дуб, ліпа, граб, арэшнік). У пач. і канцы М.м. былі пашыраны бярозавыя і бярозава-хвойныя лясы. Лясная расліннасць нагадвала сучасную, толькі ў травяністым покрыве трапляліся пазаеўрапейскія віды. Акрамя сучасных відаў жывёл, на тэр. Беларусі ў канцы М.м. вадзіліся мамант і шарсцісты насарог. Рэльеф і рачная сетка падобныя да сучасных, за выключэннем паўн.ч. Беларусі, дзе асн. рысы рэльефу сфарміраваны пасля паазерскага зледзянення.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГА́ЦЫЯ ПАВЕ́ТРАНАЯ, аэранавігацыя,
прыкладная навука пра дакладнае, надзейнае і бяспечнае ваджэнне ў паветры лятальных апаратаў (ЛА) па зададзенай аптымальнай траекторыі ва ўстаноўлены час. Вывучае і распрацоўвае метады, спосабы і сродкі (навігацыйныя прылады, навігацыйнае абсталяванне, навігацыйныя сістэмы), з дапамогай якіх ажыццяўляецца навігацыя. Часам пад Н.п. разумеюць толькі працэс ваджэння ЛА (самалётаваджэнне, верталётаваджэнне).
Пры Н.п. вызначаюць месцазнаходжанне (каардынаты), скорасць і напрамак руху ЛА (з выкарыстаннем палётных карт, аэралоцый, бартавых і наземных навігацыйных сродкаў — геатэхн., радыётэхн., астр., светатэхн.), чарговы пункт маршруту і метад палёту да яго. Каардынаты ЛА вымяраюць: злічэннем шляху — вылічэннем бягучых каардынат па вядомых пач. каардынатах, скорасці і напрамку руху; метадам ліній (паверхняў) становішча, заснаваным на вымярэнні з дапамогай радыёнавігацыйных сістэмфіз. або геам. велічынь, што дазваляюць вызначыць месцазнаходжанне ЛА; аглядна-параўнальным метадам, які грунтуецца на параўнанні бягучых арыенціраў ці параметраў геафіз. палёў, з тымі, што вызначаны загадзя. Палёт ЛА да чарговага пункта маршрута ажыццяўляюць 3 асн. метадамі: маршрутным, пуцявым і курсавым. Дакладны палёт ЛА па зададзеным маршруце ў любых умовах надвор’я забяспечваецца навігацыйнымі сродкамі, заснаванымі на розных прынцыпах і канструкцыйна аб’яднанымі ў адзіныя навігацыйныя комплексы. Перспектыўнае выкарыстанне спадарожнікавых радыёнавігацыйных сістэм (гл.Міжнародныя касмічныя навігацыйныя сістэмы).
Літ.:
Воздушная навигация: Справ. М., 1988;
Селезнев В.П. Навигационные устройства. 2 изд М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАННЕ МЕХАНІ́ЧНАЕ,
мера ўнутраных сіл, што ўзнікаюць у цвёрдым целе (элементах збудаванняў, машын) пад уплывам знешніх уздзеянняў (нагрузак, змены т-ры і інш.). Значэнні Н.м. знаходзяць аналітычна метадамі супраціўлення матэрыялаў, тэорыі пругкасці і пластычнасці, а таксама з дапамогай тэнзометраў, оптыка-палярызацыйнымі і інш. метадамі. Адзінка Н.м. ў сістэме СІ — паскаль (Па).
Пры вывучэнні Н.м. ў адвольным пункце цела праз яго праводзяць уяўнае сячэнне, адкідаюць адну ч. цела і дзеянне яе замяняюць унутр. сіламі. Калі на элемент плошчы dS каля пункта A дзейнічае ўнутр. сіла , то адносіны
наз. вектарам Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Складальныя вектара Н.м. па нармалі да сячэння /σ/ і па датычнай да яго // наз. адпаведна нармальным і датычным Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Напружаны стан цела ў пункце A характарызуецца сукупнасцю вектараў Н.м. для ўсіх магчымых сячэнняў, што праходзяць праз гэты пункт. Н.м. бываюць часовыя (існуюць пэўны прамежак часу, напр., пры выкананні тэхнал. аперацый) і астаткавыя (на працягу значнага перыяду); гранічныя (вызначаюцца эксперыментальна пры мех. выпрабаваннях матэрыялаў), дапушчальныя (прызначаюць як пэўную ч. ад гранічных) і рабочыя (разліковыя, залежаць ад нагрузак на канструкцыю і яе памераў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКАТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ, наркотыкі,
група псіхатропных сродкаў прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія выклікаюць узбуджэнне ці прыгнечанне функцыі ц. н. с., парушаюць свядомасць і пры сістэматычным ужыванні выклікаюць паталаг. залежнасць (наркаманію). Многія расл. сродкі, што валодаюць падобным дзеяннем (напр., блёкат, дурнап’ян, каноплі, какаінавы куст, красаўка, опійны мак, некат. віды грыбоў), выкарыстоўваліся з глыбокай старажытнасці для выклікання асаблівага псіхічнага ўздыму, уздзеяння на псіхіку людзей. Лекары ўжывалі гэтыя рэчывы для абязбольвання. Тэрмін «Н.с.» ўведзены ў мед. практыку з вынаходствам наркозу (1846). У канцы 19 ст.пад ім аб’ядноўвалі рэчывы, якія выклікаюць у людзей своеасаблівае парушэнне псіхічнай дзейнасці — эйфарыю і могуць прывесці да злоўжывання імі. Паводле міжнар. класіфікацыі вылучаюць: сродкі адурманьваючага ўздзеяння, сродкі для інгаляцыйнага (напр., хлараформ, дыэтылавы эфір, закіс азоту) і неінгаляцыйнага (напр., гексенал, кетамін) наркозу, наркатычныя анальгетыкі (напр., гераін, кадэін, марфін), мясц. анестэтыкі (напр., какаін), псіхастымулятары (напр., амфетамін), галюцынагены (напр., дыэтыламід лізергінавай к-ты — ЛСД). Тэрмін «Н.с.» ўжываюць таксама ў наркалогіі, міжнар. дагаворах, нац. заканадаўствах, што рэгламентуюць кантроль за вытв-сцю і выкарыстаннем рэчываў, здольных выклікаць наркаманію. Паводле Канвенцыі ААН 1988 у Н.с. ўключаюць рэчывы, якія адпавядаюць 3 крытэрыям: мед. (здольнасць выклікаць наркаманіі і быць небяспечнымі для здароўя), сац. (адмоўнае ўздзеянне на эканам., культ. і паліт. асновы грамадства) і юрыд. (афіц. прызнанне рэчыва «наркатычным» адпаведным грамадскім органам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ САМАДЗЕ́ЙНЫЯ КАЛЕКТЫ́ВЫ,
найвышэйшая форма развіцця аматарскага мастацтва Беларусі. Найменне «народны» надаецца самадз. калектывам, дзейнасць якіх накіравана на развіццё бел.нац. культуры, захаванне яе рэгіянальных асаблівасцей, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв.маст. культуры; рыхтуюць самаст. канцэртныя праграмы, пастаянна ўдзельнічаюць у канцэртнай, выставачнай дзейнасці, маюць высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства, актыўна ўдзельнічаюць у культ. жыцці горада, раёна, абл. і рэсп. аглядах, святах, выстаўках, фестывалях і конкурсах. Дзейнічаюць у рамках існуючага ў Рэспубліцы Беларусь заканадаўства, парадак работы вызначаецца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Існуюць на базе дзярж., прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, вышэйшых, сярэдніх спец. і навуч. устаноў, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш.пад кіраўніцтвам кваліфікаваных спецыялістаў. Найменне «народны» надаецца тэатр. калектывам з 1959, муз. і харэаграфічным з 1960, аматарскім кінастудыям з 1975. Калектывам выяўл. і дэкар.-прыкладнога, кіна-, відэа-, фотамастацтва незалежна ад узросту ўдзельнікаў надаецца найменне «народная самадзейная студыя». Інш. калектывам, узрост удзельнікаў якіх да 16 гадоў, прысвойваецца найменне «ўзорны» (з 1978). На Беларусі 947 нар.самадз. калектываў (2000). Гл. таксама Аматарскае кіно, Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Народныя тэатры, Народныя хары, ансамблі, аркестры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1650,
адно з гарадскіх паўстанняў у Расіі ў сярэдзіне 17 ст. Адбывалася ў г. Ноўгарад адначасова з Пскоўскім паўстаннем 1650. Выклікана абвастрэннем сац. напружанасці ў рас. грамадстве пасля выдання Саборнага ўлажэння 1649. Падставай для Н.п. стала перадача ўрадам хлебных запасаў Швецыі на пагашэнне дзярж. доўгу, што прывяло да павышэння цэн на хлеб. Удзельнікі — стральцы (адыгрывалі рашаючую ролю), рамеснікі і бедната Ноўгарада, сяляне навакольных вёсак. Пачалося 25 сакавіка. Паўстанцы збілі дацкага пасла І.Граба, 26 сак. адхілілі ад улады ваяводу Ф.А.Хілкова, разграмілі двары некалькіх купцоў, выбралі земскіх старастаў і паставілі на чале гар. самакіравання (земскай ізбы) мітрапаліцкага прыказнага І.Жаглова. 27 сак. мітрапаліт Нікан пракляў кіраўнікоў паўстання, за што 29 сак. быў збіты натоўпам. Паўстанцы беспаспяхова спрабавалі наладзіць сувязь з кіраўніцтвам Пскоўскага паўстання, накіравалі да цара Аляксея Міхайлавіча чалабітную грамату са скаргай на Хілкова і просьбай не пасылаць хлеб у Швецыю. Царскага пасла двараніна Салаўцова яны некалькі дзён пратрымалі пад арыштам. Унутр. барацьба сярод паўстанцаў, цвёрдая пазіцыя мітрапаліта Нікана прывялі Н.п. да паражэння. 23.4.1650 паўстанцы без бою здаліся войску царскага ваяводы кн. І.М.Хаванскага, які абяцаў ім памілаванне. Паводле царскага загаду 5 кіраўнікоў паўстання, у т. л. Жаглоў, пакараны смерцю, іншыя — бізунамі і сасланы ў аддаленыя раёны краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН (Юрый Уладзіміравіч) (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),
расійскі артыст цырка і кіно. Нар.арт.СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДЗІНЫ,
сістэма дзеянняў жывых істот у працэсе іх узаемаадносін паміж сабой і з навакольным асяроддзем. Уласцівы асобным індывідам і іх сукупнасцям (П. біял. віду, сац. групы). Асн. адзінкай аналізу П. з’яўляецца дзеянне — працэс, абумоўлены матывамі і накіраваны на рэалізацыю мэты. Важную ролю адыгрываюць таксама заахвочвальныя фактары — патрэбнасць, інтарэсы, погляды, перакананні, ідэалы, імкненні, каштоўнасныя арыентацыі і ўстаноўкі. П. чалавека вызначаюцца заахвочваннямі, што ўзнікаюць пад уплывам жыццёвых умоў (гал.ч. сацыяльных), прыроджанымі імкненнямі. Адрозніваюць віды П.: усвядомленыя і неўсвядомленыя, рацыянальныя і эмацыянальныя, якія знаходзяцца ў складанай узаемасувязі. П. чалавека вывучае псіхалогія. У сацыялогіі і сац. псіхалогіі паняцце П. выкарыстоўваецца для характарыстыкі самавыражэння індывіда ў сац. акружэнні. Біхевіярызм разглядае П. як сістэму рухальных рэакцый у адказ на знешні стымул. Неабіхевіярызм паміж стымуламі і рэакцыяй уключае т.зв. «прамежкавыя пераменныя» ў выглядзе заахвочванняў, мэт, установак і інш. элементаў свядомасці. Фрэйдызм звяртае ўвагу на залежнасць П. ад бессвядомай прыхільнасці; гештальтпсіхалогія — ад цэласных вобразаў успрымання. Гл. таксама Выхаванне, Дэвіянтныя паводзіны, Дзеянне сацыяльнае, Нормы, Сацыялізацыя.
Літ.:
Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;
Мисюк Н.С. Структура и коррекция поведения человека. Мн., 1980;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРЭ́ЎСКІ ((Paderewski) Ігнацы Ян) (18.11.1860, в. Курылаўка Хмяльніцкага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1941),
польскі піяніст, кампазітар, грамадска-паліт. дзеяч, педагог Скончыў Варшаўскі муз.ін-т (1878), з 1879 выкладаў у ім (у 1882—83 праф., з 1909 дырэктар). Вучань Т.Лешаціцкага. У 1913—18 жыў у ЗША. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік Польскага нацыянальнага камітэта пры ўрадзе ЗША (1917—18). У студз. — ліст. 1919 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы, прадстаўляў яе на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (разам з Р.Дмоўскім) і ў Лізе Нацый (1919—21). У 1940—41 старшыня польск. Нац. савета ў эміграцыі. Адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу, прадстаўнік рамант. стылю. З яго гастроляў пачалася гісторыя канцэртнай залы «Карнегі-хол» (1891, Нью-Йорк). Яго выкананне вызначалася віртуознай тэхнікай, вытанчанасцю, моцным тэмпераментам. Меў вялікі канцэртны рэпертуар, у якім вылучаліся інтэрпрэтацыі твораў Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, Ф.Ліста. Аўтар оперы «Манру» (паст. 1901), сімфоніі (1907), канцэрта (1888), «Польскай фантазіі на арыгінальныя тэмы» (1893) для фп. з арк., санат, «Польскіх танцаў» (1884), цыкла «Песні падарожніка», мініяцюр, у т. л. «Менуэта G-dur», эцюдаў для фп., песень, а таксама артыкулаў, успамінаў. Пад яго кіраўніцтвам у 1935—40 падрыхтавана выданне поўнага збору твораў Шапэна (1949—58).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,
спецыяльна абсталяваныя збудаванні, размешчаныя ў тоўшчы зямлі. Да іх адносяцца: трансп. і гідратэхн. тунэлі; збудаванні метрапалітэна, электрастанцыі (гал. чынам гідраэлектрычныя станцыі, а таксама атамныя 4 цеплавыя); склады і халадзільнікі; аб’екты гар. гаспадаркі (пешаходныя пераходы, гаражы, калектары, трубаправоды, газаразмеркавальныя станцыі, магазіны і інш.); ёмістасці (рэзервуары) для пітной вады, газавыя сховішчы, нафтасховішчы, сховішчы для захоўвання шкодных адходаў вытв-сці; прамысл. аб’екты (напр., кампрэсарныя і помпавыя станцыі, заводы); лячэбныя аб’екты (пераважна ў саляных вырабатках); збудаванні грамадз. абароны, ваен. аб’екты. Асобную групу складаюць П.з. шахтаў (эл. падстанцыі, дэпо, станцыі водаадліву, шахтавыя ствалы, капітальныя штрэкі, штольні і інш).
П.з. неглыбокага залажэння будуюць адкрытым спосабам (у катлаванах, траншэях), метадамі апускнога калодзежа або «сцяна ў грунце» (у траншэях робяцца сцены з наступным выманнем грунту з унутр. аб’ёму). П.з. глыбокага залажэння ствараюць закрытым спосабам з выкарыстаннем буравых свідравін, горных вырабатак, горных камбайнаў, шчытоў праходчых, буравыбуховых работ і інш. Пры вядзенні падземных работ выкарыстоўваюць асушэнне, замарожванне грунтоў, хім. замацаванне, тампанаж, цэментацыю і сілікатызацыю. Гідраізаляцыя П.з. дасягаецца ўшчыльненнем або паляпшэннем хім. дабаўкамі матэрыялаў, што кладуцца ў канструкцыю, стварэннем воданепранікальных перакрыццяў.
На Беларусі П.з. з’яўляюцца Мінскі метрапалітэн, газасховішчы, аб’екты грамадз. абароны, калектары, шахты і інш.
І.І.Леановіч.
Падземныя збудаванні. Тунэль для 4-палоснага руху аўтатранспарту пад адным з каналаў Амстэрдама.