НІТЭ́ЛА (Nitella),

род харавых водарасцей сям. нітэлавых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ўсюды ў азёрах, апрэсненых участках мораў. На Беларусі адзначана N. sp. (як від не вызначалася) і Н. грацыёзная (N. gracilis). Растуць пераважна на мяккіх ілістых грунтах у чыстай, спакойнай вадзе.

Талом кусцістаразгалінаваны, ніткападобны, выш. да 1 м, прымацаваны да грунту рызоідамі. Асн. парасткі і галінкі маюць доўгія (да 25 см) аднаклетачныя міжвузеллі і шматклетачныя вузлы. Размнажэнне вегетатыўнае і палавое.

Т.​М.​Міхеева.

Нітэла.

т. 11, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́АК (Noak),

балетмайстар 2-й пал. 18 ст. Па паходжанні немец. У 1776—96 (?) працаваў у Слонімскім т-ры М.​К.​Агінскага. Стваральнік (1777), кіраўнік (да 1781) і педагог Слонімскай балетнай школы. Верагодна, выконваў і гал. мужчынскія партыі ў балетах т-ра. Мяркуюць, што ў яго абавязкі ўваходзіла і назіранне за балетам у Целяханах. З 1777 на слонімскай сцэне. выступала жонка Н., прымадонна слонімскага балета (апошнія звесткі пра яе адносяцца да 1785).

А.​А.​Саламаха.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́ЕЎ (Арсен Аляксеевіч) (10.12.1910, в. Блеўчыцы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 7.4.1989),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў ваен. школу ў Пухавічах (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Волхаўскім, Ленінградскім, 1-м Прыбалт., 2-м і 1-м Бел. франтах, удзельнік прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Пскоўскай вобл., баёў у Эстоніі, Латвіі, Усх. Прусіі. Камандзір гаўбічнай батарэі ст. лейтэнант Н. вызначыўся ў 1945 у баях за Берлін. Да 1971 на сав., парт. і гасп. рабоце.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПІУМ (лац. opium ад грэч. opion макавы сок),

опій, высахлы на паветры млечны сок з надрэзаў на няспелых макаўках опійнага маку; моцны наркотык, мае каля 20 алкалоідаў: марфін, кадэін, наркацін і інш. У О. да 10% марфіну, які больш за інш. алкалоіды ўздзейнічае на арганізм чалавека. Ужыванне вядзе да наркаманіі. Прэпараты О. (напр., марфіну гідрахларыд) выкарыстоўваюць як моцны абязбольвальны сродак пры злаякасных пухлінах, нырачных коліках і інш.; супраць кашлю (напр., кадэін) і інш.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ У Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Палессе. Адкрыта ў 1977. Распрацоўваецца з 1981. Пл. 7 км². Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну, у цэнтры Рэчыцка-Вішанскай зоны нафтанамнажэння, за 2 км на Пн ад Мармавіцкага радовішча нафты. Паклады прымеркаваны да барычэўскіх пластоў лебядзянскага гарызонту. Нафтаносны гарызонт залягае на глыб. 2560—2678 м. Калектары — кавернозныя, порыстыя і трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта маласярністая, парафіністая, смалістая, шчыльнасць 875 кг/м³.

У.​А.​Багіна.

т. 11, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛУЖ 1-ы,

вёска ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Палуж, на аўтадарозе Краснаполле—Касцюковічы. Цэнтр Высакаборскага с/с і калгаса. За 10 км на У ад г.п. Краснаполле, 120 км ад Магілёва, 35 км ад чыг. ст. Камунары. 273 ж., 95 двароў (2000). Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. На паўн.-ўсх. ускраіне вёскі курганны могільнік эпохі Кіеўскай Русі.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЫ́КАВІЧЫ 1-я,

вёска ў Магілёўскім р-не, на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 5 км на Пд ад Магілёва. 1303 ж., 430 двароў (2000). Акц. т-вы «Расма» і «Саюз». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў. Курган Памяці на ўвекавечанне мірных грамадзян, загубленых ням.-фаш. захопнікамі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Палыкавічы 1-я.

т. 12, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАМАГНЕ́ТЫК,

слабамагнітнае рэчыва, якое намагнічваецца ў знешнім магн. полі ў напрамку поля. Пры адсутнасці знешняга магн. поля намагнічанасць П. роўная нулю. Магнітная ўспрыімлівасць П. невялікая і заўсёды дадатная (гл. Парамагнетызм). Да П. адносяцца: шчолачныя і шчолачназямельныя металы, некаторыя пераходныя металы, солі рэдказямельных элементаў і металаў групы жалеза, водныя растворы солей пераходных металаў, газы кісларод O2 і аксід азоту NO, фера-, феры- і антыферагнетыкі пры т-рах, большых за Нееля пункт ці Кюры пункт.

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́НТРАП (ад пара... + грэч. anthrōpos чалавек),

адзін з найб. стараж. і прымітыўных выкапнёвых гамінідаў, рэшткі якога знойдзены каля в. Сварткранс і Кромдрай у Паўд. Афрыцы. Жылі каля 1—2 млн. гадоў назад, харчаваліся ў асн. расліннай ежай. Адносяцца да аўстралапітэкаў, іншая назва — Australopithecus robustus (аўстралапітэк масіўны). П. больш буйныя за інш. аўстралапітэкавых, мелі адносна вял. галаўны мозг (каля 510 см³). Большасць даследчыкаў лічаць, што П. былі тупіковым адгалінаваннем аўстралапітэкавых, якія не мелі далейшага эвалюц. працягу.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Пціч. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на З ад г.п. Акцябрскі, 218 км ад Гомеля, 11 км ад чыг. ст. Рабкор. 696 ж., 286 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік на месцы партыз. аэрадрома.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)