ПАРАГЕНЕРА́ТАР,

цеплаабменнік для атрымання вадзяной пары з ціскам, вышэйшым за атмасферны, шляхам нагрэву вады цепланосьбітам, які паступае ад ядз. рэактара. Выкарыстоўваецца на атамнай электрастанцыі з вода-вадзянымі энергет. рэактарамі і інш. Раней П. наз. паравы кацёл.

т. 12, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЦАВЫ БЕ́РАГ, Малагета,

участак узбярэжжа Атлантычнага ак. ў Афрыцы, у Ліберыі, паміж мысамі Мезурада і Пальмас. Нізінны, плоскі, лагуннага тыпу. Пераважаюць вільготныя экватарыяльныя лясы і мангравыя зараснікі. Назва ад гвінейскага перцу (малагеты), які вывозіўся адсюль у мінулым.

т. 12, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТО́КА,

другараднае рэчышча (рукаў), якое ўтвараецца пры разгалінаванні ракі астравамі, або кароткі вадацёк прыроднага паходжання, які злучае возера з ракой або 2 возеры. На Беларусі рачныя П. найчасцей трапляюцца на рэках Палесся, паміж азёрамі — у Бел. Паазер’і.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВА́Т-ДАЦЭ́Т (ням. Privatdozent ад лац. privatim прыватным чынам + docens які навучае),

вучонае званне і пасада пазаштатнага выкладчыка ва ун-тах і некат. інш. ВНУ у Рас. імперыі і ў шэрагу краін Зах. Еўропы. Адпавядае званню дацэнт.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКВЕ́ТАК,

ліст, у пазусе якога развіваецца кветка і які ўкрывае кветкавы парастак. Ад вегетатыўнага лісця таго ж віду часта адрозніваецца больш простай формай і дробнымі памерамі; часам мае характар плеўкавых лускавінак ці падобны на звычайнае лісце.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАЛЮ́ЦЫЯ (ад лац. resolutio рашэнне),

1) рашэнне, прынятае ў выніку абмеркавання якога-н. пытання на пасяджэнні (з’ездзе, канферэнцыі, сесіі) калегіяльнага органа, сходу і г.д. 2) Надпіс на дакуменце, які зроблены службовай асобай і змяшчае прынятае рашэнне.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНТГЕНАКІМАГРА́ФІЯ (ад рэнтген+ + грэч. kyma хваля + ...графія) рэнтгеналагічны метад даследавання, які дазваляе рэгістраваць на рэнтгенаўскай плёнцы рухі органаў (сэрца, вял. сасудаў, страўніка, дыяфрагмы і інш.). Робіцца пры дыягностыцы некат. захворванняў, напр., анеўрызмы аорты, інфаркту міякарда і інш.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́Л-ДАРВІНІ́ЗМ,

кірунак у грамадазнаўстве канца 19—1-й пал. 20 ст., які ўзнік пад уплывам тэорыі Ч.​Дарвіна і абвясціў заканамернасці біял. эвалюцыі і прынцыпы натуральнага адбору вызначальнымі фактарамі ў развіцці грамадства. Гл. Дарвінізм сацыяльны.

т. 14, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ,

аптычная характарыстыка паверхневай інтэнсіўнасці светлавога патоку, які выпрамяняецца дадзеным пунктам паверхні цела. Роўная адносінам светлавога патоку, што выходзіць з элемента паверхні, да плошчы гэтага элемента. Адзінка вымярэння С. ў СІ — люмен з квадратнага метра (лм/м²).

т. 14, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІС ДЭНУДА́ЦЫІ, дэнудацыйны ўзровень,

ніжні ўзровень паверхні, да якога перамяшчаюцца (скочваюцца або змываюцца) прадукты разбурэння (выветрывання) горных парод. Звычайна адпавядае падэшве горнага схілу, дзе адбываецца акумуляцыя матэрыялу, які зносіцца зверху, і ўтвараюцца (пры стромкіх схілах) дэлювіяльныя шлейфы (гл. Дэлювій).

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)