МАГНІ́Т (грэч. magnētis ад Magnetis lithos літар. камень з Магнесіі — стараж. горада ў М.Азіі),
цела, якому ўласціва намагнічанасць — здольнасць ствараць вакол сябе магнітнае поле. Бываюць пастаянныя М. і электрамагніты (у т. л.звышправодныя магніты), намагнічанасць якіх ствараецца эл. токам.
Пастаянны М. бывае прыродны, з магн. жалезняку (магнетыту) і зроблены ў выглядзе падковы, паласы, стрыжня і да т.п. з папярэдне намагнічаных ферамагнетыкаў (пераважна магнітацвёрдых матэрыялаў). Гал. ўласцівасць М. — здольнасць прыцягваць жалеза, нікель, кобальт, некат. лантаноіды, іх сплавы і злучэнні, а таксама злучэнні хрому, марганцу і урану. Характарызуецца астаткавым намагнічваннем, каэрцытыўнай сілай, формай пятлі гістэрэзіса, макс. шчыльнасцю магн.энергіі. Свабодна падвешаны, адхіляецца ў магн. полі Зямлі адным бокам (полюсам) на Пн, другім — на Пд (гл.Магнітныя палюсы Зямлі). Шырока выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца пастаяннага магн. поля ў элементах, прыладах і апаратах электра- і радыётэхнікі, электронікі, аўтаматыкі.
У.М.Сацута.
Магнітнае поле пастаянных магнітаў: а — без магнітаправода; б — з магнітаправодам; 1 — магніт; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; N і S — полюсы магніта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГУ́ТНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ,
фізічная велічыня, якая характарызуе скорасць пераўтварэння або перадачы электраэнергіі. У эл. ланцугах пастаяннага току магутнасць роўная здабытку напружання і току: у ланцугах пераменнага току адрозніваюць імгненную, актыўную, рэактыўную і поўную магутнасць.
Імгненная М.э. (у дадзены момант часу) зменьваецца на працягу кожнага паўперыяду эл. ваганняў і роўная здабытку імгненных значэнняў напружання і току. Сярэдняе за паўперыяд значэнне імгненнай магутнасці наз.актыўнай магутнасцю, а велічыня, што характарызуе скорасць перадачы энергіі ад крыніцы да прыёмніка і назад — рэактыўнай магутнасцю. Поўная М.э. роўная здабытку дзейных значэнняў перыядычнага эл. току ў ланцугу і напружання на яго клямарах. Поўная S, актыўная P і рэактыўная Q магутнасці звязаны суадносінамі: S2 = P2+Q2. Для 3-фазных ланцугоў магутнасці S, P і Q вызначаюцца як сума магутнасцей асобных фаз. Адзінкі М.э.: актыўнай — ват, рэактыўнай вар (вольт-ампер рэактыўны), поўнай — вольт-ампер.
М.А.Караткевіч.
Магутнасць электрычная пераменнага току: P — актыўная; Q — рэактыўная; S — поўная; φ — вугал зруху фаз паміж напружаннем і токам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (7.7.1854, в. Барок Някоўзскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 30.7.1946),
дзеяч рас.рэв. руху, вучоны. Ганаровы акад.АНСССР (1932). З 1874 у маскоўскім гуртку чайкоўцаў, удзельнічаў у «хаджэнні ў народ». У 1875 арыштаваны і асуджаны па «працэсе 193-х». У 1878 уступіў у арг-цыю «Зямля і воля», з 1879 — чл. Выканкома «Народнай волі». У 1881 зноў арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пасля вызвалення ў 1905 займаўся навук.-пед. дзейнасцю. У 1918—46 дырэктар Прыродазнаўча-навук. ін-та імя Лесгафта. Працы па хіміі (прадказаў існаванне інертных элементаў, выказаў пацверджаныя пазней меркаванні аб складанай будове атама і магчымасці атрымання атамнай энергіі), матэматыцы, астраноміі, метэаралогіі, гісторыі рэлігіі і культуры. Аўтар успамінаў і вершаў.
Тв.:
[Вершы] // Муза в храме науки: Сб. стихотворений. 2 изд. М., 1988.
Літ.:
Н.А.Морозов ученый-энциклопедист. М., 1982;
Озеров В.С. Н.А.Морозов. Л., 1966;
Твардовская В.А. Н.А.Морозов в русском освободительном движении. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́ ТРА́НСПАРТ,
адзін з асн. відаў транспарту, які ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў спец. марскімі суднамі па акіянах і морах. Шырока выкарыстоўваецца для міжнар. і ўнутр. перавозак (гл.Кабатаж). М.т. мае шэраг тэхн.-эканам. пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту: меншыя затраты працы на ажыццяўленне перавозак, неабмежаваная прапускная здольнасць, параўнальна высокая правазная здольнасць рухомага саставу, меншыя ўдзельныя затраты энергіі і паліва, адносна нізкі сабекошт перавозак. М.т. уключае судны розных відаў і прызначэння, марскія лініі і парты, суднарамонтныя прадпрыемствы і суднапад’ёмнае абсталяванне, сродкі сувязі і электрарадыёнавігацыі і інш.
М.т. вядомы ў стараж. краінах задоўга да н.э. Першыя марскія судны былі вёсельныя. Вынайдзены пазней ветразь на многія стагоддзі стаў гал. рухавіком суднаў. Паравая машына дазволіла стварыць першыя самаходныя судны з мех. рухавіком — параходы, рухавік унутр. згарання — цеплаходы, атамны рэактар — атамаходы. Сучасныя марскія судны — складаныя інж. збудаванні, грузападымальнасць асобных з іх дасягае 500 тыс.т, а магутнасць энергет. устаноўкі перавышае 74 тыс.кВт. Судны М.т. падзяляюцца на пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя (танкеры) і службова-дапаможныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Фёдаравіч) (3.8.1872, Мінск — 1.6.1951),
расійскі вучоны ў галіне электратэхнікі, адзін з заснавальнікаў сав. школы тэарэт. электратэхнікі. Акад.АНСССР (1929, чл.-кар. 1927). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1895). У 1896—1905. у Пецярбургскім горным ін-це, у 1902—38 у політэхн. ін-це (з 1909 праф.), адначасова (у 1921—37) узначальваў Асобае тэхн. бюро па ваен. вынаходствах Наркамата абароны СССР. У 1938—44 у АНСССР (у 1940—42 старшыня секцыі электрасувязі аддз.тэхн. навук). Удзельнічаў у складанні плана ГОЭЛРО. Навук. працы па тэорыі і фіз. асновах электратэхнікі, правадной і бесправадной сувязі, перадачы эл.энергіі. Аўтар падручнікаў па тэарэт. асновах электратэхнікі. Прэмія імя У.І.Леніна 1928. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Избр. труды. М.; Л., 1956;
Физические основы электротехники. 3 изд. Л., 1933;
Магнитный поток и его преобразование. М.; Л., 1946.
Літ.:
Нейман Л.Р. Академик В.Ф.Миткевич, его труды и прогрессивные идеи: (К 100-летию со дня рождения) // Электричество. 1972. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІВА,
рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл.Нафтаперапрацоўка).
Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв.альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,
высокаспецыялізаваныя органы, з дапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.
Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэс нерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяцца зроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНАПРУ́ЖАННЕў электратэхніцы,
павышэнне напружання электрычнага да значэнняў, небяспечных для электраізаляцыіэл. установак. Бывае ўнутранае (камутацыйнае) і вонкавае (атмасфернае).
Унутраныя П. ўзнікаюць пры рэзкіх зменах работы электраўстановак — выключэнні індуктыўнасцей (напр., ненагружаных трансфарматараў), ёмістасцей (ненагружаных ЛЭП), пры інш.камутацыях, а таксама пры кароткіх замыканнях, рэзанансах эл. сетак і інш. Павышэнне напружання, якое можа дасягаць 3—7 значэнняў фазнага напружання, абумоўлена вызваленнем эл.-магн. ці электрастатычнай энергіі, назапашанай у рэактыўных элементах ланцуга. Памяншаецца ўнутр. П. з дапамогай хуткадзейных эл.выключальнікаў, ва ўстаноўках з ізаляванай нейтраллю — зазямленнем нейтралі праз дугагасільную шпулю індуктыўнасці. Вонкавыя П. выклікаюцца разрадамі маланкі ў токаправодныя часткі або побач з імі ў зямлю (наведзенае П). Ад прамога ўдару П. можа дасягаць мільёнаў вольт, індуктаванае — 400—500 кВ. Ад атмасферных П. эл. ўстаноўкі ахоўваюцца разраднікамі (зніжаюць амплітуду хвалі), маланкаадводамі, ахоўнымі тросамі і інш сродкамі маланкааховы.
Схема аховы ад атмасферных перанапружанняў трансфарматарнай падстанцыі: Т — трансфарматар; ВМ — выключальнік маслены; ХП — хваля перанапружання; РВ — разраднік вентыльны; РТ1, РТ2 — разраднікі трубчастыя; Ш — шыны падстанцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,
група рыб, якія робяць нераставыя міграцыі з мораў у рэкі (анадромныя міграцыі, характэрныя для асятровых, ласосевых ласасёвых, селядцовых, некат. карпавых і інш.) або з рэк у мора (катадромныя міграцыі, характэрныя для некат. бычкоў, рачных вугроў, трапічных відаў самоў). Сярод анадромных мігрантаў адрозніваюць азімыя расы (уваходзяць у рэкі з восені, падымаюцца ў вярхоўі, нерастуюць пасля зімоўкі) і яравыя (уваходзяць у рэкі вясной ці летам, падымаюцца значна ніжэй азімых рас, нерастуюць у тым жа годзе). На Беларусі ў сувязі з пабудовай на рэках плацін П.р. прыродным шляхам у вадаёмы не трапляюць.
Звычайна П.р. здольныя прыстасоўвацца ў шырокіх межах да ваганняў салёнасці вады. У час міграцыі большасць П.р. не корміцца. Перад міграцыяй яны назапашваюць рэзервовыя рэчывы (звычайна тлушч) у сувязі з вял. затратамі энергіі пры пераадольванні перашкод ( быстрыя цячэнні, парогі, вадаспады і інш.). Пасля нерасту пераважная колькасць гіне (ад знясілення і інш.). Многія віды П.р. — аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БІЯ ((Rubbia) Карла) (н. 31.3.1934, г. Гарыцыя, Італія),
італьянскі фізік. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1975), Нац.АН ЗША (1987). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1984), Рас.АН (1988). Скончыў Пізанскі ун-т (1958). З 1961 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе (у 1989—93 ген. дырэктар), адначасова ў 1970—88 у Гарвардскім ун-це. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц. Пад яго кіраўніцтвам эксперыментальна пацверджана існаванне нейтральных слабых токаў (1973), знойдзены пераносчыкі слабага ўзаемадзеяння — прамежкавыя вектарныя базоны (1983), адкрыты t-кварк (1984). Прапанаваў канцэпцыю бяспечнай вытв-сці ядз.энергіі з выкарыстаннем сучасных паскаральнікавых тэхналогій (1993). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з С. ван дэр Мерам).
Тв.:
Рус.пер. — Обнаружение нейтральных слабых токов (разам з Д.Клайнам, А.Манам) // Успехи физ. наук. 1976. Т. 120, вып. 1;
Экспериментальное наблюдение промежуточных векторных бозонов W+, W− и Z° // Там жа. 1985. Т. 147, вып. 2.