«БІРУ́ЛЬКІ»,

бел. нар. гульня. З кучкі дробных прадметаў неабходна выбраць кручком усе прадметы адзін за адным, не пасунуўшы пры гэтым астатніх.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́РМІЙ (ад сперма),

гаплоідная мужчынская палавая клетка, тое, што сперматазоід; таксама бязжгуцікавая мужчынская палавая клетка ў насенных раслін; актыўна не рухаецца.

т. 15, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАГАЛО́СНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП У ААН,

устаноўлены Статутам ААН парадак прыняцця Саветам Бяспекі рашэнняў непрацэдурнага характару. Прыняты на Крымскай канферэнцыі 1945. Паводле аднагалоснасці прынцыпу ў ААН рашэнне лічыцца прынятым, калі за яго пададзены галасы 9 членаў Савета, прычым галасы ўсіх яго пастаянных членаў (ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі і КНР) супадаюць. Часам гэты прынцып называюць правам вета пастаянных членаў Савета Бяспекі. Устрыманне пры галасаванні любога пастаяннага члена Савета Бяспекі не перашкаджае ўхваленню рашэння, а няўдзел у галасаванні не разглядаецца як выкарыстанне вета. Прыняцце паправак і змен у Статуце ААН таксама ажыццяўляецца ў адпаведнасці з аднагалоснасці прынцыпам у ААН.

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЫ́,

бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЗМ,

слова, што абазначае прадмет, з’яву ці паняцце, якія выйшлі з ужытку (напр.: «аршын», «гарнец», «грыўня», «дзіда», «кальчуга», «магнат», «піка», «саха», «соцкі», «стралец» і інш.). Асобную групу гістарызмаў складаюць словы, якія хоць і ўзніклі ў наш час, але не належаць да актыўнай лексікі, бо паняцці, што яны абазначаюць, сталі гісторыяй (напр.: «валвыканком», «камбед», «лікбез», «нарком», «нэп», «рэўком», «БелАПП» і інш.). У адрозненне ад архаізмаў гістарызмы не маюць сінонімаў у сучаснай бел. мове; выкарыстоўваюцца для стварэння каларыту пэўнай эпохі, узнаўлення рэальных гіст. абставін і мовы герояў у творах навук. і маст. л-ры.

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 5, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАСТАМЛЕ́ННЕ,

рэзкае зніжэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці с.-г. раслін пры вырошчванні монакультуры ці частай паўтаральнасці адной культуры ў севазвароце. Асн. прычыны глебастамлення: аднабаковае спусташэнне глебы, назапашванне фітапатагенных мікраарганізмаў (бактэрый, вірусаў, грыбоў), спецыфічных для кожнай культуры, развіццё беспазваночных жывёл-шкоднікаў і інш. Да асабліва моцнага глебастамлення вядзе працяглае культываванне лёну, канюшыны, цукр. буракоў і інш. Глебастамленне не ліквідуецца пры ўнясенні поўнага ўгнаення і захаванні фіз. уласцівасцей глебы. Не выклікае глебастамлення вырошчванне жыта, кукурузы, спаржы і некат. іншых раслін у монакультуры. Спосабы барацьбы з глебастамленнем: строгае захаванне севазвароту з улікам папярэднікаў, вырошчванне ўстойлівых сартоў раслін, апрацоўка пестыцыдамі і інш.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАВА АБЛО́ГА 1660—61.

Праводзілася казакамі і войскамі Рэчы Паспалітай у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У снеж. 1659 Быхаў занялі рас. войскі (гл. Быхава абарона 1659). З 1660 рас. гарнізон безупынна асаджалі казацкі палкоўнік Дз.​Мурашка і гетман С.​Чарнецкі, што стаялі лагерам каля Баркалабаўскага манастыра. У асаджаных было 18 гармат і 2 пішчалі-бамбарды, не хапала ежы. 1.12.1661 да Быхава падышло войска Рэчы Паспалітай з 7 тыс. конных і пешых салдат з 11 гарматамі пад камандаваннем Чарнецкага. Рас. гарнізон аблогі не вытрымаў і праз некалькі дзён горад здаў.

т. 3, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1793 БЯЛГРА́ДСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1739. Падпісаны 29 вер. ў Бялградзе паміж Расіяй і Турцыяй, завяршыў руска-турэцкую вайну 1735—39. Паводле дагавора за Расіяй замацавана права на Азоў, Запарожжа, землі паміж Паўд. Бугам і Северскім Данцом. За Турцыяй засталіся Сербія і Малая Валахія. Вялікая і Малая Кабарда прызнаваліся нейтральнымі. Расіі забаранялася трымаць флот на Азоўскім і Чорным морах, гандаль на Чорным м. яна магла весці толькі на тур. караблях. Умовы міру не адпавядалі поспехам рус. войск і не вырашалі гал. задачы рус. дыпламатыі — атрыманне выхаду да Чорнага м. Ануляваны Кючук-Кайнарджыйскім мірам 1774.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАКЕФА́ЛІЯ (ад аўта... + грэч. kephale галава), аўтакефальная царква,

у праваслаўі самастойная, арганізацыйна незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха царква. Першыя аўтакефальныя цэрквы ўзніклі ў 4 ст. ў працэсе адасаблення патрыярхій і мітраполій у правінцыях Візантыі (Александрыі, Антыёхіі, Палесціне). Сёння ў свеце існуе 15 аўтакефальных правасл. цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі). Аўтакефальныя цэрквы не маюць адзінага цэнтра і кіраўніка. Ні адзін з патрыярхаў не мае якіх-н. адм. пераваг у параўнанні з іншымі кіраўнікамі аўтакефаліі. Гл. таксама Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Епархія.

В.​П.​Оргіш.

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРЫ́Я,

вёска ў Беларусі, у Александрыйскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Дняпроўскі». За 12 км на Пн ад Шклова, 50 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Копысь. 333 ж., 164 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка.

Вядома з сярэдзіны 17 ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве Аршанскага пав. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1772) мястэчка ў Копыскім пав., з 1775 уладанне графа С.​Г.​Зорыча. У 1886 у Александрыі 312 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Копыскім р-не Аршанскай акр., з 8.7.1931 вёска ў Шклоўскім р-не.

т. 1, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)