БУРХА́НАЎ Шукур

(5.12.1910, Ташкент — 1987),

узбекскі акцёр. Нар. арт. СССР (1959). З 1927 у т-ры імя Хамзы (Ташкент). Ствараў яркія, тэмпераментныя, псіхалагічна складаныя характары: Гафур («Бай і батрак» Хамзы), Фархад («Легенда пра каханне» Назыма Хікмета), Гамлет, Брут («Гамлет», «Юлій Цэзар» У.Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.Чэхава) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Тахір і Зухра», «Зорка Улугбека», «Гібель чорнага консула» і інш. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТВІЛО́ЎСКІ Рычард Пятровіч

(22.5.1933, г. Барысаў Мінскай вобл. — 22.12.1977),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1958, клас М.Аладава). З 1957 выкладаў у муз. вучылішчы, кансерваторыі, пед. ін-це ў Мінску. Сярод твораў: балада «Подзвіг маці» на сл. І.Панкевіча для салістаў, хору і аркестра (1975); сімфонія (1961); Канцэрт-казка для фп. з аркестрам (1965); п’есы для нар. і эстраднага аркестра; фп. трыо (1956); хары; рамансы; музыка да драм. спектакляў, кінафільма «Анюціна дарога» (у сааўт.).

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСЕ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,

застольныя песні, творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.

І.К.Цішчанка.

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССМЕ́РТНЫ Аркадзь Львовіч

(2.5.1893, г. Сураж Бранскай вобл., Расія — 3.9.1955),

бел. скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1939). Праф. (1946). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1917). Адзін з арганізатараў першай на Беларусі нар. кансерваторыі (Віцебск, 1918), дырэктар Бел. муз. тэхнікума (з 1924), заг. кафедры Бел. кансерваторыі (1932—55). Удзельнік (1-я скрыпка) Дзяржаўнага смыковага квартэта БССР. Кіраваў канцэртамі сімф. аркестраў муз. тэхнікума, Бел. радыёцэнтра, кансерваторыі. Выступаў як скрыпач-саліст, выкананне вызначалася выразнасцю, адухоўленасцю, тэхн. свабодай.

В.П.Пракапцова.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДО́ХРЫШЧА,

Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне, адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РЫН Леў Мікалаевіч

(11.9.1907, Масква — 5.1.1974),

рускі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1926, клас К.Ігумнава), з 1930 выкладаў у ёй (з 1935 праф.). Выступаў як саліст і ансамбліст (з Д.Ойстрахам і С.Кнушавіцкім). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе піяністаў імя Ф.Шапэна (Варшава, 1927). Дзярж. прэмія СССР 1943, Дзярж. прэмія Расіі 1966.

Літ.:

Л.Н.Оборин: Статьи. Воспоминания: К семидесятилетию со дня рождения. М., 1977;

Л.Н.Оборин — педагог: [Сб. ст.]. М., 1989.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ХАВА Надзея Андрэеўна

(6.3.1886, Масква — 14.8.1961),

рус. спявачка (мецца-сапрана), выдатная прадстаўніца рус. вакальнай школы. Нар. артыстка СССР (1937). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1912). У 1916—48 салістка Вял. т-ра СССР. Валодала голасам багатага тэмбру, шырокага дыяпазону. Выконвала кантральтавыя і высокія мецца-сапранавыя партыі. Лепшыя з іх: Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Марфа («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Літ.:

Поляновский Г. Н.А.Обухова. 2 изд. М., 1986.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕК-НАЗА́РАЎ

(Бекназаран) Амо (Амбарцум) Іванавіч (31.5.1892, Ерэван — 27.5.1965),

акцёр і рэжысёр кіно, сцэнарыст. Нар. арт. Арменіі (1935). Адзін з заснавальнікаў кінамастацтва Арменіі, Грузіі, Азербайджана. Лепшыя фільмы — гістарычныя і экранізацыя твораў арм. класікі: «Намус» (1925), «Дом на вулкане» (1928), «Севіль» (1929), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Давід-Бек» (1944), «Насрэдзін у Хаджэнце» (1959, з Э.Карамянам). Яго фільмы вылучаліся тэмпераментам, нац. каларытам. Аўтар сцэнарыяў шэрагу сваіх фільмаў. Яго імя прысвоена кінастудыі «Арменфільм».

т. 2, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВО́КІ НЫРЭ́Ц

(Aythya nyroca),

птушка сямейства качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі бывае на пралёце, гняздуецца рэдка ў паўд. ч. рэспублікі. Жыве на вадаёмах з зараснікамі. Нар. назва чарнушка.

Маса да 650 г. Апярэнне зверху рыжавата-карычневае, спіна і надхвосце амаль чорныя. Бруха, падхвосце і люстэрка на крылах белыя. Радужына вока ў самца белая або шаравата-белая (адсюль назва). Дзюба сінявата-чорная. Корміцца расліннасцю, малюскамі, ракападобнымі, лічынкамі водных насякомых. Аб’ект палявання.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ КАПЭ́ЛА.

Існавала ў 1928—30 у Мінску. Арганізавана на базе Бел. студыйнага хору, створанага ў 1926 па ініцыятыве Інбелкульта. У студз. 1929 умацавана лепшымі артыстамі з хору Бел. дзярж. муз. тэхнікума (усяго 55 чал.). Кіраўнік А.Ягораў. Папулярызавала бел. нар. песні, выконвала творы бел. кампазітараў (у тым ліку хары з оперы М.Аладава «Тарас на Парнасе»), Удзельнічала ў выкананні 9-й сімфоніі Л.Бетховена. Большасць артыстаў капэлы ўвайшла ў склад Беларускай студыі оперы і балета.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)