АСЯРО́ДДЗЕ ў біялогіі,

сукупнасць абіятычных (нежывых) і біятычных (жывых) умоў існавання жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Адрозніваюць асяроддзі: знешняе — сукупнасць сіл і з’яў прыроды, якія не абавязкова кантактуюць з жывымі арганізмамі; навакольнае — маецца на ўвазе непасрэдны кантакт з арганізмамі; прыроднае — уключае абіятычныя, біятычныя і антрапагенныя фактары, што ўздзейнічаюць на арганізм.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЛАЎСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК Існаваў у 1940—51 у Валожынскім і Івянецкім р-нах Мінскай вобл. Пл. 13,6 тыс. га (80% пад лесам). Створаны для аховы, аднаўлення і вывучэння каштоўных капытных жывёл — ланей, аленяў, казуль, дзікоў, а таксама рачных баброў. З 1960 тэрыторыя б. запаведніка ў складзе біял. заказніка Налібоцкі.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХВУ́СНАЎКІ,

устарэлая назва плоскіх чарвей класа трэматод, напр., Д. пячоначная (Fasciola hepatica), Д. крывяная (Schistosoma haematobium), Д. кашэчая, або сібірская (Opistorchis felineus), і інш. Селяцца ў органах чалавека і жывёл, выклікаюць цяжкія хваробы. Назва Д. звязана з тым, што прысоскі ў трэматод раней прымалі за 2 ротавыя адтуліны.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РВІНА ПРЫ́НЦЫП КЛАСІФІКА́ЦЫІ,

прынцып, паводле якога «чым менш якая-н. ч. арганізма звязана з якімі-н. асаблівымі функцыямі, тым больш яна мае значэнне для класіфікацыі». Напр., малюнак афарбоўкі ў птушак, жылак крыла насякомых, форма карэнных зубоў млекакормячых з’яўляюцца каштоўнымі крытэрыямі (адзнакамі) для класіфікацыі гэтых жывёл. Сфармуляваў Ч.Дарвін (1859).

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОДАМІНА́НТНАСЦЬ [ад лац. со (cum) з, разам + дамінантнасць],

удзел абодвух алеляў генаў у вызначэнні адзнакі ў гетэразіготнай асобіны; прыватны выпадак дамінантнасці. Прадукты, што сінтэзуюцца пад кантролем абодвух алеляў здольны незалежна ўплываць на выяўленне адзнакі або ўзаемадзейнічаць паміж сабой (напр., узаемадзеянне алеляў пры вызначэнні групы крыві ў чалавека і жывёл).

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАЕ ПАЛЯВА́ННЕ,

адстрэл ці адлоў прамысл. жывёл з мэтай атрымання таварнай прадукцыі або забеспячэння паляўнічага прадуктамі харчавання, адзеннем, традыц. жыллём (чумы, юрты і інш.). На Беларусі П.п. як від прац. дзейнасці практыкавалася ў мінулым. У адпаведнасці з сучасным заканадаўствам існуе толькі любіцельскае і спарт. паляванне.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛО́ГІЯ РАЗВІЦЦЯ́,

кірунак у біялогіі, заснаваны на вывучэнні прычынных механізмаў і рухаючых сіл індывід. развіцця (антагенезу) жывёл і раслін. Як самаст. галіна даследаванняў сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Вывучае розныя аспекты працэсу развіцця на малекулярным, клетачным, тканкавым, органавым і арганізмавым узроўнях, вырашае фундаментальныя праблемы рэалізацыі праграм генет. інфармацыі ў ходзе антагенезу і малекулярных асноў фенатыпічных змен, нармальнага і пухліннага росту клетак і клетачных папуляцый, марфагенезу, спецыфікі клетачнай, тканкавай, органавай дыферэнцыроўкі, клетачных узаемадзеянняў, узнікнення і станаўлення рэгулятарных механізмаў, якія забяспечваюць цэласнасць развіцця, крытычных узроўняў у працэсе развіцця, рэгенерацыі і інш. Дасягненні біялогіі развіцця перспектыўныя ў кіраванні развіццём раслін і жывёл, рэгуляцыі іх колькасці, полу і інш.

Літ.:

Зуссман М. Биология развития: Пер. с англ. М., 1977;

Математическая биология развития. М., 1982;

Михайлов А.Т., Симирский В.Н. Методы иммунохимического анализа в биологии развития. М., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРЫ́Т (ад гастр... + ...іт),

вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек.жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.

т. 5, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАДУ́КЦЫЯ,

перасяленне асобных відаў жывёл і раслін за межы іх натуральнага арэала, у мясцовасці ці экасістэмы, дзе яны раней не жылі або іх шчыльнасць была нізкая; пачатковы этап акліматызацыі. Від, які перасяляюць, павінен мець перавагі перад блізкімі абарыгеннымі відамі або не мець аналагаў. На Беларусі інтрадукавана каля 30 відаў жывёл, у т. л. 13 відаў млекакормячых (напр., андатра, янот-паласкун), 2 віды птушак (курапатка барадатая, фазан), 12 відаў рыб (напр., еўрапейскі вугор, карась сярэбраны, пелядзь), некалькі відаў беспазваночных (мізіды). І. раслін вядзецца (паводле археал. даследаванняў) з 3 ст. да н.э. (напр., віка, проса, пшаніца); бульбу пачалі вырошчваць у 18 ст. З 2-й пал. 18 ст. ў сувязі з развіццём садова-паркавага мастацтва пачалася І. іншаземных відаў дрэвавых і кустовых раслін, пераважна лек. і вітамінаносных (абляпіха, барбарыс, лімоннік кітайскі, рабіна чарнаплодная і інш.).

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНФУЗО́РЫІ (Infusoria, або Ciliophora),

тып высокаарганізаваных прасцейшых. 2 класы: раснічныя і сысучыя, больш за 1100 родаў, каля 7000 відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і прэсных вадаёмах, некат. віды — у глебе і імхах.

Памеры ад 10 мкм да 3 мм. Форма цела разнастайная. Бываюць рухомыя і прымацаваныя, адзінкавыя і каланіяльныя арганізмы. Цела ўкрыта радамі раснічак, ёсць клетачны рот (цытастом). Размнажэнне пераважна бясполае (дзяленне на дзве часткі, адначасовае множнае дзяленне, пачкаванне) і полавае (кан’югацыя). Кормяцца бактэрыямі, водарасцямі і прасцейшымі. У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. Многія І. — каменсалы (гл. Каменсалізм) і паразіты інш. жывёл. Некат. І. выклікаюць захворванні рыб (іхтыяфтырыусы, трыхадзіны), чалавека і жывёл (балантыдый колі). Водныя І. ўдзельнічаюць у біял. ачышчэнні сцёкавых вод, многія — корм для рыб.

Э.​Р.​Самусенка.

Інфузорыі; 1 — туфелька; 2 — іхтыяфтырыус; 3 — сувойка; 4 — кампанела (участак калоніі); 5 — трыхадзіна; 6 — балантыдый.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)