ГАДА́ВАРЫ, Годзі,
рака ў Індыі. Даўж. 1450 км, пл. бас. 290 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Гатах, перасякае пласкагор’е Дэкан, упадае ў Бенгальскі заліў, утварае дэльту. Мнагаводная летам. Сярэдні расход вады 3500 м³/с. Суднаходства ў сярэднім і ніжнім цячэнні і ў дэльце, дзе злучана каналам з дэльтай р. Крышна. ГЭС. Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гадавары — гарады Нашык, Нандэр, Раджамандры.
т. 4, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУ́БА (Jubba),
рака ў Эфіопіі і Самалі. Даўж. 1600 км (разам з гал. вытокам Гэнале), пл. бас. 750 тыс. км² (разам з р. Вебі-Шэбелі). Пачынаецца на Эфіопскім нагор’і, цячэ па плато Самалі, упадае ў Індыйскі ак. Сярэдні расход вады 550 м³/с. У вільготныя сезоны (крас.—чэрв., вер.—ліст.) суднаходная ад г. Бардэрэ; у вусці — марскі порт Кісмайо (Самалі).
т. 6, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВІ́НСКАЯ ГУБА́, Дзвінскі заліў,
заліў каля паўд.-ўсх. ч. Белага м. Даўж. 93 км, шыр. каля ўваходу 130 км, глыб. ад 15—22 да 120 м (на ПнЗ). Зімой замярзае. Летам у Дз.г. адзначаецца найб. высокая т-ра вады ў Белым м. (да 12 °C). Прылівы паўсутачныя (да 1,4 м). Упадае р. Паўн. Дзвіна, у дэльце якой парты Архангельск і Северадзвінск.
т. 6, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮРА́НС (Durance),
рака на ПдУ Францыі, левы прыток Роны. Даўж. 350 км, пл. бас. 14,2 тыс. км². Пачынаецца ў Коцкіх Альпах, перасякае адгор’і Праванскіх Альпаў, у нізоўі цячэ па Ронскай нізіне. Сярэдні расход вады 190 м³/с. Жыўленне ў вярхоўі снегавое, на астатнім працягу — дажджавое. Вяснова-летнія высокія паводкі; бываюць навадненні. Каскад ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння. У вусці — г. Авіньён.
т. 6, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМ’Я́НКА,
рака ў Омскай і Цюменскай абл. Расіі, правы прыток р. Іртыш. Даўж. 1159 км. Пл. бас. 34,8 тыс. км². Бярэ пачатак у балотах Васюгання, цячэ ў нізінных лясістых берагах па Зах.Сібірскай раўніне. Гал. прытокі: Кеўм (справа), Тэгус, Імгыт (злева). Ледастаў з кастр.—ліст. да мая. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 145 м³/с. Сплаўная. Суднаходства на 221 км ад вусця.
т. 6, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХАРЫ́Я (ад гідра... + ...харыя),
распаўсюджванне спораў, пладоў, насення і інш. зачаткаў раслін з дапамогай вады. Бывае выпадковая (перанясенне плынямі на плывучых прадметах) і звычайная, што абумоўлена асаблівай марфалогіяй і біялогіяй дыяспор (нязмочвальнасць вадой, нізкая шчыльнасць, працяглая жыццяздольнасць насення ў вадзе). Звычайная гідрахарыя характэрная для водных і каляводных раслін (асокі, ірдзесты і інш.). Распаўсюджванню відаў найб. садзейнічаюць марскі прыбой, рачное цячэнне, паводка і інш.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІГЕРЫ́НЫ (Globigerina),
род прасцейшых жывёл атр. фарамініфер кл. караняножак. Некалькі дзесяткаў відаў, у т. л. шмат выкапнёвых. Пашыраны ў цёплых морах, акіянах, вядуць планктонны спосаб жыцця.
Ракавіна порыстая, вапняковая, складаецца з некалькіх шарападобных камер, злучаных паміж сабой. Паверхня камер укрыта доўгімі радыяльнымі калючкамі, якія аблягчаюць «лунанне» ў тоўшчы вады. Ракавіны памерлых глабігерынаў падаюць на дно і ўтвараюць асн. частку глыбакаводнага глабігерынавага мулу.
т. 5, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАВАРЫ́ (Javari),
рака ў Паўд. Амерыцы, правы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу з’яўляецца мяжой паміж Бразіліяй і Перу. Даўж. 1056 км, пл. бас. 91 тыс. км. Вытокі ў Перуанскіх Андах (Мантанья), цячэ па Амазонскай нізіне ў звілістым рэчышчы. Жыўленне дажджавое. Паводка са снеж. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 4260 м³/с. Суднаходная на 500 км для невял. суднаў.
т. 6, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗІСТЫЯ ТКА́НКІ раслін,
утварэнні, якія служаць для назапашвання і выдзялення з расліны кропельна-вадкай вады і розных рэчываў. Вылучаюць З.т.: гідатоды, нектарнікі, алейныя, камедзевыя, слізевыя, смаляныя і стрававальныя. Стрававальныя З.т. ў насякомаедных раслін выдзяляюць стрававальныя сокі, здольныя ператраўляць арган. рэчывы. Алейныя, смаляныя, слізевыя і камедзевыя залозкі (органы выдзялення або сховішча выдзяленняў) выдзяляюць бальзам, камедзь, смолы, эфірны алей, слізь і інш.
т. 6, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГО́ННА-НАГО́ННЫЯ З’Я́ВЫ,
перамяшчэнне водных мас пад уздзеяннем ветру з адной часткі мора, возера, вадасховішча, ракі ў другую і адпаведнае паніжэнне ўзроўню вады (згон) у падветранай частцы і павышэнне (нагон) — у наветранай. Найб. праяўляюцца ў вусцях некаторых рэк, мелкаводных морах і залівах, дзе ваганні ўзроўню дасягаюць 5 м і выклікаюць катастрафічныя паводкі (напр., у вусці р. Нява, на нізінных узбярэжжах Нідэрландаў, Бельгіі, Вялікабрытаніі).
т. 7, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)