ПУАНСО́Н (франц. poinęon),

1) у металаапрацоўцыадна з асн. дэталей інструменту, што выкарыстоўваецца пры штампоўцы і прасаванні. Пры штампоўцы П. аказвае непасрэдны ціск на метал, што апрацоўваецца, і ў залежнасці ад прызначэння можа быць прашыўным, прабіўным, прасечным ці вырубным. Пры прасаванні П. перадае ціск праз прэс-шайбу на загатоўку, што выціскаецца праз матрыцу.

2) У паліграфіі — стальны брусок прамавугольнага сячэння з рэльефным відарысам літары, знака і інш., які служыць для атрымання паглыбленага відарыса пры вырабе матрыц.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАСО́НА ТЭАРЭ́МА,

адна з лімітных тэарэм тэорыі імавернасцей, якая з’яўляецца асобным выпадкам вялікіх лікаў закону. Абагульняе тэарэму Бернулі на выпадак незалежных выпрабаванняў, у якіх імавернасць з’яўлення якой-н. падзеі залежыць ад нумару выпрабавання (схема Пуасона). Устаноўлена С.Д.Пуасонам (1837). Таксама П.т. — лімітная тэарэма тэорыі імавернасцей аб збежнасці бінаміяльнага размеркавання да Пуасона размеркавання для падзей з малой імавернасцю p пры вял. колькасці выпрабаванняў n. Пры гэтым параметр λ = пр і роўны сярэдняму ліку ажыццяўленняў зададзенай падзеі пры n выпрабаваннях.

т. 13, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ РАСЫ́, кропка расы,

тэмпература, да якой павінна ахаладзіцца паветра, каб наяўная ў ім вадзяная пара дасягнула насычэння (пры дадзеным утрыманні вільгаці і нязменным ціску); неабходная ўмова для з’яўлення расы; адна з асн. характарыстык вільготнасці паветра. Вызначаецца па псіхраметрычных табліцах і т-ры па сухім і змочаным тэрмометрах або непасрэдна кандэнсацыйным гігрометрам. Пры адноснай вільготнасці меншай за 100% П.р. заўсёды ніжэй фактычнай т-ры паветра. Пры насычанасці (адносная вільготнасць 100%) фактычная т-ра супадае з П.р.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСАЎ (Гаўрыла Мікалаевіч) (10.8.1912, Мінск — 18.11.1979),

бел. шахматыст. Міжнар. майстар (1949). Канд. гіст. н. (1952). Засл. работнік культуры Беларусі (1972). Скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1952). У 1952—58 старшыня праўлення Бел. т-ва культ. сувязі з заграніцай, у 1963—74 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Чэмпіён БССР у 1936, 1939, 1941, 1958, 1963. Паспяхова выступаў у чэмпіянатах СССР і міжнар. матчах. Імем Верасава названы пачатак у адным з дэбютаў ферзевых пешак, адна з сістэм у сіцыліянскай абароне.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЗАГА́МІЯ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),

тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз. гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГО́ (франц. argot),

разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца вузкай сацыяльнай групай людзей з мэтай моўнага адасаблення, адна з формаў існавання мовы. У шырокім сэнсе арго — любыя разнавіднасці прафесійнага нелітаратурнага маўлення (арго лётчыкаў, паляўнічых і інш.). Нярэдка пад арго разумеюць маўленне дэкласаваных і крымінальных элементаў. Да арго адносяць тайныя мовы. Тэрмін «жаргон» таксама абазначае сац. разнавіднасць маўлення. Аднак у адрозненне ад арго жаргоны выкарыстоўваюцца больш шырокімі сац. і ўзроставымі групамі насельніцтва.

Літ.:

Жирмунский В. Национальный язык и социальные диалекты. Л., 1936.

П.​Б.​Мячкоўская.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬТЭРНАНТЭ́РА (Alternanthera),

тэлантэра, род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 200 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках Амерыкі і Аўстраліі. На Беларусі некалькі відаў: альтэрнантэра рознакаляровая (A. versicolor), прыемная (A. amabilis), прыгожая (A. amoena) і інш., вырошчваюцца ў адкрытым грунце як лісцева-дэкаратыўныя.

Адна-, шматгадовыя травяністыя або паўкустовыя расліны. Лісце прадаўгавата-авальнае, цэласнае, рознага колеру — ружова-бурае, цёмна-фіялетавае, жоўта-зялёнае, на сонцы набывае асабліва яркую афарбоўку. Кветкі дробныя, непрыкметныя, у коласападобных або галоўчатых суквеццях. Размнажаюцца чаранкамі. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве.

т. 1, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛО́ГА ў аграноміі,

ворная зямля, якая не выкарыстоўваецца доўгі час на с.-г. мэты. Кароткачасовая (8—15 гадоў) аблога ў стэпавых раёнах наз. пералог, у лесастэпавых — залог. У першыя 2—3 гады ралля зарастае адна- і двухгадовымі раслінамі (бур’яністы пералог), у наступныя 5—7 гадоў — карэнішчавымі раслінамі, рыхла- і шчыльнакустовымі злакамі. Пазней развіваецца расліннае покрыва, характэрнае для сухадольных лугоў, пад ім назапашваецца арган. рэчыва і аднаўляецца прыродная ўрадлівасць глебы. На Беларусі аблогі займаюць нязначныя плошчы пераўвільготненых і цяжкадаступных малапрадукцыйных зямель.

т. 1, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТО́РЫНА (Аляксандра Паўлаўна) (28.11.1900, г. Чэлябінск — 15.7.1982),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1957). Скончыла муз. вучылішча Рус. муз. Т-ва (1917). Працавала ў т-рах Расіі. У 1949—73 у Брэсцкім абл. драм. т-ры імя ЛКСМБ. Характарная актрыса, майстар пераўвасаблення, сцэн. дэталі, эпізоду. Сярод роляў: Альжбета («Папараць-кветка» І.​Козела), Маці («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Гурмыжская, Кабаніха («Лес», «Навальніца» А.​Астроўскага). Рэжысёр спектакляў «Тры жарты». А.​Чэхава (1956) і «Позняе каханне» Астроўскага (1963). Адна з арганізатараў Брэсцкага абл. т-ра лялек.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НКА,

1) лёгкі адна- або двухвёславы човен. Аснова — драўляны каркас, абцягнуты спец. апрацаванай бяростай. Здаўна бытавалі на Палессі, а таксама ў народаў Амурскага басейна (нанайцаў, ульчаў, эвенкаў).

2) Невялікая бочачка з вечкам для захоўвання мёду, круп, прыпраў і інш. прадуктаў у беларусаў. Рабілі з берасцянага скрутка, канцы якога замацоўвалі фігурным злучэннем у «замок». Сценкі берасцянкі аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі ці хваёвых лапак; трубачкай ці цвіком наносілі ланцужкі ўзораў з кружочкаў і кропак. У наш час выйшлі з ужытку.

Берасцянка.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)