ВІЦЕБСКАЯ ВОБЛАСЦЬ
Размешчана ў паўн. частцы краіны. Мяжуе на З з Літвой, на ПнЗ з Латвіяй, на Пн і У з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40 тыс. км². Нас. 1321,1 тыс. чал. (2004). Цэнтр — г. Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі; 19 гарадоў, у т. л. 5 абласнога падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк; 28 гарадскіх пасёлкаў, 247 сельсаветаў, 6517 сельскіх населеных пунктаў. З 1999 дзейнічае свабодная эканам. зона «Віцебск».
Насельніцтва. Паводле перапісу 1999 асноўнае насельніцтва — беларусы (82%), жывуць таксама рускія (13,6%), украінцы (1,6%), палякі (1,5%) і інш. Сярэдняя шчыльнасць 33 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва — 10 чал. на 1 км² (ад 18,5 чал. на 1 км² у Аршанскім р-не да 4 чал. на 1 км² у Расонскім р-не).
Гарадскога насельніцтва 70%. Найбольшыя гарады (тыс. чал., на 1.1. 2004): Віцебск (351), Орша (142), Наваполацк (107), Полацк (83), Паставы (21), Глыбокае (20).
Прамысловасць — галоўная галіна гаспадаркі, у якой занята 24,8% усіх працуючых. Паводле аб’ёму прадукцыі вядучая роля належыць паліўнай прамысловасці (47% усёй прамысл. прадукцыі; 2003), харчовай (10,7%) і электраэнергетыцы (10,5%). Развітыя галіны: хім. і нафтахім. (9,5), лёгкая (8,4%), машынабудаванне і металаапрацоўка (6%). Паводле колькасці працуючых вылучаюцца машынабудаванне і металаапрацоўка (35% прамыслова-вытворчага персаналу) і лёгкая прамысловасць (29%). У адносінах да агульнарэспубліканскага аб’ёму выпускаецца (2003; %): электраэнергіі 43,5, прадуктаў нафтаперапрацоўкі 52, поліэтылену 100, металарэзных станкоў 46,1, тэлевізараў 42,2, ільняных тканін 100, дываноў і дывановых вырабаў 61, панчошна-шкарпэтачных вырабаў 38,4, абутку 41,3, алею 75. У 2003 у вобласці перапрацавана 8,2 млн. т нафты, выраблена 11,6 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі, 181,9 тыс. т сінт. смол і пластмас, у т. л. 122,7 тыс. т поліэтылену, 2,4 тыс. шт. металарэзных станкоў, 290,9 тыс. шт. тэлевізараў, 34 тыс. ўмоўных м² драўнянавалакністых пліт, 215 млн. шт. умоўнай цэглы, 9 тыс. т ільновалакна, 28,9 млн. м² ільняных тканін, 3,7 млн. м² дываноў і дывановых вырабаў, 28,9 млн. пар панчошна-шкарпэтачных вырабаў, 4,5 млн. пар абутку, 49,1 тыс. т мяса, 22,9 тыс. т каўбасных вырабаў, 8,9 тыс. т жывёльнага масла, 10,4 тыс. т кандытарскіх вырабаў, 12,8 тыс. т алею, 88,2 млн. умоўных слоікаў кансерваў. Прамысл. патэнцыял (у вобласці працуюць 345 прадпрыемстваў) у асноўным сканцэнтраваны ў Віцебску, Наваполацку, Оршы, Полацку (70% занятых у прамысловасці). Найбуйнейшыя прадпрыемствы: у электраэнергетыцы — Лукомская ДРЭС у г. Новалукомль (самая магутная электрастанцыя Беларусі), Наваполацкая ЦЭЦ; у паліўнай прамысловасці — ААТ «Нафтан» (аўтамабільны бензін, газа, дызельнае, пячное і маторнае паліва, мазут, змазачнае масла, бензол, параксілол, бітум і інш.) у Наваполацку; у хімічнай і нафтахімічнай — ААТ «Палімір» (поліэтылен, валокны поліакрыланітрыльныя, нітрылакрылавая кіслата, палімерныя смолы і інш.) у Наваполацку, «Полацк-Шкловалакно» (электраізаляцыйная тканіна, шкловалакно і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка найб. развіты ў Віцебску — ААТ «Візас» (станкі заточныя, металарэзныя, дрэваапрацоўчыя), РУП «Віцебскі станкабудаўнічы завод «Вістан» (круглашліфавальныя бясцэнтравыя аўтаматы і паўаўтаматы), РУВП «Віцязь» (тэлевізары і інш.), РУП «Эвістор» (тэхнал. абсталяванне для харч., лёгкай, аўтатрактарнай прамысловасці, электрапрылады), «Віцебскі завод трактарных запасных частак», ААТ «Віцебскі прыладабудаўнічы завод» (гадзіннікі наручныя і кішэнныя «Вымпел», карпусы для гадзіннікаў, фурнітура); у Оршы — РУВП «Станказавод «Чырвоны барацьбіт», «Аршанскі інструментальны завод», ААТ «Завод прылад аўтаматычнага кантролю», «Оршааграпраммаш», «Орша» (прамысл. швейныя машыны і інш.); у Наваполацку — РВУП «Завод «Вымяральнік» (сістэмы тэлеметрыі, тэлекамунікацый, прылады сувязі), у Новалукомлі — ААТ «Этон» (электратэхнічная прадукцыя), у Полацку — ААТ «ТэхналітПолацк» (с.-г. абсталяванне). Найбуйнейшыя прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці — ААТ «Віцебскдрэў», «Полацклес», «Віцебскмэбля», «Папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка» (Чашнікі); буд. матэрыялаў — ААТ «Кераміка» (Віцебск), «Оршабудматгэрыялы», «Завод керамзітавага жвіру» (Новалукомль), ВРУП «Наваполацкжалезабетон», «Обальскі керамічны завод», ААТ «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў», ВРУП «Шклозавод Гута» (Пастаўскі р-н), ААТ «Даламіт» (г.п. Руба); лёгкай прамысловасці — ААТ «КІМ» (панчошна-шкарпэтачныя вырабы, трыкатаж), «Віцебскія дываны», «Чырвоны кастрычнік» (абутак), «Сцяг індустрыялізацыі» (швейныя вырабы), «Віцебскі футравы камбінат», абутковыя сумесныя прадпрыемствы «Белвест», «Марко», РУВГП «Аршанскі льнокамбінат», прамыслова-гандлёвая фірма «Світанак» (Орша) і інш. На тэр. вобласці працуе 21 ільнозавод. Харч. прамысловасць займае 2-е месца па аб’ёме прадукцыі. Працуюць больш за 90 прадпрыемстваў, найб. размешчаны ў асноўных прамысл. цэнтрах, сярэднія і невял. пашыраны па ўсёй тэр. вобласці. Найбуйнейшыя з іх у Віцебску — мясакамбінат, кандытарскі камбінат «Віцьба», алейнаэкстракцыйны, кансервавы; у Оршы — мясакансервавы камбінат, заводы плаўленых сыроў; у Полацку — камбінат хлебапрадуктаў; у Глыбокім — малочнакансервавы і кансервавы камбінаты і інш.
Сельская гаспадарка. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У галіне занята 12,8% усіх працуючых. У 2003 у вобласці 426 сельгасарганізацый (85% з іх стратныя), 447 фермерскіх гаспадарак. Сельгасарганізацыі выкарыстоўваюць 11,2 тыс. трактароў, 2,4 тыс. збожжаўборачных камбайнаў, 5,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. С.-г. ўгоддзі займаюць 40,5% тэр. вобласці, у т. л. ворныя землі — 23,1%, сенажаці і паша — 16,4%. У складзе с.-г. зямель 32% (524,6 тыс. га; 2001) асушаных. Пад садамі і ягаднікамі 14,3 тыс. га. За 1991—2002 агульныя пасяўныя плошчы скараціліся на 22,9%, пад пасевамі лёну (асноўнай культуры спецыялізацыі ў раслінаводстве) — на 56,3%; павялічыліся плошчы толькі пад пшаніцай і агароднінай (гл. табл.).
На пач. 2004 у вобласці (тыс. галоў); буйной рагатай жывёлы 609,8 (у т. л. кароў 276,4), свіней 484,7, птушкі 3,3 млн. галоў, што менш, чым на пач. 1991, на 45,9%, 30,5%, 41%, 48,4% адпаведна.
Транспарт. Эксплуатацыйная даўжыня чыгункі 1199,7 км (2003). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў краіне. Па яе тэр. праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава (частка транс’еўрапейскага калідора №2), С.-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў (частка транс’еўрапейскага калідора №9), Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Орша—Лепель, Невель—Полацк—Маладзечна, Крулеўшчызна—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы: Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 13,8 тыс. км (2003). Асноўныя магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, С.-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства па Зах. Дзвіне ад Веліжа да Верхнядзвінска і па Дняпры ніжэй Оршы. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванне нафтаправода «Дружба» (Унеча—Наваполацк—Вентспілс), нафтаправод Сургут—Полацк, нафтапрадуктаправоды, газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы. Аэрапорт у Віцебску.
Ахова здароўя. На 1.1.2004 у вобласці 128 бальнічных устаноў на 15,5 тыс. ложкаў (116,9 на 10 тыс. ж.), 260 амбулаторна-паліклінічных устаноў магутнасцю 34,7 тыс. наведванняў за змену (262,4 наведванняў на 10 тыс. ж. за змену), 10 санаторыяў і пансіянатаў на 2,3 тыс. ложкаў, 15 санаторыяў-прафілакторыяў на 1,4 тыс. ложкаў, 51 база і інш. арганізацыі адпачынку на 2,7 тыс. ложкаў (найб. курорт «Лётцы», які ўключае санаторый, санаторый-прафілакторый, водагразелячэбніцу). Працавалі 5729 (43,4; тут і далей у дужках колькасць урачоў на 10 тыс. ж.) урачоў усіх спецыяльнасцей, у т. л. 1641 (12,4) тэрапеўт, 840 (6,4) хірургаў, 353 (5) акушэры-гінеколагі, 520 (25,7) педыятраў, 193 (1,5) неўрапатолагі, 184 (1,4) псіхіятры, 200 (1,5) урачоў санітарна-проціэпідэмічнай групы, 377 (2,9) стаматолагаў, 16 181 (122,5) чал. сярэдняга мед. персаналу.
Культура. На 1.1.2004 у вобласці 677 дзіцячых дашкольных устаноў (46,5 тыс. дзяцей). У 2003/04 навуч. годзе было 763 агульнаадукацыйныя школы ўсіх відаў (177,3 тыс. вучняў), у т. л. 124 пачатковыя, 194 базавыя, 402 сярэднія, 10 гімназій, 3 ліцэі, 15 для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 15 вячэрніх (зменных); 36 прафес.-тэхн. вучылішчаў (18,5 тыс. навучэнцаў), 26 сярэдніх спец. навуч. устаноў (20,6 тыс. навучэнцаў), 5 ВНУ (ун-ты: мед., тэхнал., імя П.М.Машэрава, акадэмія ветэрынарнай медыцыны — у Віцебску, Полацкі ун-т; 29,3 тыс. студэнтаў). У вобласці 27 арганізацый, якія выконвалі даследаванні і распрацоўкі (1062 чал.), у т. л. навук. ўстановы «Ін-т генетыкі і цыталогіі», «Ін-т тэхн. акустыкі», унітарнае навук.-вытв. прадпрыемства «Віцебская абл. с.-г. доследная станцыя», Віцебская доследна-меліярацыйная станцыя Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства і інш. На 1.1.2004 было 798 масавых бібліятэк (10 011 тыс. экз. кніг і часопісаў), 365 кінаўстановак, 27 музеяў, у т. л. 12 гіст. (Полацкі гісторыка-культ. музей-запаведнік, музей баявой садружнасці бел., рус., латышскіх і літоўскіх партызан у г.п. Расоны і інш.), 13 краязнаўчых (Віцебскі, Полацкі, Лепельскі і інш.), 2 мастацтвазнаўчыя (маст. музей, Арт-цэнтр імя М.Шагала), 2 тэатры (Бел. акад. тэатр імя Я.Коласа, Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску), філармонія, 701 установа клубнага тыпу.
У вобласці (на 1.1.2004) 3877 спарт. збудаванняў, у т. л. 35 стадыёнаў з трыбунамі больш як на 1500 месцаў, 5 манежаў, 2 спарт. збудаванні са штучным лёдам, 214 стралковых ціраў, 701 спарт. зал, 24 плавальныя басейны.
Л.В.Казлоўская (насельніцтва, прамысловасць, сельская гаспадарка, транспарт).
Табліца
Пасяўныя плошчы і ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур
|
Пасяўная плошча, тыс. га |
Ураджайнасць, ц/га |
| 1990 |
2003 |
1990 |
2003 |
| Уся пасяўная плошча |
1185,1 |
913,6 |
|
|
| Збожжавыя і зернебабовыя |
489,8 |
354,6 |
21,9 |
21,1 |
| у т. л.: |
| жыта |
135,9 |
81,3 |
|
|
| пшаніца |
44,7 |
56,8 |
|
|
| ячмень |
197,5 |
118,9 |
|
|
| авёс |
84,6 |
39,4 |
|
|
| Тэхнічныя культуры |
63 |
38,9 |
|
|
| у т. л.: |
| лён |
58,6 |
25,6 |
3,4 |
5,3 |
| Бульба |
87,3 |
66 |
96 |
144 |
| Агародніна |
7,1 |
13,3 |
151 |
183 |
| Кармавыя |
|
|
|
|
| культуры |
537,9 |
440,8 |
|
|
т. 18, кн. 2, с. 734