ІЗБІ́ШЧА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 27 км ад чыг. ст. Княгінін. 459 ж., 165 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, вет. аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Каля вёскі археал. помнік Ізбішча.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЗМАК.

Немак, возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата (цячэ праз возера), за 44 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,13 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 180 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м. Берагі забалочаныя, месцамі сплавінныя, на ПнЗ высокія, пясчаныя. Дно сапрапелістае, на Пд і ПдУ уздоўж берагоў пясчанае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі.

т. 7, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБІ́Р (каля 1440, г. Бенарэс, цяпер г. Варанасі, Індыя — каля 1518),

індыйскі паэт. Пісаў вершы на хіндзі. Яму прыпісваюць больш за 80 твораў, з іх сапраўды належаць К. толькі ўключаныя ў свяшчэнную для сікхаў «Пачынальную кнігу». Быў адным з прапаведнікаў рэліг. вучэння бхакці (абвяшчала роўнасць людзей перад богам, адмаўляла падзел на касты). У паэзіі спалучаюцца апазіц. рэліг.-містычныя плыні індуізму і ісламу, маст. традыцыі інд. і тадж.перс. класікі.

Тв.:

Рус. пер. — Лирика. М., 1965.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗБЕ́ГІ (Аляксандр) (20.1.1848, г.п. Казбегі, Грузія — 22.12.1893),

грузінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1880. Майстар псіхалагізаванага пейзажу. У рамане «Элгуджа» (1881), аповесцях «Элісо» (1882), «Ціко» (1883), «Хевісберы Гоча» (1884), «Пастыр» (1885), п’есах «Адзін з няшчасных» (паст. 1880), «Раніца пасля вяселля», «Арсен» (абедзве паст. 1882) і, інш. адлюстраваў драм. старонкі жыцця і змагання горцаў за сваю свабоду, незалежнасць, чалавечую годнасць. Яго творы прасякнуты ідэямі гуманізму, верай у нязломнасць духу груз. народа.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Тбилиси, 1974.

т. 7, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКЦЫ́ДЫ,

падатрад насякомых атр. раўнакрылых хобатных, чарвяцы і шчытоўкі (Coccodea). Больш за 4000 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце. На Беларусі найб. трапляюцца 6 відаў: па 2 віды шчытовак і лжэшчытовак, кашаніль польская (Porphyrophora polonica), кермес паўночны (Kermococcus quercus). Фітапаразіты.

Даўж. да 35 мм. Выразны палавы дымарфізм. Самцы рухавыя, з адной парай крылаў. Самкі бяскрылыя, часта без ног, дарослыя нерухома сядзяць на раслінах. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самкі і лічынкі кормяцца сокамі раслін.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́МСКАЯ НІЗІ́НА,

на ПнУ Сібіры, пераважна ў ніжнім цячэнні р. Калыма, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Распасціраецца на 750 км паміж Алазейскім і Юкагірскім пласкагор’ямі. Выш. да 100 м за рэдкімі масівамі сопак выш. 200—300 м. Складзена з азёрна-рачных суглінкаў і супескаў. Пашыраны шматгадовая мерзлата і мярзлотна-тэрмакарставыя формы рэльефу. Клімат субарктычны. Шмат азёр і балот. Забалочаныя лістоўнічныя рэдкалессі змяняюцца на Пн хмызнячкова-травяністай, а потым арктычнай тундрай. Пашы аленяў.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНДА́НЦКАЯ СЛУ́ЖБА,

сістэма мерапрыемстваў, што арганізуюцца і праводзяцца з мэтай забеспячэння своечасовага і скрытнага перамяшчэння, сканцэнтравання, разгортвання і размяшчэння войск, а таксама падтрымання агульнага парадку ў раёнах іх размяшчэння і дзеянняў, кантролю за выкананнем мер маскіроўкі і рэгулявання руху. Для выканання задач К.с. назначаюцца адпаведныя каменданты, выкарыстоўваюцца штатныя падраздзяленні рэгулявання руху і К.с.; могуць прыцягвацца інш. падраздзяленні і афіцэры штабоў. Ва ўзбр. сілах ЗША, ФРГ і інш. дзяржаў для нясення К.с. прыцягваюцца падраздзяленні ваен. паліцыі.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНЬ КАХА́ННЯ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992). За 2 км на У ад в. Валоўшчына Мінскага р-на. Валун гранітагнейсу. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,4 м, выш. над паверхняй 1,1 м, у абводзе 12,6 м, аб’ём 8,3 м³, маса каля 22 т, поўны аб’ём валуна (з падземнай ч.) 53 м³, маса каля 140 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі. У язычніцкія часы — культавы фетыш.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІКІ,

катэгорыя вольных і прыгонных людзей на Беларусі ў 16—19 ст. без уласнага двара і зямлі. Наймалі ў іншых жыллё (адсюль назвы падсуседзі, кутнікі, сябры, бабылі), зямлю (агароднікі) за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством. Зліліся з асн. масай прыгонных па меры ўкаранення падушных рэвізій, забароны вольных пераходаў, надзялення зямлёй у час абавязковай інвентарызацыі маёнткаў царскім урадам (1840—50-я г.).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЕЎ,

горад на Украіне, раённы цэнтр Чаркаскай вобл., на р. Дняпро, за 45 км ад чыг. ст. Таганча. Вядомы з 1149. 29,7 тыс. ж. (1991). Рачны порт. Прадпрыемствы эл.-мех., мед. тэхнікі і спец. тэхнал. абсталявання, дрэваапр., харчасмакавай прам-сці. ГЭС. Музей нар. дэкар. мастацтва, б-ка-музей А.​П.​Гайдара (пахаваны ў К.). Каля К. на Тарасавай гары літ.-мемар. музей-запаведнік Т.​Г.​Шаўчэнкі (магіла паэта). Юр’еўскі (Успенскі) сабор (1144).

т. 7, с. 583

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)