ПРА́ВАЙ РУКІ́ ПРА́ВІЛА,

мнеманічнае правіла для вызначэння напрамку індукцыйнага току ў правадніку, які рухаецца ў магн. полі. Вынікае з Ленца правіла.

Паводле П.р.п. правую руку трэба размясціць так, каб сілавыя лініі магн. поля ўваходзілі ў далонь, а адагнуты вялікі палец быў накіраваны ўздоўж вектара скорасці руху правадніка, тады выцягнутыя пальцы будуць супадаць з напрамкам індукцыйнага току ў правадніку. Гл. таксама Электрамагнітная індукцыя.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. prostitutio апаганенне, ганьбаванне),

продаж свайго цела з мэтай атрымання ўзнагароджання, матэрыяльных выгод. Узнікла як сац. з’ява яшчэ ў ант. грамадстве. У некат. сучасных краінах забаронена, у шэрагу краін — легалізавана. Бел. заканадаўствам за П. ўстаноўлена адм. адказнасць за ўцягненне ў П. непаўналетніх, за арганізацыю і ўтрыманне прытонаў для заняцця П. або зводніцтва і сутэнёрства з карыслівымі мэтамі — крымін. адказнасць.

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФІЛА́КТЫКА,

(грэч. prophylaktikos засцерагальны) у тэхніцы, мерапрыемствы планава-папераджальнага характару для падтрымкі ў спраўным стане з зададзеным узроўнем надзейнасці тэхн. прыстасаванняў, механізмаў і вырабаў. Заключаецца ў абследаванні вырабу, замене ці рамонце асобных яго дэталей і вузлоў, у чыстцы, змазцы, рэгуліроўцы і інш. Папярэджвае магчымасць нечаканага спынення работы прыстасавання з прычыны зносу яго элементаў, забруджвання эл. кантактаў і інш. Ажыццяўляецца ў прадугледжаныя тэрміны.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІРАКЕ́ТА,

разнавіднасць кіроўнай ракеты для паражэння на траекторыях палёту ракет стратэгічнага, аператыўна-тактычнага і тактычнага прызначэння і іх галаўных частак. Мае звышгукавую скорасць палёту, аснашчана асколачна-фугаснымі і ядзернымі баявымі часткамі. П. маюць універсальныя зенітныя ракетныя комплексы, якія забяспечваюць проціракетную і процісамалётную абарону, агнявыя комплексы проціракетнай абароны. У якасці П. выкарыстоўваюць міжкантынент. балістычныя ракеты з многазараднымі галаўнымі часткамі.

З.​А.​Валевач.

т. 13, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРОЦІТА́НКАВАЕ ЎЗБРАЕ́ННЕ,

розныя віды зброі і сродкаў для паражэння танкаў і інш. браніраваных цэлей. Да П.ў. адносяцца: процітанкавыя сродкі блізкага бою (гранатамёты, гранаты ручныя), процітанкавая артылерыя, процітанкавыя ракетныя комплексы, авіяц. процітанкавыя ракеты, бомбы і інш. Агульныя тэндэнцыі развіцця П.ў.: павышэнне бронепрабівальнасці, скарастрэльнасці і агнявой манеўранасці, павелічэнне далёкасці і дакладнасці стральбы, памяншэнне масы і габарытаў канкрэтных узораў зброі і інш.

С.​М.​Абрамаў.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЧЭ́ННЕ глеб і грунтоў,

падняцце (успучванне) глеб і грунтоў у выніку іх расшырэння пры прамярзанні, набраканні і выцісканні. Характэрна для абласцей з суровым кантынентальным кліматам і наяўнасцю шматгадовамёрзлых горных парод. Трапляецца таксама ў арыдных умовах на засоленых глебах, дзе абумоўлена разбуханнем солей пры ўвільгатненні. Улічваецца пры буд-ве і эксплуатацыі прамысл. прадпрыемстваў, аўтадарог і чыгунак, нафта- і газаправодаў і інш.

т. 13, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БА, Раб (венг. Rába, ням. Raab),

рака ў Аўстрыі і Венгрыі, правы прыток р. Дунай. Даўж. 398 км, пл. басейна больш за 18 тыс. км². Пачынаецца ў Фішбахскіх Альпах, цячэ па зах. ч. Сярэднедунайскай раўніны (Кішальфёльд). Веснавое разводдзе, летнія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады каля 70 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ніжэй г. Кёрменд (Венгрыя). Каля вусця — г. Дзьёр (Венгрыя).

т. 13, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧАЕ ЦЕ́ЛА, рабочае рэчыва,

газападобнае ці вадкае рэчыва, якое выкарыстоўваецца ў машынах для пераўтварэння энергіі, атрымання работы і інш. Найб. часта Р.ц. служаць: вадзяная пара (у паравых машынах і турбінах), аміяк, вуглекіслата і інш. хладоны (у халадзільных машынах), паветра (у пнеўматычных машынах), газы (у газавых турбінах, рухавіках унутр. згарання) і інш. Дзеянне Р.ц. заснавана на зменах тэрмадынамічных ці інш. параметраў яго стану.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВА́НІЦКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1831—85 каля мяст. Раванічы Ігуменскага пав. (цяпер вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл.). Вырабляла сукны і трыко. У 1858 размяшчалася ў мураваным і 3 драўляных будынках. Мела вадзяны рухавік, у 1860—2 машыны для ачысткі воўны, 6 часальных, 6 мех. ткацкіх станкоў, 12 ручных, валяльны, 3 ворсавыя. У розны час працавала ад 25 да 150 чал.

т. 13, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЗО́НД (ад радыё... + зонд),

прылада для вымярэння ціску, т-ры і вільготнасці паветра ў свабоднай атмасферы і перадачы вынікаў вымярэнняў з дапамогай радыёсігналаў на Зямлю. Р. падымаецца на паветр. шары на выш. да 40 км. Далёкасць дзеяння каля 150—200 км. Сканструяваны рас. вучоным П.​А.​Малчанавым у 1930. На Беларусі радыёзандзіраванне свабоднай атмасферы пры дапамозе Р. праводзіцца з 1934.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)