НАКЛАДНА́Я,

першасны бухгалтарскі дакумент, прызначаны для афармлення аперацый па водпуску і прыёму таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. Змяшчае назву арг-цыі, якая яе выпісала, нумар і дату, кім і каму адпушчаны тавар, яго найменне, колькасць, гатунак, цану, падставу для водпуску тавару, распіску матэрыяльна адказных асоб у яго водпуску і прыёме і інш. звесткі. Н. транспартная — асн. перавозачны дакумент, які рэгулюе адносіны паміж перавозчыкам, адпраўшчыкам, атрымальнікам грузу; афармляе і сведчыць дагавор на перавозку грузаў.

т. 11, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСЕННЯВО́ДЧАЯ ГАСПАДА́РКА,

сельскагаспадарчае прадпрыемства па размнажэнні высакаякаснага насення раянаваных і перспектыўных сартоў і гібрыдаў с.-г. культур. Н.г. атрымлівае эліту насення з эксперым. баз, вучэбных ці элітных гаспадарак і вырошчвае насенне I—II рэпрадукцый для забеспячэння імі гаспадарак зоны ці раёна. На Беларусі больш за 500 Н.г. Для атрымання чыстагатунковага, здаровага і высокаўраджайнага насення ў Н.г. выкарыстоўваюць інтэнсіўныя тэхналогіі вырошчвання с.-г. культур, з улікам біял. асаблівасцей культуры і сорту.

т. 11, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУ́РА ў выяўленчым мастацтве,

рэальныя аб’екты рэчаіснасці (чалавек, рэчы, ландшафт і інш.), якія мастак выкарыстоўвае як мадэль пры рабоце над творам. З Н. выконваюць замалёўкі, накіды, эцюды, часта партрэты, пейзажы, нацюрморты. Працуюць у натуральных прыродных умовах (пленэр) або ў майстэрні (перадача вобраза натуршчыка). Часам пры падрыхтоўцы твора работу з Н. спалучаюць з работай па памяці ці фантазіі. Праз выбар Н. і яе інтэрпрэтацыю мастак выяўляе сваё светаадчуванне і творчую задачу.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТЫФІКА́ЦЫЯ,

1) у міжнародным правеафіц. паведамленне мін-вам замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтвам, міжнар. арг-цыяй або яе службовай асобай праз накіраванне ноты або інш. дакумента, дзе выкладаецца пункт гледжання дзяржавы па якім-н. міжнар. пытанні, паведамляецца пра якія-н. паліт. факты або падзеі.

2) Пісьмовае паведамленне вэксалетрымальнікам (вэксалядаўцам) індасанту пра тое, што вэксаль застаўся неакцэптаваны або неаплачаны. Невыкананне Н. цягне для індасанта пэўныя прававыя вынікі (гл. Індасамент).

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НГУЕ́Н ВАН Х’ЕЎ (Nguyễn Vãn Hieû; н. 21.6.1938, Ханой),

в’етнамскі фізік-тэарэтык. Замежны чл. АН СССР (1982). Скончыў Ханойскі пед. ін-т (1956). З 1960 у Аб’яднаным ін-це ядз. даследаванняў (г. Дубна), з 1970 дырэктар Ін-та фізікі ў Ханоі, з 1983 старшыня Нац. цэнтра навук. даследаванняў В’етнама. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, фізіцы элементарных часціц (класіфікацыя і структура элементарных часціц) і фізіцы нейтрына. Ленінская прэмія 1986.

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛАЙЧУ́К (Лідзія Уладзіміраўна) (н. 3.6.1941, с. Траешчына Палонскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне радыеэкалогіі і фітатэрапіі. Канд. мед. н. (1969), праф. (1994). Скончыла Вінніцкі мед. ін-т (1963). З 1983 у Брэсцкім ун-це. Навук. працы па выкарыстанні метадаў фітатэрапіі ў лячэнні і прафілактыцы эндакрынных захворванняў.

Тв.:

Сахароснижающие растения. Мн., 1989;

Лечение сахарного диабета растениями. Мн., 1998;

Секреты траволечения. Мн., 1998 (разам з Л.​А.​Бажэнавай).

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬ ((Nicolle) Шарль Жуль Анры) (21.9.1866, г. Руан, Францыя — 28.2.1936),

французскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Скончыў Руанскі ун-т (1893). З 1903 дырэктар Пастэраўскага ін-та ў Тунісе. Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў сыпнога тыфу, скурнага і вісцэральнага лейшманіёзу, трахомы, шкарлятыны, грыпу, міжземнаморскай ліхаманкі і інш., распрацоўцы спосабаў прыгатавання вакцын і сываратак. У 1909 эксперым. даказаў, што пераносчыкам узбуджальніка сыпнога тыфу з’яўляецца адзежная вош. Нобелеўская прэмія 1928.

Ш.Ніколь.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАШ (Уладзімір Іванавіч) (н. 29.3.1924, Мінск),

бел. вучоны ў галіне электраэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Скончыў БПІ (1950). З 1953 у БПА (у 1973—89 заг. кафедры). Навук. працы па аўтаматызацыі і рэлейнай ахове электраэнергет. установак.

Тв.:

Управление, сигнализация и защита электрических установок. Мн., 1961;

Информационное обеспечение вычислительного эксперимента в релейной защите и автоматике энергосистем. Мн., 1998 (разам з Ф.​А.​Раманюком).

т. 11, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РФАЛК (Norfolk),

горад на Пд ЗША, у штаце Віргінія. Засн. ў 1682. 233,4 тыс. ж., з суседнімі гарадамі Віргінія-Біч, Портсмут, Ньюпарт-Ньюс, Хэмптан і агульнымі прыгарадамі каля 1,5 млн. ж. (1998). Гандл. і ваен. порт у зал. Хэмптан-Родс (буйнейшы па вывазе каменнага вугалю). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: суднабуд., суднарамонтная, аўтазборачная, хім., цэм., харчовая. 2 ун-ты. Гал. ваенна-марская база ЗША на Атлантычным узбярэжжы.

т. 11, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. nullification знішчэнне),

пазбаўленне дакумента юрыд. сілы законнасці. Н. грошай — пазбаўленне дзяржавай папяровых грошай сілы законнага плацежнага сродку. Выкарыстоўваецца, калі падзенне пакупной цаны грошай з-за інфляцыі дасягае такой ступені, што вартасць, прадстаўленая папяровай грашовай адзінкай, зводзіцца амаль да нуля, або калі зняцце грошай, што страцілі сілу законнага плацежнага сродку, выклікана зменай паліт. улады. Часам фактычна супадае з дэвальвацыяй, калі абясцэненыя грошы абменьваюцца на новыя па вельмі нізкім курсе.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)