ГАРАДНІ́ЧЫ,

1) начальнік замка (горада) на Беларусі ў 15—18 ст. Прызначаўся ўрадам з мясц. шляхты. Наглядаў за буд-вам і рамонтам абарончых збудаванняў, забеспячэннем замка зброяй, боепрыпасамі, харчамі. Пры адсутнасці кашталяна або старосты ўзначальваў гарнізон замка, засядаў у замкавым (гродскім) судзе.

2) Прадстаўнік мясц. адміністрацыі ў Расіі ў 16 — сярэдзіне 19 ст. У 16—17 ст. наз. Гарадавы прыказчык. У 1775—1862 узначальваў адм.-паліцэйскую ўладу ў пав. горадзе. Пасада гараднічага скасавана ў 1862.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРФУ́НКІН (Рыгор Саламонавіч) (6.8.1920, г.п. Янавічы Віцебскага р-на — 22.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 на Паўн.-Зах., Варонежскім франтах. Удзельнік абароны Ленінграда, вызвалення Украіны. Разведчык танк. брыгады радавы Гарфункін вызначыўся ў 1943 у баі за Дняпро ў Кіеўскай вобл.: група разведчыкаў, у складзе якой пераправіўся цераз раку, выявіла сістэму абароны і агнявыя пункты ў размяшчэнні праціўніка; вяртаючыся, Гарфункін прыкрыў пераправу разведчыкаў; загінуў, пераплываючы Дняпро.

Р.С.Гарфункін.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВО́РЫШЧАНСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Маларыта, за 11 км на ПдЗ ад г. Маларыта. Пл. 0,23 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 540 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Пл. вадазбору 8,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, спадзістыя, пад лугам. Берагі нізкія, тарфяністыя. У возера з дапамогай помпаў падаецца вада з асушальных каналаў, з ПдУ выцякае ручай у р. Маларыта.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БАСНА,

вадасховішча ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., за 10 км на У ад г.п. Кіраўск, каля вёсак Лешчанка, Кісцяні, Барчыцы і Новая Добасна. Створана на р. Добасна ў 1969. У 1974—81 рэканструявана. Пл. 1,68 км², даўж. 6,5 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 2,5 м, аб’ём вады 1,9 млн. м³. Берагі выш. да 2 м, пад ворывам і хмызняком. Дно выслана торфам і пяском. Выкарыстоўваецца для арашэння і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ГАСНЫЯ ПАЛАВЫ́Я ПРЫКМЕ́ТЫ,

сукупнасць асаблівасцей ці прыкмет, што адрозніваюць адзін пол ад другога (за выключэннем першасных палавых прыкмет). Па стадыях развіцця адрозніваюць генетычны (храмасомны), ганадны, саматычны (фенатып) і псіхасексуальны пол. Развіццё Д.п.п. адбываецца ў перыяд палавога выспявання чалавека: у мужчын — вусы, барада, адамаў яблык; у жанчын — тыповае развіццё грудных залоз, форма таза, значнае развіццё тлушчавай клятчаткі. Д.п.п. жывёл: характэрнае яркае апярэнне самцоў птушак, пахучыя залозы, добра развітыя рогі, клыкі ў самцоў млекакормячых.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЖБА,

прыморскі кліматычны курорт у Балгарыі. За 9 км на ПнУ ад Варны і Залатых Пяскоў, на беразе Чорнага м. Клімат марскі, з мяккай зімой, гарачым і сухім летам. Пясчаны пляж з прылеглым мелкаводдзем. Умовы спрыяльныя для клімата- і таласатэрапіі хвароб органаў дыхання, у т. л. бранхіяльнай астмы, сардэчна-сасудзістых, нырачных, абменных, нерв. і інш. расстройстваў і парушэнняў. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў і сімпозіумаў. У арх. ансамблі курорта стараж. манастыр св. Канстанціна.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Івацэвіцкім р-не Гомельскай вобл., за 16 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, каля в. Даманава. Створана ў 1954. Пл. 1,82 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,82 млн. м³. Чаша вадасховішча — ч. поймаў Шчары і Грыўды, агароджана дамбай даўж. 6,75 км. Напаўняецца вадой р. Шчара, якая паступае праз шлюзы з Чамялынскага вадасх., размешчанага вышэй па цячэнні. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.​Пусэна, Дж.​Цьепала, кампазітараў Г.​Шутца, А.​Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.​Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́СТАНБЕРЫ (англ. Glastonbury),

помнік археалогіі, умацаванае паселішча апошніх вякоў да н.э. на аднайм. возеры ў графстве Сомерсет (Англія). Размяшчалася на драўлянай платформе, замацаванай у торфе, было абкружана драўляным частаколам. У выніку раскопак выяўлена больш за 60 круглых жытлаў з глінянай і драўлянай падлогай. Добра захаваліся драўляныя вырабы: кошыкі, выдзеўбаны човен, фрагменты колаў са спіцамі, келіхі, зробленыя на такарным станку, кадушкі, арнаментаваныя ў стылі латэн. Ёсць звесткі пра ткацкую, керамічную, кавальскую вытворчасць.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),

князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)