РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,

адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.​Грэй, О.​Холмс, Д.​Франк, К.​Левелін, Е.​Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад ўвагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НТА (ням. Rente, франц. rente ад лац. reddita вернутая),

даход, які рэгулярна атрымліваюць з зямлі, капіталу, маёмасці (не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю). Можа быць атрымана ад здачы зямлі ці памяшканняў у арэнду, прадастаўлення крэдыту і інш. У адпаведнасці з Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь паводле дагавору атрымальнік Р. перадае плацельшчыку Р. пэўную маёмасць на ўмовах перыядычных выплат ім у выглядзе грашовых адлічэнняў ці сродкаў у інш. формах. У выпадку адчужэння плацельшчыкам Р. маёмасці, перададзенай пад выплату Р., яго абавязацельствы пераходзяць да набытчыка гэтай маёмасці. Адрозніваюць Р. бестэрміновую (пастаянную) і пажыццёвую (на тэрмін жыцця атрымальніка). Пры бестэрміновай Р. атрымальнікамі яе могуць быць грамадзяне ці некамерцыйныя арг-цыі, якія выплачваюць Р. ў выглядзе грашовых адлічэнняў, устаноўленых дагаворам, ці рэчаў, выканання работ (паслуг), якія па вартасці адпавядаюць грашовай суме. Пажыццёвая Р. ўстанаўліваецца на перыяд жыцця грамадзяніна, які перадае маёмасць плацельшчыку Р. Яе памер устанаўліваецца ў дагаворы, разлічваецца на месяц і павінен быць не меншы за мінімальную заработную плату (у асобных выпадках прадугледжваецца павелічэнне памеру Р.). Да Р. адносяць таксама зямельную рэнту; даход, які ўладальнік атрымлівае па аблігацыях дзярж. пазыкі (гл. Рэнтавая пазыка); грашовыя сумы, якія штогод выплачваюцца асобе па страхавым полісе з боку страхавога таварыства.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́,

возера ў Бешанковіцкім р-не на мяжы з Сенненскім р-нам Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнагосніца, за 18 км на У ад г.п. Бешанковічы. Пл. 5,31 км², даўж. 9,47 км, найб. шыр. 910 м, найб. глыб. 36,3 м, даўж. берагавой лініі 22,6 км. Пл. вадазбору 104 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 20—25 м (на З да 10 м), на Пн паніжаюцца да 2 м, пад хмызняком, у верхняй ч. разараныя. На Пд на выш. 1,5 і 7 м тэрасы. Берагі выш. 0,5—0,8 м пясчаныя, на Пн нізкія забалочаныя. 2 астравы агульнай пл. 0,04 га. Зона мелкаводдзя ўздоўж усх. берагоў вузкая, зах. — значна пашыраецца. Пяскі адзначаны да глыб. 7—11 м у паўд. і 4 м ў паўн. ч. катлавіны, апясчаненыя адклады — адпаведна 15—18 і 8 м. Глыбакаводная зона выслана гліністым ілам. Мінералізацыя вады да 270 мг/л, празрыстасць 3,9 м. Мезатрофнае з прыкметамі алігатрафіі. Шыр. прыбярэжнай паласы трыснягу і чароту 5—40 м. Да глыб. 3,5—5 м растуць рдзесты, рагаліснік, эладэя, імхі. Упадаюць 3 ручаі, у т. л. з воз. Тросна, выцякае ручай у воз. Астровенскае.

Возера Саро.

т. 14, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЕТ МАСТА́ЦТВА»,

расійскае маст. аб’яднанне, якое сфарміравалася пад эгідай час. «Мир искусства». Існавала ў 1898—1904 і ў 1910—24. Узнікла на аснове гуртка маладых мастакоў і аматараў на чале з А.​Бенуа і С.​Дзягілевым з мэтай аб’яднання прадстаўнікоў новага пакалення «і як аб’яднанае цэлае заняць месца ў еўрап. мастацтве». Заснавальнікі — Г.​Астравумава-Лебедзева, Л.​Бакст, І.​Білібін, М.​Дабужынскі, А.​Галавін, І.​Грабар, К.​Каровін, Б.​Кустодзіеў, М.​Рэрых (старшыня), Я.​Лансерэ, К.​Сомаў, В.​Сяроў і інш. Праграма «С.м.» мела неарамант. характар і была звязана з сімвалізмам і мадэрнам. Чл. аб’яднання не прымалі акадэмізм, творчасць перасоўнікаў, звярталіся да шырокага кола сфер сучаснага мастацтва (інтэр’ер, тэатр, эстамп, кніга і інш.); выступалі з крытыкай эстэтыкі рус. рэв. дэмакратаў і канцэпцыі У.​Стасава. Агульнымі для твораў членаў «С.м.» былі вытанчаны дэкаратывізм, лінеарнасць, якая часам пераходзіла ў арнаментыку, тонкае спалучэнне матавых тонаў. Аб’яднанне наладжвала калектыўныя выстаўкі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (1912), а таксама арганізавала персанальную выстаўку М.​Чурлёніса (1911—12). Мастакі «С.м.» асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены на міжнар. выстаўцы ў Рыме (1911), з’яўляліся арганізатарамі спектакляў «Рускіх сезонаў» Дзягілева (Парыж, Лондан). У 1904—10 большасць майстроў «С.м.» ўваходзіла ў Саюз рус. мастакоў.

І.​М.​Скварцова.

т. 14, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РАН,

традыцыйная гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення, хатняга начыння. Здаўна вядомы на Беларусі, у Літве, асобных раёнах Польшчы. Ад клецяў адрозніваецца большымі памерамі, дыферэнцыраванасцю функцыян. прызначэння, дэкар. аздабленнем. Будавалі іх пераважна з дрэва, з 18 ст. вядомы мураваныя або ў тэхніцы «прускага муру». Некат. С. набліжаліся сваім выглядам да лямусаў і скарбніц. С. былі 1-ярусныя франтальнай кампазіцыі і 2-ярусныя франтальна-яруснай і цэнтрычна-яруснай кампазіцыі. У 17 ст. ўзнік тып шматкамернага С. франтальнай кампазіцыі — падоўжаны будынак, падзелены сценамі на самаст. памяшканні, кожнае з якіх мела ўваход з галерэі, утворанай падчэнямі. Часам галерэі мелі аркады, аздаблялі іх гіркамі і інш. дэкар. элементамі. Дахі ўпрыгожвалі метал. флюгерамі. У верхнім ярусе 2-яруснага С. рабілі галерэйку, на якую вяла з ганка адкрытая лесвіца. С. цэнтрычна-яруснай кампазіцыі мелі кругавыя галерэі ў абодвух ярусах. У некат. С. пад збожжа выкарыстоўвалі толькі ніжнія ярусы, а верхнія служылі скарбніцай. На Беларусі С. былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

Свіран у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
Свіран у вёсцы Чамброва Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Здымак пач. 20 ст.
Свіран у г. Клецк Мінскай вобл. Здымак пач. 20 ст.

т. 14, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАЗВАРО́Т,

навукова абгрунтаванае чаргаванне с.-г. культур у часе і на тэр.; найб. важная ч. сістэмы земляробства. Неабходнасць увядзення С. даказалі практыка вырошчвання монакультуры, вывучэнне біял. асаблівасцей раслін і іх уплыў на якасці глебы. С. забяспечвае выкарыстанне ўсіх відаў с.-г. угоддзяў, павышэнне ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці с.-г. культур (збожжавых у 1,5—2 разы, цукр. буракоў у 1,5—2,5 раза, бульбы на 20—50%), расшырэнне асартыменту культур, памяншэнне сезоннасці работ, барацьбу з пустазеллем і хваробамі, ахову глеб ад эрозіі. Перыяд, на працягу якога культуры і папар у пэўнай паслядоўнасці праходзяць праз кожнае поле С., наз. яго ратацыяй; пералік груп с.-г. культур і папару ў парадку іх чаргавання — схемай С. Спалучэнне некалькіх С. складае сістэму С. Вылучаюць 3 тыпы С.: палявы (большую ч. пл. займаюць збожжавыя, бульба і тэхн. культуры), кармавы (больш за палову пл. пад кармавымі культурамі) і спец. С. (вырошчваюць культуры, што патрабуюць урадлівых глеб ці асаблівых умоў, напр., гародніну, тытунь, рыс). На Беларусі найб. эфектыўныя С., у якіх збожжавыя займаюць 50—55% пл., тэхн. 25—33%, бульба і лён 11—12%; ці збожжавыя 55—65%, кармавыя 25—33%, коранеклубняплоды 11—12%.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выходзіла з 15(27). 11.1898 да 29.11(12.12). 1905 у Вільні на рус. мове штодзённа. Прытрымлівалася кансерватыўна-асв., у 1905 памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выступала за развіццё культуры на аснове класавага, нац. і рэліг. прымірэння. Беларусь лічыла «рускім краем», не прызнавала існавання бел. нацыі. Пад уплывам рэв. руху крытыкавала непаслядоўнасць дэмакр. рэформ у Расіі. Друкавала навук.-папулярныя нарысы пра дасягненні навукі, артыкулы па краязнаўстве, этнаграфіі, геаграфіі, медыцыне, літ.-крытычныя агляды, рэцэнзіі, інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў краі. У перакладзе на рус. мову змяшчала творы польскіх, франц., ням. пісьменнікаў, нарысы пра творчасць М.​Гогаля, І.​Тургенева, Ф.​Дастаеўскага, М.​Някрасава і інш., адзначала папулярнасць і талент М.​Горкага, у ліберальна-бурж. адаптацыі падавала думкі В.​Бялінскага, А.​Герцэна, М.​Чарнышэўскага. Друкавала агляды віленскіх маст. выставак, падрыхтаваныя прапагандыстам сімвалізму Г.​Каспяровічам. Публікавала творы Д.​Бохана, у т. л. пераклад польскага верша Я.​Лучыны «На могілках», нарыс пра творчасць У.​Сыракомлі. Змясціла некралог «Ф.​К.​Багушэвіч» і арт. М.​Радзіна «Памяці Ф.​К.​Багушэвіча», характарызавала яго як адваката і гуманнага чалавека.

У.​М.​Конан.

т. 14, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІ́ЦКІЯ МО́ВЫ,

група семіта-хаміцкіх моў. Пашыраны ў Зах. Азіі і Афрыцы на Пн ад пустыні Сахара. Падзяляюцца на групы: паўн.-перыферыйную, ці паўн.-ўсх. (мёртвая акадская мова); паўн.-цэнтр., ці паўн.-зах. [жывыя мовы: іўрыт, асірыйская мова; мёртвыя: эблаіцкая, амарэйская, ханаанейская, угарыцкая, фінікійска-пунічная, стараж.-яўрэйская (ранняя форма іўрыта), яўдзі і арамейскія дыялекты]; паўд.цэнтр. (арабская мова, мальтыйская на Мальце); паўд.-перыферыйную (жывыя: мехры, джыбалі, сакатрыйская і інш.; мёртвыя: мінейская, сабейская, катабанская, якія аб’ядноўваюцца як паўд.-аравійскія эпіграфічньм); эфіосеміцкую (жывыя: паўн. падгрупа — тыгрынья, ці тыграй, і тыгрэ; паўд. падгрупа — амхарская, аргоба, харары, шэраг дыялектаў, якія ўмоўна аб’ядноўваюцца пад назвай гураге; нядаўна вымерлы гафат; мёртвая: гаэз, ці эфіопская, якая належыць да паўн. падгрупы). Паўд.-цэнтр., паўд.-перыферыйная і эфіосеміцкая групы часта аб’ядноўваць у адну паўд., ці паўд.-зах. групу. Найб. істотныя рысы С.м. — акрэсленая будова кораня слова, адсутнасць словаскладання, граматычна ці семантычна значымае чаргаванне галосных у корані (апафанія). Найб. стараж. помнікі С.м. — акадскія клінапісньы тэксты Ірака і эблаіцкія — у Сірыі (сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.), а таксама ўласныя імёны і назвы мясцовасцей Палесціны, якія захаваліся ў егіпецкіх надпісах 3—2-га тыс. да н.э.

Літ.:

Дьяконов И.М. Семито-хамитские языки. М., 1965.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-СІР, Гуўён-Сен-Сір (Gouvion-Saint-Cyr) Ларан (17.7.1764, г. Туль, Францыя — 17.3.1830), французскі ваенны і дзярж. дзеяч, маршал Францыі (1812). З 1792 у рэсп. арміі, ген. (1794). Удзельнік войнаў супраць 1-й (1793—97), 2-й (1798—1801) і 3-й (1805) антыфранц. кааліцый, вайны ў Іспаніі (1808—09). У вайну 1812 камандаваў 6-м (баварскім) корпусам. Пасля Віленскай аперацыі 1812 яго корпус разам з 2-м увайшоў у асобную вайск. групу пад камандаваннем Н.​Ш.​Удзіно. У час Полацкіх бітваў 1812 паранены С.-С. замяніў цяжкапараненага Удзіно, атрымаў перамогу і прымусіў рускіх адступіць. 18—20 кастр. ён зноў паранены, перадаў камандаванне 2-м і 6-м карпусамі ген. К.​Ж.​Леграну. З-за нязгоды ген. Врэдэ (камандуючы 6-м корпусам) падпарадкавацца Леграну 24 кастр. баварскае войска было разбіта каля в. Бабынічы. С.-С. зноў прыняў камандаванне і злучыўся 30 кастр. з 9-м корпусам маршала К.​Віктора ў раёне Чашнікаў, здаў яму камандаванне і пакінуў армію. У перыяд рэстаўрацыі каралеўскай улады на каралеўскай службе, ваенны (1815 і 1817—19) і марскі (1817) міністр. Аўтар успамінаў (т. 1—4, 1831).

В.​В.​Антонаў.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНІ́ЦКІ (Іван Францавіч) (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),

бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.​Талстога і М.​Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.​Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.

Літ.:

Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;

Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)